Эпіка і лірыка

№ 5 (362) 01.05.2013 - 31.05.2013 г

Стагоддзе Віталя Цвіркі

/i/content/pi/mast/68/1153/37.jpg
Нацюрморт з люстэркам. Кардон, тэмпера. 1982.
Выстава «Дыханне Сусвету» ў Нацыянальным мастацкім музеі 

прысвячалася 100-годдзю з дня нараджэння Віталя Цвіркі. Асноўную частку экспазіцыі склалі жывапісныя карціны і акварэлі з фондаў музея. Было паказана 78 твораў, з іх 6 — з прыватных калекцый. 
Дэманстраваліся і акварэльныя работы — у малой зале іх змясцілася 28. Абраныя арганізатарамі для паказу жамчужыны жывапісу майстра найлепш адлюстроўваюць асноўныя этапы яго творчасці.

Пра жыццё і дзейнасць Віталя Цвіркі напісана нямала. Аднак ён — той унікальны мастак, разважаць пра якога можна бясконца. Для ўважлівага даследніка ў яго біяграфіі, ва ўспамінах шматлікіх вучняў, сяброў ці сваякоў, непасрэдна пры аналізе твораў штораз адкрываецца нешта новае, яшчэ адна грань складанай, вытканай з таленту, запалу, унутранага драматызму і моцнай пазітыўнай энергетыкі асобы.

Нельга да канца зразумець, што нараджае талент і дае яму магчымасць загучаць у поўную сілу. Віталю Канстанцінавічу было наканавана стаць геніяльным мастаком, здольным пранікаць у таямніцы прыроды. У айчынным выяўленчым мастацтве творчасць Цвіркі падзяліла існаванне жанру пейзажа на тое, што было да і пасля яго. Мастак адкрыў яркую, кантрасную, экспрэсіўную прыгажосць родных абшараў, ён лічыцца наватарам у стварэнні адмысловага тыпу жывапісна-эпічнага і лірыка-гераічнага пейзажа, датуль не распрацаванага ў беларускім мастацтве.

Віталь Цвірка нарадзіўся 1(14) лютага 1913 года ў вёсцы Радзеева (цяпер Гомельская вобласць) у сям’і сельскіх настаўнікаў. Ён увабраў творчую атмасферу, што панавала ў іх хаце, дзе была добрая бібліятэка, а сцены ўпрыгожвалі рэпрадукцыі твораў Пярова, Рэпіна, Крамскога (бацька захапляўся мастацтвам). З часам хлопчык і сам пачаў маляваць, пісаў мноства маленькіх эцюдаў... Мастак і мастацтвазнавец Людміла Налівайка, якая была асабіста знаёмая з Віталём Цвіркам, адзначае ў сваім артыкуле: «Месца нараджэння майстра — Гомельшчына — можа многае патлумачыць у фармаванні першых эстэтычных памкненняў будучага мастака: бязмежныя абшары, ледзь падкрэсленыя на гарызонце цёмна-сіняй стужкай лясоў, такое высокае неба са светлымі аблокамі, вясковыя вуліцы з жывапіснымі хаткамі, побач з якімі высяцца вялізныя бярозы, ліпы, таполі, што перажылі не адно пакаленне гаспадароў утульных сядзіб...»

Цвірку шанцавала на мастакоў-педагогаў. Яшчэ ў школе ён браў прыватныя ўрокі ў Міхася Станюты і Анатоля Тычыны. Віталь з задавальненнем гутарыў з сябрам сям’і Кандратам Атраховічам (Крапівой), які быў частым госцем у іх хаце. Пасля Цвірка ўспамінаў: «Кандрат Кандратавіч значна паглыбіў мае пазнанні ў малюнку. Хоць мала хто ведае, што ён валодаў выдатным дарункам мастака. Крапіву я лічу адным з першых сваіх настаўнікаў у мастацтве...»

Пасля заканчэння школы Цвірка працягнуў адукацыю ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1929—1932). Яму пашчасціла займацца ў вядомых беларускіх творцаў — Івана Ахрэмчыка, Льва Лейтмана, Вячаслава Руцая, Уладзіміра Хрусталёва, Фёдара Фогта, Міхаіла Эндэ. Ужо тады ў яго сфармавалася цвёрдая пазіцыя, паводле якой ён імкнуўся (і потым вучыў гэтаму сваіх студэнтаў) ніколі не пісаць «пад кальку», а выяўляць шматстайнасць навакольнага свету скрозь прызму ўласнай душы.

Вярнуўшыся ў Мінск, Цвірка выкладаў малюнак і чарчэнне, быў абраны (1933) членам аргкамітэта Саюза мастакоў СССР. У 1935 годзе паступіў у Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, дзе вучыўся ў знакамітых рускіх пейзажыстаў Сяргея Герасімава, Георгія Ражскага, Пятра Пакаржэўскага, Барыса Іагансона, Аляксандра Дайнэкі, Ігара Грабара. На ўсё жыццё ён запомніў словы прафесара Пятра Пакаржэўскага: «На пейзаж я гляджу як на крыніцу жывой сувязі з прыродай, успрымаю яго як музыку, як паэзію». Шмат паўплываў на яго і Сяргей Герасімаў, які прывіваў студэнтам зацятую працавітасць, імкненне да цэласнасці, выразнасці, прастаты.

Жанр пейзажа Цвірка абраў яшчэ падчас вучобы. У Самаркандзе, куды ў 1942 годзе быў эвакуяваны Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, ён стварыў цыкл эцюдаў, аднак сярод карцін, напісаных у 1940—1950-я гады, ёсць і сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі. Гэта дыпломная праца «Першы арышт І.В.Сталіна» (1942), якую Віталь Канстанцінавіч з поспехам абараніў у Самаркандзе, буйнамаштабныя кампазіцыі на гістарычныя сюжэты — такія як «Няскораныя» (1947), «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957). Аднак гэты зварот да шматфігурных палотнаў на гісторыка-рэвалюцыйную тэму быў недаўгачасным.

У 1944-м Віталь Канстанцінавіч стаў членам Маскоўскага аддзялення Саюза мастакоў СССР. У гэтым жа годзе ён вярнуўся ў беларускую сталіцу, дзе практычна адразу атрымаў буйную замову на стварэнне серыі мемарыяльных гарадскіх пейзажаў, звязаных з ваеннымі падзеямі, а таксама партрэтаў удзельнікаў партызанскага руху для Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Аднак пейзаж заставаўся жанрам, у якім найпаўней раскрываліся лепшыя бакі таленту Віталя Цвіркі. Не выключана, што на выбар паўплывала і тое, што ён вярнуўся на радзіму яшчэ да канца вайны. Мінск ляжаў у руінах, вакол панаваў хаос. Убачанае пакінула глыбокі след у душы і памяці мастака: «Хацелася выпісаць кожнае дрэва, кожны кусцік, раўчук, масток, таму што ўсё гэта для мяне сімвалізавала вяртанне на родную зямлю. Пейзаж быў адваяваным багаццем», — згадваў ён пазней.

Эцюдам 1940-х—пачатку 1950-х гадоў яшчэ не быў уласцівы той непаўторны аўтарскі почырк, які праз дзесяцігоддзе стане неадлучным ад яго твораў. Аднак у такіх карцінах, як «Сакавік», «Сакавік. Халодны дзень» (абедзве 1947), ужо ўгадваўся будучы вялікі пейзажыст. Гэтыя творы вылучаюцца пачуццём колеру, свабодай жывапіснай мовы. Мастак беспамылкова перадаў ледзь улоўныя пераходныя станы прыроды, напоўніўшы змест непасрэдным лірычным перажываннем. Мастацтвазнавец Ірына Назімава так характарызуе гэтыя карціны: «Экспрэсія мазка нагадвае эцюды самаркандскай серыі, аднак іх гарачы каларыт змяняецца на прыглушаную гаму, найболей адпаведную скупому сонцу Беларусі... Сціплыя сельскія матывы пад пэндзлем мастака пачынаюць гучаць, як струны яго душы».

У складаны гістарычны перыяд з 1948-га па 1953 год праўдзівая моц таленту мастака засталася незапатрабаванай. Аднак як яркі, адораны, энергічны чалавек, Віталь Канстанцінавіч кампенсаваў пэўную «заціснутасць» у творчасці выкладчыцкай дзейнасцю: навучаў студэнтаў малюнку, жывапісу і кампазіцыі ў Мінскім мастацкім вучылішчы, у 1956—1963 гадах загадваў кафедрай жывапісу ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1958 яму было прысвоена навуковае званне дацэнта, і ён стаў рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Адважны наватар з актыўнай пазіцыяй у жыцці і творчасці, Цвірка імкнуўся да дасканаласці ва ўсім. У выкладчыцкай рабоце ён выкарыстоўваў уласныя метады, для яго было прынцыпова важным падтрымліваць непасрэдную сувязь са студэнтамі. Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў з удзячнасцю згадваў, што менавіта Віталь Канстанцінавіч падтрымаў яго ў няпростых пошуках уласнага мастацкага «я» ў студэнцкія гады. Пра знакамітыя пленэры, на якія Цвірка часта выязджаў са студэнтамі, у мастацкім асяроддзі дагэтуль ходзяць легенды... Усвядомлена ці не, Цвірка ішоў за традыцыяй старых майстроў, калі настаўнік працаваў побач са сваімі падапечнымі і тыя маглі непасрэдна назіраць за працэсам стварэння шэдэўра. Ён вучыў, што нельга бяздушна пісаць прыроду, важна адчуць унутры сябе імпульс, запаліць іскру, прасякнуцца глыбіннай мудрасцю законаў гармоніі, па якіх існуе ўсё жывое на зямлі, і самому стаць часткай гэтага: «Толькі сам-насам з прыродай можна пачуць яе сэрца».

Бліжэй да сярэдзіны 1950-х гадоў, калі майстру было за сорак, у яго пачаўся творчы ўздым. Шмат у чым гэта было абумоўлена агульнымі зменамі, якія адбыліся ў грамадскай і мастацкай сферах жыцця краіны. Адным з першых пейзажаў, паваротных у яго творчым лёсе, можна назваць карціну «Каля млына» (1954), напісаную на Стаўбцоўшчыне. З гэтага часу талент мастака загучаў у поўную сілу. Ён быў назначаны сакратаром праўлення Саюза мастакоў СССР (1961—1967), а з 1962-га па 1963 год узначальваў Саюз мастакоў БССР.

Прынцыпам працы Цвіркі быў пастаянны пошук новых вобразных матываў і іх арыгінальных кампазіцыйных вырашэнняў. На прыродзе пісаў вельмі хутка — хапала аднаго-двух сеансаў. Умеў улавіць у кожным матыве тое галоўнае, што складае яго сутнасць.

У канцы 1950-х—пачатку 1960-х гадоў для мастацкай мовы станковага жывапісу сталі характэрнымі лаканізм, экспрэсіўнасць, вострыя лінейныя рытмы, каларыстычная стрыманасць з яркімі каляровымі акцэнтамі — сродкі выразнасці, уласцівыя манументальнаму мастацтву. Гэта было звязана з так званым суровым стылем, які прыйшоў на змену пафаснаму мастацтву сталінскай эпохі. У жанры пейзажа такія тэндэнцыі выявіліся ў стварэнні палотнаў эпічнага гучання, абагульненых выяў-знакаў роднай зямлі. У карцінах гэтага перыяду «Лагойскі сказ» (1960), «Мая Радзіма» (1960), «На возеры Свір» (1962), «Нёман» (1962), «Сказ пра Палессе» (1964—1965) і «Браслаў» (1966) (абедзве з серыі «На зямлі беларускай») Цвірка імкнуўся дакладна выявіць тыповыя прыкметы беларускай прыроды, у яркай жывапіснай форме ўвасобіць прыгажосць абшараў роднай зямлі, захаваць яе рамантычны вобраз.

У 1963 годзе яму было прысвоена званне «Народны мастак БССР», а ў 1967 Віталь Цвірка стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Аднак мастак даволі хутка адышоў ад захаплення суровым стылем. У яго выпрацаваўся своеасаблівы метад пісьма: нягледзячы на экспрэсіўны мазок, пейзажы Цвіркі станавіліся ўсё больш рэалістычнымі. Пры гэтым майстар лічыў, што «важна захоўваць такі погляд на прыроду, каб пейзаж пазнаваўся менавіта як беларускі, які не зблытаеш ні з якім іншым». Ён ствараў пейзажы-паданні, што сталі класікай беларускага жывапісу — «Браслаў» (1966), «Пяскі» (1966), «Стоўбцы» (1968) «Ганча — зямля партызанская» (1969), «Каложа» (1969), «Заслаўе» (1974), «Сакавіцкае сонца» (1982). У творах Цвіркі амаль заўсёды адсутнічалі вонкавыя прыкметы часу. Пры гэтым сам вобразны лад яго карцін, арыгінальнасць кампазіцыйных рашэнняў, энергічны лінейны рытм, магутны каларыт, экспрэсіўны мазок адпавядалі духу эпохі. У лепшых работах майстра заўсёды адчуваецца свая нязменная тэма і свой лейтматыў.

Віталя Цвірку прынята лічыць мастаком-рэалістам, што атрымаў прафесійную загартоўку ў традыцыях рускай рэалістычнай школы другой паловы ХІХ стагоддзя. Аднак ужо ў сталым перыядзе сваёй творчасці ён дасягнуў такой свабоды мастацкай мовы для выражэння ўласных эмоцый і ўражанняў ад убачанага, што часам у яго палотнах адчуваецца тонкае балансаванне паміж маляўнічасцю і фармалізмам («Родны край», 1968; «Ганча — зямля партызанская», 1969; «Ружовы дзень», 1982; «Нацюрморт з Распяццем», 1983). У сённяшніх рэаліях патэнцыял мастака раскрыўся б, верагодна, у фармальным мастацтве. Але паводле прыроды таленту першасным імпульсам у стварэнні карціны заставалася б рэальная выява.

З 1980-х гадоў Цвірка захапіўся жанрам нацюрморта, які значна ўзбагаціў яго эксперыментальную творчасць. Такую характарыстыку гэтага перыяду можна нярэдка сустрэць у даследчыкаў. Аднак падобнае вызначэнне не да канца раскрывае сутнасць. Справа ў тым, што пры ўсёй вонкавай прыхільнасці лёсу ў жыцці Цвіркі былі і драматычныя моманты. Аднак ён ніколі не пераносіў смутак свайго сэрца на палатно: яго пейзажы заўсёды аптымістычныя. У краявідах ён чэрпаў радасць, лёгкасць, прырода гарманізавала яго адносіны з навакольным светам, а мастацтва было святам, сапраўднай імпрэзай. Ці не адзіным прыкладам уплыву жыццёвай трагедыі на яго творчасць можна назваць смерць жонкі. Па ўспамінах дачкі Таццяны, гэта прыгожая, эфектная жанчына была сапраўднай музай для мастака, яна іграла на фартэпіяна, валодала рэдкім голасам — мецца-сапрана. Паводле мастацтвазнаўца Барыса Крэпака, менавіта пасля яе адыходу Цвірка захапіўся нацюрмортамі: яны сталі для яго сцвярджэннем жыцця ва ўсёй яго паўнаце.

Выкарыстоўваючы простыя прадметы (галоўным чынам тыя, што былі ў майстэрні), ён здолеў надаць іх выявам рысы манументальнасці, велічнасці, важкасці («Нацюрморт з вазай. Восеньскі матыў», «Нацюрморт з люстэркам», «Нацюрморт з нарцысамі», «Нацюрморт з хлебам», «Нацюрморт з Распяццем»). Гэта своеасаблівае ўвасабленне паэзіі штодзённасці, напаўненне жывым дыханнем усяго, што атачае чалавека.

Майстар у роўнай ступені валодаў рознымі мастацкімі тэхнікамі: акварэллю, тэмперным, алейным жывапісам. Перавагу ён аддаваў апошняму. Аднак яго акварэльныя эцюды заслугоўваюць асобнага разгляду: прырода гэтага матэрыялу была сугучная творчаму тэмпераменту. Акварэльныя пейзажы вылучаюцца незвычайнай свабодай валодання тэхнікай. У такіх акварэлях мастака, як «Позняя восень», «Адліга», «Лагойшчына», «Першая зеляніна», «Царква ў Заслаўі», адчуваецца адмысловы стан паветранага асяроддзя.

Нярэдка майстар выкарыстоўваў акварэль для стварэння зімовых пейзажаў. Некранутая беласць паперы прасвечвае скрозь празрысты пласт вадзяных фарбаў у карціне «Касцёл у Ракаве». У гэтай працы Цвірка праз лёгкія размыўкі і тонкія колеравыя нюансы дамогся эфекту пераліваў святла на паверхні снегу.

Майстар пакінуў гэты свет на восемдзесят першым годзе жыцця. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Сваёй творчасцю ён зрабіў вялікі ўнёсак у тую традыцыю, паводле якой працягвае развівацца беларускі пейзажны жывапіс.

Выхаваў цэлую плеяду вучняў, але сцвярджаў: «Маімі сапраўднымі паслядоўнікамі з’яўляюцца тыя мастакі, якія вучыліся ў мяне, але іх творы зусім не падобныя на мае. Гэта Леанід Шчамялёў, Дзмітрый Алейнік, Барыс Аракчэеў, Мікалай Казакевіч, Георгій Паплаўскі, Іван Рэй і многія іншыя».

Па ўспамінах сучаснікаў, творца да канца заставаўся адкрытым, няхітрым чалавекам. Заўжды казаў тое, што думаў, магчыма, не заўсёды сабе на карысць. Па словах дачкі мастака, «быў чалавекам вясны, сонца. Заўсёды ў добрым настроі, валодаў выдатным пачуццём гумару».

Шчыры і прамяністы. Напэўна, тое ж можна сказаць і пра яго творы. Яны простыя для разумення. Багаты каларыт, немудрагелістыя, на першы погляд, звычныя з дзяцінства прыродныя матывы. Але ў той жа час у іх крыецца глыбінная сутнасць беларускага менталітэту. Мабыць, немагчыма сустрэць чалавека, няхай гэта будзе мастак, мастацтвазнавец ці просты глядач, у якога б творчасць Цвіркі выклікала непрыманне. Ніколі яго творы не пакідалі гледача абыякавым ці расчараваным.

Карціны Цвіркі дзіўным чынам спалучаюць у сабе эпічнасць і пранікнёную лірычнасць. З аднаго боку, у іх — уся Беларусь з яе неабсяжнымі абшарамі. Адначасова — мілыя сэрцу куточкі прыроды. У іх — дыханне Сусвету, увасабленне яго вітальнай, стваральнай сілы, што адкрываецца кожнаму, хто прыйшоў за прыгажосцю і шчырасцю.