Наталля Акініна

№ 5 (362) 01.05.2013 - 31.05.2013 г

Ад Вердзі да барока

/i/content/pi/mast/68/1149/18.jpg
«Кашчэй Бессмяротны». Кашчэеўна.
Яна адкрытая самым розным праектам — ад вялікай оперы да эксперыментальных пастановак і «капуснікаў». Ёй даступная музыка розных эпох, стыляў і жанраў — інструментальная «бесцялеснасць» гуку ў араторыях і кантатах барока, неўтаймаваныя вакальная жарсці вердзіеўскіх гераінь, зіхатлівы тэмперамент іспанскіх песень, адлюстраванне спрадвечнай глыбіні рускай душы ў творах Мусаргскага і Свірыдава. Яе голасу ўласціва дзівосная асаблівасць: здаецца, што ён увабраў у сябе ўсе фарбы жыцця — ад весялосці і радасці да горкага трагізму і прадчування смерці. Яна валодае ім бездакорна і віртуозна. І таму яе хочацца слухаць бясконца.

А яшчэ яна верыць у непазбежнасць лёсу і немагчымасць выпадку. Любіць чытаць Дастаеўскага і Булгакава. Марыць адкрыць уласны рэстаран (бо ўсё, прыгатаванае ёю, успрымаецца як незвычайны кулінарны твор). Размова з ёй — заўсёды нястрымная плынь гумару, дасціпнасці, сапраўды пазітыўнай энергіі. Такая яна — Наталля Акініна, салістка Нацыянальнага тэатра оперы і балета, лаўрэат міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Александроўскай (2004).

Да таго як вы прыйшлі ў тэатр, у вашым творчым жыцці адбылося шмат падзей: доўгі час вы былі салісткай музычнай капэлы «Санорус», разам з ёй шмат гастралявалі. Адкуль узнік Оперны?

— Запрашэнне прыйсці ў тэатр я атрымала на 3-м курсе кансерваторыі, але не скарысталася ім. На жаль. І ўсе наступныя гады ён прывабліваў, як магніт, бо знаходзіцца на самым высокім узгорку ў горадзе.

Тым, што трапіла сюды, абавязана канцэртмайстру Ларысе Талкачовай, майму самаму гарачаму натхняльніку. У той час якраз ажыццяўлялася пастаноўка «Хаваншчыны» Мусаргскага. Рэжысёрам была Маргарыта Ізворска-Елізар’ева. Мне дазволілі наведваць рэпетыцыі. Першым маім дырыжорам (што мела потым велізарнае значэнне) стаў Генадзь Праватораў. Ён знайшоў для мяне час, быў зацікаўлены. Сказаў, што гатовы са мной працаваць. І працаваў... Нават не памятаю, як і якімі словамі, але ён проста «ўліў» у мяне партыю Марфы. І сказаў: «Будзе так — ці ніяк».

Вядома, гэта страшна... Калі ты прыходзіш на заняткі і разумееш, што вось ён — тэатр. Вось, уласна, тое самае, чаго ты заўсёды вельмі жадала... Оперны стаў самым важным у жыцці. Вялікая партыя, вялікая сцэна, оперны аркестр. Цяпер, калі ўсё гэта ўспамінаю, разумею, якое шчасце, што так здарылася.

А артыстычны складнік? Спяваць, але рухацца па сцэне, іграць?

— Маргарыта Ніколаўна сказала: «Мне падабаецца, што ты без акцёрскага вопыту. Ты — як чысты ліст, як гліна... Я вылеплю з цябе ўсё што заўгодна!» І вылепіла...

Марфа — ваша першая партыя. Якой вы бачыце гэтую 
гераіню?

— Не фанатычка. А жанчына, якая ўсё ахвярна аддала свайму першаму, адзінаму і апошняму ў жыцці каханню. Вобраз Марфы існуе ў комплексе астатняй партытуры, але мне лягчэй было зрабіць яго праз моцныя і гарачыя эмоцыі. Ёсць некаторыя моманты: напрыклад, сцэну варажбы не страшна спяваць днём, але страшна падчас спектакля, калі ты паглыбляешся ў гэтую прастору і ўсё раптам напаўняецца нейкім містычным падтэкстам. Уступ да сцэны — штосьці незямное! Ты ўжо — не Акініна, ты раствараешся, нічога не бачыш, толькі гэту ваду і прывіднае святло, што зыходзіць ад музыкі...

Яшчэ адна гарачая натура — ваша Азучэна ў оперы 
«Трубадур»...

— Вызначальным у гэтай гераіні для мяне з’яўляецца тое, што праз усё жыццё Азучэна пранесла лютую помсту да графа дзі Луны. І нават да Манрыка яна адчувае каханне-нянавісць, бо выгадавала яго як інструмент для помсты. Думаю, яна любіць не так яго, як памяць таго немаўляці, якое спаліла. І ўсе яе душэўныя словы і прызнанні — яму, бо ў момант смерці Манрыка Азучэна святкуе. Помста адбылася!

Ваш дуэт з Манрыка пакідае вельмі моцнае ўражанне падчас кожнага паказу «Трубадура». Кульмінацыя яго ў вашым выкананні адлюстроўвае нават не вердзіеўскі стыль, а хутчэй надрыў і нервовасць нашага часу...

— Азучэна — звар’яцелая жанчына. А сучаснасцю спектакль напоўніла рэжысёр Мар’яна Берглёф, яна прымусіла оперу існаваць у рэаліях сённяшняга дня і абвастрыла ўсе калізіі. Зрабіла оперу больш сучаснай за кошт жорсткасці і наўмыснай праўдзівасці адносін і пачуццяў, закладзеных у музыцы і лібрэта. І мне гэта падабаецца.

Я спецыяльна пайшла на эксперымент. Калі спяваеш у оперных спектаклях, у пэўны момант становіцца зразумела: сюжэты і гераіні ўсё-такі ў нечым далёкія ад цябе, музыка вельмі прыгожая, але... Хочаш дадаць жыцця, рэалізму. Крытыкі могуць знайсці ў такой пастаноўцы шмат мінусаў і заганаў, але гледачы ў зале сучаснасць і вастрыню пастаноўкі адчуваюць. Таму, калі працавала над «Трубадурам», было цікава, да якой мяжы можна дайсці ў такім накірунку.

У працэсе спеваў адчуваеш сябе як за нябачнай завесай, якая аддзяляе цябе ад гледачоў. Толькі ў фінале, калі пачынаюцца апладысменты і бачыш твары людзей, разумееш: ты дакранулася да нейкіх душэўных струн і слухачы пражылі гэты спектакль. Кожны здолеў узяць штосьці сваё, але абыякавых няма.

Цікава, якімі былі першыя крокі да прафесіі опернай 
спявачкі?

— Не магу сказаць, што думала звязаць жыццё з музыкай. Але ў 4-й школе трапіла ў музычны клас. Падабалася спяваць у хоры. Любіла слухаць пласцінкі, песні на словы Булата Акуджавы і старадаўнія рускія казачыя песні ў выкананні Жанны Бічэўскай. Імкнулася пераймаць яе манеру. Блізкія казалі, што ў мяне ёсць голас, уяўлялі ў будучым студэнткай Інстытута культуры і дырыжорам хору. Аднак я цвёрда вырашыла паступаць у музычнае вучылішча, прычым менавіта на вакальнае аддзяленне.

У старым доме ў цэнтры Мінска на адной пляцоўцы з намі жыла суседка, Валянціна Антаневіч. На жаль, цяпер яе няма з намі. Цётка Ляля, як мы ўсе яе называлі, жыла са старэнькай мамай (тая вучыла нас гатаваць пірагі і тарты), заўсёды хадзіла з нязменнай цыгарэтай і была паглыблена ў свае думкі. І ніхто не ведаў, што яна дацэнт, прафесар і працуе ў кансерваторыі. Валянціна Аляксееўна параіла мне праслухацца ў Адама Мурзіча, загадчыка кафедры вакалу ў музычным вучылішчы.

Была абрана песня «Садовницу все знают» у высокай танальнасці, і з ёй я прыйшла да Мурзіча. Пачала спяваць. Памятаю яго панылы твар, на якім выразна чыталася думка: «Прыйшла такая здаровая дзяўчына і ные, як “все любят тебя-тебя”…» (Парадзіруе сябе высокім тонкім голасам.) Мурзіч спытаў:

— А гэта песня вам падабаецца?

— Не.

— А навошта яе спяваеце?

— Таму што мне сказалі...

— А што вам яшчэ сказалі?.. І дзе вы спяваеце ў хоры?

— Сярод сапрана.

— Гэта не сапранавая песня. І ў вас не сапрана, а мецца. А што вам падабаецца спяваць?

— Жанну Бічэўскую (ён напружыўся) і народныя песні (бачу, пасвятлеў).

— Дык праспявайце тое, што вам падабаецца, што выклікае светлыя і радасныя эмоцыі! І ад душы…

І я зацягнула 32 куплеты песні «По Дону гуляет». Гляджу — расцвіў! Потым, калі даведаўся, што ў мяне ёсць і музычная адукацыя (скончыла школу па класе фартэпіяна), узрадаваўся яшчэ болей і адправіў да фаніятара. Высветлілася, што ў мяне выдатныя мецца-сапранавыя звязкі.

Значыць, мецца — ваш родны тэмбр?

— Так, ніхто ў гэтым не сумняваўся, і мяне навучалі ў межах такога голасу. Першы год займалася ў Мурзіча, потым перайшла да Валянціны Раговіч. Яна выкладала ў кансерваторыі і спецыяльна дзеля мяне пайшла працаваць у вучылішча. Гэта мой нязменны педагог з 18 гадоў.

Адразу стала зразумелым: оперныя спевы — тое, што мне падабаецца. Захапіла музыка, узрушылі запісы Ціта Гобі, Лучана Павароці. Арыенцірам, на які хацелася раўняцца, была Алена Абразцова. Тым больш што яе манера цалкам супадала з тым, чаму нас вучыла Раговіч — ніякага «звучкодуйства», як яна называла. Выкананне твора павінна быць прапушчана праз сябе, напоўнена ўласнымі эмоцыямі, сэрцам, нервамі. Усіх навучэнак Валянціны Раговіч вылучалі спевы неабыякавыя, змястоўныя.

Ведаю, пасля выпуску вы прыйшлі ў музычную капэлу «Санорус» і заспелі яе «залаты перыяд» — яскравы, падзейны, насычаны прэм’ерамі і гастролямі. З канца 1990-х да сярэдзіны нулявых гэты калектыў быў навідавоку. Магчыма, дзякуючы цікаваму, незвычайнаму рэпертуару...

— Як і ў кожным хоры, вядома, была небяспека, што твой вялікі голас «пазачэсваюць» і загоняць у межы партыі. Але кіраўнік капэлы Аляксей Шут пайшоў нетрадыцыйным шляхам — для невялікіх партый імкнуўся знайсці прыгожыя галасы, шукаў новыя гучанні, яму патрэбны былі фарбы. І, вядома, сабраўшы ў калектыве спевакоў з цікавымі галасамі, ён імкнуўся максімальна развіць індывідуальнасць кожнага.

Які рэпертуар вы асвоілі ў той перыяд?

— Тады пачаўся час вялікіх праектаў, абмены з нямецкімі харавымі таварыствамі, вандроўкі ў Еўропу. Дзякуючы «Санорусу» ў маім рэпертуары ўзніклі «Рэквіемы» Моцарта і Вердзі, 9-я сімфонія Бетховена, «Стабат Матэр» Пергалезі, «Нямецкі рэквіем» Брытэна — з выдатнымі партыямі сола, якія патрабуюць годнай вакальнай формы і вялікага прыгожага голасу. Канцэртныя праграмы складаліся з оперных арый, ладзіліся сумесныя акцыі з салістамі і дырыжорамі з Опернага. Усё гэта было вывучана, праспявана, асэнсавана, паказана на многіх гастрольных пляцоўках. У нейкі момант адчула, што адбылася як салістка, здольная спяваць такі рэпертуар.

У «Санорусе» актыўна выконваліся і творы нацыянальных аўтараў...

— Усё, што прыносілі, мы імкнуліся праспяваць — сачыненні Алега Хадоскі, Сяргея Бельцюкова, іншых кампазітараў.

Той перыяд стаўся надзвычай важным для вас, маладога 
выканаўцы?

— Безумоўна. Праца ў «Санорусе» сталася школай стыляў, жанраў, формаў, прыёмаў, спосабаў гуказдабывання. Эксперыментальнай лабараторыяй, дзе ўсё асвойвалася на практыцы, штосьці прымалася, штосьці не. Прычым гэта была работа на публіку — не на сваю, а на чужую. Магчымасць параўнаць, супаставіць, прааналізаваць, адчуць.

Барока для вас распачалося там?

— Так. Былі праспяваны «Страсці паводле Матфея», «Страсці паводле Іаана», Калядная араторыя Баха, «Стабат Матэр» Расіні. Адбыліся першыя спробы ўсвядоміць тую эпоху, але не заўсёды атрымлівалася ў межах стылю, а, скажам так, «буйным памолам». У межах інтэрпрэтацый, прапанаваных дырыжорамі.

Наколькі важная для вас праблема аўтэнтычнасці? Калі вы задумаліся аб праблеме гукавой адпаведнасці пэўнай эпосе?

— Такі працэс звязаны са з’яўленнем у маім жыцці (ужо пасля «Саноруса», калі была салісткай тэатра) дырыжора Дзмітрыя Зубава. Спачатку падумала: не, гэта не для мяне! А потым пачула аркестр — з аўтэнтычнымі старадаўнімі інструментамі, жыльнымі струнамі, зусім адметным гучаннем — і зразумела, што гэта музыка неверагодная! Тады відавочна, для чаго ўсе заняткі, праца над штрыхамі, дынамікай, плоскім «бесцялесным» інструментальным гучаннем. Яе можна праспяваць толькі так, як трэба.

Адчуўшы водар эпохі, захацелі ўвасобіць вакальныя творы стылістычна дакладна?

— Так, таму пазней на ўсе прапановы Дзмітрыя Зубава адказвала згодай — пры тым, што яго праекты зусім няпростыя, ён часта звяртаецца да малавядомых аўтараў. Для мяне змена гукавых светаў — ад класічнай опернай манеры з «крывёй і мясам» у сферу «анёльскага» гучання — складаная, але прывабная. Цяпер перабудоўваюся лёгка і валодаю голасам, як інструментам.

Калі ўпершыню зразумелі, што атрымліваеце задавальненне ад спеву?

— Яшчэ калі спявала ў капэле, мяне запрасілі ў кансерваторыю працаваць ілюстратарам у піяністаў, на ўроках камернага класа. Супрацоўнікі гэтай кафедры палка ўлюбёныя ў музыку — у песні, рамансы, сучасныя опусы, творы айчынных аўтараў, якія яны прапагандуюць і папулярызуюць. Тут раптам прыйшло ўсведамленне, што магу спяваць і вялікія оперныя арыі, і камерны рэпертуар. Была гатовая выконваць усё, што даюць, працавала з многімі, атрымала магчымасць зразумець, да чаго менавіта я больш схільная.

Сёння вы — адзін з прызнаных спецыялістаў у галіне выканання сучаснай музыкі і нацыянальнага вакальнага рэпертуару. Што вылучае нашых кампазітараў, якая іх непаўторная рыса?

— Думаю, пэўны трагізм светаўспрымання...

Вы бралі ўдзел у вельмі нечаканай пастаноўцы оперы 
Віктара Капыцько «Сіняя Барада і ягоныя жонкі». Спектакль атрымаўся стракаты ў жанравым плане, але там у вас была неверагодна яркая акцёрская і вакальная работа.

— Можна толькі падзякаваць кампазітару, што ён вылучыў менавіта Трэцюю жонку, зрабіў яе «опернай дзівай» і ўзнагародзіў такой арыяй. Было надзвычай цікава працаваць над вакальным матэрыялам з рэжысёрам Галінай Галкоўскай. Каб засвоіць такі музычны тэкст, давялося шмат рэпеціраваць. Але артысты адчувалі ад працэсу вялікае задавальненне, а глядач быў рады пачуць і пабачыць такі незвычайны спектакль.

Параўноўваючы працу над вакальнымі опусамі сучаснікаў 
і класікаў, ці можна казаць, што засваенне сучаснай музычнай мовы шкоднае для салістаў, кепска ўплывае на голас і, 
у рэшце рэшт, ускладняе выкананне класікі?

— Ёсць і такое. Але наша сітуацыя адрозніваецца ад той, што ў Еўропе. Адзіны оперны тэатр не можа дазволіць салісту ўвесь час спяваць толькі ў адной манеры (вагнераўскай, вердзіеўскай, барочнай, сучаснай). Мы ў большай ступені ўніверсалы, якія кожны дзень мусяць сумяшчаць Моцарта і Вердзі, Мусаргскага і Пучыні. І ўсё павінна быць праспявана стылістычна дакладна. Тым не менш мы адкрытыя і ў нас ёсць магчымасць паспрабаваць розныя стылі і жанры.

Да пытання пра адкрытасць. Вашы сольныя камерныя канцэрты вылучае шырокая геаграфія — ад Іспаніі і барока (Заходняя Еўропа XVII стагоддзя) да Расіі і рускай песні (20—50-я гады ХХ стагоддзя). З чаго вы зыходзіце ў сваім выбары, рыхтуючы праграму?

— У пэўны момант у рэпертуары з’яўляецца дастатковая колькасць твораў, якія можна аб’яднаць тэматычна. Напрыклад, канцэрт «Іспанія — любоў мая» нарадзіўся з жадання паказаць, што беларускія кампазітары адчуваюць Іспанію не горш, а часам глыбей, чым уласна іспанскія. «Руская душа» з’явілася з жадання праспяваць «Песні і скокі смерці» Мусаргскага і засвоеных рамансаў Свірыдава. А калі ўсведамляеш, наколькі прыгожая гэта музыка, як удумліва кампазітар працаваў з аўтарамі і тэкстамі... Разгортваеш ноты і бачыш: словы, музыка, назва — усе параметры супадаюць. І раптам гэта становіцца табе родным і патрэбным. Калі не праспяваю — значыць, усё! Штосьці здарыцца...

Ці ёсць у вас любімыя оперныя партыі?

— Тыя партыі, якія падабаюцца, не майго голасу, яны сапранавыя. А з любімых — Марфа, лічу, што адчуваю яе. І Любка з «Сівой легенды»... Магчыма, такая гераіня закранае нейкія генетычныя струны, але гэтую музыку я прыняла адразу. Жанчына, якая кахае, — мой любімы вобраз.

Што вам хацелася б праспяваць у бліжэйшыя сезоны?

— Неўзабаве павінна з’явіцца праграма, прысвечаная Германіі. Бо ў рэпертуары шмат нямецкай музыкі — Вольф, Брамс, Вагнер. Мару праспяваць Любашу з «Царскай нявесты» на вялікай сцэне. Ёсць яшчэ адна далёкая задумка — Шарлота ў оперы Маснэ «Вертэр».

Прафесія опернага саліста прадугледжвае шэраг якасцей — голас, школа, акцёрскія здольнасці. Што для вас на першым месцы?

— Голас, прыгожы індывідуальны тэмбр. З ім нават пры адсутнасці школы, але маючы энергію і жаданне, артыст заўжды дасягне поспеху.

Таццяна ТЭАДАРОВІЧ