«ПлаSтформа»: між сэнсам і формай

№ 4 (361) 01.04.2013 - 30.04.2013 г

Фестываль пластычнага тэатра і тэатра танца

«ПлаSтформа Мінск-2013» — падзея, якую чакалі. Хоць бы таму, што падобныя форумы не ладзіліся ў сталіцы больш за дзесяць год. Апошні з іх — фестываль пластычных тэатраў «Х-традыцыя» — адбыўся 
ў 2002 годзе. Арганізатарам і дырэктарам сёлетняй «ПлаSтформы» выступіў мастацкі кіраўнік тэатра «ІнЖэст» Вячаслаў Іназемцаў. Ініцыятарамі фэсту сталіся таксама Аляксандр Цебянькоў і Іна Асламава — кіраўнікі, адпаведна, гродзенскага тэатра танца «Галерэя» 
і гомельскай групы сучаснай харэаграфіі «Quadro». Такога буйнафарматнага, з вялікай колькасцю ўдзельнікаў і мерапрыемстваў пластычнага форуму, што доўжыўся шэсць дзён, Мінск не ведаў яшчэ ніколі.

У фармаце энтузіязму

/i/content/pi/mast/67/1141/32.jpg
«Шарлотка». Адэкватны тэатр «У кубе». Мінск.
Неабходнасць правядзення «ПлаSтформы» больш чым відавочная. Айчынны contemporary dance, нягледзячы на тое, што ён існуе трэцяе дзесяцігоддзе, нягледзячы на змену генерацый харэографаў і міжнародныя поспехі асобных прадстаўнікоў, усё яшчэ застаецца мастацтвам непрэстыжным, афіцыйна-перыферыйным і ідэалагічна-маргінальным.

Цяперашні праект гэта ў чарговы раз пацвердзіў: ягоная арганізацыя шмат у чым трымалася на энтузіязме і ініцыятыве, пазбаўленых падтрымкі дзяржаўных інстытуцый. Такая сітуацыя падаецца па меншай меры дзіўнай, бо пастаянны форум пластычнага тэатра і тэатра танца ў Беларусі дагэтуль не з’явіўся. Выключэнне — Міжнародны фестываль-конкурс сучаснай харэаграфіі, які штогод праходзіць у Віцебску і доўгі час з’яўляецца адзінай падзеяй такога кшталту ў краіне. Аднак уся панарама айчыннага пластычнага руху не вычэрпваецца віцебскім фэстам, бо ў ягоную конкурсную «абойму» трапляюць далёка не ўсе калектывы. У гэтым сэнсе «ПлаSтформа» — спроба стварэння альтэрнатыўнай творчай і інфармацыйнай прасторы для развіцця сучасных танцавальных і тэатральных практык. «Мэта форуму — не толькі пазнаёміць гледача з сучасным пластычным рухам, а артыстам, у сваю чаргу, даць мажлівасць заявіць пра сябе. Плануецца таксама абмеркаваць з крытыкамі і публікай работы ўдзельнікаў. Ніякіх намінацый і прэмій не прадугледжваецца. Галоўнае — гэта камунікацыя», — адзначыў Вячаслаў Іназемцаў.

Падобныя праекты — вельмі распаўсюджаная з’ява ў заходнім танцавальным мастацтве. Сярод найбольш буйных можна назваць скандынаўскую платформу танца (Хельсінкі), польскую (Познань), швейцарскую (Цюрых), эстонскую (Хаапсалу), чэшскую (Прага) і інш. Прыемна адзначыць, што мінская «ПлаSтформа» цалкам адпавядала абранаму фармату. Найперш пра гэта сведчыла насычаная праграма форуму, якая падзялялася на частку творчую (выступы ўдзельнікаў) і адукацыйную (майстар-класы, лекцыі, дыскусіі, абмеркаванні спектакляў). У разнастайных мерапрыемствах «ПлаSтформы» прынялі ўдзел не толькі айчынныя практыкі і тэарэтыкі, але і замежныя спецыялісты. Так, у межах форуму адбыліся лекцыя пра польскі contemporary dance крытыка і даследчыка танца Ганны Круліцы з Кракава і майстар-клас мастацкага кіраўніка «Тэатра формы» Юзафа Маркоцкага (Вроцлаў).

Аднак гэта — толькі арганізацыйны бок. Іншая размова — пра мастацкі ўзровень удзельнікаў, які часцяком псаваў радасць ад усведамлення факта падзеі. Тое, што Вячаслаў Іназемцаў свядома адмовіўся ад жорсткага «кода доступу» ў адборы калектываў і дазволіў разам з вядомымі гуртамі выступаць пачаткоўцам, можна толькі вітаць. Але ў выніку склалася ўражанне, што запрашэнне ўдзельнікаў было шмат у чым спантанным, бо іх рэпертуар выглядаў аматарскім і ў асобных выпадках меў вельмі аддаленае дачыненне да пластычных тэатральных формаў.

Паказальным у гэтым плане стаў спектакль «Эдысан, ці Як дайсці да лямпачкі» эксперыментальнага гурта «Т(е)=ArT» (Мінск), падчас якога сцэна пераўтварылася ў суцэльны балаган, а яе героі — у персанажаў фрык-шоу. Тут былі спевы і танцавальныя эпізоды, драматычная дэкламацыя і дэфіле ў папяровых касцюмах, відэапраекцыя і светлавыя эфекты, перамяшчэнне на роліках, хадулях і скокі на джамперы. Убачанае цяжка было аднесці да пластычнага тэатра, як і да тэатра ўвогуле.

Падобны непрафесіяналізм шмат у чым абумоўлены адсутнасцю ў краіне адукацыйных інстытуцый у сферы альтэрнатыўных тэатральных практык. З іншага боку, сённяшні час, пазначаны актыўным развіццём медыя- і інтэрнэт-тэхналогій, стварае выдатную глебу для самаадукацыі, якой вельмі не ставала асобным удзельнікам форуму. Неразуменне таго, што ёсць цела, псіхафізічная прырода акцёра, прадэманстраваў тэатр «EYE» (Мінск) у спектаклі Дзмітрыя Масцяніцы «ЭскаReal». Адсутнасць слоў, хадзьба па сцэне, выкарыстанне прасцейшых рухаў, мізансцэніраванне яшчэ не рабілі паказаны твор пластычным, бо ў ім не было галоўнага — работы з целам, даследавання і выкарыстання яго выразных магчымасцей.

Разам з тым, на агульным фоне былі і выключэнні са знакам «плюс». Сярод іх найбольш яркае ўражанне пакінуў буто-сола-перформанс Ірыны Ануфрыевай (Беларусь — Швецыя) «У пустаце».

Вучаніца студыі пры тэатры «ІнЖэст» і шведскай «SU-EN Butoh Company», сёння Ірына працуе ў Стакгольме як незалежная танцоўшчыца буто, харэограф і перформер. Яе танец узрушаў магутнай, звышканцэнтраванай энергетыкай, якая выяўлялася праз цела. У сцэнічным існаванні артысткі не было нічога выпадковага: кожны жэст, поза альбо іх адсутнасць нараджалі выразнае адчуванне руху ў нерухомасці, танца не целам, а ўнутры цела. Тут не шкадавалі гледача, а змяшчалі ў эпіцэнтр пякельных пакутаў, бязлітасна скаланаючы ягоную эмацыйную прастору. Крык — найбольш трапнае вызначэнне для гэтага танца. Невыпадкова ў якасці музычнай асновы Ірына Ануфрыева абрала кампазіцыю «Hee Shock Die» з альбома «Schrie 27» легендарнай амерыканскай альтэрнатыўнай спявачкі Дыяманды Галас, у якім артыстка даследуе экстрэмальны ўнутраны стан чалавека, прымусова змешчанага ў псіхіятрычную лячэбніцу. Фантастычны голас Дыяманды, які пераўтвараўся то ў шалёны крык, то ў выццё, то ў дзікунскі рогат альбо шэпт, настолькі яднаўся з целам танцоўшчыцы, што здавалася, нібыта гэта менавіта яна крычыць. Стваралася дзівоснае ўражанне, быццам мы «чуем рух» і «бачым гук».

Арганікай цела-думкі, выканальніцкім майстэрствам вылучаліся пастаноўкі «Раніца панядзелка» і «XXL» танцтэатра «Галерэя» Аляксандра Цебянькова, аднаго з найбольш сталых калектываў contemporary dance ў Беларусі. Аднак наяўнасць у лексічным вырашэнні шматлікіх запазычанняў з балетаў славутага Матса Эка пазбаўляла паказаныя творы арыгінальнасці аўтарскага мыслення — неад’емнай якасці сучаснага танца.

Выхад за межы танца і тэатра, адмаўленне звыклых сцэнічных прыёмаў, эксперымент з формай прадэманстраваў гурт «Quadro» Іны Асламавай — яшчэ адзін прадстаўнік першай генерацыі айчыннага contemporary dance. Спектакль «Начнога цягніка няма...» рэзаніруе з эстэтыкай амерыканскага постмадэрн-танца 1960-х гадоў. Пра гэта сведчаць нелінейнасць драматургіі, роўнасць усіх удзельнікаў спектакля — ад аўтараў да выканаўцаў, актуалізацыя працэсу і яго імправізацыйна-ігравога разгортвання ў процівагу выніку, сэнсава-кампазіцыйнай завершанасці твора, пашыраная трактоўка танцавальнасці, калі танцам становіцца якое заўгодна дзеянне або бяздзейнасць выканаўцы. Выкарыстанне падобных прыёмаў, няхай сабе і даволі нязвыклых для беларускага contemporary dance, у агульнасусветным кантэксце даўно ўжо набыло серыйны характар, а таму зніжала эфект навізны ад убачанага.

Імкненне да творчай незалежнасці, пошуку ўласнай тэмы, шчырасць аўтарскага выказвання вылучалі выступленне танцтэатра «Skvo’s Dance Company» (Мінск) пад кіраўніцтвам Вольгі Скварцовай. Кампазіцыі «Сола», «Дэкаданс. Дыялогі», «Happy Valentine» можна назваць лірычнымі імпрэсіямі, у цэнтры якіх знаходзіцца вобраз Жанчыны, свет яе сноў, фантазій і мар. Вольга Скварцова, бадай, першая ў беларускім танцтэатры, хто так глыбока даследуе тэму жаночай ідэнтычнасці.

Фінальным мерапрыемствам «ПлаSтформы» стала дыскусія, падчас якой айчынныя і замежныя спецыялісты абмеркавалі сучасны стан і перспектывы развіцця беларускага пластычнага і танцавальнага тэатра.

Напрыканцы хочацца зазначыць, што правядзенне такога буйнога форуму ў сітуацыі адсутнасці фінансавай і арганізацыйнай падтрымкі з’яўляецца радыкальна смелым жэстам, які заслугоўвае, як мінімум, павагі і, як вынік, заахвочвання і развіцця. У фармаце энтузіязму, на мяжы творчага выжывання беларускі сучасны танец і пластычны тэатр існуюць ужо больш як два дзесяцігоддзі. А што далей?.. 

Святлана УЛАНОЎСКАЯ

 

Ніша эксперымента

Згасла святло… Нічога не адбывалася, і праз некаторы час гледачы пачалі ўздыхаць, хіхікаць і перагаворвацца. Раптам з месцаў усхапіліся чатыры чалавекі. Спачатку падалося, што адзін з іх проста хоча перасесці бліжэй або забыў у гардэробе тэлефон. Астатнім нібыта надакучыла чакаць, і яны захацелі выбрацца з залы. Тут і высветлілася, што ўсе дзверы зачынены... Секунда сапраўднага падману ў тэатры ўнікальная! Бо ніколі нельга быць упэўненым, што той, хто імкнецца пакінуць спектакль, не з’яўляецца яго часткай. Вось так спектаклем «…Пасля» тэатра «ІнЖэст» пачаўся Адкрыты форум пластычных тэатраў і тэатра танца «ПлаSтформа».

Рух пластычных тэатраў перарос андэграўнд, але для яго інтэнсіўнага развіцця не стае маркетынгавых і інфраструктурных рэсурсаў. Няма магчымасці пашырыць кола публікі, няма дзе пастаянна выступаць. Ведаючы пра такія праблемы, Вячаслаў Іназемцаў і распачаў форум. Тут ён мае рацыю: менавіта фестывальны фармат дазваляе знайсці сродкі, прыцягнуць грамадскую ўвагу. Многія гледачы прызнаваліся, што прыходзілі на фестываль выключна «на Іназемцава», і дзякуючы гэтаму адкрылі для сябе новыя цікавыя калектывы. Тое, што афіцыйныя структуры не паспрыялі правядзенню «ПлаSтформы», выглядае стратэгічнай памылкай.

Поле для дыскусіі

Напрыканцы кожнага фестывальнага дня адбывалася дыскусія, падчас якой і мусіла ісці грамадскае абмеркаванне такой з’явы, як сучасны танец. Падобныя дыскусіі — толькі водгулле тых страсцей, якія віруюць вакол фестывалю. На сустрэчах, што ладзіліся пасля спектакляў, была магчымасць выказацца самім удзельнікам, на іх прысутнічалі спецыялісты, і такім чынам задаваўся належны ўзровень дыялога. Але большая частка публікі слухала моўчкі.

Адной з самых рэзанансных падзей фестывалю зрабілася выступленне буто-перформера Ірыны Ануфрыевай. Ад звычайнай публікі ў кулуарах можна было пачуць асобныя негатыўныя рэплікі. А вось тыя, хто застаўся на вячэрнюю дыскусію, сталі сведкамі цікавай размовы з удзелам крытыкаў і спецыялістаў, а таксама гледачоў, для якіх знаёмы жанр буто. Сама Ірына Ануфрыева, роўная і спакойная, раптам эмацыйна сказала: «Мы жывем у стане абароны. Уся планета спіць глыбокім сном... Прачніся, ты яшчэ жывы!»

Тэатры хочуць бачыць публіку іншага ўзроўню, якая прыходзіла б на спектаклі падрыхтаваная, з уласнай мэтай і «ўстаноўкамі». Кіраўнік гродзенскага тэатра «Галерэя» Аляксандр Цебянькоў пачаў вячэрнюю размову менавіта з такога пытання, пацікавіўшыся, чаго чакае глядач ад вечара сучаснага танца. Уцямнага адказу не пачуў. Мажліва, адсутнасць адказу сведчыць пра сціпласць беларускай публікі, а можа, такіх чаканняў проста няма.

Прастора «ПлаSтформы»

Тэатры танца, як правіла, не маюць вопыту частых выступленняў на вялікіх сцэнах. Але гэта адчувалася ў меншай ступені. Танец, можна так сказаць, заваёўвае прастору. Нават аматарскія калектывы прадстаўлялі цалкам лагічныя кампазіцыйныя элементы, актыўна выкарыстоўваючы тэрыторыю залы.

Увогуле прастора паміж радамі часта аказвалася запатрабаванай. Там хадзілі фігуры ў масках, праходжваўся магутны «Ілья Мурамец», бегалі школьніцы са званочкамі. І, канечне, згаданыя ў самым пачатку чатыры героі ніяк не забывалі пра сваё жаданне выбрацца з залы, збегчы, схавацца сярод публікі.

Адчувалася імкненне акцёраў паламаць 4-ю — нябачную — сцяну і дакрануцца (у літаральным сэнсе) да аўдыторыі. У маладога калектыву «Т(е)=АrT» гэта выглядала менавіта як смелае, пакуль не вельмі аформленае па-мастацку жаданне «сесці на калені» гледачу. Адчувалася энергія маладзёжнага бунту. Персанаж у касцюме мухі няўклюдна пайшоў па спінках і ручках крэслаў. Акцёры ў чорным, відаць, спрабавалі злавіць муху, таму расцягнулі над залай вялізнае палотнішча. Гледачам нічога не заставалася, як узняць рукі. Атрымаўся цікавы візуальны эфект: натоўп, які тоне ў неспакойным моры.

Уяўны тэатр

Рэакцыя публікі на спектаклі фестывальнай праграмы сведчыць, што ад сцэнічнай дзеі найперш патрабуецца пазнавальнасць — рухаў, характараў, гісторыі. Прычым пазнавальным можа быць чалавек з вуліцы, а можа — пэўны танец з тэлепраграмы. Глядач будуе сваё стаўленне да таго, што адбываецца на сцэне, праз ранейшы досвед.

Новы ўзровень наступае, калі ён пачынае глядзець не з мэтай пазнаць, а з мэтай вывучыць. Важна не тое, што танец значыць, але — што ён можа значыць. Рух, дзеянне даюць нам новае значэнне, новую інфармацыю пра нас. Гэтая інфармацыя неабавязкова мусіць быць вербалізаванай.

Вось, напрыклад, спектакль «Шарлотка» Адэкватнага тэатра «У кубе» ў візуальным сэнсе можна назваць карцінай. Спалучэнне пяшчотных бэжавых колераў на чорным фоне, мінімальныя дэкарацыі (вяроўкі з яблыкамі, якія раптам спляліся ў тое самае дрэва пазнання), спакойныя і пластычныя целы акцёраў... Тэатр прадставіў візуальную інтэрпрэтацыю гісторыі Адама і Евы. І калі мы разглядаем гэты спектакль паводле сюжэта, то ён зводзіцца да калізіі, звязанай са Змеем (Сяргей Кадраў). Акцёр відавочна выбіваўся з агульнага настрою: быў у пінжаку, сонечных акулярах, ступаў упэўненай хадой, граў бізуном. Вобраз выклікаў спрэчкі. Яго можна лёгка абвінаваціць у вульгарнасці, якая робіць спектакль пошлым. У той жа час лепшае ў пастаноўцы было менавіта ў той «ачужанасці» формы, праз якую гэты «Змей» існаваў. Павольныя рухі, пазнаванне прасторы і ўласнай асобы, як быццам ты сябе раней не ўсведамляў, — усё гэта сапраўды давала адчуванне першых дзён тварэння. З пэўнымі агаворкамі выступленне тэатра «У кубе» называлі сярод галоўных адкрыццяў фестывалю.

Паводле класічных класіфікацый тэатр танца ўсё роўна належыць да выканальніцкіх мастацтваў. Але «ПлаSтформа» паказала, што танец існуе перш за ўсё на грунце добра прадуманай, адпрацаванай формы.

Размова без слоў

Цікавую задуму рэалізавалі ў сваёй пастаноўцы «Начнога цягніка няма...» гомельскія госці фестывалю — тэатр «Quadro». Напачатку на сцэну былі запрошаны гледачы, якія так і праседзелі там, убачыўшы відовішча з іншага ракурсу, а напрыканцы разам з выканаўцамі сказалі колькі словаў пра свае эмоцыі тут і цяпер. Іх выказванні зрабіліся гэткім жа самапрадстаўленнем, як і пластыка. Танец (і сольны, і масавы, калі некалькі артыстаў рухаюцца паралельна, паўтараючы рухі адзін аднаго) усё часцей становіцца самапрэзентацыяй.

Калі паспрабаваць вербалізаваць стан залы на буто-перформансе Ірыны Ануфрыевай, то лёгка прыйсці да высновы, што цялесная размова Ірыны была скіравана да яе ўнутранага свету. І ад гэтага дыялога з сабой, а не з публікай, утваралася пачуццё адзіноты кожнага гледача ў зале. Незалежна ад таго, колькі навокал людзей. Цела Ірыны дрыжэла, у такт з ім трымцелі, вібрыравалі целы ў глядзельнай зале. «Ад страху…» — так патлумачыў глядач на абмеркаванні. Але страх, нават калі менавіта ён меў месца на выступленні, мог выклікаць розныя наступствы: ад шумнага пратэстнага пакідання месца перформансу да адкрыцця новых магчымасцей, фізічных у тым ліку. Метад буто, аўтарская манера Ірыны, святло, касцюм, гукі музыкі ўплывалі на гледачоў не толькі духоўна, як гэта прынята ў тэатры, але і фізічна, што адчувалася ў дыханні суседзяў, нервовых выгуках уважлівых гледачоў.

Спектакль «…Пасля» пластычнага тэатра «ІнЖэст» падышоў да той жа праблемы з іншага боку, прапанаваўшы размову пра абмежаванасць у розных яе праявах. На паверхні ляжыць пытанне пра абмежаванне свабоды волі: героі не могуць сысці, калі хочуць, практычна нічога не могуць зрабіць без указання нейкага механічнага голасу. «Аб’ект можа быць разумнейшым за мяне, трэба толькі дазволіць яму размаўляць», — сказаў Вячаслаў Іназемцаў на абмеркаванні пастаноўкі. Чалавек з залы становіцца героем спектакля, машына робіцца нечым, надзеленым агромністай уладай, «Ілья Мурамец» нікога не ратуе, а спектакль працягваецца пасля фінальных цітраў.

Пластычны тэатр пераўтвараецца ў тэатр, у якім неабавязкова размаўляць. Нягледзячы на тое, што выказацца самім дзеячам сцэны часам неабходна, што быць пачутымі для іх важна, іхняе выказванне каштоўнае для публікі сваёй маўклівасцю, на якую можна не адказваць.

Аляксей СТРЭЛЬНІКАЎ