Нармальныя людзі

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

«Свята» Выстава Данііла Парнюка Галерэя «Ў»

/i/content/pi/mast/66/1120/10.jpg
 
Доўгачаканае «Свята» Данііла Парнюка ашаламіла гледачоў — напругай, цяжкімі ўражаннямі і адначасова — адчуваннем навізны таго, што адбываецца. Усе, хто ведае творчыя погляды беларускага фатографа па шэрагу персанальных і калектыўных выстаў, успрынялі экспазіцыю ў галерэі «Ў» як відавочнае сведчанне прафесійнага росту.

У супрацоўніцтве з куратарам выставы Уладзімірам Парфянком — кіраўніком мінскай галерэі «Nova», дзе пачынаў выстаўляцца тады яшчэ малады аўтар, — свята славянскіх народаў «Тры сястры» было прадстаўлена як фантомная тэрыторыя.

Па словах Данііла, яму заўсёды цікава даследаваць прастору, якую ён асвойвае паступова: спачатку як асабістую, затым — сямейную, нарэшце — знешнюю, сацыяльную. Але прастору ствараюць людзі, яны ўдыхаюць у яе жыццё, а гэта ўжо вышэйшы пілатаж для фатографа: здымаць людзей у іх натуральным асяроддзі, уваходзіць у кантакт, знаходзіцца ў руху, ва ўзаемадзеянні з сітуацыяй. Гэты кантэкст для многіх аўтараў застаецца недаступным, часам па маладосці, але бывае — і на доўгія гады, калі аўтар прад’яўляе да сябе высокія патрабаванні.

А вось Парнюк людзей фатаграфуе... Для таго, каб максімальна наблізіць да сябе ўдзельнікаў гэтага свята, была абрана самая кампактная фотакамера, на якую, як правіла, ніхто не звяртае ўвагі. Трэба было літаральна зліцца з натоўпам, стаць яго часткай, рэагаваць незаўважна.

У выніку мы бачым аповед без сюжэта, дзеянні без прычынна-выніковых сувязей. Няма прадуманых кампазіцый, пралічаных ракурсаў і асвятлення, завершанасці ў межах кадра. Гэта мова, якая надае кожнаму адбітку і ўсёй серыі няроўнасць, разарваны рытм; у іх спрэс адсутнічае атмасфера спакою і супакаенне адпачынку. У фотаздымках практычна няма другога плана, перспектывы, атрыбутаў асаблівай, святочнай цырымоніі — мноства падрабязнасцей стварылі б падзею, як караля іграе світа. Але Данііл упэўнена адмаўляецца ад рэпартажнай здымкі на карысць абагульнення, пакідаючы за сабой права на выказванне, на творчае асэнсаванне дакументальнай асновы. Прычым не толькі падчас здымкі, але і на этапе наступнага адбору і стварэння экспазіцыі.

Персанажы, падначаленыя агульнаму імпульсу, ідуць, вядуць з сабой дзяцей, ядуць, жэстыкулююць... Будзённае аблічча гэтых людзей і іх паводзіны, а на думку куратара — руцінныя святы і будні ўтвараюць амаль закальцаваны візуальны шэраг: ход безаблічных падзей, інстынктыўная (бо без пазіравання!) падпарадкаванасць руху часу.

Так у нас у Беларусі яшчэ не здымалі, і для самога Данііла гэта, безумоўна, новы вопыт, новае перажыванне і разуменне таго, што адбылося. Няма кантэксту, каб параўнаць гэты праект з чыімсьці яшчэ... Бліжэй за ўсё па стылі, напэўна, стрыт-фатаграфія, але цэласных серый, знятых на адным «нерве» і прадстаўленых у адной інтанацыі, у адзіным шэрагу, дагэтуль не было.

Сацыяльныя фатаграфічныя праекты, як правіла, «чапляюць». Рэфлексія з іх нагоды выходзіць за рамкі ўласна адбіткаў і працягваецца ў сферы самой праблемы, яе прычын і дзейных асоб. Таму і ўзнікаюць пытанні: «Што ж гэта за свята такое? Няўжо не было ў гэтай прасторы гумару, дзіцячых свавольстваў, музыкі? І чаму аўтар адмовіўся ад колеру, магчыма, колер выраўнаваў бы кампазіцыю і напоўніў фатаграфіі адчуваннямі імпрэзы?» Адказ просты: фатограф убачыў тое, што яго ўсхвалявала. Людзі, якія прыязджаюць у Беларусь, адзначаюць, што мы амаль не ўсміхаемся... І так непрыемна, што іх старонні, у цэлым прахалодны погляд пацвярджаецца знутры, прычым дакументальна. Мы сапраўды такія, калі без прыўкрас, без позы. Не ўсе, не заўсёды і не паўсюль, але фатограф нават зрабіў аўдыязапіс мерапрыемства, і ён таксама пазбаўлены аптымізму.

Гэты эмацыйны тупік парадаксальна названы «святам», але Данііл пакідае нам шанец на выздараўленне: на цэнтральную і самую вялікую сцяну выставачнай пляцоўкі праецыруецца здымка самой галерэйнай залы. Наведвальнікі бачаць ужо не правінцыйныя «масавыя гулянні», а сябе — негламурных, не заўсёды стройных і вясёлых, разумных і прыгожых. Ці гэта руціна? Штодзённасць? Ва ўсялякім выпадку, куратарскі погляд выключае самалюбаванне і прэтэнзіі на элітарнасць сталічнай публікі, а вось самаіронія ў прэзентацыі відавочна прысутнічае.

Любоў ГАЎРЫЛЮК