Містэрыі матэрыі

№ 5 (362) 01.05.2013 - 31.05.2013 г

«Дэканструкцыя» Выстава Марака Рыбаня

/i/content/pi/mast/68/1144/4.jpg 
 Маленькая зіма. Дрэва. 2013.

У аснове экспазіцыі славацкага творцы — скульптура і арт-аб’екты з дрэва, якія вызначаюць тэматыку ўзаемаіснавання Чалавека і Прыроды, крохкасць Часу і Прасторы.

Марак Рыбань атрымаў адукацыю ў Браціславе па спецыяльнасці «Рэкламная графіка», потым скончыў Вышэйшую школу выяўленчага мастацтва Браціславы, дзе вучыўся на аддзяленні «Свабодныя медыя і графіка». Прынцыпы графічнага мастацтва адчуваюцца ў яго драўляных скульптурных формах. Дрэва дазваляе ствараць аб’ёмныя фактуры, якія валодаюць графічнай лінеарнасцю і лаканізмам, адначасова — ажыццяўляюць выхад у прасторавае асяроддзе.

Паняцце «дэканструкцыя» Рыбань успрымае як пераасэнсаванне натуральнага разбурэння. Скульптуры малых формаў, прысвечаныя «блакітным перфарацыям», захоўваюць натуральныя пашкоджанні драўлянага фрагмента. Мастак падкрэслівае, вылучае прыгажосць «разбуральнага» ўздзеяння прыроды з дапамогай колеру. Рыбань сузірае форму і знаходзіць дзіўныя аналогіі. Так, у працы «Маленькі блакітны кафедральны сабор» (2013) пазнаюцца абрысы гатычных архітэктурных збудаванняў: дрэва, як жывы матэрыял, падказвае мастаку сваё прызначэнне.

Імкненне зразумець прыроду матэрыялу, яго асаблівасці выяўляецца і ў захапленні магнітамі, пры дапамозе якіх створана серыя работ «Блакітны прыцягальны жывапіс» (2013). Жалезны пыл, пігментаваны блакітнай фарбай, ва ўзаемадзеянні з магнітнымі фігурамі рознага дыяметра ўтварае выпуклыя формы. Атрыманыя аб’ёмы нібы вырываюцца праз жывапісную плоскасць. Тэхніка стварэння працы валодае асаблівай эмацыянальнасцю, а каляровыя фактуры зачароўваюць паэтычнасцю і лірызмам.

Для мастака важнае значэнне мае пошук унутранай дынамікі. Ён выводзіць гэты прынцып у якасці крытэрыя праз мінімалізм, абагульненасць. Тэма танца зводзіцца да абстракцыі і не мае апоры ў традыцыйных візуальных вобразах. Рух увасабляюць дзве драўляныя акружнасці, якія разгортваюцца ў розных напрамках. Дынамічная і фактура дрэва, якую Рыбань стварае пры дапамозе рэльефных ліній, што рассейваюцца накшталт промняў святла. Такога роду кампазіцыя набліжаецца да прыроднага ландшафту, у які яна лёгка можа быць уключана.

Мастак імкнецца пранікнуць у глыбіню часу, усталёўваючы сувязі паміж яго фрагментамі. «Блакітныя гарызантальныя шляхі I і II» (2013) уяўляюць сабой рэльефныя малюнкі, нанесеныя на паверхню невялікіх выцягнутых драўляных дошак. Форма дадзеных прадметаў простая, набліжаная да ўтылітарнай, а малюнак нагадвае сілуэты наскальных роспісаў. Такім чынам, дрэва для мастака з’яўляецца матэрыялам, які захоўвае генетычную памяць, сляды Чалавека ў сабе.

Асаблівае значэнне ў творчасці Рыбаня мае даследаванне прасторы, асобных вектарных напрамкаў. Трыпціх «Круг, квадрат і трохкутнік» (2012) вызначаюць геаграфічныя напрамкі, лініі развіцця. Спіралепадобныя формы звязваюць прастору ў лаканічным аб’ёме прыгажосці і гармоніі. Гэта фрагменты «шляху», якія набліжаюць мастака да эстэтыкі ўсходняй культуры.

Работы Рыбаня лёгка і арганічна ўпісваюцца ў інтэр’ер і экстэр’ер. Простая геаметрыя і светлы колер дрэва не парушаюць сувымернасці навакольнага асяроддзя, а наадварот — набліжаюць матэрыял да натуральнага ландшафту.

Такім чынам, прасторава-часавае вымярэнне ў творчасці Марака Рыбаня за кошт узаемадзеяння асобных фізічных характарыстык выбудоўваецца ў нешта цэлае, у новую Падзею-форму. Разбурэнне, пакідаючы за сабой ноты трагізму, утварае гармонію эвалюцыі прыроды. Мастак будуе новую матэрыю сусвету.

Кацярына ЗУБРЭВІЧ