Рэпартаж з пякельных колаў

№ 4 (361) 01.04.2013 - 30.04.2013 г

Чытка п’есы Паўла Пражко «Тры дні ў пекле» ў Цэнтры беларускай драматургііі рэжысуры

/i/content/pi/mast/67/1134/10.jpg
 
Аднойчы мы страцім беларускага драматурга Паўла Пражко. І калі за ім трывала замацуецца нацыянальнае азначэнне «расійскі», будзем здзіўляцца: «Ну, як так? Ён жа беларус! Нарадзіўся ў Мінску, пісаў пра Мінск». Маштабы асваення яго няпростых тэкстаў ужо непараўнальныя. Сёлетняя асноўная і спецыяльныя праграмы расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі і фестывалю «Залатая маска» стракацяць спектаклямі па п’есах Пражко: «Салдат», «Злая дзяўчына», «Я вольны». А яго новы твор «Тры дні ў пекле» атрымаў першую прэмію ў драматургічным «Конкурсе конкурсаў» «Залатой маскі». Дарэчы, як і ў мінулым годзе, два з трох асноўных прызоў дасталіся беларусам: пераможцам інтэрнэт-галасавання стаў тэкст Дзмітрыя Багаслаўскага «Ціхі шорах адыходзячых крокаў».

На Беларусі асваенне творчасці Пражко адбываецца больш сціпла і марудна, часцей з дапамогай чытак. Але з дадзенага супрацьпастаўлення не варта рабіць выснову, што гэта адмоўная рыса сучаснага беларускага тэатральнага працэсу. Чытка — самастойная тэатральная форма, якая мусіць існаваць і развівацца, яна неабходна для працы з сучасным тэкстам. Адмоўнае ў тым, што з тэкстамі Пражко амаль не наважваюцца працаваць у іншых формах і робяць адзінкавыя паказы (прычын дастаткова, але гэтым разам не пра іх). Фактычна, па п’есе Пражко ў беларускай тэатральнай прасторы існуе толькі адзін рэпертуарны спектакль — «Гаспадар кавярні», які Кацярына Аверкава паставіла ў 2012 годзе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. І нейкім добрым знакам падаецца тое, што новы тэкст драматурга «Тры дні ў пекле» зацікавіў менавіта Кацярыну Аверкаву. У сярэдзіне сакавіка п’есу прачыталі на пляцоўцы Цэнтра.

У дачыненні да п’ес Паўла Пражко варта адзначыць уласцівую аўтару прагу да аб’ектыўнай фіксацыі рэчаіснасці — такой, якая яна ёсць. «Тры дні ў пекле» — гэта рэпартажны фотаздымак з дакладнай датай. У тэксце неаднаразова падкрэсліваецца: дзеянне адбываецца ў лютым 2012 года. У фокус увагі аўтара трапілі звычайныя мінчане. Алкаголік, які збіраецца ў ЛПП. Чарнобылец, які атрымаў кватэру ў Мінску і працуе ахоўнікам у краме. Міліцыянер, які лічыць, колькі грошай ён зэканоміў на бясплатным праездзе. Дзяўчына, якая працуе ў музеі. Школьнік, які тлумачыць бабулі, што такое конверсы... «Здымак» дапаўняюць пазнавальныя дэталі: кошт квіткоў, трасянка, гарадскія маршруты. Тэкст стварае ілюзію, што Пражко, як сапраўдны фатограф, не ўмешваецца ў жыццё персанажаў, а толькі фіксуе яго праявы ў часе і прасторы. Адзіны момант, дзе аўтар дазваляе сабе відавочную ацэнку, гэта назва — «Тры дні ў пекле». Але на абмеркаванні высветлілася, што мінскі мікрараён Малінаўка стаў «пеклам» з вельмі спецыфічных прычын. Драматург патлумачыў: ён даведаўся пра тое, што ў гонар Алімпіяды-80 забудова Малінаўкі вялася ў форме колаў, і назву нарадзіла метафарычная паралель з коламі пекла, па якіх павінны вандраваць героі з Малінаўкі-1 у Малінаўку-8.

Дакладна датаваная гарадская гісторыя прымушае мінчан пазнаваць і параўноўваць. Так, сёння ўжо няма гэтага аўтобуснага маршруту, бо адкрыты новыя станцыі метро. Дзесяці- і дваццацірублёвыя купюры больш не ходзяць. Курс долара змяніўся. Але мы засталіся. І жывем ва ўсё той жа анамаліі: недзе паміж інфармацыйным грамадствам і грамадствам савецкага часу. Дзе сушы і ЛПП — гэта з’явы ў адной прасторы.

Варта адзначыць, што, нягледзячы на дакументальнасць, тэкст мае і высокі ўзровень абагульненасці, які дазваляе выклікаць цікавасць рэжысёраў і гледачоў і па-за межамі Мінска. Бясконцыя падлікі коштаў і грошай; адчуванне, што кожны твой крок фіксуецца ў базах даных; бессэнсоўнасць жыцця.

Прадстаўляючы тэкст, Кацярына Аверкава пастаралася перадаць адчуванне ціску гарадской прасторы і зрабіць відавочным той факт, што гаворка вядзецца менавіта пра нас, няхай мы і не згаджаемся атаясамліваць сябе з ахоўнікамі, алкаголікамі і міліцыянерамі. На карысць рэжысёру сыграла і прастора невялікай пляцоўкі. Каробка глядзельнай залы, дзе прысутныя зазвычай сядзяць шчыльнымі шэрагамі, стала нібы люстраным адбіткам падобнай каробкі на сцэне, у якой змяшчаліся дзевяць акцёраў (такая колькасць чытальнікаў дазволіла зрабіць знакамітыя рэмаркі Пражко сцэнічным і дынамічным тэкстам). Паміж рэальнасцямі — пад столлю на вяровачцы — вісеў мабільны тэлефон: яго камера нібыта фіксавала гэтыя групавыя партрэты па абодва бакі. І ў той жа час тэлефон нагадваў пра галоўнае пытанне пякельнай анамаліі: навошта чалавек, якому часам не стае грошай на ежу, набывае ў салоне дарагі тэлефон апошняй мадэлі?

А галоўнае пытанне абмеркавання традыцыйнае: які лёс чакае гэту работу далей? (Існаванне Цэнтра, зрэшты, таксама падобна на анамалію — сувязь паміж эксперыментальнай і рэпертуарнай прасторай ніяк не ўсталюецца належным чынам.) Кацярына Аверкава адзначыла, што ёй бы хацелася дарабіць гэтую працу для рэпертуару Цэнтра. Слова «рэпертуар» абнадзейвае. І змяншае верагоднасць страты.