Раўнавага неба і зямлі

№ 4 (361) 01.04.2013 - 30.04.2013 г

«У бронзе, камені і дрэве» Выстава Уладзіміра Панцялеева Гродзенская выставачная зала

Персанальная экспазіцыя скульптара была рэтраспектыўнай. Яна ўключыла нават студэнцкія працы: увасобленыя ў светлым дрэве партрэты сяброў — рэжысёра Аляксандра Дубовіка, мастачкі Вольгі Мазінскай і жонкі — графіка Валянціны Шобы. У гэтых вобразах аўтар звяртае ўвагу на выраз вачэй і ўнутраны настрой мадэлі. А ў вобліку Валянціны ён так дакладна злавіў лёгкую летуценнасць, рамантызм і дапытлівы іранічны розум, што амаль прадугадаў яе далейшы шлях у мастацтве.

З цягам часу праз пераасэнсаванне духоўных і эстэтычных прыярытэтаў творчы почырк Панцялеева змяніўся. Формы сталі больш умоўнымі, абагульненымі, заснаванымі на складаных пластычных асацыяцыях, скіраванымі да ўстойлівых архетыпаў, да сусветных манументальных помнікаў старажытнасці. Шэраг яго работ, сярод якіх найбольш характэрная манументальная кампазіцыя «Язычніцкі матыў», унутрана апелююць да рытуальных формаў паганскіх ідалаў, каменных баб, Барысавых камянёў, выклікаючы ў гледача на падсвядомым узроўні відзежы хуткіх рэк, шырокіх паплавоў, палаючых вогнішчаў, дзікіх коней з вершнікамі. Імклівы напружаны «Лучнік», нібы вартавы, засведчвае сапраўднасць гістарычных падзей. Станковая праца «Скрозь стагоддзі» падтрымлівае ўражанне бясконцасці сусвету праз сімвалічную дэталь — стромкі човен, што пераадольвае нязведаныя прасторы. Дыялектычная тэма ўсеагульнага руху працягваецца ў рабоце «Пясчаны замак», дзе выпадковасць успрымаецца як заканамернасць, а праз тоўшчу пяску выразна гучыць шчымлівая нота пра марнасць чалавечых памкненняў. І амбітнасць сучаснай асобы страчваецца, нівелюецца перад тварам вечнасці. Прыходзіць на памяць тэкст аднаго з псалмоў: «Госпадзі! Што ёсць чалавек... Чалавек падобны подыху... дні яго як хісткі цень».

Скульптура «Рыцар» узнаўляе не проста фігуру воіна, а таемную постаць, якая нагадвае славянскія татэмічныя выявы, з іншага боку — асацыюецца са старажытнаегіпецкім Анубісам-шакалам з падземнага царства памерлых. Усе гэтыя сусветныя культы, міфы глыбінна звязаны са спрадвечнымі аповедамі земляробаў пра адраджэнне і згасанне прыроды, яе штогадовы колазварот, а ў сучасным кантэксце трансфармуюцца амаль на генетычным узроўні ва ўстойліва пазнавальныя сімвалы-коды. Рыцар — менавіта тая асоба, што часта трымае ў руках жыццё і смерць, ды цвёрда захоўвае вернасць свайму свету — Богу, Радзіме, жанчыне.

Неабсяжныя зямныя прасторы існуюць пад адвечным глыбокім небам, асабліва загадкавым і прыцягальным уначы, калі Уладзімір можа рушыць у мройнае падарожжа разам з Валянцінай на яе любімых конях, а ўспамін пра гэтую шчаслівую вандроўку адгукнецца ў работах «Начны матыў», «Конік», «Начная птушка». І ўпэўніцца, што чароўная багіня, якую выкрадае магутны Зеўс-бык, зусім і не жанчына, а толькі яе прывідны месяцовы адбітак («Выкраданне маладзіка»). Асаблівай філасофскай глыбінёй прасякнута кампазіцыя «Млечны шлях»: уяўляецца, што непазбежная фатальнасць лёсаў усяго жывога на Зямлі лёгка сплывае ў ладдзі часу па нябесным шляху, а жорсткая наканаваная прадвызначанасць здаецца толькі светлай марай. Шматзначны вобраз вылучаецца не толькі ўнутранай энергетыкай, дасканалай пластыкай, але і кантрастам цёплага дрэва начнога колеру і інкруставанай у яго масу ззяючай бронзы — зорак.

Творы Уладзіміра Панцялеева вызначаюцца адточанасцю формы, тонкім адчуваннем матэрыялу, адсутнасцю лішніх дэталяў, дакладнасцю кампазіцыйнага рашэння. Станковыя работы выконваюцца пераважна ва ўлюбёным цёмным дрэве, часам з устаўкамі-інтарсіямі святлейшага колеру, што дадае лёгкай экспрэсіі. Аўтарскі вобраз часта пабудаваны на алегорыях, ён па-мастацку выразны за кошт устойлівай прадуманасці ўнутранай архітэктонікі. У камернай атмасферы залы асабліва ўзвышана ўспрымалася «П’ета», прысвечаная паўстанню 1863 года, ідэйны змест якой узыходзіць да глыбокіх гуманістычных асацыяцый, звязаных з воблікам Маці, што аплаквае сваіх «укрыжаваных» сыноў. Рэалізацыя гэтай ідэі просіцца ў магутную форму.

На панарамных здымках, размешчаных у экспазіцыі, былі прадстаўлены фотавыявы манументальных і дэкаратыўна-паркавых прац Уладзіміра. Яны з’яўляюцца не проста ўпрыгажэннем наваколля, а эстэтычна арганізоўваюць, гарманізуюць аб’екты гарадской прасторы. Фігура Купідона на класічнай калоне каля ўвахода ў ЗАГС стасуецца з фасадам будынка, экспрэсіўна ўзмацняючы ўрачыстасць падзей, якія там адбываюцца. Велічная постаць Божай Маці каля праваслаўнага Пакроўскага сабора лагічна падтрымлівае ідэю Пакрова, што атульвае людзей сваёй ласкай. Элегантная постаць Гараджаніна ХVІІІ стагоддзя, які ўвасабляе знакамітага заснавальніка гродзенскага парку французскага батаніка Жылібера, быццам незнарок выходзіць з-за дрэваў, каб запрасіць мінакоў у свае ўладанні. Рамантычная Гараднічанка ў тым жа парку нібы «збірае» вакол сябе маляўнічую прастору старой швейцарскай даліны. Каля розных будынкаў нас сустракаюць то важны кот, то вясёлая жабка-вандроўніца, то надзьмутае птушаня. Свойскі сабака ў дворыку Медыцынскага ўніверсітэта ўслаўляе ахвярнасць жывёл, якіх выкарыстоўваюць для эксперыментаў з лекамі.

Работы, што аздабляюць родны горад, выкананы ў бронзе, камені, пераважна ў традыцыйных скульптурных формах. Дзякуючы рытмічнай ураўнаважанасці пластычных мас, умелай пастаноўцы фігуры ў прасторы скульптар дасягае выразнага візуальнага эфекту, разлічанага на розныя кропкі погляду, на эмацыйнае ўспрыманне гледачом аб’екта падчас руху. Кожная з гэтых скульптур ужо неаддзельная ад свайго месца, а некаторыя з іх ператвараюцца ў носьбітаў легенд і звычаяў.

Увабраўшы часцінку адданай душы майстра і энергію яго моцных напрацаваных рук, жывуць самастойна па-за межамі Гродна «Акрыленая», «Адраджэнне» — ва Украіне, «Імправізацыя» — у Польшчы, «Крынічка» — у Літве, а таксама горды воўк на цэнтральнай плошчы Ваўкавыска, устаноўлены да 1000-годдзя горада.

Багацце творчага патэнцыялу Уладзіміра Панцялеева выяўляецца ў крэатыўных інтэрпрэтацыях вобраза жанчыны — ад ранніх натурных партрэтаў маладзенькіх узнёслых дзяўчын да постацей, пазбаўленых строгай канкрэтыкі, апавядальнасці, якія вабяць сваёй недаказанасцю і ўмоўнасцю. Скульптар часта метафарызуе жаночы пачатак, персаніфікуючы, напрыклад, як з’яву прыроды чыстую імклівую рэчку («Белая Ганча»). Цэлы шэраг зробленых ім элегантных «Торсаў» прымушае згадаць «палеалітычных Венер» — знакамітую еўрапейскую Вілендорфскую і нашу з Елісеевіч — і ўпэўніцца, што жаночая прыгажосць інтэрпрэтуецца мужчынамі амаль нязменна. А прысутнасцю побач з гэтымі працамі злёгку фрывольнай танканогай «Мадэлькі» аўтар імкнецца не толькі ўзмацніць пачуццёвую імпрэсію, падкрэсліць мілую іронію, але і вярнуць гледача да непазбежнай рацыянальнасці сучаснага існавання.

Майстэрня Уладзіміра Панцялеева запоўнена работамі, якія не трапілі на выставу, яго праектамі, што знаходзяцца ў працэсе рэалізацыі, думкамі і фантазіямі. Незаўважная сярод іншых тут стаіць каменная жанчына — не зусім жанчына, а толькі матэрыялізаванае пластычнае ўяўленне пра яе — скульптура, зробленая падчас аднаго з пленэраў. Калі я гляджу на яе, узнікае дзіўнае жаданне пераўтварыцца ў ваўчыху-ваўкалака, імчаць ноччу па роўных прасторах, чорных глухіх лясах, а пасля, сцішыўшыся ў даліне, працягла і самотна скуголіць на ясную поўню, шкадуючы іх, людзей, усведамляючы, што ўсе яны часовыя на гэтай зямлі.

Марына ЗАГІДУЛІНА