Без інфантылізму

№ 5 (362) 01.05.2013 - 31.05.2013 г

Міжнародны дзіцячы тэатральны форум «Крокі»

/i/content/pi/mast/68/1148/14.jpg
«Нязнайка і яго сябры» паводле Мікалая Носава.
Маладзёжны драматычны тэатр «З вуліцы Руж» (Малдова).
У Новым драматычным тэатры прайшоў другі Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум «Крокі». У ім прынялі ўдзел выхаванцы дзіцячых тэатральных школ і студый з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Малдовы. Юныя акцёры паказалі мінскай публіцы шэсць спектакляў самай разнастайнай тэматыкі, ад дыдактычнай казкі да сучаснай дакументальнай драмы. Кішынёўскі Маладзёжны драматычны тэатр «З вуліцы Руж» удзельнічаў у форуме па-за конкурсам. Малдаване прывезлі спектакль «Нязнайка і яго сябры» паводле Мікалая Носава. Яго сыгралі дарослыя выхаванцы тэатральнай школы, што сталі прафесійнымі акцёрамі.

Якім будзе тэатр праз дзесяць — пятнаццаць год? Рэжысёрскім або акцёрскім? Якая драматургія запоўніць рэпертуарныя афішы? Якія жанры будуць карыстацца найбольшым поспехам? Можна строіць прагнозы, гадаць і спрачацца, але можна зрабіць інакш: паглядзець спектаклі дзіцячых тэатральных школ і студый на Міжнародным форуме «Крокі» — і гэтая гіпатэтычная тэатральная будучыня адразу стане больш зразумелай, блізкай, набудзе рэальныя абрысы і нават абліччы.

Ініцыятарам форуму «Крокі» стала Мінская дзіцячая тэатральная школа №1, якая ўжо дзесяць гадоў існуе пад крылом Новага драматычнага тэатра. Ініцыятыву падтрымала Упраўленне культуры Мінгарвыканкама. Першы форум паспяхова прайшоў у 2011 годзе, на ім лідзіравала беларуская тэатральная школа, якая сабрала вялікі ўраджай узнагарод.

Сёлета форум праходзіў падчас вясновых канікул, і юныя мінчукі праявілі да спектакляў відавочную цікавасць, глядзельная зала была перапоўненая. Зрэшты, дарослых гледачоў таксама хапала. Вопыт школьнай тэатральнай адукацыі выклікае інтарэс і ў педагогаў, і ў дзеячаў тэатра. Спектаклі форуму глядзела шматлікае журы, дакладней, іх было тры: прафесійнае міжнароднае, журы прэсы і дзіцячае, у склад якога ўваходзілі лепшыя навучэнцы Мінскай тэатральнай школы №1. Такім чынам, спектаклі ацэньваліся прафесійным «поглядам знутры», журналісцкім «позіркам збоку» і вачыма аднагодкаў.

Два спектаклі паказалі гаспадары: «Усе хлопчыкі — дурні!» Ксеніі Драгунскай і «Жабіну бойку» Наталлі Голубевай. Дзіцяча-юнацкі тэатр «Саўла» з літоўскага горада Плунгэ паказаў драму «Піф-паф — ты забіты» Уільяма Мастрасімонэ.

Тэатр-студыя «Дыялог» са Смаленска (Расія) прывёз у Мінск папулярную казку венгерскага драматурга Дзьюлы Урбана «Усе мышы любяць сыр». Дзіцячы тэатр «Вожыкі ў тумане» з беларускага Светлагорска паказаў дыдактычную казку Міхаіла Барценева «Прывітанне!».

Адметнае відовішча прэзентаваў мінскім гледачам вулічны тэатр «ДН» з Лодзі (Польшча). Спектакль «Алекс у Краіне цудаў», пастаўлены паводле вядомай казкі Льюіса Кэрала аб прыгодах Алісы ў той жа краіне, спалучаў прыёмы тэатра, цырка і вулічнай інсталяцыі. Малыш Алекс засынае і ў сне трапляе ў тую самую казку, якую маці яму чытала нанач. Ён бачыць цудоўных персанажаў, гуляе з імі, а калі казка канчаецца, надыходзіць раніца.

На жаль, зіма, якая зацягнулася ў гэтым годзе, не дазволіла паказаць спектакль у адкрытым абшары, на гарадскіх вуліцах. Яго давялося спехам адаптаваць да сцэнічнага паказу, але нават у цеснай тэатральнай прасторы ён не страціў сваёй прывабнасці. Па сцэне разгульваў Чэшырскі кот у суправаджэнні ўласнай усмешкі. Высокае становішча Шахматнай Каралевы мела ў спектаклі і літаральнае, і пераноснае значэнне: актрыса іграла гэты персанаж на хадулях. Адважна спускалася са сцэны ў залу па вузенькай лесвіцы, жангліравала, дырыжыравала дзеяннем, паводзіла сябе як сапраўдная каранаваная асоба.

Зала зачаравана сачыла за цудоўнымі пераўтварэннямі герояў Кэрала. Юныя акцёры дэманстравалі і сапраўднае акцёрскае майстэрства, і валоданне складанымі цыркавымі трукамі. У нашай краіне вулічны тэатр толькі пачынае развівацца, большасці гледачоў гэта цудоўная тэатральная з’ява незнаёмая, таму назіраць за юнымі польскімі акцёрамі было надзвычай цікава. Спектакль ішоў амаль без тэксту, галоўнымі выразнымі сродкамі былі пластыка, міміка, трукі, з іх ствараліся вобразы герояў і вобраз самой казкі.

Варта аддаць належнае арганізатарам форуму — пры параўнальна невялікай колькасці спектакляў у іх акрэсліваліся і розныя тэатральныя канцэпцыі, і розныя метады тэатральнай педагогікі.

Традыцыйнае стаўленне да дзіцячай творчасці прадэманстраваў тэатр «Вожыкі ў тумане». Ягоныя ўдзельнікі паказалі спектакль пра ветлівасць, якой цягам дзеі навучаліся ўсе персанажы. «Прывітанне!» было зроблена ў лепшых традыцыях савецкіх часоў, героі падзяляліся на добрых і не вельмі, але бліжэй да фіналу ўсе навучаліся ветлівасці, уважлівасці да блізкіх — і дабрадзейнасць перамагала.

Цалкам іншае разуменне дзіцячай творчасці прапануе тэатр «Саўла». Кіраўнікі калектыву рэжысёры Ромас Матуліс і Сігіта Матуленэ лічаць, што дзіцячы тэатр можа і павінен аналізаваць самыя складаныя і актуальныя праблемы рэчаіснасці. Для сваіх пастановак яны выбіраюць драматургію, якая па-сапраўднаму хвалюе сучасных падлеткаў. Тэма прывезенага ў Мінск спектакля «Піф-паф — ты забіты» — гвалт у падлеткавым асяродку. У аснове драмы — рэальныя падзеі, што адбыліся ў ЗША. У невялікім гарадку Спрынгфілдзе штата Арыгон падлетак спачатку застрэліў уласных бацькоў, а потым прыйшоў у школу і пачаў паліць у аднакласнікаў...

Якія прычыны падштурхнулі яго да жудаснага злачынства? Што адбывалася ў ягонай душы, калі ён націскаў на курок? Як прарастае жорсткасць у сэрцы дзіцяці, чаму ён не знайшоў ніякага іншага, апрача кулі, спосабу, каб распавесці пра свой адчай?

Юныя акцёры «Саўла» аналізуюць псіхалогію сваіх герояў, паказваюць тыя некалькі крокаў, што прыводзяць героя да краю бездані. Яны называюцца Абыякавасць, Раўнадушша, Неразуменне з боку самых блізкіх людзей.

Рэжысёры і выканаўцы акрэсліваюць актуальную і зусім новую псіхалагічную асаблівасць сучасных дзяцей, якія выраслі за камп’ютарнымі гульнямі і лічаць імаверным паўтор жыццёвай сітуацыі — кшталту магчымасці яе перайграць у віртуальнай рэчаіснаснасці. Але ж у жыцці ўсё іграецца «набела», тут няма чарнавікоў і падзеі незваротныя.

Мінская тэатральная школа паказала на форуме два спектаклі — вельмі розныя па тэматыцы, стылю рэжысуры, сцэнаграфіі, акцёрскім выкананні. Яны былі па-сапраўднаму цікавымі, глядзеліся «на адным дыханні», лучыліся асаблівай атмасферай творчай радасці, якая яшчэ сустракаецца ў аматарскім тэатры, але ўжо амаль пакінула тэатр прафесійны.

Спектакль «Усе хлопчыкі — дурні!» Ксеніі Драгунскай — гарэзлівая гісторыя пра тое, што дарослыя, па вялікім рахунку, гэта дзеці, якія выраслі, а дзіцячыя ўспаміны могуць дапамагчы ім у рашэнні самых складаных праблем. Звяртае на сябе ўвагу колькасць яркіх акцёрскіх работ, ансамблевасць, добрае пачуццё гумару педагогаў-пастаноўшчыкаў Ірыны Фларызяк, Юрыя Шаланкова.

Спектакль «Жабіна бойка» па п’есе беларускага драматурга Наталлі Голубевай увасоблены рэжысёрамі Віргініяй Тарнаўскайтэ і Аляксандрай Некрыш як эпічная казка пра вечнае змаганне дабра і зла. Галоўнымі выразнымі сродкамі сталі пластыка, музыка, сцэнаграфія, элементы народнай абрадавай культуры. З іх дапамогай у пастаноўцы ўзнік асаблівы казачны свет — яркі, маляўнічы, захапляльны.

У абодвух спектаклях вучні Мінскай тэатральнай школы паказалі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, пластычнасць, музыкальнасць, натуральнасць сцэнічнага існавання. Такое спалучэнне акцёрскіх якасцей сёння нячаста сустрэнеш і на прафесійнай сцэне.

Дзіцячы тэатральны форум для нашай краіны — з’ява ўнікальная: ён адзіны, і наўрад ці сітуацыя зменіцца ў агляднай будучыні. Тым больш карысны вопыт, які гэты форум дае. Сума тэатральных уражанняў, вынесеных з ягоных спектакляў, сведчыць пра тое, што ў нас ёсць вельмі добрая дзіцячая школа, вопыт якой заслугоўвае падтрымкі і распаўсюджвання. І хоць галоўны прыз форуму «Крокі» ў гэтым годзе павёз у Літву тэатр «Саўла», спектаклі Мінскай тэатральнай школы №1 канкуравалі з ім на роўных.

Горш ідуць справы з драматургіяй для дзяцей. З трох спектакляў, паказаных на форуме нашымі юнымі суайчыннікамі, толькі адзін быў пастаўлены па беларускай п’есе «Жабіна бойка». Сучасныя драматургі амаль не пішуць для дзіцячага тэатра, прафесійныя тэатры вельмі рэдка ставяць спектаклі для дзяцей. Відаць, прыспеў час казаць пра вострую нястачу ў Беларусі дзіцячых тэатраў і пра негатыўнае ўздзеянне гэтай акалічнасці на агульную сцэнічную культуру.

Мінская тэатральная школа №1 не проста першая — яна адзіная ў вялізным сталічным горадзе, і такое становішча нельга лічыць нармальным.

Нягледзячы на праблемы, форум «Крокі» выклікае аптымізм — і прафесійны, і чыста чалавечы. Ён сведчыць, што ў тэатр ідзе новае пакаленне, асаблівае, непадобнае на папярэднія. Яно пазбаўлена інфантылізму, умее ставіць і вырашаць складаныя прафесійныя задачы. Здаецца, у гэтых дзяцей цалкам адсутнічае боязь сцэны, у яе прасторы яны адчуваюць сябе свабодна і радасна.

Калі дзіцячая тэатральная адукацыя ў нашай краіне будзе развівацца, магчымы змены ў сістэме прафесійнага тэатра, напрыклад, знікненне амплуа травесці. Дзіцячыя ролі ў прафесійных тэатрах змогуць выконваць вучні тэатральных школ. Такі вопыт ужо ёсць, самы нядаўні прыклад — спектакль Новага драматычнага тэатра «Бляск летняй вады» Лауры-Сантыі Чарняўскайтэ, дзе галоўныя ролі з поспехам выконваюць вучні.

Такім чынам, дзеці нашы — таленавітыя, сучасныя і крэатыўныя. Справа за дарослымі! 

Галіна АЛІСЕЙЧЫК