Мінскі дожджык з «Шэрбурскімі парасонамі»

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Гледзячы на афішы сумеснага праекта «Мішэль Легран і Прэзідэнцкі аркестр Беларусі», хтосьці іранічна ўсміхаўся: маўляў, сыграюць нашы музыканты крыху французскай музыкі, далучаць пару-тройку мелодый з галівудскіх фільмаў, а сам Легран... Ну, прыязджаў ён 13 гадоў таму на «Славянскі базар у Віцебску» -- дык што з таго? Але скептыкі засталіся з носам: ён прыехаў.

 /i/content/pi/mast/5/115/Legran1.jpg
 В.Бабарыкін і М.Легран.
Ды не адзін, а разам з жонкай-арфісткай і сынам-спеваком, прычым тыя не проста «суправаджалі» маэстра, а выступалі разам з ім. Таму вечар ператварыўся ў гэткі «дайджэст» адразу некалькіх канцэртаў, дзе Легран саліраваў на раялі з нашым аркестрам (то сыходзячы ў аркестравы цень, то выходзячы на сола), дырыжыраваў ім (падчас свайго Канцэрта для арфы), імправізацыйна віншаваў аркестр з 5-годдзем, сыграўшы не ўрачысты туш, а гэткі гарэзлівы бег да вяршыні, «фантаніраваў» у складзе джазавага трыо «Блюз», акампаніраваў сыну Бенджаміну, спяваў з ім дуэтам. І, ужо на біс, неяк «па-хатняму», бы ў вузкім сяброўскім коле, гэткім «утульным» голасам мармытаў свой візітоўны хіт з музыкі да «Шэрбурскіх парасончыкаў».
У выніку атрымалася гэткая «арачная» кампазіцыя, бо распачынаўся вечар таксама тымі «парасончыкамі» -- буйной аўтарскай партытурай з адметнай драматургіяй, што ўвабрала ў сябе ўсю музыку да гэтага фільма. Атрымаўся нават своеасаблівы «парасончыкавы лейтматыў»: і знакамітая «мелодыя кахання» гучала неаднойчы, штораз у розных варыянтах, і публіка збіралася на канцэрт акурат даждлівым лістападаўскім вечарам (тут ужо хочаш ці не, але, раскрываючы свой парасон, будзеш насвістваць вядомую мелодыю), і гукі арфы пад пальцамі Катрын Мішэль нагадвалі дажджавыя кроплі з вясёлкай, якая раптам успыхвала на звыклых, здавалася б, пераборах, і джазавыя імправізацыі ў выказванні арфы сцякалі празрыста-імпрэсіянісцкімі дажджавымі струменьчыкамі.
Сам жа спадар Мішэль тактоўна намагаўся не падкрэсліваць сваю «лейтматыўную» ролю. У той жа згаданай уверцюры ён здолеў цалкам «схавацца» ў каларыстычна багатым аркестравым сутонні, дзе шыкоўна саліравалі ўсе аркестравыя групы і асобныя інструменты, і выйшаў на першы план толькі ў адным эпізодзе, наблізіўшы «калючае», ігольчатае гучанне фартэпіяна да ўдарнага інструмента. За пультам быў максімальна лаканічным, не робячы з дырыжыравання тэатралізаванага шоу. Дый у складзе джазавага ансамбля дэманстраваў не вонкавы артыстызм, а вельмі шчырае, не скаванае канцэртнымі ўмоўнасцямі музіцыраванне, пры якім надзвычайная фартэпіянная тэхніка маэстра (у ягоныя 75 гадоў!) усё гэтак жа не «цягнула коўдру на сябе», а саступала месца асаблівай «узрушана-ўтульнай энергетыцы»: канцэрт выклікаў жаданне самому іграць, спяваць, музіцыраваць -- жыць.
Раптам чарговы раз падумалася: як шмат мы страчваем, калі не развіваем з дзіцячых гадоў, нароўні з акадэмічнай выканальніцкай школай, яшчэ і джазавую імправізацыйнасць (а шырэй -- музычную імправізацыйнасць увогуле). Бо маючы недасягальны для некаторых краін узровень выканальніцкага прафесіяналізму, Беларусь, на жаль, не можа пахваліцца адпаведным узроўнем агульнага музіцыравання -- як формы размовы на розныя тэмы (у тым ліку на жыццёвыя, нават побытавыя), але менавіта на музычнай мове...
Самых лепшых слоў заслугоўвалі ўсе партнёры маэстра -- і французскія, і беларускія. Бо акрамя загадзя падрыхтаваных твораў, аркестр літаральна з адной рэпетыцыі ўключыўся ў працэс сумеснага «нараджэння музыкі». Відавочна было, як узрасло за апошні час майстэрства мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віктара Бабарыкіна, якой выразна пластычнай стала яго мануальная тэхніка, з якой еўрапейскай мяккасцю і інтэлігентнасцю (папраўдзе французскім шармам) загучаў у той вечар аркестравы калектыў, як тэмбрава разнастайна саліравалі ўсе нашы музыканты, кожны раз знаходзячы адпаведныя інструментальныя «колеры» -- быццам адну за адной запальвалі бліскаўкі на «зорным небе», у якое ператварылася сцэна. Мабыць, дзякуючы аўтару «Шэрбурскіх парасончыкаў» мінскі дождж стаў насамрэч зорным -- ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Надзея БУНЦЭВІЧ