Мастак ад вечнай мерзлаты

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

«З жыцця мутантаў, ці Успамін пра будучыню» Выстава Аляксея Жданава Музей сучаснага выяўленчага мастацтва

/i/content/pi/mast/66/1117/4.jpg 
 Аўтапартрэт. Алей.
Калі б мастак Аляксей Жданаў быў сёння сярод нас, дык рыхтаваў бы персанальную выставу да свайго 65-годдзя. Аднак лёс склаўся так, што выстава ў музеі — даніна памяці. Творца памёр у 1993-м.

Ёсць мастакі, чые працы ў музейных зборах успрымаюцца як нешта абсалютна натуральнае. Бо іх светапогляды збольшага адпавядаюць грамадскім стэрэатыпам адносна таго, што ёсць прыгожа і правільна. А ёсць такія, чый выхад на публіку аддае скандалам, канфліктам, правакацыяй, і таму патрабуецца адмысловы пасрэднік паміж творцамі і грамадою. Да асобаў нонканфармісцкага складу належаў і Аляксей Жданаў. Фармальна карціны Жданава можна аднесці да плыні сацарту, але гэта вызначэнне не дае разумення сутнасці ягонай творчасці.

На выставе я нібы зноў патрапіў у 1980-я — эпоху злому перабудовы, пярэдадзень «вясёлых 1990-х». Няўцямнасць, роспач, кураж, светлыя надзеі і змрочныя прадчуванні. Мастак дакладна трапіў у псіхалагічны рытм часу. Ягоны брутальны — зместам і формай — жывапіс рэальна адпавядаў грамадскім настроям і быў свайго роду выяўленчай версіяй актуальнай тады літаратурнай чарнухі. Жданаўскія істоты ў роўнай ступені маглі быць і прыхаднямі, што сышлі з лётаючых талерак, і бамжамі, што выпаўзлі з бруднага завуголля. Манера жывапісу — падкрэслена няўклюдная. Карціны агрэсіўныя да гледача, але мастак і не імкнецца да дыялога. Сваёй місіяй Аляксей Жданаў нагадвае мне вешчуна, які прамаўляе камяням у пустэльні.

Мне заўжды было цікава, чаму той ці іншы мастак, атрымаўшы адмысловую адукацыю, засвоіўшы рамяство, у нейкі момант забывае, што ён — прафесіянал, і малюе так, нібыта ўпершыню ўзяў у рукі аловак. Аляксей Жданаў умеў маляваць прыгожа, хоць і не меў мастацкай адукацыі ў яе традыцыйным разуменні. Затое меў прыродную схільнасць да трансфармацыі пачуццяў у візуальныя вобразы, якую, уласна кажучы, мы і называем талентам і якую не заменіць дыплом аб заканчэнні адпаведнай ВНУ. А яшчэ былі ў яго сістэматызаваныя (нават кананізаваныя) веды. Ён вучыўся на філасофскім аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Калі ён, філосаф паводле адукацыі і, што насамрэч важней, ментальнасці, адчуў сябе мастаком, яму быў наканаваны просты шлях да пошукаў візуальнага ўвасаблення гармоніі. Дарога тая мусіла прывесці яго ў грунтоўна ўсталяваную эстэтычную сістэму. Няважна якую — сімвалізм, гістарызм... ды хоць сацрэалізм! Бо кожная эстэтычна ўсталяваная сістэма зарыентаваная на Абсалют — стрыжань філасофіі. Але, відаць, ва ўніверсітэце Аляксей больш шанаваў Ніцшэ з Шапэнгаўэрам, чым Платона з Арыстоцелем. Бо знайшоў адпаведны выяўленчы код пад уласны псіхалагічны стан. Стаў авангардыстам, а гэта ад Абсалюту зусім у іншы бок. Хоць як паглядзець... Здаўна кажуць, што атэізм — гэта шлях да Бога з чорнага ходу. Шлях Сталкера, дадалі б мы сёння, маючы эстэтычны досвед блізкага нам часу.

Мне, шчыра кажучы, Аляксей Жданаў ніколі не падабаўся як мастак. А як чалавека я яго не ведаў. Жыццё навучыла мяне цаніць усталяваны лад і побыт, а ў мастацтве — паважаць сістэмнасць і канон. Ягоная творчасць уяўляе сабою суцэльную супрацьлегласць згаданым каштоўнасцям. Няўтульная, нязручная... Аднак шмат мастакоў прыемных і зручных я забыў: ні твораў, ні імёнаў не памятаю — а гэтага помню!

Нямала творцаў на зломе часоў працавалі ў формах, аналагічных тым, якія ўшанаваў Аляксей Жданаў. Потым яны прайшлі (разам з грамадствам) пэўную эвалюцыю і сёння нармальна шчыруюць на ніве гламуру і бяздумнага дэкаратывізму. Не ведаю, што сёння маляваў бы Жданаў. Але малаверагодна, што лёг бы пад гламур. Хутчэй, застаўся бы самім сабою — няўтульным, нязручным. Шчырым. Ён — сталкер. У яго іншы шлях.

У гэтай асобы родавыя карані, менталітэт мацнейшыя за вонкавыя ўплывы. Нарадзіўся ў Хабараўску, працаваў на Калыме. Прыйшоў у культуру, у мастацтва нават не «ад зямлі» — ад вечнай мерзлаты... Ягоная біяграфія сама па сабе паэтычны твор, напісаны брутальнай прозай.

Сёння мастак глядзіцца прыхаднем са свету, якога ўжо няма. Мы жывем у іншай рэчаіснасці. Не горшай і не лепшай за тую, дзе маляваў сваіх мутантаў Аляксей Жданаў, — проста іншай. Але і той час з нашай свядомасці нікуды не падзеўся. Затаіўся ў схронах душы. Так адчуваеш перад карцінамі Аляксея.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ