Незямное прыцяжэнне

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

«Безыменная зорка» Міхаіла Себасцьяна Рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў Мастак Ігар Хруцкі Касцюмы Ніны Гурло Кампазітар Віктар Капыцько Тэатр-студыя кінаакцёра

/i/content/pi/mast/66/1118/6.jpg
Павел Харланчук (Марын Мірою) у спектаклі "Безыменная зорка" (Валерыя Арланава -- Мона).
У тым, што Павел Харланчук — таленавіты акцёр і рэжысёр, можна пераканацца літаральна ў тое ж імгненне, як ён з’яўляецца на сцэне. Бо ўсе словы, прапісаныя аўтарам у п’есе, і ўсе рухі, «прапісаныя» рэжысёрам ці харэографам у пастаноўцы, набываюць у яго іншы сэнс, новае адценне, дадатковы шарм ці нейкую патаемную, глыбінную сутнасць. Чарговае пацвярджэнне гэтага — у нядаўняй прэм’еры «Безыменнай зоркі» ў Тэатры-студыі кінаакцёра.

Адна ўжо назва гэтай п’есы румынскага пісьменніка Міхаіла Себасцьяна выклікае ў памяці натхнёна рамантычны твар маладога Ігара Касталеўскага ў аднайменнай стужцы Міхаіла Казакова. «Рамантыка» Паўла Харланчука — іншага кшталту. Са з’яўленнем яго героя — Настаўніка — пастаноўка ператвараецца ў своеасаблівы монаспектакль. І зусім не таму, што артыст, маўляў, «не рэагуе» на партнёраў. Наадварот, узнікае ўражанне, што ўсе яны — плод яго ўласных фантазій, настолькі ў розных вымярэннях, розных мастацкіх прасторах аказваюцца ўдзельнікі. Быццам усе на сцэне — акцёры, кожны з якіх імкнецца як мага больш яскрава прадэманстраваць свае творчыя магчымасці. А пасярод — просты чалавек, які не здагадваецца, што «ўсё жыццё — тэатр», і працягвае жыць, як жыў: натуральна, без спасылкі «на гледача», прымаючы ўсе ўчынкі навакольных за сапраўдныя сітуацыі.

Падчас усёй дзеі сочыш менавіта за Харланчуком яшчэ і таму, што яго Настаўнік — псіхалагічна вельмі зменлівы. У інтанацыях, тэмбры яго голасу, ужо ў тым, як ён трымае рукі, гартае кнігу і робіць усялякія пабытовыя, здавалася б, рэчы, прачытваецца дакладны ўнутраны сэнс сапраўдных памкненняў героя. Бо кожная дробязь у выкананні акцёра пульсуе не толькі эмоцыяй, але і думкай, што ўзнімаецца да ўзроўню сімволікі. Вось Настаўнік, раскінуўшы рукі, балансуе на чыгуначнай рэйцы. Што гэта, сіндром дзяцінства? Ці своеасаблівы паказальнік гультайства? Маўляў, няма чаго рабіць, дык хоць прайдуся, каб чымсьці сябе заняць. А можа, спроба незаўважна схаваць вочы, апусціўшы іх долу? Быццам дзеля раўнавагі, каб не спатыкнуцца. Аб рэйку ці нечы лёс? Харланчук ступае так, быццам мяккія, няўпэўненыя крокі — на сутыкненні рэальнасці і мары. Бы тое не рэйка, а няўлоўная касмічная мяжа, на якой можна паслізнуцца, зрываючыся ў бездань. Ці нябачная сцяжынка, што правядзе па вадзе ды аблоках, бы па цвёрдай глебе. У адным гэтым — увесь вобразны лад героя і спектакля. А ў Харланчука такіх дэталяў — безліч. Таму яго персанажы быццам заўсёды пададзены «буйным планам», дзе бачна не толькі знешняя, але і ўнутраная траекторыя руху.

Баюць, артысты ў кожнага свайго героя ўкладаюць хоць кроплю «аўтабіяграфічнасці» — частку самога сябе. А ён укладае — яшчэ і ўласнае рэжысёрскае бачанне, поліфанічна сугучнае пастановачным ідэям спектакля, але са сваёй уласнай лініяй развіцця. Можа, спрацоўвае формула: «сам сабе рэжысёр»? Але і ягоныя рэжысёрскія спробы (прыкладам, «Дажыць да прэм’еры» Мікалая Рудкоўскага ў РТБД) — гэта яшчэ і яркія акцёрскія працы, бо ўражанне, што менавіта ён іграе адразу за ўсіх дзейных асоб.

Гэтае спалучэнне розных фарбаў (то непасрэдна на палітры, каб дасягнуць неабходнага адцення, а то і кропкавым метадам, як у постімпрэсіянісцкім жывапісе) надае штораз непаўторныя колеры. Акцёрскія ці рэжысёрскія — усё адно. Бо ёсць — Павел Харланчук. Як тая «безыменная зорка», што намагаецца змяніць арбіту, парушыўшы законы існавання Сусвету. Насамрэч, ён сам сабе сусвет, толькі не заўсёды гэта ўсведамляе. А якая роля яго чакае ў тым ці іншым спектаклі — не мае значэння. Усё роўна яна стане цэнтральнай — па сіле незямнога прыцяжэння. Невыпадкова імя і прозвішча творцы, улічваючы іх этымалогію, можна перакласці з лацінскай і грэчаскай як «маленькае радаснае святло». А на беларускі манер — мабыць, Асоба?..

Надзея БУНЦЭВІЧ