Мастак як тонкі інструмент

№ 5 (362) 01.05.2013 - 31.05.2013 г

Вольга Сазыкіна пра крыніцы аўтарскай сутнасці, сляды і шыфры

/i/content/pi/mast/68/1152/32.jpg 
 Шведскі стол. Інсталяцыя. 2011.
Калі б я пачала пісаць гісторыю беларускага мастацтва, то ўвяла б адмысловы тэрмін — «расколіна». Людзі, якія апынуліся на іншым яе беразе (у 2000-х), лічаць, што да іх тут «трава не расла». І ўсё пачынаюць спачатку — з нуля. Вольга Сазыкіна — з творцаў, якія лучаць абодва берагі: яна маркіруе пэўны ўзровень. Творчы дыяпазон мастачкі сапраўды ўражальны. Праца на шклозаводзе «Нёман» навучыла яе дзейнічаць і па-дызайнерску, і па-мастакоўску. Прыехаўшы ў Мінск, Сазыкіна стварыла некалькі манументальных работ (магазін «Шкло, кераміка, фарфор», фітааптэка ў Траецкім прадмесці, дзіцячы сад у мікрараёне), пэўны час актыўна займалася жывапісам і графікай, удзельнічала ў андэграўндных праектах, а пасля і ў легендарных выставах, такіх як «Форма», «6+6». Атрымаўшы стыпендыю ў Швейцарыі, увасобіла «Дзённік дыхання…» (1997), які стаў вызначальным для далейшай творчасці. Паступова мастачка адкрыла для сябе патэнцыял пісьма, паперы. Працуе з прарослым зернем. З канцэптамі памяці і следу. Аб’екты з паперы і шкла парадаксальна падобныя паміж сабой: у абодвух выпадках даследуюцца адзнакі прысутнасці іншых сфер і матэрыялаў, разнастайныя ўзаемадзеянні. Урэшце, яна сцвярджае, што само жыццё ёсць рэчыва для канцэптуальнага мастацтва.

Майстэрню вы атрымалі нядаўна і толькі асвойваеце гэту прастору. У ёй засталося тое-сёе ад мінулага гаспадара. Але ваша прысутнасць таксама адчувальная — праз размяшчэнне прадметаў, праз творы...

— Тэма «мастак і майстэрня» вельмі глыбокая: форма ў форме ў форме. Пэўная абалонка, адна з абалонак, якую мае творчы чалавек. Нейкі слой, што мастака пакрывае, дзе збіраецца яго акумуляваная жыццёвая энергія, якая пасля «прарастае» зялёнай травой (як у канцэпцыі аднаго майго праекта). Я маю на ўвазе такі асаблівы творчы матэрыял. У выніку падобных лабараторных доследаў у мяне нешта атрымліваецца... Мая лабараторыя паўсюль. Я сябе папракала, што ў жылой прасторы ў мяне няма парадку. А пасля пераканалася, што нават у маіх сяброў-мастакоў за мяжой, дзе лёгка дамагчыся чыстых інтэр’ераў, вонкавага парадку таксама не назіраецца. Саша Родзін — яркі прыклад гэтага: у яго проста «культурныя слаі» ў майстэрні. Сёння я стала любіць гэту рысу ў сабе. Не жадаю ніякага фармальнага мінімалізму, таму што для творчага чалавека ўсё — лабараторыя. Нават кухня, бо і ў ежы ён заўсёды выкарыстоўвае масу спецыфічных інгрэдыентаў і іх спалучэнняў. Вопратка нясе вялікі патэнцыял: мастакі, як правіла, прыдумваюць сабе ўнікальны стыль. Не калготкі са шпількамі носяць, а трохслаёвыя, шматслаёвыя адзежыны — адну зняў, нечым іншым замяніў. Тое наша мода — і гэта на тэму «маёй майстэрні», што і з’яўляецца тым самым гумусам, на якім усё гадуецца. Акумулюеш звонку ў свой кокан майстэрні, а далей гэты кокан прарастае чароўнымі кветкамі. Можа, у некага па-іншаму, але менавіта майстэрня і ёсць крыніца маёй аўтарскай адметнасці.

Ці ёсць у майстэрні пэўныя зоны? Маю на ўвазе не месцы для прыёму гасцей ці адпачынку, а менавіта зоны для розных праектаў.

— Варштат з упрыгажэннямі-абярэгамі з бясколернага і каляровага шкла з металам, якімі я зараз займаюся, — асобная зона. Кожную гэтую рэч робіш так, каб яна пачала існаваць як маленькі аб’ект. Мела ўласную канцэпцыю. І далёка не ўсім мае рэчы падыходзяць. Але часта кладуцца ў «дзясятку». Для такой працы патрэбна месца — у філасофскім паняцці гэтага слова. Важна, дзе знаходзіцца крыніца святла, як рухаецца паветра, куды сыходзяць выпарэнні кіслот. Што ляжыць каля адной рукі, што пад іншай. Гукавы фон часам важны. Тады ўключаю прыёмнік, і ён шчыруе паўночы — замыкае прастору. І ты адчуваеш сябе ці то нейкім дысідэнтам, ці спеваком на каталіцкіх хорах: сядзіш, працуеш, і больш нічога не існуе. Ёсць рэчы, што патрабуюць цішыні: жывапіс пад музыку не пішу. Для яго таксама ёсць дакладна выверанае месца ў прасторы майстэрні. Толькі там стаіць мальберт. Гэта кропка святла. Яна як быццам гук нараджае. Ёсць нешта от гатычнага сабора. Гэта тэма Дабравесця.

Майстэрня для мяне яшчэ гавань — да вандроўкі і пасля яе.

А вось тут, бачыце, столік для гарбаты. Для цырымоній. Тут, адна ці з гасцямі, п’ю зялёны чай. Кітайскі Оўлунг. Гэта рытуал. Ствараецца асаблівы стан, кірунак, гарманізацыя. Ёсць куток з працоўным сталом: за ім сяджу і пішу тэксты. А ёсць паліцы з аўтарскім шклом і стол для брутальнага рамяства. Тут я клею і раблю гіпсавыя адліўкі.

Шкло як матэрыял — яго асаблівасці, уласцівасці — паўплывала на працу з іншымі праектамі?

— Калі працавала на заводзе, была магчымасць рэалізоўваць праекты творчыя і адначасова — развіваць дызайнерскае мысленне, бо праектавалася прадукцыя масавая. Былі і тэхнічныя рады, і мастацкія, на якіх ты то дызайнер, то мастак. Маю тры патэнты на новыя тэхналогіі ў шкляной вытворчасці. Гэта быў вельмі цікавы і творча прадуктыўны час. 1980-я. Тады на заводах СССР працавала шмат моладзі, выпускнікоў Мухінскага і Строганаўскага мастацкіх вучылішчаў. Мы штогод сустракаліся на мастацкіх радах у розных рэспубліках. Сябравалі і актыўна ліставаліся. Ездзілі ў госці і былі вельмі ўважлівымі да творчасці адно аднаго і да новых адкрыццяў. Пасля перабудовы нямногім заводам удалося выжыць. І мастакі-шкляры заняліся жывапісам, графікай, дрэвам, металам. Ці проста сышлі ў адміністраванне.

Валоданне на практыцы пэўным рамяством — вельмі важная рэч: паглыбляючыся ў сутнасць любога матэрыялу, пачынаеш разумець яго прыроду і закладзеныя ў ім магчымасці. І гэты досвед застаецца ў табе. Таму мне не складана было працаваць з лямцам, з ручной паперай, графічнымі тэхнікамі, жывапісам...

У актуальным мастацтве займалася лістом як аб’ектам, запісам подыху, тэкстам — гэта агульная тэма. Карцінкі з часопісаў, прарошчванне зярнятак — тут ёсць і рамяство, і філасофія. Магчымасці відэа-арту неверагодныя: можна хутка, сцісла, мінімальнымі сродкамі сфармуляваць і данесці сваю канцэпцыю. У кожным выпадку працы з рознымі матэрыяламі развіваецца свой унікальны метад.

Нават у падзеле на секцыі нашага Саюза мастакоў закладзена, што творца звычайна працуе ў адным відзе мастацтва, а часта нават і ў адной тэме... Што прымушае пераходзіць межы?

— Такое «аўтысцкае», у пазітыўным сэнсе слова, паглыбленне ў адну тэму — рэч някепская, таму што гэта дае магчымасць дамагчыся адмысловай якасці твора. Мне ж цікавы працэс даследавання, дзе можна параўноўваць, суадносіць. Пашыраць далягляды. У замкнёнай прасторы мне цесна.

Што выклікала з’яўленне вашых праектаў: успаміны, рэчы, ідэі?

— Жывапіс можа быць работай «у стол»: жывеш і рэфлексуеш на нейкія тэмы. Так у мяне было на пэўным этапе. Адпрацоўка падсвядомасці. Потым важна зрабіць перапынак. А потым — пачынаць спачатку. І ужо рабіць па-іншаму. Сфера глыбока духоўнага, сакральнага. Я вельмі паважліва стаўлюся да гэтага віду творчасці, бо ведаю, што гэта ідэнтычнасць, «Я»-вобраз, карціна Свету. Што тычыцца праектаў, то, як правіла, іх тэма агучваецца куратарам. Яна часцей за ўсё злабадзённая, ляжыць у плоскасці нейкіх псіхалагічных ці сацыялагічных даследаванняў, геапалітычных праблем. Проста так наўрад ці станеш працаваць над канцэптуальным праектам. Хоць бывае і такое. Калі прыходзіць ідэя, я яе запісваю. Пасля знаходжу. А без канкрэтнай мэты рабіць відэа я не стану, таму што патрэбна якасная апаратура. Буду ім займацца, толькі калі з’явіцца пэўная падстава. Напрыклад, праект, і можна будзе атрымаць нейкія сродкі (бо такога кшталту задумы патрабуюць даволі шмат грошай на рэалізацыю). У рамках праекта знаходзіш сваю нішу. Часам даволі цяжка адшукаць нешта блізкае ўласным эстэтычным прынцыпам. Тады вырашаеш свой «праект у праекце».

Іншая справа, што прастоі ў творчасці непажаданыя. Няма праектаў — займаешся нечым іншым. Цудоўна, калі з’яўляецца магчымасць паехаць на шклозавод і выканаць там аўтарскую працу. Ці на падыходзе якая-небудзь групавая выстава з цікавай тэмай. Ёсць запыты на абярэгі. І ўсё — паміж выкладаннем. А гэта, варта адзначыць, рэч няпростая. Нейкі час я вельмі захаплялася педагогікай, знаходзіла ў ёй шмат творчага патэнцыялу. Нядаўна пераглядала свой паслужны спіс і заўважыла, што ў мяне заўсёды былі аўтарскія курсы. Ніколі не працавала па існуючай праграме, калі і даводзілася, то нешта свае ўстаўляла. Цікава выкладаць таму, што прапануеш задачу, а потым атрымліваеш шмат варыянтаў рашэння. І мяне гэта прыводзіла ў захапленне, бо адчувала відавочны плён і магчымасці канцэптуальнасці: прапануеш тэму і бачыш, як яе па-рознаму развіваюць. Гэта можа быць нават і тэмай нейкага праекта. Адзін такі я рабіла — з лістамі, з разнамоўнымі студэнтамі Інстытута Гётэ ў Брэмене: яны мне напісалі тэксты на матчынай мове (памятаю, як адзін афрыканец спалохаўся: у яго народа не было пісьменнасці). Я з гэтага складала такія вялікія абрусы на сталы.

Многія вашы праекты вельмі асабістыя. Што вы адчувалі, калі выносілі ўласныя лісты на ўсеагульны агляд?

— Так, два праекты былі заснаваны на асабістай перапісцы. У той час я адчувала патрэбу ў гэтым, але не думаю, што нехта ўчытваўся ў лісты, толькі для мяне яны былі важнымі.

Для прачытання канцэпцыі было істотным, што гэта рэчы асабістыя, інтымныя.

— Але тое не была любоўная перапіска — проста ліставанне двух людзей на працягу дваццаці гадоў: гісторыі, часам апісанне нейкіх звыклых пабытовых сітуацый. Атрымалася тканіна жыцця, сатканы з лістоў абрус, які засведчыў пэўныя сувязі паміж людзьмі.

Лісты пайшлі як расходны матэрыял? Іх ужо нельга прачытаць?

— Не, усе захаваліся. А вось другі праект — «Адзінка персанальнага вымярэння», там сапраўды я ўсё страціла, нават часам шкада. Цяпер выхопліваю нейкі фрагмент і згадваю, хто і што мне пісаў. Там была такая тканіна, бурымэ з тэкстаў. Я знаходзілася на стыпендыі ў Швейцарыі, тады нямецкую мову не вельмі добра ведала, жыла на дачы ў правінцыі, дастаткова адасоблена. Размаўляць не было з кім. І там у мяне нарадзілася тэма — «Дзённік дыхання, ці Міміка лёгкіх»: я запісвала рытмы дыхання. Такі глыбока медытатыўны стан — унутранай цішыні. Адначасова з’явілася патрэба ў камунікацыі, і я пісала па два-тры лісты ў дзень. Можна было весці дзённік, але цікавейшым падалося непасрэдна звяртацца да нейкіх людзей. Пасля высветліла, што ніхто мае лісты не выкінуў. Уяўляеш, колькі ўсяго сабралася. Адтуль і з’явілася ідэя работы з лістом — як з матэрыялам, і я на гэтую тэму зрабіла два праекты.

«Аўтабіяграфічныя паверхні» — гэта сляды, знакі асабістага жыцця?

— Гэта праца з ручной паперай: калі варыцца папяровая пульпа, у яе можна нешта дадаваць. Пасля трэба чэрпаць яе на сетку і пераводзіць у паперу для аркушаў. У праекце быў апісаны склад гэтай паперы, і згадваліся такія субстанцыі, як балканскія землі, валасы (мае і Людмілы Русавай), штосьці з матэрыяльнай сферы, штосьці з духоўнай: сны, вясновае чарніла, фрагменты памяці, казінае малако, пух з падушкі, на якой я сплю. Усё, што існуе вакол нас, што жывое і дыхае... Словы цяжка падбіраюцца, зрабіла праект — і праехалі... Бліжэй тое, чым жыву цяпер. Я стараюся жыць у бягучы момант. Памяць — жывая субстанцыя і можа забіраць моц. З гэтым трэба асцярожна. Хай яна сыходзіць у гістарычны пласт. Калі нехта ёю займаецца і гэта яму патрэбна — выдатна, але мастак павінен рухацца ўперад.

У такім разе, што падаецца важным сёння?

— Мастацтвам можна назваць здольнасць пражыць сваё жыццё як творца. Важна тое, як жывеш. Наколькі думаеш пра душу, як паводзіш сябе ў прыродзе, як ставішся да Зямлі. За што і за каго бярэш адказнасць. У кожнага свая эстэтыка. З усяго гэтага таксама складаецца мастак. Карацей — як прылада, мастак павінен быць добра заточаны. Тады любая тэма, з якой жывеш у дадзены момант, атрымлівае глыбокі сэнс. А твор — гэта не проста рэфлексія, эмоцыя, якую выклаў на палатне і атрымаў палёгку. Добра падняцца на пару прыступак вышэй. Тады і гледачы іншыя. Гэта ўвогуле задача мастака. Калі зробіш са свайго жыцця мастацтва — па-сапраўднаму станеш майстрам.

Якія тэмы найбольш цікавілі і цікавяць у мастацтве?

— Тэма руху паветраных мас. Тэма следу: па слядах можна шмат прачытаць — як на снезе. Гэта, вядома метафара. Сённяшні дзень, мінулае, будучыня, паралельныя Сусветы — усё пакідае свой след. Сляды пераблытаны. Сусвет зашыфраваны. Вучу тую загадкавую мову. Гэта магчыма рабіць і з дапамогай логікі, і інтуітыўна. Напрыклад, мастакі ХХ стагоддзя, перажыўшы цяжкі траўматычны досвед свайго часу, закадзіравалі ўласныя духоўныя вандроўкі. Вынайшлі разнастайныя шыфры і коды. Маю на ўвазе візуальную мову. І кожны з мастакоў апавядае пра сябе. Чытаць жыццё мне цікава. 

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва