Фрагменты татальнай структуры

№ 5 (362) 01.05.2013 - 31.05.2013 г

Выстава Валерыя Мартынчыка

/i/content/pi/mast/68/1145/9.jpg
Прарок. Алей. 2012.
Валерый Мартынчык — з мастакоў легендарнай «Формы». Групоўкі, што спачатку зрабіла выстаўку ў Мінску, потым — у Маскве, а ўсе наступныя — ужо ў замежжы. Тое была адна з самых першых, імклівых і вельмі паспяховых беларускіх «адысей» па Вялікае Еўрапейскае Мастацтва. Вяртанне з яе (можа, і сімвалічнае) яшчэ наперадзе. Бо Валерый Мартынчык спыніў свой выбар на Лондане і ў Беларусі не быў аж два дзесяцігоддзі.

Але ў творчасці Мартынчыка ёсць нешта, дзякуючы чаму ён успрымаецца і заўжды будзе ўспрымацца мастаком «адсюль», з «нашай тэрыторыі», з нашага пакалення мяжы 80—90-х гадоў ХХ стагоддзя. Тое, што змушае мяне ставіцца да яго асобы з пяшчотным пачуццём: на маё юнацтва таксама прыйшоўся час новага адкрыцця творчасці Паўла Філонава, аднаго з самых загадкавых творцаў рускага авангарда, заснавальніка аналітычнага мастацтва. «Гэта абавязкова трэба бачыць», — патэлефанавалі мне піцерскія сябры. У Рускім музеі пасля доўгага забыцця наладзілі грандыёзнае экспанаванне філонаўскіх твораў. Мяне спаліла гэта мастацтва. Я і сёння памятаю адчуванні цуду і роспачы: як можна было такое хаваць, мы ж маглі стаць іншымі. Лепшымі. Сёння я не думаю так ідэалістычна, але мне прыносіць асалоду ўспрымаць імпульсы, закладзеныя ў аснову мастацкага мыслення лонданскага беларуса. Па тыпе таленту Валерый Мартынчык — аналітык кшталту Паўла Філонава: яго метад уключае фігуратыўнае і абстрактнае, а пластыка твораў заснавана на мностве дробных, рупліва прапрацаваных дэталей. Яны — нібы жывыя арганізмы, дзе развіццё ідзе ад прыватнага да агульнага, а структура выявы расце нібы шляхам дзялення клетак, кожная з якіх валодае ўласнай складанай арганізацыяй. Абодва творцы — выдатныя каларысты, ёсць і тут нейкая тонкая сугучнасць, асаблівыя прыёмы ўжывання самага прасторавага — блакітнага — колеру, відавочнага ў структуры твора, але не прыналежнага да прадмета. Нарэшце, Валерый Мартынчык — «карціншчык», жывапісец з выкшталцонай тэхнікай, які з лёгкасцю выхоплівае фрагменты і мадэлі з розных мастацкіх перыядаў і схем. Філонаў, бадай адзіны з рускага авангарда, ніколі не адмаўляў у існаванні класічнаму мастацтву, з 1915 года ён супрацьстаяў Малевічу ў барацьбе за «зробленую» карціну.

Узлёт Мартынчыка пачаўся з парыжскай выставы, дзе яго працы скупіў знаны французскі калекцыянер і галерыст Гары Басмаджан. З гэтай лёгкай рукі Мартынчыкавы творы разляцеліся па самых прэстыжных зборах. З пэўнага часу новыя праекты мастака як значную падзею паказваюць міжнародныя тэлеканалы. Лонданскія галерэі спрачаліся за права экспанавання апошняй выставы, пакупкі пачаліся яшчэ да адкрыцця. Сёння гэты сталы чалавек са знешнасцю Несцеркі са спектакля Коласаўскага тэатра, творца з мінскімі маладосцю і адукацыяй — зорка.

У чым сакрэт поспеху? З чаго ўвогуле складаецца сакрэт паспяховага творчага жыцця? «З таленту і працы», — звычайна адказваем мы. Вахтангаў сцвярджаў: каб мастак адбыўся, акрамя вышэйназванага яму патрэбна ўдача. Патрэбны ўласны Гары Басмаджан. Так, сумна, што шчасліўчыкаў кшталту Берніні і Рубенса ў гісторыі мастацтва было няшмат, але пільны позірк у любым жыцці адшукае прорву нескарыстаных магчымасцей. Эль Грэка атрымаў адмову ў працы ад іспанскага караля (талент мастака быў залішне арыгінальным для гэтай банальнай асобы) — і тады ён знайшоў сваё Таледа. Але не шанцавала і там, ён праваліў «іспыты» касцельнаму кіраўніцтву. Тады Эль Грэка пачаў рабіць тое, што хацеў, і... стаў геніем. Пастаўцеся ўважліва да апавядання Купрына пра трагедыю цыркавога артыста, нумарам якога захапляліся калегі, у якога быў свой «басмаджан» (дырэктар мясцовага шапіто), а гледачы заставаліся абыякавымі. Нумар знялі, каханка кінула. Купрын задумаўся над вельмі тонкай рэччу: формай выказвання, якую творца абірае сам. І тут Валерый Мартынчык выступае як поўны антыпод купрынскаму персанажу, бо насустрач яго мастацтву раскрываюцца сэрцы. Яго творы могуць мець пазнавальную выяву ці рушыць у бок абстрактнасці, але яны ўсё роўна вабяць да сябе любога гледача. З Лондана і Парыжа, з Еўропы і Усходу. Вабяць славутых галерыстаў, злых крытыкаў і тых, хто можа і не часта, але блукае па музеях і галерэях і пры слове «мастацтва» згадвае нешта знаёма-класічнае. Мартынчык здолеў вынайсці настолькі ўдалую форму падачы ідэі, што гэта складанае, тонкае і вельмі сур’ёзнае мастацтва мае ці не масавы поспех. Гэткая рыса творчасці надзвычай важная сёння, калі сучасная культура так прагне падрыхтаванага атачэння.

Пра што яго мастацтва?

Павел Філонаў імкнуўся ўглыбіню і ўвысь, яго цікавілі метады прыроды і касмічныя бегі, Мартынчык — прынцыпова «зямны» творца. У інтэрв’ю АНТ у галерэі «Albemarle» ён падзяліў сусвет «на дзве нацыі — гарадскую і вясковую». Апошняя — знікаючая і невялікая, таму першая — самая галоўная, бо горад, паводле Мартынчыка, гэта не толькі будынкі, а нешта значна большае, спасцігальнае не толькі эмпірычна. Яго горад — гэты яшчэ і месца, дзе «спрасаваны чалавечыя інтэлекты», свайго роду «суперкамп’ютар». Горад Мартынчыка — гэта Цывілізацыя.

Трэба сказаць, што гімн цывілізацыі ён спявае ва ўнісон: недзе побач чутны моцны голас італьянца Мікеланджэла Пісталета, які аб’ехаў палову Еўропы з праектам, дзе паміж прыродай і цывілізацыяй пастаўлены знак роўнасці, бо адно і другое ёсць стварэнне. Мартынчык, у адрозненне ад Пісталета, даследуе не агульную праблему, а горад як асноўнае месца стварэння. Яго погляды на цывілізацыю супадаюць з пазіцыяй мастацтвазнаўца Кенэта Кларка. Цывілізацыя ёсць нешта, дзе чалавецтву светла і надзейна. Яна прагне хараства і культурнай традыцыі. Яна моцная, але і крохкая адначасова, бо складаецца з бясконцасці дробных чыннікаў як разнастайнасці створанага чалавецтвам. Адчуванне значнасці тэмы нарастае адразу, ужо пры позірку на вялізную колькасць ручной працы, здзейсненай мастаком.

Тоеснасць цывілізацыі і прыроды Мартынчык прадэманстраваў яшчэ на папярэдняй, двухгадовай даўніны выставе з творамі, дзе філонаўскі аналітызм дасціпна і арыгінальна спалучыўся з шалёнай дэкаратыўнасцю Джузэпе Арчымбольдзі. Гратэскавыя партрэты («Têtеs composéеs») апошняга створаны не па вобразе і падабенстве, а з «садавіны-гародніны» — гэта не што іншае, як Чалавек Прыродны. «Têtes composéеs» Валерыя Мартынчыка прыроднага не адмаўляюць, у яго ёсць жаноцкія вобразы з лілей, званочкаў і яблыкаў. Але найчасцей перад намі паўстае «Чалавек Цывілізацыйны». Складзены з форм, якія мы ведаем праз рэчы існуючыя, створаныя чалавекам. З форм мастацкіх: праз аб’ёмны канструктывізм можна разгледзець то кананічную іканапісную схему, то плакатныя навацыі Родчанкі. Але найбольш — з «формаў вынайдзеных», адкрытых не нашым «зрокам, які бачыць», а «зрокам, які ведае» (тэрміны Філонава). Тое, што існуе і існавала, «убачанае» і «вынайдзенае» паўстаюць у творы як лучнасць, бо мастак здымае іх апазіцыйнасць і дазваляе ўсяму намаляванаму праяўляцца ў роўнай ступені. Цывілізацыя і ёсць еднасць усёй разнастайнасці створанага чалавекам.

У мастацтве апошніх год прасочваецца тэндэнцыя, якую Катрын Міле называе «лёгкім паваротам да глядацкасці». Не спрачаюся. Але часам здаецца, што гэты паварот выглядае не лёгкім, а даволі-такі трывалым. Амерыканка Міла Марш робіць выставу «срэбранага алоўка» — тэхнікі, якую любілі Леанарда да Вінчы і Дзюрэр. Уга Нэспала, вечны парушальнік спакою італьянскага наватарства, некалькі год траціць на сваю «Фуджынію» — праект, прысвечаны тонкім тэхнікам малавядомага мастака ХV стагоддзя. Полацкі мастак Аляксандр Канавалаў экспануе «Хатняе срэбра» — абстрактнага кшталту жывапіс з настальгічным настроем на прыемную тэхнічнасць старых рэчаў. А Валерый Мартынчык, што мае адукацыю часоў, калі паважалі карціну і адкрываліся зачыненыя сховы авангарднай культуры, збудаваў сябе паводле вышэйшых якасных патрабаванняў Паўла Філонава і ўзносіць мову сучаснага жывапісу на новы ўзровень.