Башмет прадстаўляе...

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

ІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета стаўся, безумоўна, вельмі важнай падзеяй культурнага жыцця Беларусі. Ён не толькі падараваў знаўцам і аматарам музычнага мастацтва шмат прыемных і павучальных хвілін, але і прадэманстраваў слушнасць і перспектыўнасць новых для нашай краіны фестывальных акцэнтаў.

 /i/content/pi/mast/5/114/Bashmet1.jpg
 Славуты альтыст і дырыжор.
Тры яскравыя адметнасці
Па-першае, кіраўнік дзяржавы А.Р.Лукашэнка падтрымаў прапанову аб правядзенні фестывалю. Калі раней Прэзідэнт браў пад свой патранат фестывалі, на якіх пераважала эстрадная музыка, дык зацікаўленым стаўленнем да гэтага творчага праекта, заснаванага на класіцы, была падкрэслена трываласць дзяржаўных прыярытэтаў у сферы акадэмічнага мастацтва.
Другой адметнасцю фестывалю Ю.Башмета стала шырокае выкарыстанне спонсарскай фінансавай дапамогі. Калі раней мерапрыемствы ў галіне культуры падзяляліся на «дзяржаўныя» і «камерцыйныя» ў залежнасці не столькі ад іх мэты, колькі ад грашовых укладанняў тых ці іншых структур, гэты фестываль стаў цудоўным прыкладам дзяржаўна-грамадскага партнёрства. Сярод буйных прадпрыемстваў, якія ўдзельнічалі ў фінансаванні праекта, былі афіцыйныя спонсары -- кампаніі «Белтэхэкспарт», МТС, «Хэнэсі» і проста спонсары -- «Люфтганза», JTI, «Гефест». Доля спонсарскай падтрымкі склала 78 працэнтаў -- больш як тры чвэрці агульнага каштарысу.
Нарэшце, на другім фестывалі Ю.Башмета, у адрозненне ад першага, што адбыўся год таму, была ажыццёўлена ідэя фестывальнага «падарожжа» па розных краінах. Сёлетні фэст ахапіў сваімі канцэртамі Мінск, Віцебск, Маскву і Бон. Была выказана прапанова і надалей паўтараць тыя гастрольныя «шляхі вялікіх музыкантаў», якія пралягалі з Расіі ў Заходнюю Еўропу і назад праз Беларусь.
Адзначыўшы, такім чынам, фестывальныя ноу-хау, пракруцім яшчэ раз стужку сёлетняга «фестывальнага шляху». Так, дарэчы, робяць многія знаныя майстры мастацтваў: праглядаюць свае «відэа» не «па гарачых слядах», а пазней, што дае магчымасць больш аб’ектыўна (і нават прыдзірліва) ацаніць падзею. 

У чаканні першага «до»
ІІ фестываль Ю.Башмета вызначаўся магутнай інфармацыйнай падтрымкай, якую можа назваць сапраўднай піяр-акцыяй. Яшчэ ў жніўні практычна ўсе рэспубліканскія газеты змясцілі разгорнутыя інтэрв’ю з дырэктарам -- мастацкім кіраўніком фестывалю Расціславам Крымерам. Напярэдадні падзеі адбылася прэс-канферэнцыя. Акрамя таго, прайшлі яшчэ некалькі прэс-канферэнцый з удзелам Р.Крымера.
Але ўся гэтая «шматграннасць» асвятлення тычылася папярэдняга перыяду -- «да першай ноты» фестывалю ці асобных яго канцэртаў. Што ж да перыяду «пасля», дык тут давялося задавольвацца хіба што інфармацыйным пералічэннем фактаў. Ці не нагадвала гэта класіку тэатра абсурду, дзе ўсе жывуць «у чаканні» і гэтым «чаканнем» цалкам вычэрпваецца змест п’есы? А ўзнікла такая сітуацыя шмат у чым з-за цяжкасцей, што напаткалі журналістаў, якія хацелі падзяліцца са сваімі чытачамі-слухачамі не толькі меркаваннямі арганізатараў, але і ўласнымі ўражаннямі ад фестывальных канцэртаў.
 /i/content/pi/mast/5/114/Bashmet2.jpg

 Скрыпач Г.Крэмер.


Міжволі ўзгадваліся фестывалі колішняга «ўсесаюзнага» размаху. Дзякуючы ім у свой час было назапашана шмат варыянтаў і форм разнастайных абмеркаванняў, «круглых сталоў», прынцыповых абменаў думкамі пра набалелыя выканальніцкія праблемы. Гэта, да ўсяго іншага, значна ўзнімала вагу фестывалю, бо для ўдзелу ў такіх абмеркаванняў запрашалі вядучых маскоўскіх крытыкаў, якія, у сваю чаргу, выказваліся на старонках усесаюзнага друку. І калі Міжнародны фестываль Ю.Башмета мае намер пашыраць свае «вандроўкі» па гарадах і краінах (адзначым, паўсюль з рознымі праграмамі), дык і асвятленне ён павінен мець не толькі «лакальна-беларускае». Каб кожны ўдзельнік быў пачуты і заўважаны на максімальна шырокай сусветнай прасторы. Дарэчы, тады адразу вырашыліся б многія этычныя пытанні, звязаныя з самім стаўленнем да фестывалю. Бо сёлета былі прыклады і, на жаль, адкрытай прафесійнай халтуры (менавіта з боку некаторых прыезжых зорак), і, на шчасце, высокай адданасці справе. 

Голас у фестывальным хоры 
Сярод «шчыра адданых» узгадаем і нямецка-ўкраінскага дырыжора Рамана Кофмана, які сумяшчаў рэпетыцыі ў Мінску са спектаклем у Бонскай оперы, і Прэзідэнцкі аркестр Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным, у выкананні якога прагучала стылёва адточаная праграма венскіх класікаў, і другога дырыжора сімфанічнага аркестра «Новая Расія» Яўгена Бушкова, які выратаваў-такі прэм’еру твора «Ingemisco» («Уздыхаю»), замоўленага арганізатарамі фестывалю беларускаму кампазітару Галіне Гарэлавай: Я.Бушкоў дырыжыраваў, а Ю.Башмет -- выконваў, як і належыць, сваё пранікнёнае альтовае сола.
 /i/content/pi/mast/5/114/Bashmet3.jpg

Дырыжор Р.Кофман.

Фестываль парушыў стэрэатыпнае ўяўленне пра выканальніцкія школы: маўляў, нямецкая (да прыкладу) заснавана на педантычнасці і пунктуальнасці, славянскія ж -- на адкрытай эмацыйнасці, што не ведае межаў. Канцэрты прадэманстравалі безліч творчых індывідуальнасцей, у кожнай з якіх прафесійныя і нацыянальныя якасці музыканта па-новаму спляталіся з яго чалавечымі рысамі. Разам з тым, відавочна акрэсліліся такія тэндэнцыі. Першая -- схільнасць да так званага «інструментальнага тэатра», уласцівага цяперашняй Еўропе, калі салісты «працуюць на публіку», спалучаючы ігру на інструменце з тэатралізаванымі элементамі ці, прынамсі, максімальна жвавымі паводзінамі на сцэне (адно з такіх занадта «танцавальных» выступленняў прысутныя не без гумару назвалі «канцэртам для балета з аркестрам»). Другая выканальніцкая тэндэнцыя тычыцца глыбіні выканання і часта спалучаецца з досыць экстравагантнай навізной навуковай думкі пра кампазітара і яго твор, выказанай на музычнай мове мастацкіх асацыяцый. Менавіта такімі былі выканальніцкія версіі піяніста Васіля Лабанава, віяланчэлісткі Мары-Элізабэт Хэкер. Не менш прывабным застаецца і традыцыйнае, здавалася б, прачытанне твора, але -- узведзенае ў ранг недасягальнага паводле дасканаласці ў пабудове драматургіі і раскрыцці псіхалагічна і каларыстычна тонкіх дэталей. Гэта той абсалютна бясспрэчны і бяспройгрышны варыянт, які падуладны нямногім майстрам -- накшталт альтыста (менавіта альтыста, а не дырыжора) Юрыя Башмета, скрыпача Гідона Крэмера, габаіста Аляксея Агрынчука, а ў першую чаргу -- галоўнага дырыжора Беларускай оперы Віктара Пласкіны.
Такая разнастайнасць выканальніцкіх -- нават не манер, а, больш шырока, школ -- патрабуе лепей прадуманых і падрыхтаваных майстар-класаў. Трэба напоўніцу выкарыстоўваць прыезд да нас лепшых музыкантаў: не толькі «дзівіцца» на іх, але і вучыцца ў іх.
Мэта кожнага фестывалю -- як мага больш шырока дэманстраваць «сваё, нацыянальнае»,
 /i/content/pi/mast/5/114/Bashmet4.jpg

 Віяланчыліст А.Кісялёў.

уводзіць яго ў кантэкст сусветнай культуры. Цудоўна, што сёлетні фестываль Ю.Башмета выступіў «заказчыкам» новай беларускай партытуры, што на ім адбылася сусветная (!) прэм’ера твора Г.Гарэлавай. Але за гэтымі гучнымі словамі -- усяго толькі выкананне твора ў Палацы Рэспублікі, нават без аўтарскага ганарару кампазітару. У выніку «сусветная» прэм’ера не выйшла за межы Беларусі -- як тыя прэм’еры, што ладзіліся ў Маскве і «не даехалі» да нас. Сярод удзельнікаў канцэртаў у Маскве і Боне не было і нашых музыкантаў. За выключэннем, праўда, самога Расціслава Крымера. Выхаванец Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, ён працягнуў сваё навучанне ў Лондане. А на гэтым фестывалі выступаў адразу ва ўсіх магчымых ролях -- ад арганізатара да саліста-піяніста, што, на жаль, дрэнна адбівалася на якасці кожнай іпастасі. Пачатак двух канцэртаў затрымліваўся ледзь не на гадзіну, яшчэ ў адным не было вядучага, што пры неадпаведнасці заяўленай праграме выклікала ў слухачоў разгубленасць. Зразумела, што пры такім раскладзе і арганізацыйнай нервовасці Р.Крымеру цяжка было шукаць «музычнага ўзаемаразумення» і, галоўнае, творчых адкрыццяў у сваім сольна-дуэтным фартэпіянным выканальніцтве з аркестрам.

Ці не парадокс? Імкнучыся да сусветных гарызонтаў, фестываль пачаў замыкацца на адным чалавеку, імя якога нават не Башмет. Але хочацца верыць, што ўсё гэта -- «хваробы росту», якія фестываль паспяхова пераадолее -- і выйдзе на новыя творчыя далягляды. Бо сумеснае музыцыраванне лепшых выканаўцаў розных краін, ды яшчэ ў «вандроўным» рэжыме, -- папраўдзе шыкоўная ідэя!

                                                                                                                    Надзея БУНЦЭВІЧ