Заснавальнік - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Выдаецца са студзеня 1983 года
Галіна Адамовіч
Пра дакументалістыку і самакатаванне
СяргейЧэкерэс
Персанаж свайго тэатра
Стымулы для «зорак»
Беларускае біенале жывапісу, графікі і скульптуры
У горне высокіх страсцей
ІІІ Мінскі міжнародны калядны оперны форум
Досвед эмацыйнага пагружэння
Кінамедытацыі Шарунаса Бартаса
Піктарыялізм Яна Булгака
Вопыт патрыятычнай фотаграфікі
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by
У якой сітуацыі тэатр ладзіць фестывалі? калі ёсць што паказваць самому. калі ёсць каго запрашаць. і нарэшце, калі аўтарытэт менавіта гэтага калектыву ў абраным жанры высокі і неаспрэчны.
Пры канцы мінулага года оперны форум прайшоў у Мінску ўжо трэці раз. Значыць, каляіна існуе, публіка чакае, традыцыя фарміруецца. Першы форум, хоць і быў пачаткам, аглушыў разнастайнасцю ўражанняў і напалам сцэнічных жарсцяў. У яго ўвайшлі тры нашы пастаноўкі («Набука», «Кармэн», «Тоска»), дзве прывезеныя — латвійская «Травіята» і «Севільскі цырульнік» з маскоўскай Новай оперы. Другі запомніўся гастрольнай «Травіятай» з Хіблай Герзмавай, а таксама нашымі, па тым часе апошнімі прэм’ерамі — «Аідай» і «Севільскім цырульнікам», «Снягуркай». Трэці аказаўся не менш насычаным. Яшчэ больш уражанняў і гасцей, яшчэ большы размах.

Спектаклі нашы, зоркі запрошаныя...

Выдатна, што баляванне оперы адкрывалася творам менавіта айчыннага кампазітара — «Сівой легендай» Дзмітрыя Смольскага. Вердзі і Пучыні прысутнічаюць на афішы кожнага тэатра, але ў свеце высока цэніцца эксклюзіў.

Не буду дэталёва аналізаваць фестывальны паказ «Легенды»: нядаўна «Мастацтва» пісала пра спектакль. Заўважу дзве акалічнасці. Па-першае, тэатр выставіў дастаткова моцны склад выканаўцаў: Кізгайла — Станіслаў Трыфанаў, Любка — Аксана Волкава, Ірына — Кацярына Галаўлёва (для яе гэта сталася прэм’ерай). На партыю галоўнага героя рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ запрасіў саліста Вялікага тэатра, так што Рамана Ракутовіча спяваў Раман Муравіцкі. У тэнара прыгожы голас, відавочныя абаяльнасць і тэмперамент. (Цікава, наш Сяргей Франкоўскі ў сцэне спакушэння паўставаў маральна непахісным, бо гераіню — Любку — проста ненавідзеў. Герой Муравіцкага вагаўся, яму цяжка было змагацца з уласнымі пачуццямі і пераадолець жаночыя чары гэтай пані.)

Знаўцы беларускай мовы, якія знаходзіліся ў зале, уважліва прыслухоўваліся да спеваў Муравіцкага: адно недакладна або няправільна вымаўленае «ц» або «дз» пачало б руйнаваць вобраз караткевічаўскага персанажа. На шчасце, так не здарылася. Артыст вывучыў немаленькую партыю дзеля аднаго паказу на форуме, але на гэта ёсць свая прычына. Ягоны бацька — беларус, хоць і жыве ў Сібіры, родная сястра і цяпер у Жодзіне. Так што з мовай спявак знаёмы даўно, з таго часу, калі яму, дзіцёнку, бацька чытаў уголас беларускія кніжкі.

На афішах і ў праграмках форуму неаднойчы пазначалася: «з удзелам зорак сусветнай оперы». Так, у спектаклях былі зоркі, але часам — проста спевакі. У гэтым плане нечаканым стаўся «Яўгеній Анегін». Чацвёрка выканаўцаў (Анегін — Андрэй Бандарэнка, Таццяна — Марыя Баянкіна, Ленскі — Дзмітрый Варапаеў, Вольга — Юлія Матачкіна) прадстаўлялі Акадэмію маладых спевакоў Марыінскага тэатра. Наша традыцыйнае ўяўленне: ах, Марыінка! ах, Гергіеў! ах, Акадэмія... Ды парадокс! Усе згаданыя спевакі маюць прыстойную біяграфію, перамогі на конкурсах, вядучыя партыі, удзельнічаюць у фестывалях. Усе добра спяваюць! Але... У 2-й дзеі спектакль пачаў «развальвацца» на вачах. Значыць, справа не ў тым, як спяваюць?!

«Анегін» — насамрэч досыць каварная опера. Знешне простая. Падумаеш, «лірычныя сцэны»! Але чатыры героі звязаны між сабой тонкімі сэнсавымі ніцямі. Бандарэнка ўсё праспяваў як трэба. На жаль, яму не хапала харызмы, унутранай энергетыкі, сцэнічнай яркасці. Калі Анегіна як асобы па сутнасці няма, тады і эмоцыі Таццяны, яе ліст і прызнанне ўспрымаюцца празмернай жаночай экзальтацыяй. Сэнс учынкаў і пачуццяў губляецца. Хоць з чацвёркі запрошаных Марыя Баянкіна найбольш і пераконвала. І па паводзінах, і візуальна Ленскі (Дзмітрый Варапаеў) выглядаў на балі ў Ларыных амаль карыкатурна і таму выклікаў не шкадаванне, а смех. Калі тое, што адбываецца на сцэне, існуе асобна ад гледача, тады ў пэўны момант сачыць за відовішчам становіцца нецікава. «Не тое што не веру — зусім не веру!» — сказаў бы паважаны Канстанцін Сяргеевіч. І меў бы рацыю! Ленскага забілі падчас дуэлі? Дык гэта ж тэатр, таму ўсё вакол несапраўднае!

Падобны вынік узнік, думаю, і таму, што вельмі традыцыйна пастаўлены спектакль у выкананні айчынных спевакоў трымаецца на дакладных акцёрскіх работах і тонкім псіхалагізме. Уладзімір Пятроў і Уладзімір Громаў — амаль ідэальныя Анегіны. З іх арыстакратызмам, хандрой, пагардай да правінцыйнасці мыслення і стылю жыцця. Таццяны Алены Золавай і Анастасіі Масквіной розныя і адна за адну лепшыя. Ленскі Юрыя Гарадзецкага наогул па-за ўсялякай канкурэнцыяй! Выразней за яго ў бліжэйшыя дзесяць гадоў ніхто не спяе і не сыграе. Вядома, лепей не параўноўваць «нашых» і «не нашых», але што зробіш, калі паралелі напрошваюцца самі?

Будзе багацець Усходам?..

«Князь Ігар», паказаны ў межах форуму, пакінуў больш моцнае ўражанне. Ён пастаўлены ў Мінску Юрыем Аляксандравым, адным з найбольш яркіх і парадаксальных расійскіх рэжысёраў, даўно, ажно ў 1996-м. Перад форумам была паказана новая рэдакцыя оперы Барадзіна. Гэтай справай займаўся сам Аляксандраў, сцэнаграфія і большасць касцюмаў засталіся тымі самымі, іх толькі крыху асвяжылі.

Калі сярод запрошаных салістаў «Анегіна» пераважалі піцерцы, дык у «Ігару» — масквічы. Юрый Нячаеў, які спяваў князя, мінскаму слухачу знаёмы — запомніўся прыгожым барытонам на заключным гала аднаго з мінулых форумаў. Больш за 20 гадоў ён працуе ў Вялікім тэатры Расіі. Мае велізарны рэпертуар, агромністы паслужны спіс. Але ў «Князю Ігару» Нячаеў пакінуў супярэчлівае ўражанне. Ёсць эпізоды, у якіх ён выразны, напрыклад, пачатковыя, калі войска збіраецца ў паход, ці псіхалагічна абгрунтаваны фінал, калі князь, а цяпер жабрак, вяртаецца на радзіму. Разгорнутая арыя ў палавецкім стане праспявана пісьменна, але ў паводзінах артыста хапае сцэнічных штампаў. (Станіслаў Трыфанаў, які выконвае Ігара ў нас, умее трансліраваць эмацыйны стан князя. Ягоны персанаж проста слухае Канчака, а ты адчуваеш, што робіцца ў душы героя.)

Зрэшты, разбурыць давер да сцэнічнай верагоднасці лёгка. І тут узнікае пытанне да мастака па касцюмах. Атласныя кашулі князя Ігара і яго сына (сцэна ў палавецкім стане) выклікаюць іранічны смех. У ХІ стагоддзі такія тканіны мо і не вырабляліся. Таму бацька і сын выглядаюць нібы артысты сучаснага ансамбля песні і танца, якія чамусьці цішком збеглі сюды са свайго канцэрта. Вядома, можна слухаць, заплюшчыўшы вочы, але навошта тады ісці ў тэатр?

Абаяльнасць і непасрэднасць паводзін Уладзіміра Ігаравіча (Эдуард Мартынюк) прымушала забыць пра недарэчнасць візуальнага аблічча. З самім князем Ігарам больш складана, бо кашулька «ўдала» абмалёўвала «піўны» жывоцік. Магчыма, гэта адна з праяў свядомай дэгераізацыі вобраза? Бо ўсхваленне князя ў нечым і надакучыла за дзесяцігоддзі пафасных пастановак. Такая прыхаваная мэта магла быць у рэжысёра і выканаўцы.

Два моцныя і экспрэсіўныя вобразы паўстаюць у «рускай» частцы пастаноўкі: Яраслаўна (Ніна Шарубіна) і князь Галіцкі (Андрэй Валенцій). Сястра і брат, але адначасова антаганісты паводле маральных прынцыпаў. Асаблівасцям драматычнага сапрана Шарубінай надзіва ўдала пасуе партыя Яраслаўны. Адпавядае насычанасцю і экспрэсіяй эмоцый, уменнем маляваць партрэт буйным штрыхом. Артыстка дакладная і пераканаўчая ў кожным эпізодзе — з мужам, братам, нянькай, баярамі. Салістка існуе ў прасторы спектакля, ні на хвіліну не выходзячы з вобраза. Невыпадкова ў мінскім «Ігару» галоўным пазітыўным героем аказваецца зусім не князь, а менавіта яна, жанчына, Яраслаўна!

Гэтак жа паглыблены Андрэй Валенцій у вобраз і стан Галіцкага. Віртуозная праца! Сапраўдная асалода — сачыць за кожнай хвілінай знаходжання героя на сцэне. Ён прыцягвае ўвагу ў першых эпізодах, далей да партрэта дадаюцца новыя фарбы. Каварны, нахабны, разбэшчаны. Пазбаўлены маральных прынцыпаў. Для яго ўлада — сродак жыць без клопатаў і турбот. Магчымасць зневажаць, правакаваць у свайго атачэння нізкія пачуцці і ўчынкі. Гэты Галіцкі страшны, злавесны, але не плакат і схема — жывы чалавек.

Хан Канчак у інтэрпрэтацыі Міхаіла Казакова асабіста для мяне стаўся адным з найбольш яркіх уражанняў форуму. Неверагодна прыгожы і насычаны бас, яркі і густы ніжні рэгістр. Усе ноты і словы спяваюцца дакладна, фанетыка бездакорная. Але і візуальна, рухам, жэстам артыст пераконвае! Казакоў маляваў не старога, стомленага жыццём і ваеннымі паходамі, а досыць маладога хана (не істотна, што дачка дарослая, на Усходзе ўсё раней!). Гэты Канчак высокі, хударлявы, як ганчак. У ім увесь час адчуваеш усходнюю хітрасць і прыхаваную прыродную моц.

Спявак нарадзіўся ва Ульянаўскай вобласці, скончыў Казанскую «консу» (што значыць — быць блізка ад героя!). Два дзесяцігоддзі саліст маскоўскага Вялікага тэатра. Мае агромністы рэпертуар. Спявае на самых прэстыжных сцэнах свету: Амстэрдам, Афіны, Вашынгтон, Вена, Гётэборг, Дрэздэн, Манрэаль, Парыж, Страсбург, Тэль-Авіў. Артыстаў такога кшталту можна запрашаць да нас на любыя басовыя партыі.

І апошняя думка, якая датычыць спектакля. Новы беларускі «Князь Ігар» пераконвае: у відавочным ваенным і прыхаваным каштоўнасным паядынку (Русь — полаўцы, ідэалы хрысціянскай культуры — язычніцтва) перамагаюць зусім не прадстаўнікі ўласна рускага этнасу. Непрадуманы ваенны паход спараджае велізарныя ахвяры, суцэльны п’яны разгул — як працяглы фізічны стан, як мэта і сродак баўлення вольнага часу (разгорнутая сцэна ў пакоях Галіцкага паўстае актуальнай, нібыта ўчора Барадзіным напісана!). У рэшце рэшт вымалёўваецца не надта прывабная карціна «рускага характару», якая тлумачыць многія пазнейшыя падзеі і з’явы расійскай гісторыі. Рускія князі не могуць дамовіцца, а полаўцы згуртаваныя вакол хана і таму — магутная сіла. Вядомы сказ пра тое, што магутнасць Расіі будзе прырастаць дзякуючы Сібіры, можна перафразіраваць наступным чынам: дзякуючы паўднёвым народам, традыцыям усходняй культуры (як высвятляецца, больш яркай, маляўнічай і трывалай). Тэма, вельмі актуальная ў цяперашніх рэаліях!

Ідэальнай адпаведнасці складнікаў «Ігара» — аркестр, салісты, балет, магутныя харавыя сцэны (опера Барадзіна перадусім харавая!) — шмат у чым спрыялі майстэрства, густ і дасведчанасць дырыжора Паўла Сарокіна. Міжволі ганарышся, што такія асобы трапляюць на наш форум! Сын вядомых салістаў Вялікага тэатра — спявачкі Тамары Сарокінай і танцоўшчыка Шаміля Ягудзіна. Стажыраваўся ў Парыжскай кансерваторыі, пазней у Бостане (у тым ліку ў Леанарда Бернстайна). Быў асістэнтам Мсціслава Растраповіча, калі той ставіў у Вялікім тэатры «Хаваншчыну». Апошнія пяць гадоў запрошаны дырыжор Ковент-Гардэна. Што тут можна дадаць? Толькі авацыі…

Рыхард Вагнер… прадстаўляе

Спектакль «Зігфрыд», паказаны Сафійскай операй, — з’ява, каштоўная па многіх прычынах. У далёкім 1977-м нямецкі рэжысёр Карл-Хайнц Фіртэль увасобіў у Мінску оперу «Лаэнгрын». У 2010-м на афішы нашага тэатра з’явіўся балет «Трыстан і Ізольда», пастаўлены на музыку славутага немца. З оперным стылем Вагнера, яго паэтыкай і эстэтыкай мы знаёмыя завочна або прыблізна, хоць асобныя творы ці фрагменты з опер зрэдку гучаць у філармоніі.

Пастаноўка «Кальца нібелунга» ў Мінску наўрад ці будзе ажыццёўленая. Думаю, пакуль не дараслі, а мо і вялікай патрэбы няма? Бо неабходна мець велізарныя сродкі. Мець менавіта вагнераўскіх вакалістаў, здатных вытрымаць шматгадзінныя спевы. А галоўнае, патрэбен глядач, гатовы чатыры вечары слухаць тэтралогію. У Сафіі, заўважым, усё «Кальцо» выконваецца, як і ў Марыінцы. Дарэчы, вясной наша опера ўвасобіць «Лятучага галандца». Твор не ўваходзіць у тэтралогію, але прэм’ера — знак пашаны кампазітару, чый 200-гадовы юбілей (гэтак сама, як і 200-годдзе Джузэпе Вердзі, ягонага саперніка і антаганіста) сёлета адзначае ўвесь свет.

Такім чынам, «Зігфрыд». У Мінск прыехалі аркестр, дырыжор, салісты, тэхнічныя службы. Шчасце, што Вагнер не надта любіў хары і яго оперы не перанаселеныя! Дарэчы, усе гастрольныя выдаткі балгарскіх гасцей аплачвалі гаспадары форуму. «Зігфрыд» увасоблены нядаўна, у 2011-м. Рэжысёр Пламен Карталаў (ён і дырэктар тэатра), мастак Мікалай Панаётаў, дырыжор Эрых Вехтэр (прадстаўнік Германіі лепей за іншых адчуе стылістыку Вагнера).

Што ўразіла? Сучаснасць і абагульненасць рэжысёрскай трактоўкі. Адсутнасць архаікі ў сцэнаграфіі. Ніякіх шкур, шлемаў, праз якія можна выяўляць прыкметы старадаўнасці. Дугі на працягу трох дзей набываюць розную канфігурацыю, іх можна ўспрымаць як касмічны пейзаж, як спадарожнікі Сатурна, часткі запаветнага кальца.

Не менш узрушыла трываласць спевакоў, якія не сыходзілі са сцэны цягам некалькіх гадзін. Неаднойчы чула: з тэнарамі трэба асцярожна! Божа барані іх перагружаць! Паслухаўшы «Зігфрыда», з такіх высноў пачынаеш смяяцца. Вядома, балгарская вакальная школа заўжды высока каціравалася і лічылася моцнай. Але сафійскія спевакі пераўзыходзяць усе магчымыя ўяўленні! Яны пяюць і адначасова куляюцца, бегаюць, лазяць па адмысловым збудаванні, якое ўспрымаецца як лес, пячора ці ліяны.

Нястомныя і дынамічныя і Зігфрыд (тэнар Кастадзін Андрэеў), і ягонае атачэнне. Карлік Міме (характарны тэнар Красімір Дзінеў), Альберых, яшчэ адзін карлік і сваяк Міме (барытон Бісер Георгіеў), Вандроўнік і Вотан (бас Мікалай Пятроў). Дасціпна вырашаны сцэны, звязаныя з Лясной птушкай (спявачка Мілена Гюрава мае і балетную адукацыю). Таму птушка — гэта акрабатка, якая з дапамогай цыркавой трапецыі лёгка лунае ў прасторы. Менш цікавая Брунгільда, дзеля якой Зігфрыд і ажыццяўляў подзвігі. Баясгалан Дашням, манголка па нараджэнні, мае балгарскую вакальную адукацыю. У сэнсе спеваў усё «о.к.». Але міфічную гераіню ўяўляеш больш незвычайнай. І... рамантычна-танклявай.

«Зігфрыд» разгортваецца няспешна. У 1-й дзеі думаеш: навошта так доўга?! Хіба нельга карацей? У 2-й нарэшце трапляеш у свет вагнераўскіх герояў і атрымліваеш каласальнае задавальненне. Але пяцігадзінны спектакль вытрымае не кожны меламан. Першы раз бачыла, каб гледачы сыходзілі не ў антракце, а ў сярэдзіне другой ці трэцяй дзеі. Прычына банальная: не ў цэнтры, а на ўскраінах горада пасля 12 ночы грамадскага транспарту няма. Толькі таксі. Калі спектакль маштабны, магчыма, варта пачынаць яго на гадзіну раней, як некалі рабіў Музычны тэатр па суботах і нядзелях?

Competizione dell’Opera. Беларуская версія

Міжнародны вакальны конкурс Competizione dell’Opera, які збірае выканаўцаў італьянскай оперы, зрабіўся «разынкай» апошняга форуму. Ён заснаваны ў 1996-м у Германіі, у 2011-м паўфінал і фінал спаборніцтва адбываліся ў маскоўскім Вялікім тэатры. Там і пазнаёміліся дырэктар конкурсу прафесар Ханс-Іахім Фрай і генеральны дырэктар нашага тэатра Уладзімір Грыдзюшка. Апошні і прапанаваў наступны конкурс правесці ў Мінску.

Што папярэднічала фіналу, які мы пабачылі? Праслухоўванні спевакоў (іх было 150, ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў) прайшлі ў Вене, Дрэздэне, Сочы, Маскве і Мінску. У выніку да нас прыехала толькі 60 вакалістаў. З беларусаў сіта адбору адолелі Анатоль Сіўко і Ілья Сільчукоў. Майстэрства фіналістаў ацэньвалі кіраўнікі буйных тэатраў свету, імпрэсарыа і славутыя выканаўцы. У журы прадстаўлены Заходняя Еўропа (Германія, Англія, Аўстрыя), Польшча, Грузія, Украіна, краіны Балтыі, Узбекістан. З беларусаў — Ніна Шарубіна і Сяргей Франкоўскі. Калі ў Мінску збіраюцца спецыялісты такога ўзроўню, важна, што яны прысутнічаюць і на ўсіх іншых акцыях форуму. У выніку атрымалася вялікая міжнародная оперная біржа.

Эмацыйнае напружанне і інтрыгу (хто пройдзе ў фінал? ці трапяць нашы? хто стане пераможцам?) падагравалі прыстойныя прэміі: першая — больш за 9 тысяч еўра, другая — 5, трэцяя — 2,5. Два туры закрытыя. У фінале, што выконваўся на публіцы, вакалісты, якіх засталося 15, спявалі ў суправаджэнні аркестра, за пультам стаяў іспанскі дырыжор Даніэль Мантанэ. Выбар пераможцаў, як заўважыў прафесар Фрай, грунтаваўся на пяці крытэрыях: галасавы матэрыял, тэхнічны бок, музыкальнасць спевака, асабістыя якасці і, нарэшце, форма выступлення.

Чым прывабіў фінал? У яго трапілі сапраўды яркія, выразныя, таленавітыя. Як заўжды, дамінавалі жанчыны, мужчын было менш. Шмат сапрана, мала мецца, ніводнага тэнара. Рэпертуар адмысловы, амаль не трапляліся «хіты» і шлягеры. Гучала тое, што рэдка выконваецца: «Лючыя дзі Ламермур», «Адрыена Лякуўрэр», «Валі», «Фаварытка», «Эрнані». Не толькі Вердзі, Расіні і Масканьі, як уяўлялася, але і Даніцэці, Каталані, Моцарт.

Агучаныя вынікі... крыху расчаравалі. І мяне, і многіх. Хоць падчас апошняга туру і да афіцыйнай заявы журы мне ўдалося адгадаць двух з трох. Пераможцам Competizione dell’Opera стаўся Рахім Мірзакамалаў з Узбекістана. Не маю нічога супраць: цікавы барытон, «сабраны», роўны і насычаны гук. Праўда, тры разы за два дні слухаць сцэну смерці Радрыга з «Дон Карласа» — гэта ўжо занадта. На гала-канцэрце можна было праспяваць і штось іншае, не адзін жа Радрыга ў рэпертуары! З вакалам усё як мае быць, але харызмы і разняволенасці пакуль не стае. І гала-канцэрт тое пацвердзіў. Аюна Базаргуруева (Расійская Федэрацыя) з яе арыгінальным рэпертуарам і моцным сапрана аказалася трэцяй.

Найбольш адметнай сярод пераможцаў падалася ўкраінка Дар’я Князева (другая прэмія). Калі многія канкурсанты выглядалі юнымі асобамі, у якіх замала жыццёвага вопыту, дык тут на сцэну выйшла сталая і абаяльная жанчына. Вельмі прыгожае мецца, адметны тэмбр, насычанасць розных рэгістраў. Невыпадкова Князева сабрала самы ўнушальны букет спецпрызоў — запрашэнні ў Ташкент і нямецкі Эрфурт (там яна 10 разоў праспявае Эбалі ў «Дон Карласе»). Расіянка Карына Керунц атрымала запрашэнні ў Латвію і ў Аўстрыю. Адзначаны яшчэ дзве прадстаўніцы расійскай школы: Любоў Сітнік паедзе ў Сафію, а Настассю Кікот убачым у Мінску. Нашага Сільчукова чакаюць у эстонскай оперы. Бас-барытон Анатоль Сіўко, здавалася б, не атрымаў афіцыйнага прызнання, але Роберт Гілдэр, дырэктар міжнароднага прадзюсарскага цэнтра, запрасіў яго ў Лондан.

Вядома, шкада, што такая дзівосная птушка, як конкурс выканаўцаў італьянскай оперы, заляцела да нас толькі аднойчы. У 2013-м паўфінал і фінал будуць ладзіцца ў аўстрыйскім Лінцы. Але тая акалічнасць, што конкурс усё-такі завітаў у Мінск у мінулым снежні, дапаможа нам хутчэй зрабіцца часткай сусветнага вакальнага працэсу.

Вакальная феерыя

«Хм, гала-канцэрт?.. — прамовіць скептык. — Хіба тут ёсць канцэптуальны пачатак?» Мо і няма, але гала дае панараму, зрэз таго, што робіцца ў свеце высокай оперы. У дадатак, калі ў зале кіраўнікі розных оперных тэатраў, а на сцэне знакамітыя вакалісты з 12 краін, разумееш, што прысутнічаеш на маштабнай мастацкай акцыі.

Нечаканым адкрыццём — пра яго ў кулуарах казалі ўжо на пачатку форуму — стаўся контртэнар Арцём Круцько. Спявае ў Чэлябінску, запрошаны саліст Марыінкі. Унікальны голас у тры актавы, выступае ў барочных операх. Публіка ад яго проста вар’яцела! Ад нечаканасці тэмбру, немагчыма высокіх нот, арыгінальнасці рэпертуару (рэдка выконваемыя Гендэль, Глюк, дый Глінка таксама).

Нашых аказалася няшмат, але ўсе як на падбор — моцныя па галасах, надзіва эфектныя. Уладзімір Пятроў, Анастасія Масквіна, Сяргей Франкоўскі. Акрамя іх — Юрый Гарадзецкі, які рамансам Немарына і голасам найчысцейшай красы проста загіпнатызаваў публіку. Прымусіў думаць: ніхто не здольны спяваць пяшчотней, чым тэнары, няма оперы больш прачулай, чым «Любоўны напой» Даніцэці. Спевы прыгажуні Аксаны Якушэвіч штораз пераконваюць: яе талент разгортваецца, набывае новыя фарбы, а сама артыстка мае моцны сцэнічны тэмперамент.

Надзвычай цікава было паслухаць «трэнераў, якія самі гуляюць», інакш кажучы — членаў журы. Маўляў, а суддзі хто?! Але ўзровень іх вакалу і надзвычайнай спеўнай культуры пацвярджаў іх права вырашаць лёсы маладых спевакоў. Ну дзе яшчэ можна пачуць «ужывую» Тэймураза Гугушвілі, «залатога тэнара Грузіі»? Разгорнутая арыя Каварадосі з 1-й дзеі была праспяваная ім так, што зала рашуча патрабавала бісіраваць. Але і пасля гэтага голас немаладога вакаліста заставаўся такім жа свежым і насычаным.

Да Міхаіла Рысава як сябра журы стаўленне асаблівае. Ён «наш», тут скончыў кансерваторыю, шэсць гадоў спяваў у беларускай оперы (памятаю яго Ваўка са спектакля «Воўк і сямёра казлянят»). Рысаў зрабіў міжнародную кар’еру, запатрабаваны па ўсім свеце. Цяпер прадстаўляе Італію. І хоць мае салідны ўзрост, здолеў захаваць голас. Яго бас па-ранейшаму насычаны, багаты на вакальныя фарбы і эмацыйныя адценні. Курт Рыдл, саліст оперы з Аўстрыі, выконваў «Блыху» Мусаргскага. Уявіце, вывучыў на рускай мове! Зала арыстакратычна апранутых людзей проста згіналася ад нястрымнага рогату. Атрымалася неверагодна смешна. Адначасова гэта і падказка: на святочных імпрэзах патрэбна не толькі экспрэсія драмы. Публіка прагне зіхатлівай радасці, ёй заўжды не стае гумару і сатырычных фарбаў.

А што ў снежні 2013-га?

Свята оперы адбылося. Разнастайнае, эксклюзіўнае, шмат у чым феерычнае. Невыпадкова яно ладзіцца напярэдадні Калядаў і Новага года, якія тояць у сабе прадчуванне нечаканых адкрыццяў. У зале, сярод элітарнай і пазітыўна настроенай публікі, неаднойчы ўзнікала адчуванне, што жывеш нават не ў заможнай, а ў надзвычай багатай краіне (у бедных оперныя фестывалі не ладзяць і спевакоў з усяго свету не запрашаюць!). Кожны фестывальны дзень прыносіў не толькі знаёмствы, новыя ўражанні, але і пачуццё гармоніі з велізарным светам музыкі.

Пажаданні для форуму наступнага? Няшмат, але ёсць. Паколькі на ІV Калядным, на жаль, не будзе конкурсу спевакоў, значыць, лягчэйшым акажацца вырашэнне фінансавых пытанняў. Дык можа ўсё-такі мае сэнс уключыць у фестывальную афішу не адну, а хоць бы дзве гастрольныя оперы? Няхай не перанаселеныя. Магчыма, спектаклі, якія ідуць у Мінску, каб не прывозіць аркестр з іншай краіны.

Калі ў нашых пастаноўках спяваюць зоркі — гэта цікава шырокай публіцы. Але якім бы выдатным ні быў асобны саліст, ён не ў стане змяніць агульную канцэпцыю спектакля ці моцна паўплываць на яе. Артыст — частка і фрагмент відовішча. Уяўленне пра найноўшыя тэндэнцыі оперы, рэжысёрскія інтэрпрэтацыі даюць толькі поўнамаштабныя пастаноўкі. І тут самае каштоўнае — свежыя назвы, спектаклі, якія ніколі ў нас не ставіліся. Музыка, якую ніколі не чуў беларускі слухач. Кожны Мінскі оперны фэст прымушае з нецярпеннем чакаць наступнага. Гадаць і думаць: якія новыя спектаклі пакажуць, якіх зорак пачуем? Літаральна праз паўгода будзем ведаць.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі
 
 
Падзяліцца

Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:

Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by

Новы нумар

АРХІЎ
часопіса "Мастацтва"

АЎТАРЫ
часопіса "Мастацтва"

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2013-2024 «Мастацтва». Зроблена ў «Вэбпрофі»