Помнік пры жыцці для ўсіх ахвотных

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

Праект «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk» Перформер Ілля Сін Cкульптар Павел Вайніцкі Cаўнд-дызайнер Яўген Рагозін Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура

Музей-майстэрня Заіра Азгура паслядоўна дбае аб пашырэнні ды рэактуалізацыі свайго даволі спецыфічнага кантэксту, завабліваючы ва ўласныя сцены не толькі прыхільнікаў сацрэалістычнай манументалістыкі, але і прадстаўнікоў таго лагера, які яшчэ параўнальна нядаўна імкнуўся скінуць яе з п’едэсталаў. Зрэшты, мала хто сумняваецца, што колішняя канфрантацыя ўжо пераадоленая, а сінтэз розных ідэй, стыляў ды эпох можа стаць урадлівай глебай для экзатычных арт-парасткаў.

У лютым помнікаў у музеі ненадоўга паболела. У адрозненне ад многіх іншых гіпсавых насельнікаў установы, гэты ўзор манументальнага мастацтва з’явіўся яшчэ пры жыцці свайго прататыпа. Праект «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk», асаблівай «фішкай» якога з’яўляецца сінтэз перформансу і скульптуры, вырашыў ушанаваць аднаго са сваіх удзельнікаў — літаратара Іллю Сіна, пераўтварыўшы яго ў аб’ект экзістэнцыйна-мастацкай правакацыі.

Ідэя акцыі заключалася ў тым, што помнікі можна ўсталёўваць і жывым людзям. «Сучаснікі моцна абдзеленыя параўнальна са сваімі папярэднікамі, чые бронзавыя твары радуюць нябесных птушак на вуліцах нашых гарадоў альбо ў спецыяльна адведзеных месцах. Мы пакуль што не маем права на ілюзорную гістарычную вечнасць — выкшталцоны і даступны сурагат вечнасці метафізічнай, да якой паклікаў чалавека ягоны Творца. І таму змушаныя нудзіцца ў гэтай кволай паўсядзённасці, у трымценні ад няспыннага экзістэнцыйнага свербу, у роспачы ад таго, што новы дзень сапраўды і немінуча з’яўляецца новым, у абрыдлай вырачанасці на існаванне, у страху выбару і, тым болей, страху гэты выбар зрабіць...» — патлумачылі gesamtkunswerk’аўцы, прапанаваўшы свае паслугі ўсім ахвотным. Але за плату. Ахвотнікаў, здаецца, не знайшлося.

Гэтыя досыць спрэчныя тэзісы, якія хочацца проста пакінуць без каментарыяў, сталі ідэйнай глебай для скульптуры, створанай Паўлам Вайніцкім. Антрапаморфная постаць з дзвюма галовамі (другую яна, як падалося, трымала ў руках) цьмяна апелявала да манументальных традыцый даўно зніклых цывілізацый — ці, калі быць больш дакладнай, іх прафанавала. Мультымедыйны элемент, увасоблены праекцыяй твару «героя помніка» на адну з тых галоваў, ствараў эфект ягонай ілюзорнай прысутнасці. Відэа-Сін нешта мармытаў, па звычцы крыўляўся і нават падміргваў дзяўчатам з публікі.

Шызоідную атмасферу ўдала дапаўняла мультыканальная аўдыяінсталяцыя, створаная яшчэ адным удзельнікам «Gesamtkunstwerk» саўнд-дызайнерам Яўгенам Рагозіным. Відавочна, шматгадовая плённая праца на ніве агучвання айчыннага кінематографа пайшла яму на карысць, а творчы адпачынак ад яе — тым больш. Схаваныя ў прыцемках скульптурныя партрэты правадыроў ды іншых гістарычных асобаў знянацку пачыналі прамаўляць галасамі птушак ды жывёл.

Сама цырымонія адкрыцця помніка заканамерна пераўтварылася ў своеасаблівы перформанс, міжвольнымі ўдзельнікамі якога сталі запрошаныя госці — літаратары Вольга Гапеева, Юрась Барысевіч і Ігар Кулікоў. Потым вядучы, у ролі якога выступіў Павел Вайніцкі, паспрабаваў наладзіць са сваім творам дыялог, кідаючы ўнутр помніка цыдулкі з «правакацыйнымі» тэзісамі. Але замест адказу ў відэа-воку з’явілася дзірка, і праз яе сталі падаць кавалкі мяса. Урэшце герою помніка, мабыць, надакучыла сядзець у нетрах скульптуры, і ён паспрабаваў вызваліцца з гэтай вязніцы, уласнаручна зрынуўшы свой помнік з пастамента.

«Так, ідэя помніка як вязніцы тут, безумоўна, прысутнічае, — пагадзіўся з маёй здагадкай сам Ілля Сін. — Мяне вельмі ўразіў выраз вядомага хрысціянскага паэта VII стагоддзя св. Андрэя Крыцкага: “Я — мой уласны ідал...” Гутарка, у нейкім сэнсе, пра эга як пэўную фальшывую субстанцыю, своеасаблівую каросту, якой абрастае тое ў нас, што ёсць сапраўдным».

...Меркаванне пра тое, што перформанс паступова «зжывае сябе», якое гучыць ужо не першы дзясятак гадоў, без сумневу, не пазбаўлена сэнсу. Вычарпальнасць арсенала выяўленчых сродкаў (па сутнасці, зазвычай толькі цела аўтара ды невялікі набор бюджэтных аксесуараў) памнажаецца на брак ідэй. Асабліва гэта тычыцца радыкальнага перформансу, ці не ўсе магчымыя хады якога (уключна з ванітаваннем і публічным палавым актам) паўстагоддзя таму паспяхова засвоілі венскія акцыяністы, а вось «выхады», здаецца, не знайшоў яшчэ ніхто. І памкненне «быць актуальным» сённяшнія аўтары рэалізуюць зазвычай праз эксплуатацыю «старонніх» дыскурсаў — палітычных, сацыяльных і ўвогуле тэматычных.

У гэтым звязку вельмі прыемна, што некаторыя айчынныя перформеры ўсё ж імкнуцца рухацца ўшыркі, а не наўзбоч, шукаючы і знаходзячы новыя магчымасці такога «састарэлага» — але і вечна маладога — мастацтва, як перформанс. І яшчэ прыемней, што іх экзэрсісы грунтуюцца не на якіхсьці кан’юнктурных трэндах, але менавіта на ўласнай інтравертнай творчай практыцы.

Што ж тычыцца аўдыторыі... Яна ўжо даўно рэагуе на падобныя дзеі спакойна, прыязна і зацікаўлена. Здаецца, гэтаксама рэагавалі і «пастаянныя жыхары» музея Заіра Азгура — чыя неафіцыйная і напаўміфалагізаваная біяграфія, дарэчы, утрымлівае нават больш цікавыя перформансы.

Алена РУДАЯ