Экалогія энтрапіі

№ 4 (361) 01.04.2013 - 30.04.2013 г

«Дзевяць з паловай» у Цэнтры сучасных мастацтваў

Нарэшце ў мінскім ЦСМ адбылося тое, дзеля чаго ён быў створаны, — удалая выстава сучаснага мастацтва. Дзе пад крыху сумнеўнай назвай — «Дзевяць з паловай» — куратар Мікалай Паграноўскі здолеў сабраць найцікавейшую экспазіцыю з прац дзесяці айчынных творцаў, сярод якіх няма ніводнага мінчаніна.

У куратарскім тэксце каталога (так, у выставы ёсць каталог, выдадзены менавіта да яе адкрыцця!) гучыць слушная ідэя пра адсутнасць паняцця «правінцыя» ў дачыненні да культуры. Выстава пераканаўча ілюструе гэтую тэзу: яе ўдзельнікі нічым не горшыя за сталічных мастакоў. А ў нечым вальнейшыя за сваіх рафінаваных мінскіх калегаў, больш эмацыйныя, праўдзівыя, вострыя — не ў апошнюю чаргу праз адсутнасць ціску традыцыйнай акадэмічнай школы, прыхільнікі якой канцэнтруюцца пераважна ў Мінску.

Шалёная перыферыйная інтэрвенцыя (ужываю тэрмін «перыферыя» без прыніжальных канатацый) выглядае дарэчнай і нават сімвалічнай у былым апірышчы традыцыяналізму — Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, якія нязменна ўзначальваў народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі. Як вядома, пасля смерці кіраўніка плошчы майстэрняў былі перададзеныя навастворанаму ЦСМ. Сёння асноўная іх частка знаходзіцца напярэдадні трансфармацый ці папросту — рамонту, выглядаючы адпаведна. Неахайныя сцены і рыпучыя пацёртыя падлогі ў плямах фарбаў, знятыя з завесаў дзверы... пераходны стан да стандартнага галерэйнага «белага куба».

Энтрапія інтэр’ераў, сінхранізаваная з адыходам у небыццё ідэй, якія служылі палівам для нібыта непатапляльнага — але тарпедаванага няўмольным Часам — каўчэга майстэрняў Савіцкага, стала выдатным плацдармам для інвазіі ідэалагічна варожага яму мастацтва. Гаспадаранне дзікай расліннасці і экзатычных марскіх істот сярод рэшткаў катастрофы — калі глядзець з ілюмінатара... І натуральныя экалагічныя працэсы, жывыя і жыццяздольныя прыродныя праявы, якія засвойваюць вакантную прастору. Бо гэта экалогія як яна ёсць.

Здаецца, шмат што атрымалася выпадкова: удала супалі прастора, мастакі, канфліктнасць канцэптаў. Амаль заўсёды, калі атрымліваецца добрая выстава, то ўсё нібыта само сабой складаецца адно да аднаго — нібы дзіцячы канструктар.

І тым не менш, калі аналізаваць экспазіцыйны поспех праекта, то палягае ён найперш у выкарыстанні архітэктурных асаблівасцей асяроддзя. Больш за ўсё планіроўка былых Творчых майстэрняў нагадвае — за вылікам таўшчыні муроў — беларускія манастыры ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў: у будынка два паверхі «келляў»-студый, нанізаных на прамыя лініі калідораў. У часы валадарства Савіцкага кожную з невялічкіх працоўных сот займаў асобны малады выпускнік Акадэміі мастацтваў, які на працягу двух гадоў адточваў свае рэалістычныя шэдэўры. Сістэма пакояў, у кожным з якіх створана адмысловая індывідуальная атмасфера, гэта ўжо канцэпцыя экспазіцыі, завязаная на маторыку глядацкага цела. Наведвальнік падарожнічае па дзіўным, амаль кафкіянскім доме — перасоўваецца праз сляды мастацкай дзейнасці мінулага, здзіўлена адкрывае ў кожным пакоі новае, незнаёмае мастацтва. З кропкі гледжання выставачнай драматургіі — гэта шэраг мізансцэн, часткай якіх паслядоўна і становіцца глядач — у вольным парадку, у залежнасці ад настрою, зацікаўленасці, стомленасці...

Хоць слова «сметнік», напэўна, будзе самым частым у вуснах нядобразычліўцаў праекта, рызыкую сцвярджаць, што звалкі нагадваюць якраз шараговыя калектыўныя выставы беларускага мастацтва — незалежна ад незалежнасці/залежнасці выставачных пляцовак. Такімі да гэтага часу былі і сталічныя захады экспанентаў «Дзевяці з паловай». Прывезеныя адной фурай і зваленыя ў адну вялікую экспазіцыйную кучу, тыя ж самыя мастакі звычайна глядзеліся абсалютна невыразным кагалам. Цяпер жа, пры індывідуальным экспанаванні, можна вылучыць і рассмакаваць творчасць кожнага.

Індывідуальны прэзентацыйны вектар — гэта наступны складнік поспеху. Няхай такая выставачная спецыфіка і змушаная, бо з’яўляецца простай калькай функцыяналу Творчых майстэрняў —майстэрня/мастак. Але гэта стратэгія аптымальная ў дадзеным выпадку і дакладна не страціць дзеяздольнасці ў далейшых праектах ЦСМ. Урэшце, «Майстэрні сучаснага мастацтва» — ці не больш адпаведная назва для Цэнтра?

Палічым да дзесяці, пройдземся па пакоях і калідорах — персанальных міні-выстаўках.

Выкшталцоны Аляксандр Канавалаў, чые плоскасныя калажы здаюцца нібыта працягам слаістасці сцен. Пакой з жывапіснай інвентарызацыяй фактур і сэнсаў — раз.

Анатоль Жураўлёў. Да яго геаметрычных кантрасных палотнаў прыкладаецца відэа экалагічнай тэматыкі — на ўсю сцяну. І яшчэ пара кушэтак — відаць, для медытацый. Кантраст шэрай (каб у былой майстэрні актыўны колер не замінаў працы) прасторы і ўспышак — рэальных і віртуальных — святла/каляровасці на сценах. Два.

Геаметрызаваныя каляровыя плямы на вялікіх фарматах аўтарства Віктара Шылко — тры, на такія палотны павінны паляваць сучасныя дызайнеры — дзеля ўпрыгажэння імі буржуазных інтэр’ераў. Але змрочная гамы Шылко немагчыма ўявіць у паказальна-аптымістычных дамах «новых беларусаў» — а вось да гэтага будынка яны, як ні дзіўна, пасуюць...

Крочым далей — у чацвёртую самадастатковую прастору, сфармаваную экалагічнымі аб’ектамі Генадзя Фалея. Экалагізм — у выбары матэрыялаў (дрэва, лаза, лён) і ў выканаўчай неабцяжаранасці складаных сімвалічных канцэптаў.

Суседні пакой — выстава Віктара Сахно, мастака, якога ўжо няма з намі. Парадаксальна, але ягоныя палотны адны з самых жывых на выставе. Яны захоўваюць аўтарскае трымценне, выкід энергіі на палатно, бо кожная яго праца — гэта «не жывапіс, а падзея», паводле фармулёўкі амерыканскага крытыка Харольда Разенберга, тэарэтыка жывапісу дзеяння (аction painting).

Паверхам вышэй — зноў беларуская інкарнацыя амерыканскага абстрактнага імпрэсіянізму ці яго еўрапейскага эквіваленту інфармэлю — каму як падабаецца. У спецыфічным «мясным» каларыце, што адсылае да парыжскіх твораў Хаіма Суціна. Фізіялагічны жывапіс Аляксея Жэрало нагадвае нейкія дзіўныя расплюшчаныя і размазаныя па палотнах вантробы... але досыць, і гэта было шэсць.

У вялікай зале побач (дарэчы, тут працаваў сам Міхаіл Савіцкі) — фігуратыўны супрэматызм, хоць ад такога экзатычнага спалучэння перавярнуўся б у труне Казімір Малевіч, прынцыповы барацьбіт з прадметнасцю «свету мяса і косці». Але гэты канфлікт выдатна экспазіцыйна абыграны аўтарам — Аляксандрам Слепавым. Створаны шызафрэнічны інтэр’ер, у якім сышліся некалькі розначасовых стыляў: функцыяналізм архітэктурнай прасторы + радзівілаўскія партрэты/татлінская вежа Трэцяга Інтэрнацыяналу/рэнесансныя матывы ў насценных роспісах + супрэматычныя алюзіі. Усё гэта шматкроць памножана і перамешана з целамі наведвальнікаў у адлюстраваннях велізарных люстраў. Крыху віруе ў галаве. Сем.

Наступныя некалькі пакояў і пакойчыкаў другога паверха належаць Алесю Фалею, і тут крок міжволі замаруджваецца... Бо мы маем справу з нечым дасюль не бачаным ці, прынамсі, не прагавораным у беларускім мастацтве.

Замежныя падручнікі па гісторыі мастацтва сцвярджаюць, што пасля Другой сусветнай вайны творцаў апанавала экзістэнцыяльная безвыходнасць. Чалавечае цела, працэдура знішчэння якога стала руціннай на працягу некалькіх ваенных гадоў, страціла сакральнасць. У работах мастакоў сярэдзіны мінулага стагоддзя цела выяўляецца як абгарэлыя скалечаныя ашмоткі, а абстракцыі могуць быць трактаваныя як фрагменты зруйнаванай вайной чалавечай свядомасці. Менавіта посттраўматычная эстэтыка Жана Дюбуфэ, Эдварда Кейнхольца, Ансельма Кіфера сугучныя айчыннаму творцу. Але чаму сучасны беларускі мастак настолькі ж апакаліптычны? Што з’яўляецца першапрычынай яго ўласнай катастрофы, якая прывяла да апафеозу разбурэння на ягоных палотнах і прасторах?

Здаецца, гэта занадта асабістае пытанне...

Сталічны глядач ужо ведае імя Алеся Фалея па калектыўных праектах і нядаўняй невялічкай выставе ў Музеі сучаснага мастацтва. Але цяперашні Фалей непараўнальны з тым, бачаным. Мастаку проста не хапала прасторы, менавіта такой — у выглядзе анфілады занядбаных пакояў, усе асаблівасці інтэр’ераў якіх аўтаматычна ўпісваюцца ў татальныя фалееўскія інсталяцыі, што разам з традыцыйнымі аўтарскімі аб’ектамі ўключаюць абадраную фарбу сцен і прабітую канапу, кучу драўнянага пілавіння, мяшок вапны побач з антыкварнай бруднай рыдлёўкай... — гэта ўсё складнікі яго аўтарскай эстэтыкі. У выніку атрымліваецца манументальнае падарожжа праз дурны сон...

Мастак, не абцяжараны баластам акадэмічнага трэнінгу, выплёхвае сябе на палатно наўпрост, мінаючы прамаляваныя фігуратыўнасці. І хто асмеліцца сказаць, што гэта не творчасць? Акадэмічныя навыкі... Майстэрства капіравання прадметнай рэальнасці заўсёды паміж мастаком і палатном. Ці не перашкаджае яно чыстаму самавыяўленню? Ці можна абысціся без яго? У Фалея і яго калег — атрымліваецца.

Наступнае пытанне больш сумнае і практычнае: ці можа мастак працаваць без дастатковай колькасці фарбаў, палотнаў, пры адсутнасці рынку збыту і гэтак далей? Мы бачым пераканаўчы адказ — так. Танныя матэрыялы, нават смецце. Замест рынку — свабоднае творчае самавыяўленне. Дэфіцыт дыскурсу кампенсуе дыялог з класікамі і аднадумцамі ў інтэрнэце. І вынік не горшы, чым у распешчаных сталічных удзельнікаў мастацкага працэсу.

Напрыканцы праменаду крыху лірыкі ад Антаніны Фалей. Тут мімікрыя мастацтва пад асяроддзе выдатна і густоўна адрэжысіравана — нават археалагічныя слаі фарбы на падлозе, пакінутыя пакаленнямі творцаў, відавочна карэлююць з яе «Раскладамі».

Маюць сэнс усе нюансы памяшкання: сетка расколінаў і падцёкаў на сцяне, куча цаглін у куце — паўнапраўныя складнікі экспазіцыі. Яны настолькі тонка пасуюць да каларыту прац мастачкі, што можна весці гаворку пра прасторавы жывапісны эцюд, які адбыўся ў яе персанальным пакоі.

Назва «Дзевяць з паловай» у інтэрпрэтацыі куратара падаецца абсалютна некарэктнай, бо, паводле яго слоў, «канцэптуальна адлюстроўвае... колькасць удзельнікаў экспазіцыі»: пад «паловай» маецца на ўвазе адна з мастачак, якая таксама з’яўляецца «другой паловай» майстра... Генадзя Фалея. Але прастора экспазіцыі карэктуе і гэтую недарэчнасць: «паловай мастака», недаэкспанаванай, недаразгорнутай у параўнанні з астатнімі, выглядае Васіль Васільеў, якому не перапала асобнага памяшкання. Ягоныя творы раскіданы па пакоях іншых экспанентаў. На вялікі жаль, бо супермагчымасці Васіля нам вядомыя па бліскучай персаналцы ў Палацы, бадай лепшай тамтэйшай прасторавай працы апошняга дзесяцігоддзя.

Гэта не адзіная недапрацоўка праекта — пры ўсіх яго адметных экспазіцыйных якасцях. Так, у распараджэнні ЦСМ апынуліся выдатныя і зусім невядомыя ў сталіцы мастакі. Што перашкодзіла задзейнічаць іх для майстар-класаў, лекцый, экскурсій па ўласных фрагментах выставы? Гэта абавязкова б паспрыяла папулярызацыі іх творчасці і ідэй, якія безумоўна заслугоўваюць шырокага абмеркавання.

Варта было б, выкарыстоўваючы ўнікальную нагоду, насыціць праект адукацыйнымі падзеямі, ды хоць бы тымі ж лекцыямі пра абстрактны экспрэсіянізм і арт-брут.

Праз адсутнасць рэальных нагод (якія, па логіцы, мусілі быць створаны ЦСМ) дыскусіі пра выставу разгарнуліся ў віртуальнай прасторы. Спадзяюся, вышэй я адказаў, чаму, насуперак мноству негатыўных меркаванняў, лічу гэтую выставу добрай, а фрагментамі нават выдатнай. А зараз прааналізую водгукі апанентаў.

Калі адкінуць суб’ектыўныя (кшталту «мне не падабаецца») і фальклорныя («гэта не мастацтва», «гэта смецце» etc., аж да «дзе прыгажосцьіразумнаедобраевечнае?») сентэнцыі, папрокі зводзяцца да двух аргументаў:

«Гэта ўсё ўжо было гадоў гэтак трыццаць ці сорак таму!» і «Нельга танчыць на касцях Міхаіла Савіцкага, ладзячы ў яго былых майстэрнях шабаш і батлейку!»

Першы довад — самы слушны, супраць яго не запярэчыш. Так, сапраўды было: нават з паўстагоддзя мінула з таго часу, калі Клімент Грынберг яскрава тэарэтызаваў новы «жывапіс амерыканскага тыпу» — абстрактны экспрэсіянізм. Больш за тое: на носе стагадовы юбілей першай публічнай дэманстрацыі супрэматычных карцін Малевіча.

І відавочна больш за сто гадоў мадэрнісцкай традыцыі «рабіць нешта першым» — нават няёмка ўжо і казаць аб гэтым у наш постпостмадэрністычны час. Гаворка ідзе не пра пафас першаадкрыцця, а пра ўпісанасць творчасці ў сусветны кантэкст.

Такім чынам: дыялог з вышэйназванымі ключавымі мастацкімі з’явамі апошняга стагоддзя ў разы актуальней за сувязь з тупіковай галіной мастацтва — класіцызм-акадэмізм-сацрэалізмам, да якой прышчэплена большасць сталічных мастакоў. Магчыма гэта і добра, што экспаненты «Дзевяці з паловай» актуалізуюць не струхнелыя натуралістычна-акадэмічныя канцэпты, а нешта дагэтуль яшчэ не культывуемае на беларускай глебе. Карацей, калегі-крытыканы, расплюшчыце вочы і звярніце ўвагу на ўласную творчасць — ці не працуеце вы самі ў межах рэліктавых канцэптаў?

Што да наступнага пытаннечка...

Смуткую разам з тымі, хто настальгуе па былых майстэрнях Савіцкага: яны былі патрэбныя ў сістэме айчыннай мастакоўскай адукацыі, і іх скасаванне, безумоўна, выклікае вялікае здзіўленне. Але я нічога не маю супраць відэаінсталяцыі і карцін Анатоля Жураўлёва ў сваёй былой студыі — там, дзе правёў два гады ў якасці аспіранта Савіцкага. А вось у майстэрні, дзе я ляпіў акадэмічны дыплом, знаходзіцца крама, і гэта ўжо прыкра...

Рухаючыся далей у мінулае: будынак Мінскай мастацкай вучэльні імя Глебава (дзе засталася самая шчаслівая пяцігодка майго студэнцтва) — папросту знесены. Дзіўнае ўражанне: быццам хтосьці ідзе па слядах з гумкай і ўсё сцірае... Але, мусіць, гэта і ёсць ілюстрацыя таго, што мастацтва ў Мінску на птушыных правах...

Рэзюмую: памяшканне засталося за жывым мастацтвам — гэта нядрэнна. Прыхільнікі творчасці Міхаіла Андрэевіча могуць адправіцца па адрасе плошча Свабоды, 15 — там адчынілася галерэя яго імя. Выдатная свежаадрамантаваная многапакаёвая тэрыторыя для ўшаноўвання памяці Савіцкага і захавання яго спадчыны.

Яшчэ прыгадваецца, што апаненты ўлавілі вонкавую сувязь выставы з трэшавай эстэтыкай «Дахаў». Але «Дахі» — чыста мінская тэма, дакладней, мінска-берлінская. На гэтай жа выставе няма ніводнага мінскага мастака. І ёсць унікальная магчымасць паглядзець, што адбываецца па-за межамі нашай сталічнай «вежы са слановай косці». Менавіта прыйсці і паглядзець, а не судзіць па фрагментарных фэйсбучных фотасправаздачах.

Чаму менавіта «трэшавая эстэтыка» — а не recycled ці эка-арт? Навошта марнаваць рэсурсы планеты, калі для паўнавартаснай творчасці прыдатныя цывілізацыйныя адыходы — дарэчы, гэта і ёсць па-сапраўднаму экалагічнае стаўленне.

Для дакладнасці — паўтаруся: нягледзячы на пэўныя хібы, «Дзевяць з паловай» — якасная выстава сучаснага мастацтва, рэдкая ў нашых мясцінах.

Ці гэта атрымалася выпадкова?

Ці стане гэта сістэмай?

Ці будуць улічаны вышэйзгаданыя заўвагі падчас працы над наступнымі праектамі?

Не ведаю, але хачу спадзявацца...

Павел Вайніцкі