«Паўлінка» Янкі Купалы. Віктар Манаеў (Пустарэвіч), Алена Сідарава (Альжбета). Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. |
Сярод самых улюбёных: Лёнька Адуванчык у спектаклі «Радавыя» Аляксея Дударава, Гаральд у «Гаральд і Мод» Коліна Хігінса, Мікіта Зносак у «Тутэйшых» Янкі Купалы, Норман у «Касцюмеру» Рональда Харвуда, Дзед Жабрак у «Сымоне-музыку» паводле Якуба Коласа, Кручкоў у «Пінскай шляхце» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У адноўленай «Паўлінцы» Янкі Купалы Віктар Манаеў выконвае ролю Пустарэвіча.
Падзея адбылася цудоўная: будынак Купалаўскага тэатра адноўлены. З новымі магчымасцямі і памкненнямі тэатр рушыць у будучыню. І гэта не проста пафасныя словы. Што б там ні казалі — лепшы тэатр краіны. Дарэчы, ці пачаліся ўжо рэпетыцыі «Пана Тадэвуша»?
— Не. Іх пакуль няможна распачаць. Бо неабходна адаптаваць спектаклі бягучага рэпертуару да новай сцэны. А гэта патрабуе пэўнага часу.
І ўсё ж неўзабаве тут завіруе новае жыццё. Дарэчы, «Паўлінку» глядзела не адзін раз і разумею, што для купалаўцаў гэты спектакль — не проста музейны экспанат, і традыцыя насамрэч не сышла ў мінулае. Хоць, здаецца, былі спробы распачынаць тэатральныя сезоны іншымі спектаклямі?
— Неяк адкрываліся «Князем Вітаўтам». Увогуле, за 33 гады на маёй памяці былі нават спробы спектакль закрыць, але...
У новы будынак увайшлі са старой «Паўлінкай», як ты можаш гэта патлумачыць?
— Жыццё працягваецца! У мяне таксама былі складаныя меркаванні пра спектакль. Бо ўсведамляю: «Паўлінку», якую стварылі ў 1944 годзе, з выканаўцамі, што ляжаць пераважна на Усходніх могілках, дакладна ўзнавіць немагчыма. Тэатральнае мастацтва адрозніваецца тым, што разам са смерцю акцёра знікаюць і створаныя ім вобразы. Нельга паўтарыць Веру Пола, Глеба Глебава, Барыса Платонава... Гэта нерэальна. Проста калі-небудзь хтосьці паставіць «Паўлінку» зноў, і гэта будзе зусім іншы спектакль. Сцэнічны твор існуе толькі тут і зараз, робіцца канкрэтнымі людзьмі, якія маюць асаблівыя псіхафізічныя ўласцівасці, пэўны маштаб асобы. У кожным іншым выпадку атрымліваецца пераказ, мы толькі пераказваем, як некалі ігралі акцёры. Возьмем, да прыкладу, самы яркі вобраз — Агаты, якую прыдумала Вера Пола, узгадаем маштаб яе асобы. Потым гэтую ролю пераказвала цудоўная актрыса Вольга Галіна, потым Алена Рынковіч, Галіна Макарава, Ліля Давідовіч... З цягам часу нешта непазбежна страчвалася, здрабнялася, сціралася. Паступова — ад пераказу да пераказу — узнікаў зусім іншы спектакль. Напрыклад, Глеб Глебаў спецыяльна рэпеціраваў, каб капялюш, які ён кідаў са словамі: «Пахвалёны Езус», патрапіў на цвік, што быў прыбіты над дзвярыма. Лыжкі штораз ляцелі ўгару, калі Пустарэвіч грукаў кулаком па стале. Гэты трук таксама прыдумаў Глебаў. Але паступова яго пачалі паўтараць механічна.
Цяпер — мабыць, упершыню — з’явілася магчымасць узнавіць «Паўлінку» як даніну памяці вялікім акцёрам, купалаўцам. Асабіста я прысвячаю сваю работу стваральнікам «Паўлінкі». Усё роўна ніколі не змагу сыграць, як Глеб Глебаў, але выходжу на сцэну і думаю пра яго.
Што думаеш?
— Цяпер новае жыццё, новая эпоха. Купалаўскі тэатр насамрэч не мог існаваць без рэканструкцыі, з тумблерамі пяцідзесяцігадовай даўніны. Час рухаецца наперад, і тэатру была неабходная не толькі рэстаўрацыя, каб сцерці ўсе напластаванні, але і рэканструкцыя, каб надалей нічога не развалілася. Гэтаксама мы рэстаўравалі-рэканструявалі «Паўлінку». Разбурана частка сцен, ды мы лічым, што дух першастваральнікаў існуе ў думках пра іх.
Уяві сабе, у 1944 годзе купалаўцы вярнуліся ў разбураны Мінск і прывезлі сюды іскрамётную «Паўлінку». У зруйнаваным горадзе з’явілася месца, куды людзі прыходзілі, каб пасмяяцца. У самім гэтым факце прысутнічае дух беларускага народа. Дух Купалы... Канешне, можна было ўзняць Мінск з камянёў і попелу, калі ў Купалаўскім тэатры людзі так смяяліся і радаваліся жыццю! Для мяне гэты жыццесцвярджальны дух прысутнічаў і ў вобразе Мікіты Зносака, які так прагнуў выжыць. Ніколі не забуду, як спектакль «Тутэйшыя» прымалі ў халоднай Эстоніі ў 1991 годзе. «Вы неверагодная нацыя, — сказалі нам. — Ніхто не можа з такой, як вы, іроніяй ставіцца да сваёй трагічнай гісторыі. Значыць, у вас ёсць будучыня». Вось я і лічу: трэба жыць і радасна рабіць сваю справу. Дарэчы, як гэта і задумаў аўтар узноўленай «Паўлінкі» Мікалай Пінігін. Мы вельмі ўважліва паставіліся да працы Льва Літвінава, пакінулі ўвесь рэжысёрскі малюнак, асноўныя мізансцэны. Але пэўныя эпізоды ўзбуйненыя, напрыклад, гратэскны танец Адольфа Быкоўскага.
Пасля прэм’еры «Паўлінкі» Леў Літвінаў напісаў у томскай газеце «Красное знамя»: «Я адчуваў, што ў маіх руках б’ецца жывое сэрца вялікага нарадалюбца, б’ецца сэрца самога народа»... Сёння многія лічаць, што гэта — пафас, маўляў, так фармуляваць і агаляць свае пачуцці нельга...
— Канешне, можна! Дзе яшчэ, апрача «Паўлінкі», ёсць такія яркія вобразы — жыццярадаснага, добрага, спагадлівага народа беларускага? Якая клапатлівая маці Паўлінкі Альжбета! Як бацька, Сцяпан Крыніцкі, адказна ставіцца да выхавання сваёй дачкі! Якая цудоўная і па-свойму кранальная бяздзетная пара Агата і Пранцысь Пустарэвічы, якія любяць і ўвесь час кпяць адно з аднаго! Якія жывыя вобразы і, як бы напышліва гэта ні гучала, жыццесцвярджальныя характары. А мы ўсё плачам: мовы няма, спектакляў няма! Ёсць мова! Прыходзьце ў Купалаўскі тэатр — і вы зразумееце, што ёсць!
У спектаклях Пінігіна заўсёды вялікае значэнне мае іронія, якая гэтым разам вельмі змякчаецца беларускім гумарам. Прынамсі, тое, што ты робіш з вобразам Пустарэвіча, выпісана мяккімі пастэльнымі фарбамі. У той жа час гэта адзін з самых яркіх вобразаў у спектаклі. Як працаваў над ім?
— Я дванаццаць год выходзіў у масоўцы, у памяці захаваліся, дагэтуль гучаць усе інтанацыі Здзіслава Стомы і ўлюбёнага нашага Генадзя Сцяпанавіча Аўсяннікава. Вядома ж, ад іх было вельмі цяжка адысці. Быццам... хачу ўявіць сябе — з іх, не ў тым сэнсе, каб стаць на адзін узровень, а нібыта мы адной крыві. Але ж такі характар у Пустарэвіча цудоўны, беларускі! Кабыла згубілася — можна пасмяяцца; разбілі талерку — «адкупім, адкупім», гэта таксама нагода для радасці і прычына выпіць лішні кілішак. Штораз адметнае і абавязкова станоўчае стаўленне да сітуацыі, ды не маркота, а радасць... Не ведаю, ці прагучала? Дый стан такі — супрацьлеглы дэпрэсіі, бо мы цяпер зашмат дэпрэсуем.
Раней была традыцыя: калі надыходзіў час, выканаўца галоўнай ролі перадаваў яе наступніку. Напрыклад, Зоя Белахвосцік працавала над вобразам Паўлінкі са Святланай Зелянкоўскай.
— Зараз з усімі працаваў толькі Мікалай Пінігін. І мне здаецца, гэта правільна. Была абраная больш яркая, гратэскавая, больш вострая сцэнічная форма.
Усе пакаленні купалаўцаў у гэтым спектаклі праходзілі праз масоўку; яна заўсёды была надзвычай жывая, сакавітая, з адметнымі персанажамі. Такім чынам таксама падтрымліваліся традыцыі, моладзь да іх далучалася. Ды толькі пасля першага паказу адноўленай «Паўлінкі» крытычныя стрэлы паляцелі менавіта ў бок масоўкі. Што страчана?
— Нічога не страчана, наадварот, больш набыта. Можна яшчэ ярчэй зрабіць, проста пакуль часу не хапіла.
Насамрэч існуе акцёрская школа Купалаўскага тэатра?
— Цяжкае пытанне. Пра школу можна казаць, калі ты некалькі дзесяцігоддзяў працаваў у тэатры, кантактаваў, выходзіў на сцэну з Галінай Макаравай, Стэфаніяй Станютай, Паўлам Кармуніным, Здзіславам Стомам, якія вучыліся ў сваіх папярэднікаў Глеба Глебава, Барыса Платонава, Ірыны Ждановіч... і г.д. Толькі ў такім разе можна ўсвядоміць, у якой меры яскравасць выяўлення характару персанажаў уплывае на творчую дзейнасць. І наколькі ты гэтай мовай валодаеш, размаўляючы з гледачом. Калі малады акцёр прыходзіць у тэатр, хто ведае, «купалавец» ён або не? Проста прыходзіць з тым, чаму навучылі ў Акадэміі. А далей адбываецца натуральны адбор. Важна, наколькі арганічнай для псіхафізічных магчымасцей артыста становіцца мова, дакладней, спалучэнне выразных сродкаў, на якой тут выяўляюцца характары персанажаў.
Ты можаш сказаць, у чым канкрэтна акрэсліваецца сцэнічная мова?
— Магу. Гэта якраз тое, што доўгі час было ў занядбанні: псіхалагічнае заглыбленне, памножанае на яскравую знешнюю форму. Пры тым, што яскравая знешняя форма не можа існаваць без зместу. Я вельмі паважаю Валерыя Раеўскага (царства яму нябеснае!), але ён усё ж аддаваў перавагу тэатру плакатнаму, таганкаўскай манеры выканання. Тым не менш, духу, які тут быў закладзены першапачаткова, мы не пазбыліся. І сёння ён выяўляецца, напрыклад, у спектаклі Аляксандра Гарцуева «Людзі на балоце», дзе акцёры проста, але ж пры гэтым ярка і глыбока, існуюць у рэалістычных межах.
Натуральна, калі рэжысёр мае ўласны стыль і спосаб маўлення. Сапраўды, казаць пра тое, што тэатр мусіць быць такім, як 40–50 гадоў таму, проста смешна. Ад Фларыяна Ждановіча і Еўсцігнея Міровіча велізарны прамежак пралягае праз творчасць Льва Літвінава і Канстанціна Саннікава, Барыса Эрына і, між іншым, Георгія Шчарбакова, праз перыяды шаптальнага рэалізму, сумнага побыту, праз эпоху Валерыя Раеўскага. Думаю, вельмі складана вызначыць, што тут самае праўдзівае. Як лічыш: глыбокі псіхалагізм пры яркай вонкавай форме — існае для тэатра, нягледзячы на розныя перыяды і накірункі?
— Веру, што так, дух застаецца. І творчасць Пінігіна вельмі пасуе менавіта да гэтага. Дарэчы, у чыстым выглядзе «акцёрская купалаўская школа» проста не існуе. Вось калі б пры Тэатры імя Янкі Купалы працавала студыя, у якой выкладалі нашы лепшыя акцёры, тады, магчыма, магла б ісці гаворка пра нейкую школу. А так — ужо як выпадзе! Толькі тады, калі малады акцёр захоча сам спасцігнуць гэтую школу, калі ён схільны і здатны яе адчуць, калі прылепіцца — нефармальна, неафіцыйна — да нейкага артыста і будзе лічыць яго сваім настаўнікам, — магчыма, штосьці і атрымаецца. Апрача іншага, вельмі важна навучыцца не шкадаваць сябе і быць адказным перад гледачом.
Хто з рэжысёраў сыграў самую прыкметную ролю ў тваім жыцці?
— Мой творчы лёс вызначыў Мікалай Мікалаевіч. У спектаклях Пінігіна, дзе не можа быць выпадкова кінутай або праінтанаванай фразы, неабгрунтаванай мізансцэны і г.д., я праходзіў школу акцёрскага майстэрства. Яна ў тым, як ён разбірае ўзаемаадносіны персанажаў, характары, вобразы, у тым, якія ставіць перад акцёрамі задачы, як выракаецца пустых фраз. Акцёр можа расфарбаваць ролю тысячамі адценняў і нюансаў, але дзеля чаго ён гэта робіць, разумее не заўсёды. У Пінігіна нічога не можа быць без ацэнкі і матывацыі. Але ж гаворка пра такія тонкія рэчы ў нас цягам дзесяцігоддзяў не ішла. Выяўлялася агульная тэндэнцыя, якая ставілася ў галаву вугла, вызначалася філасофія, далёкая ад драматургічнага матэрыялу і першакрыніцы. Акцёру такім чынам бывае цяжка існаваць, выконваючы ролю, ён не заўсёды разумее, што дакладна трэба рабіць.
Цяпер да акцёраў прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні: неабходна падключыць індывідуальнасць, раскатурхаць сябе, не хлусіць, не фальшывіць, кожны сказ, кожны погляд, паварот галавы напаўняць сэнсам, разумець, дзеля чаго ты гэта робіш, як ставішся да учынкаў персанажа... Няхай спрачаюцца, тое мы робім або не. Але ж, я думаю, ты заўважыла, як адмыслова ў спектаклях Пінігіна могуць існаваць акцёры, з якімі складанымі задачамі спраўляюцца, як падначальваюцца жорсткім рытмам і, калі гэта трэба, могуць рухацца, спяваць, размаўляць без адзінай паўзы. І ўсё гэта потым будзе запатрабавана.
Так, згодна. Толькі, мабыць, надышоў час і штосьці больш важкае паставіць.
— Гэта будзе, я веру, абавязкова будзе. Усё ідзе да такіх работ. Ды толькі... Згадаем: «Сымон-музыка» — пра лёс мастака, уладу, свет наўкол; «Пінская шляхта» — пра лёс народа, «Транслэйшн» — сур’ёзны роздум і новы Пінігін. А ў дадзены канкрэтны момант вельмі важна, што тэатр мы захавалі і ўсе разам прыйшлі ў адноўлены будынак.
Магчыма, многія папрокі ў бок тэатра неўзабаве будуць выглядаць беспадстаўнымі. Шчыра кажучы, не зусім разумею: адкуль такая сцяна варожасці?
— Я адно ведаю: без даверу і любові тэатр можа разбурыцца. Калі людзей ахоплівае ганарлівасць, яны адрываюцца адзін ад аднаго. Маўляў, я б зрабіў так, а я — гэтак. У выніку не атрымліваецца нічога. Тым больш акцёру трэба ведаць сваё месца. Між іншым, дагэтуль спрачаюцца, хаваць або не хаваць акцёраў на могілках. Таму перадусім існуе такое поле для пакоры. Гэта галоўная хрысціянская вартасць. А калі мы пачнем вырабляць з сябе непрызнаных геніяў, тады і пагібель тэатру прыйдзе. Але я яшчэ веру, што з Купалаўскім тэатрам нічога кепскага не адбудзецца. Я тут працую трыццаць трэці год і ўвесь час ахутаны неверагоднай цеплынёй чалавечых адносін. Гэтаму не перашкодзіць нават палова новых сцен.
Не адчуў, што аўра змянілася?
— Я не спецыяліст па аўрах, бо не індус. Мы пачалі працаваць — і цудоўна, вось ужо і ствараецца атмасфера.
Ты чалавек, які стаіць над схваткай; на тваю думку, што неабходна тэатру цяпер?
— Аб’яднацца і даць веры капітану, які будзе трымаць штурвал. Усё адно іншага шляху няма. Калі не падабаецца, трэба сядаць на іншы карабель.
У тваім Пустарэвічу ўразілі тыповыя рысы. Калі прыязджаю ў вёску, часта бачу мужычкоў, якія рухаюцца крышачку бокам, размаўляюць пасміхаючыся, раскідваюць рукі...
— Па-першае, ён старэйшы за ўсіх маіх персанажаў. Ды толькі ведаеш, што агульнае ва ўсіх маіх дзядоў? Дзед Жабрак, Кручкоў і Пустарэвіч — па сваёй прыродзе артысты, таленавітыя ў выяўленні сябе. Дзед Жабрак казкі распавядае, жыццю радуецца. Кручкоў так таленавіта ўмее працаваць, што яму людзі самі хабар нясуць. Ведае, калі крыкнуць, калі засмяяцца, калі шчыра слязу даць. А Пустарэвіча заўсёды чакаюць у госці. «Вы ж толькі прыйдзіце», — кажа сусед Сцяпан. Ён — чалавек-свята. А ў нас мала святаў, бо ахутаны штодзённай шэрасцю. Вось такія людзі, ад Бога таленавітыя, наша жыццё ўпрыгожваюць. Дух жыццяздольнасці іх яднае. Дый Мікіта Зносак нікуды з краіны не з’язджае, які ж ён прыстасаванец? Кручкоў дадому вяртаецца засмучоны: добра папіў, пагуляў са шляхтай, а цяпер злая жонка скажа, што мала хабару прывёз.
На якія ролі нацэльваешся ў будучыні, у што хочацца ўвайсці?
— У іншае асяроддзе, з іншай вонкавай мовай. Жыццё ідзе, сіл не прыбаўляецца, хочацца пра штосьці вельмі важнае распавесці.
Ліра хацеў бы сыграць?
— Добра было б... Хоць многія кажуць, маўляў, Манаеў комік, навошта? Кароль Лір — як вобраз прафесійных мар... Галоўнае не тое, што мы хочам, а тое, чаго хоча ад нас Той, хто даў нам жыццё. У гэтым свеце трэба ведаць сваё месца.
Ты хутка далучышся да старэйшага пакалення купалаўцаў...
— Ніяк не магу гэта ўсвядоміць, вельмі ўсё прайшло непрыкметна. Я тут заўсёды лічыўся маладым артыстам. Шмат гадоў у нас была моцная маладая групоўка — Алена Сідарава, Аляксандр Лабуш, Алена Іваннікава, Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў. Мы доўга былі маладымі, і новых акцёраў у тэатр не запрашалі. А потым надышоў час, калі пачалі клікаць па бацьку, зараз кажуць: дзядзька Віця. Але душа не старэе. Да таго ж, пакуль у нас ёсць і, дай Божа, яшчэ доўга будуць Генадзь Аўсяннікаў, Марыя Захарэвіч, Арнольд Памазан, Генадзь Гарбук, Галіна Талкачова, Аўгуст Мілаванаў, Зінаіда Зубкова, — мы сярэдняе пакаленне. А я ўдзячны Богу за тое, што трапіў у Купалаўскі тэатр.