«Халаты»

№ 4 (361) 01.04.2013 - 30.04.2013 г

Фотапраект Віталя Брусінскага

 

У мяне няма адказу на пытанне, чым так зачапілі гледача «Халаты» Віталя Брусінскага. Меркаванні выказваліся неадназначныя, да праекта падбіраліся з розных бакоў, але вычарпальнага вердыкту так і не прагучала. Паводле аўтара, гэта праект-успамін — пра дзяцінства, пра жыццё ў камунальнай кватэры, дзе халаты былі жаночай уніформай. Па задуме арганізатараў экспазіцыя была створана з алюзіямі на савецкі побыт, са знакавымі артэфактамі, блізкімі хутчэй да жанру карыкатуры, чым да настальгічнага рэтра.

У фатографа атрымаўся аповед не столькі пра халаты, колькі пра людзей. Кожная з жанчын сама прыйшла ў гэты праект, прычым па рэкамендацыі знаёмых, і відавочна, што кожны раз дзверы дома адчыняліся з пэўнай унутранай цэнзурай: у партрэтах ёсць элемент пастаноўкі і, безумоўна, самапрэзентацыі. Чагосьці накшталт: «Калі я ў халаце, няхай увесь свет пачакае». Ці пераканання, што кожная жанчына — найперш гаспадыня, маці (сімвалам чаго і служыць халат), і толькі потым — там, у вонкавым свеце — яна выконвае сацыяльную ролю, якую прапануе/навязвае ёй грамадства.

Рэдактар, стаматолаг, пенсіянерка, спартсменка, рабочая, студэнтка, агулам каля 45-ці чалавек — гэты праект можна назваць тыпалагічным. Халаты на іх розныя, але сутнасць усё ж у саміх жанчынах, якія спрабуюць нешта распавядаць. Яны прымаюць позы ў стылі fashion-часопісаў — так, як самі гэты стыль разумеюць. Халат толькі збольшага выказвае іх настрой, хоць асартымент гэтага тавару савецкай штодзённасці прадстаўлены ва ўсёй красе і паўнаце. Няўжо гэтую вопратку сапраўды носяць? Фатограф сцвярджае, што дамы надзелі халаты па ўласным жаданні, ва ўсялякім выпадку — яны знайшліся ў хаце. Гледачы і эксперты, паддаўшыся на правакацыю Брусінскага, актыўна абмяркоўвалі: хто што носіць дома?

Калі згадзіцца, што халат — гэта пэўны спосаб стварэння хатняга самаадчування, да яго варта прыраўняць і інтэр’ер. Усе фотаздымкі праекта — не толькі бясконцыя псеўдагісторыі, але і бясконцыя дзверы, адкрытыя ў глыбіню хатняга свету. За кожнымі — астравок банальнасці, які вельмі грунтоўна падтрымлівае ўладальніц халатаў. Гераіні прымалі фатографа не толькі на кухні, часцей — у гасцінай, прад’яўляючы яму сваю ідылію з канапамі і крэсламі, з шафай і кветкамі, радзей — з кніжнымі паліцамі. Так званы «партрэт на фоне», у натуральным асяроддзі. Напэўна, гэта пагружэнне ў падрабязнасці інтэр’ернага асяроддзя стане асабліва каштоўным для будучага гісторыка: другі план фатаграфій раскажа яму пра модныя шпалеры, фіранкі, дываны, посуд пачатку XXI стагоддзя.

Але ўсё ж «Халаты» — не энцыклапедыя сямейнага жыцця. Таму што гэты прадмет адзення — самая блізкая абалонка для цела. Дзіўна, што як элемент інтымнасці ён наогул вынесены на ўсеагульны агляд. Дзіўна, што жанчыны пагадзіліся пераступіць нябачную рысу паміж прыватным і публічным. У гэтым сэнсе я б назвала задачу фатографа правакацыйнай.

Пра фотаздымкі, зробленыя, напрыклад, у кавярні, мы часта кажам, што гэта фіксацыя нейкай мяжы: чалавек знаходзіцца сярод людзей, але яго стан прыпынення, паўзы ў агульным гарадскім руху ёсць зона прыватнага жыцця. Ён робіць выбар індывідуальна: столік, гарбата, адпачынак. Дома вы здзяйсняеце выбар, проста зачыніўшы за сабой дзверы. Што прымусіла жанчын зрушыць гэтыя прасторы і наогул — пазіраваць дома, у камфортнай вопратцы, якая па сутнасці нават не з’яўляецца адзеннем? Думаю, адказы на гэтае пытанне ляжаць у сферы псіхалогіі. Што цікава тут фатографу? Верагодна, жаданне вярнуць адчуванні дзяцінства ў сённяшні свет, праверыць іх у наступным пакаленні жанчын (згадваюцца хлопчыкі з фільмаў Феліні). І інструментам для гэтага стаў халат. Не медыцынскі, не ўсходні, не рабочы, а жаночы і хатні. Ускосна тое пацвярджаецца фактам, што ў халатах не пазіравалі мужчыны і дзеці — толькі жанчыны розных узростаў.

Мабыць, менавіта гендарны фільтр перашкаджае спакойна ўспрымаць гэты праект: адных ён раздражняе, у іншых знаходзіць разуменне. Асноўнае пытанне зусім не аб тым, якія тут халаты і якія жанчыны. Фатаграфія ж, як заўсёды, фіксуе, абагульняе, падказвае высновы. Час змяніўся, рэаліі савецкага побыту сышлі, але традыцыі засталіся.

Ці гатовыя мы змірыцца з адступленнем ад глянцавых стэрэатыпаў: з немадэльнымі фігурамі, нестылёвымі інтэр’ерамі, з рэальнымі кічам і безгустоўшчынай? Нібыта наіўнае, немудрагелістае ўвасабленне лепшай паловы чалавецтва ў тых яшчэ шкарпэтках і тапках — так, раздражняе, але добразычлівасць і гумар аўтара змякчаюць правакацыю. Думаецца, ён усё ж атрымаў адказ на пытанне пра сучасных жанчын. І пэўна ж лічыць свой праект канцэптуальным. Чаму не, калі просты халат стаў вяршыняй айсберга абмеркаванняў? 

Любоў ГАЎРЫЛЮК