Лабараторыя для медытацый

№ 4 (361) 01.04.2013 - 30.04.2013 г

«Дзевяць з паловай» у Цэнтры сучасных мастацтваў

Лічбавыя назвы мне вельмі падабаюцца. Згадайце хоць некалькі: знакамітую паэму Аляксандра Блока і мастакоўскае аб’яднанне з удзелам Рамана Семашкевіча, шэдэўр Федэрыка Феліні і некалькі тыдняў трагічнага кінакахання, выставу з першым экспанаваннем «Чорнага квадрата». Лічбы дэманструюць вонкава простую сутнасць з’явы — найчасцей гэта яе тэрмін ці колькасць удзельнікаў — настолькі складанай для аўтара, што ён не хоча і не можа пазначыць яе адным эпітэтам.

Праект «Дзевяць з паловай» складзены з дзесяці ўдзельнікаў: дзевяць мужчын і адна жанчына, з усіх экспазіцый — адна мемарыяльная. Атрымліваецца нейкая непрыстойнасць... Каталог ужо надрукаваны, і з гэтай назвай падзея ўвойдзе ў гісторыю, а напалову нікога з творцаў быць не павінна, таму я прапаную з назвы праекта зрабіць таямніцу. І з лічбамі Феліні параўноўваць не варта: так проста, на павароце, генія яшчэ ніхто не здолеў абысці. Назву нельга суадносіць і з біялагічным тэрмінам нараджэння чалавека, будзе нешта пазачаснае. Ну і да майго ўлюбёнага Малевіча назву не прыстасуеш: ніхто з удзельнікаў праекта не выказаў жадання «выйсці за нуль формаў». Да таго ж не ўсе назвы можна растлумачыць. Знаёмая мастачка назвала маскоўскую выставу «Ліверпуль», хаця нічога «ліверпульскага» ў сваіх творах да моманту адкрыцця не знаходзіла. Але ўладальнікі галерэі катэгарычна запатрабавалі «знайсці выставе імя, бо так яе лепей рэкламаваць», часу на роздум не было, а ёй, маладой і вольнай, вельмі падабалася гучанне гэтага слова. «Ліверпуль» не аспрэчылі. Бо творчая логіка — гэта ўсё ж такі загадкавая рэч.

Я віншую Цэнтр сучасных мастацтваў з патрэбнай, цікавай і маштабнай выставачнай ідэяй: экалагічныя праблемы сёння хвалююць творцаў, навукоўцаў, палітыкаў, проста жыхароў Зямлі. Мы за яе адказныя, таму цудоўна, што экалагічнае настолькі актуальна. Гэта адна з лідзіруючых ідэй сучаснай архітэктуры, а дойлідства ва ўсе часы было галоўным выразнікам жыццёвага стылю эпохі. Свет клапоціцца пра сонечныя батарэі, збор дажджавой вады і новае жыццё раней ужываных матэрыялаў. Прэстыжныя фірмы займаюцца вырабам мэблі з папсаванага старога дрэва, і гэта не танна, а хутчэй наадварот. Дрэва абпальваюць, напітваюць, выкшталцона шліхтуюць. Атрыманыя вырабы не проста хораша выглядаюць і адпавядаюць модзе: яны цешаць сэрцы ўладальнікаў, бо пры іх стварэнні не загінула ніводнай новай расліны. Прыемна думаць, што ўратаванае намі дрэва — побач ці далёка — шапоча лістотай і дае прытулак птушцы. Бамбук шануюць не толькі за хараство, а яшчэ таму, што гэта лёгкаўзнаўляльны матэрыял. Ганарацца новым жыццём закінутых будынкаў, па-іншаму скарыстанымі бетоннымі бэлькамі, пліткай з апрацаванага пад ціскам бутэлечнага шкла і тым, як далікатна сучасная архітэктурная форма «растворана ў прыродзе».

У выяўленчыя мастацтвы экалагічныя матывы першым прыўнёс вялікі Ёзаф Бойс. У часы Другой сусветнай вайны ён, нямецкі лётчык-юнак, быў збіты, цяжка паранены і ўратаваны ў казахскім ауле без медыкаментаў, з дапамогай тлушчу, лямцу, кумысу і дабрыні. Верагодна, тады Бойс задумаўся над сэнсам стасункаў чалавека і Сусвету, а потым зрабіў выразнымі сродкамі найноўшага мастацтва ўратаваўшыя яго прыродныя матэрыялы. Крыху пазней, у 70-я гады мінулага стагоддзя, пачаліся шырокія мастацкія рухі, якія атрымалі агульную назву «эка-арта». Так, гэта не адзін, а цэльны комплекс накірункаў. Адным з першых быў лэнд-арт са жвіравымі аб’ектамі і інсталяцыямі ў пустынях Невады. Мастакі дабраліся і да Поўначы, наладзілі там грандыёзныя начныя люміністычныя акцыі. Новыя «арты» сур’ёзна падштурхнулі наперад фатаграфію, бо ўражаныя гледачы маглі пазнаёміцца з імі толькі праз здымкі. А далей як быццам зніклі і самі творы. Праклаўшы маршрут па геаграфічнай мапе, мастак крочыў па ім з компасам, шагамерам, вымяральнікамі пульсу і ціску. Дзённікі з данымі сталі сведчаннем волі да ўзвышанага. Мастацтва, насамрэч, ёсць не жыццёвасць і праўдападабенства, а здольнасць адчуваць сябе часткай вялікай медытацыі Сусвету. Эка-арт — гэта «Забіванне цвікоў у снег» Гюнтэра Юкера і графікі дыхання Вольгі Сазыкінай, частка праектаў амерыканскага інфармэлю і італьянскага артэ повэра. Апошні — бедны па сродках, але арыстакратычны па думанні — быў не толькі закаханы ў другасныя матэрыялы. Артэ повэра быў засяроджаны на важных сацыяльных і палітычных ідэях, частка якіх мела выразна акрэслены экалагічны прысмак.

Нельга сказаць, што эка-арт адмаўляў жывапіс альбо скульптуры. Пры ўсёй радыкальнасці фармальных пошукаў і прынцыповай засяроджанасці на некласічных сродках мастацкага выказвання, эка-арт — адна з самых талерантных праяў сучаснай культуры. Таму і ў часы росквіту эка-арта можна знайсці прыклады асобных сумесных праектаў. Так, яго культавы творца Дэвід Нэш, аб’екты якога на выставах асыпаліся, змянялі колер, усыхалі, распадаліся — гэта самазнішчэнне зноўку рабіла іх часткай сусвету, — прапанаваў сумесны праект маладому жывапісцу Лявону Тарасевічу. Геаметрызаваны жывапіс Тарасевіча, насычаны вібрацыямі і энергетыкай прыроднага, уразіў не толькі Нэша. Падзея мела сенсацыйны поспех, а творы Тарасевіча патрапілі ў калекцыю англійскай каралевы.

Мінскі праект «Дзевяць з паловай» — гэта мастацтвазнаўца-куратар Мікалай Паграноўскі і дзесяць мастакоў: Аляксандр Слепаў і Васіль Васільеў, Віктар Шылко і Генадзь Фалей, Аляксей Жэрало і Аляксандр Канавалаў, Анатоль Жураўлёў, Антаніна Фалей і Алесь Фалей, Віктар Сахно. Гэты праект зрабіў ужо некалькі добрых спраў. Прымусіў актывізавацца гледача — і на «Фэйсбуку» разгарнулася цікавая дыскусія. Паказаў, наколькі цудоўнай прасторай валодае Цэнтр сучасных мастацтваў: двухпавярховай, вялікай, з прыстойнай колькасцю залаў і перспектывай стварэння больш значнага памяшкання ці анфілады. З паддашкавымі вокнамі і магчымасцямі экспазіцыі вырасці ў вышыню. Пры добрым падыходзе атрымаецца не прастора, а дыямент. Выдатна, што праект і Цэнтр літаральна знайшлі адзін аднаго. Часовая закінутасць памяшканняў пасуе выразнай «трэшавай» эстэтыцы «Дзевяці з паловай» і складае ўражанне творчай лабараторыі.

Мастакі праекта «Дзевяць з паловай» — людзі сталыя, творцы вядомыя, якія экспануюцца ўжо і па 20, і па 30 год. Актыўныя, прадстаўленыя на беларускай і міжнароднай арт-сцэнах, маюць дыпломы і ўзнагароды. Перад намі ўдзельнікі і стваральнікі ўласных нефармальных мастацкіх суполак, праектаў, галерэй, а гэта, прабачце, ужо цалкам асобны творчы статус. За адным выключэннем — мастак і архітэктар Віктар Сахно — яны аб’яднаны віцебскай мастацкай адукацыяй. І хоць пражываюць у розных беларускіх гарадах (Баранавічах, Брэсце, Полацку, Оршы і, натуральна, Віцебску), іх знаёмства і сяброўства ніколі не перарывалася. Яны цудоўна ведаюць творчасць адзін аднаго, паважаюць і шануюць яе. У іх агульных праектах адчувальная моцная воля сумеснага існавання. «Дзевяць з паловай» прапануе сустрэчу з асабістай эстэтыкай «каньячнага» кшталту — выбудаванай, упэўненай, з абгрунтаванай творчай пазіцыяй. Яно так і ёсць. Перад намі бездакорныя аб’екты Васіля Васільева, далікатныя калажы Антаніны Фалей. Альбо выкшталцона-прыгожы шляхетны жывапіс Аляксандра Канавалава, пры сустрэчы з якім мяне ахоплівае адчуванне празрыстага музычнага гуку. Згадайма, што творчасць Віктара Сахно ўвогуле належыць да мастацкай класікі. Таму выставу ў Цэнтры сучасных мастацтваў трэба глядзець, глядзець і яшчэ раз глядзець.

Сэрца сэрцаў праекта — Алесь Фалей. Здаецца, што ён, як сціснутая спружына, выбухнуў і ўзарваў прастору. З’яднаў у гэтым выбуху папярэднія творы і лёс, шчырасць і перакананасць, стары радыятар і зламаны падаконнік, фарбавыя плыні і від з акна. А ці не бясконцая інсталяцыя на сцяне калідора дазваляе сцвердзіць, што «Дзевяць з паловай» — яго зорны час. Такая натхнёная стыхія не можа не закрануць. Алесь Фалей — відавочны «шэры генерал»: яго мастацтва займае бадай трэць агульнай прасторы. Цудоўная мемарыяльная экспазіцыя Віктара Сахно — яго ідэя. Ён — удзельнік «КронАрта» (Кранштацкага міжнароднага экалагічнага фестывалю мастацтваў).

Мяне не палохаюць інтэрнэтныя папрокі ў несучаснасці мастацтва на праекце «Дзевяць з паловай». Так, гэта сталая творчасць. Вялікі парушальнік музычнага спакою Кшыштаф Пендэрэцкі сёння гучыць класічна, але ж як гучыць... З гэтымі мастакамі — прамая дарога на жывапісныя біенале. А «трэшавасць» часткі матэрыялаў — настолькі шырока распаўсюджаная рыса сучаснай культуры, што яе пачынаюць трактаваць і як праблему. І кіч — гэта адзін з напрамкаў. У некалі абвешчанай барацьбе жывапіс выстаяў, таму ў свеце існуюць сучасныя выставы з творамі, развешанымі па сценах. З існуючымі варункамі Цэнтру давядзецца лічыцца.

Мяне насцярожвае іншае. Натуральна, што паміж эка-артам, экалагічнай тэматыкай альбо фестывалем экалагічнай скіраванасці розніца ёсць. Што год «мастацтва і экалогіі» запатрабуе досыць шырокіх брамаў. Што недзе тут, побач, як набат гучыць слова «Чарнобыль». Але ж Цэнтр сучасных мастацтваў сам абраў гэты кірунак і мусіць крыху ўважлівей сачыць за адпаведнасцю кантэксту. Талент мастацтвазнаўцы Міколы Паграноўскага вылучаецца рэдкай якасцю — гумарам. Ён — ансамблевы ігрок і з лёгкасцю «цэментуе» гумарам вонкавыя хібы. Таму менавіта яму я б хацела пажадаць большага творчага нахабства. Каб гумар стаў не асабістай, а мастацкай якасцю праекта. Мастацтва доўга існуе і мае права быць любым. І ў самай вялікай ступені — вясёлым. Але калі ў экалагічным праекце ўзнікае фраза «фігуратыўны супрэматызм», то квадратныя вочы будуць не толькі ў персанажаў, а і ў самога Малевіча. Недзе там, на нябеснай вяршыні сваёй сусветнай вядомасці, ён зараз ліхаманкава гартае тэксты колішніх маніфестаў і мармыча: «Ну вось яно, я ж гэта столькі разоў надрукаваў...». Цытую: «Мая філасофія — знішчэнне старых гарадоў праз кожныя пяцьдзясят гадоў... Выгнанне прыроды па-за межы мастацтва, знішчэнне любові і шчырасці ў мастацтве». Як аматарка авангарда, мяркую, што і кахання, і шчырасці ў Малевіча было колькі хочаш, але асаблівасці творчай постаці, да якой апелюеш, трэба ведаць.

Мяне збянтэжыла шмат разоў паўтораная ў апісанні праекта фраза «экалогія душы». Яна прысутнічае не толькі ў высновах двух тэкстаў каталога, яна ўжо і другая назва. Дазвольце нагадаць, што словазлучэнне «экалогія душы» ў тэкстах павінна брацца ў двукоссе. Гэта ж алагізм. Спалучэнне неспалучальнага. Пачатак тэрміна «экалогія» з грэчаскай мовы перакладаецца як «дом». Дом як вядзенне гаспадаркі. Гэта вам не пра флору з фаўнай, а пра рацыянальны пачатак сусвету. А наша душа — яна не ад навукі, а цалкам з іншага боку, катэгорыя ірацыянальная. Калі арганізатарам хочацца разважаць пра душу, чытайма пра яе ў Арыстоцеля, Рэрыха, а яшчэ лепей — у Алены Блавацкай. Чытайма рэлігійную літаратуру, урэшце. Памятаеце вызначэнне душы ў знакамітым выказванні Марка Аўрэлія? Пра тое, што ў чалавека «душа — нетрывалая». Можа таму яна ўвесь час баліць альбо ные. Душа хварэе, і каб наша экалогія, наша «гаспадарка» ацалела, не заразілася ад яе і, барані Божа, не загінула, душу тэрмінова патрэбна адсекчы. Тым больш, прызнаемся шчыра, усё рацыянальнае губіць душу. Кант прапаноўваў разводзіць рацыянальнае і эмацыянальнае ў розныя бакі. Таму — адсекчы адно ад другога, залізаць раны і больш таго — ніколі не згадваць яшчэ і пра «экалогію свядомасці»...

Са свайго боку прапаную побач з постаццю экалагічнага папярэдніка Ёзафа Бойса паставіць мастака Ілью Рэпіна — як пачынальніка экалагічнай тэмы ў жывапісе. Мастак кроўна «наш»: на могілках пад Віцебскам пахаваны яго бацька, яго дзеці пабраліся з беларусамі, таму ў нашчадках Рэпіна ёсць і нашы кроплі. Але галоўнае, што яго знакамітыя «Бурлакі» — маніфест экалагічнасці. Гляньце ўважліва: на Волзе, побач з баржай, якую цягнуць знясіленыя людзі, у іншы бок энергічна «чэша»... параход. Не трэба так прыніжаць чалавека, кажа нам мастак. Экалагічна? Вельмі. А рэпінскі «Хрэсны ход у Курскай губерні»!.. Спакутаваныя ад гарачыні людзі на дарозе просяць Бога даслаць дождж, а вышэй — пагоркі са знішчаным лесам. Аніводнага дрэўца — пні-пянёчкі без канца і краю. Экалагічней не бывае...

Жывапіс да сучаснага думання таксама здольны. Магчыма, менавіта краіна Шагала і Малевіча магла б пераканаць у гэтым свет.