Для ўнутранага карыстання

№ 4 (361) 01.04.2013 - 30.04.2013 г

Праект «У межах уласнага “Я”: мастак-калекцыянер у Беларусі»

/i/content/pi/mast/67/1135/12.jpg
Аляксей Губараў. Фрыда. Аб'ект. 2012.
Сёння любы аматар мастацтва можа дазволіць сабе набыць твор — гаворка ідзе пра ўнікальныя працы беларускіх аўтараў. У краіне маецца вялікая колькасць арт-аб’ектаў, якія маглі б стаць часткай дзяржаўных або прыватных фондаў культурных каштоўнасцей. Аднак значна большы інтарэс да іх праяўляюць прадстаўнікі замежнай супольнасці, таму істотная частка прац сыходзіць за мяжу. Многія знаўцы, на жаль, недаацэньваюць дасягненні нашых творцаў у сферы сучаснага мастацтва, таму цікавасць да калекцыянавання іх работ прыкметна зніжана. А гэта ж не толькі выгадны спосаб інвеставання, але і захаванне спадчыны і культурных традыцый народа.

Хоць выраз «калекцыянер беларускага мастацтва» сустракаецца рэдка, працэс усё ж развіваецца, і часта ў ім удзельнічаюць самі беларускія мастакі. Часам і банкі, аднак яны звяртаюць увагу пераважна на перспектыўных творцаў.

Выстава «У межах уласнага “Я”: мастак-калекцыянер у Беларусі» ўздымае актуальныя пытанні, звязаныя з феноменам калекцыянавання. У экспазіцыі прадстаўлены шэраг работ з прыватных збораў Руслана Вашкевіча, Жанны Гладко, Міхаіла Гуліна, Артура Клінава, Сяргея Кірушчанкі, Вольгі Сазыкінай, Тамары Сакаловай і іншых.

Калекцыі ўнікальныя, таму што ў іх прысутнічаюць творы, аналагаў якім няма ў музейным ці прыватным зборы. На выставе можна ўбачыць працу Аляксандра Бельскага са збору Руслана Вашкевіча, карціну прадстаўніка беларускага авангарда Віталя Чарнабрысава, што належыць Вользе Сазыкінай; яе ж працы захоўваюцца ў Андрэя Плясанава і г.д. Тут жа можна знайсці аб’екты Андрэя Дурэйкі, Жанны Грак, Ганны Сакаловай — беларускіх аўтараў, якія жывуць за мяжой. Па словах удзельнікаў выставы, прычыны, праз якія працы траплялі да іх, розныя: цікавасць да пэўнай карціны, памяць пра сябра або матэрыяльная падтрымка адно аднаго. Аб’ядноўвае ўсе чыннікі імкненне захаваць работы сваіх калег у Беларусі. Замкнёныя адносіны паміж мастакамі і творамі сфармавалі шэраг праблем, адна з якіх — адсутнасць цікавасці да калекцыянавання беларускага арта ў цэлым.

Праект «У межах уласнага “Я”» прыцягвае ўвагу да гэтых праблем і дапамагае разабрацца ў тым, якія крытэры існуюць сёння для стварэння збораў і што ўяўляюць сабой юрыдычныя асаблівасці калекцыянавання ў Беларусі. Экспазіцыя носіць у тым ліку і адукацыйны характар, бо ў рамках праекта запланаваны шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх «круглы стол» на тэму «Чаму мастак становіцца калекцыянерам?».

Значнымі «суб’ектамі» ў калекцыянаванні мастацкіх твораў выступаюць беларускія бізнесмены. Пашырэнне ведаў у галіне беларускага мастацтва — важная падстава для яго матэрыяльнай падтрымкі. Ужо сёння мы набываем на замежных аўкцыёнах працы сваіх жа землякоў. Гэта сведчыць пра тое, што з часам артэфакты не толькі не абясцэньваюцца, але і прыбаўляюць у кошце. Развіццё сучаснага мастацтва і галерэйнага бізнесу моцна залежыць і ад дзяржаўнай палітыкі, ад зацікаўленага ў падтрымцы калекцыянавання мецэнацтва. 

Вікторыя ГУЛЕВІЧ