Заснавальнік - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Выдаецца са студзеня 1983 года
Галіна Адамовіч
Пра дакументалістыку і самакатаванне
СяргейЧэкерэс
Персанаж свайго тэатра
Стымулы для «зорак»
Беларускае біенале жывапісу, графікі і скульптуры
У горне высокіх страсцей
ІІІ Мінскі міжнародны калядны оперны форум
Досвед эмацыйнага пагружэння
Кінамедытацыі Шарунаса Бартаса
Піктарыялізм Яна Булгака
Вопыт патрыятычнай фотаграфікі
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by
               

   
/i/content/pi/mast/65/1113/30.jpg
 
Фармат імпрэзы «Тастамент» было незвычайным не толькі напачатку.

Фармат імпрэзы для Саюза мастакоў атрымаўся ўнікальным: на першыя сем дзён партал kyky.org запланаваў паралельную праграму, у якую ўвайшлі лекцыі экспертаў, майстар-класы, выступы музыкаў і экскурсіі. Але біенале "Тастамент" было незвычайным не толькі напачатку.

Экспазіцыя, што паўстала ў выніку, была пісьменна выбудавана ў прасторы залы і актыўна з ёй суадносілася: акцэнты вызначыліся і ў шэрагу традыцыйна развешаных на сценах карцін, і з дапамогай аб’ёмных структур — інсталяцый, гукавых уздзеянняў, і шляхам агалення працэсу стварэння работ (праўда, не праз структуру самога твора, а спосабам перамяшчэння з майстэрні ў экспазіцыю фрагментаў рабочага стала). Наўмыснае змяшэнне твораў розных відаў мастацтва (падобнага кшталту групавыя выставы саюза заўсёды дзяліліся на зоны графікі, жывапісу і ДПМ) прыўнесла здаровы творчы драйв, дазволіла тонка правесці гледача праз увесь праект, каб той змог няспешна ацаніць кожны экспанат. А ў прафесіяналаў знікла нагода сумна наракаць на заштампаванасць і неканцэптуальнасць групавых выстаў саюза.

Біенале прысвячалася памяці выдатнага творцы, былога намесніка старшыні Саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці Сержука Цімохава. Сёння выставамі саюза займаецца Леанід Хобатаў. Паводле яго задумы, ІІІ біенале, што працягвала пачынанне Цімохава, павінна было ператварыцца ў эксперыментальную форму адкрытай мастацкай лабараторыі, а залы Палаца мусілі зрабіцца вялікай майстэрняй, дзе б аўтары ўвасаблялі свае арт-аб’екты і рыхтавалі творы для экспазіцыі непасрэдна на вачах наведнікаў. Такім чынам рэчы, зазвычай прыхаваныя, становяцца галоўным візуальным атракцыёнам, у якім адбываецца непасрэдная размова з мастаком. «Такая форма арганізацыі выставачнага праекта дазволіць творцам папрацаваць з рэальнай прасторай і яе маштабамі, а таксама будзе садзейнічаць выбудове новых прынцыпаў стасункаў з калегамі і айчыннай публікай», — мяркуе куратар.

Па словах Леаніда Хобатава, гэтае мерапрыемства — не шараговы выставачны праект, а творчая акцыя, якая мае на ўвазе далейшы выхад беларускіх мастакоў на еўрапейскую і сусветную мастацкую арэну дзеля атрымання магчымасці прадстаўляць Беларусь на міжнародных выставах, конкурсах, пленэрах і ў іншых праектах.

Тым не менш да экспазіцыянераў засталіся пытанні, і каб зразумець сур’ёзнасць намераў і падставы для перамен, я сустрэлася з арганізатарам біенале і намеснікам старшыні Саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці Леанідам Хобатавым.

За вамі замацавалася ўстойлівая слава экспазіцыянера: калі на выставе трэба было прыгожа, выразна і пісьменна развесіць карціны, клікалі вас...

— Дык жа прафесія такая існуе. Буйныя музеі свету маюць сваіх уласных адмыслова падрыхтаваных спецыялістаў.

Безумоўна, аднак на гэты раз у сценах Палаца адбывалася прынцыповая праца з прасторай, пашыраны формы прэзентацыі, знайшлося месца для інсталяцый, для стэндаў, дзе былі прадстаўлены фрагменты рабочага працэсу. То-бок адразу відаць, што перад мастакамі былі пастаўлены іншыя задачы, чым простая дэманстрацыя гатовых работ. З якой прычыны вырашылі памяняць фармат?

— Формы прэзентацыі мастацкіх твораў, што некалі некім былі прапанаваны і існавалі доўгі час, сёння сябе зжылі, патрэбна абнаўленне, каб ажывіць успрыманне публікі, зламаць стэрэатыпы ў арганізацыі выстаў і змяніць стаўленне мастака. Мы робім усё дзеля таго, каб з’явілася пэўная актыўнасць. І між іншым, як толькі пачынаем разважаць пра нешта новае ў сферы арганізацыі экспазіцый, адразу нараджаецца пытанне прасторы: як выбудаваць яе не толькі прафесійна, але каб узнікла нейкая інтрыга. Мы хочам памяняць стаўленне гледача да мастака, бо ёсць дыстанцыя паміж элітарным творцам і скептычна настроеным наведнікам, што не заўсёды з разуменнем успрымае карціны мэтра. У нашым праекце мастак ідзе насустрач гледачу: раскрывае працэс, адчыняе сваю «кухню», нібы паказваючы зваротны бок палатна. Гэта таксама частка культуры, да якой была і застаецца цікавасць. Лабараторыю, арганізаваную намі падчас першага тыдня працы біенале, глядач, высвятляецца, даўно чакаў. Аднак для некаторых яна аказалася сюрпрызам: не кожны быў гатовы прыйсці і не ўбачыць таго парадку, той формы арганізацыі выставы, да якіх прывык. Экспазіцыя прадугледжвае пэўную культуру падачы, а тут было зашмат усяго незавершанага — свабоднага, незалежнага. Але пры гэтым прысутнічалі самі ўдзельнікі, аўтары, якія звычайна застаюцца за кадрам. Думаю, гледачу было цікава сустрэцца з мастаком у такіх нязвыклых 
варунках.

Час патрабуе новых форм, і мы павінны прыслухоўвацца да яго рытму. Актуальнымі застаюцца і пытанні стымулаў. У нас доўга адсутнічалі конкурсы, рэйтынгі. Даволі складана вызначыць першую асобу, самага заўважнага на сённяшні дзень мастака. Мы, напрыклад, не валодаем такой інфармацыяй, не запальваем зоркі: саромеемся гэтага працэсу.

Талентаў сапраўды шмат, а дзеля з’яўлення зорак трэба працаваць. Я, відаць, не пагаджуся з тым, што глядач не гатовы да нейкіх новых форм. Згадайце: калі ў Палацы мастацтва праходзіў фестываль «Дах» з яго плённым трэшам і творчым хаосам, наведнікі хадзілі натоўпамі і залы фактычна ніколі не пуставалі — ні на адкрыцці, ні на суправаджальных мерапрыемствах...

— Так, і на нашым біенале народу было як ніколі шмат. На адкрыцці — нібы ў метро ў гадзіну пік. Было і другое адкрыццё — афіцыйнае, да якога мы ўжо закончылі рыхтаваць экспазіцыю. Зрабілі яе прадуманай, прафесійна выбудавалі прастору, якая, аднак, ажывілася, стала іншай. З’явіліся новыя кропкі адліку, аб’екты, у паветры завісла карціна.

На чым грунтуюцца вашы прынцыпы працы мастака-
экспазіцыянера, аўтара канцэпцыі? Аснова экспазіцыі — 
гэта што?

— Гэта вельмі складаная і вялікая тэма. Трэба ўлічваць і маштаб прасторы, каларыстыку, кантрасты... Самі карціны ўдзельнічаюць у працэсе, у іх нешта выяўлена, кожная з іх мае сваю ўласную прастору, яна працуе на агульную, тую, у якой карціна знаходзіцца. Трэба ўлічваць яшчэ і чалавека, гледача, яго рух, перамяшчэнне. Таму і ўзнікае патрабаванне — прафесійна вырашыць гэтую прастору. Для мяне падрыхтоўка і арганізацыя выставы — складаная інтэлектуальная праца. Згадаю Руслана Вашкевіча, які натхніў мяне на многія рэчы. Новая генерацыя размаўляе зусім па-іншаму, яна развіталася з акадэмізмам — і ўсё гэта ўплывае на форму выказвання. Я вельмі ўважліва да іх прыслухоўваюся, бо важна паважаць гэта пакаленне, іх пошук і прыглядацца да таго, што яны прапануюць. Нават калі ідэя падаецца на першы погляд вар’яцкай, пасля разумееш: яна апярэджвае час і з ёй можна працаваць, рабіць сур’ёзныя выставы. Толькі так можна рухацца і дасягаць еўрапейскага ўзроўню. Мы ж не маргіналы. У сённяшнім свеце шмат якія рэчы залежаць ад стаўлення да сябе.

Ад імпэту, амбіцый. Руслану Вашкевічу, падобна на тое, была дадзена свабода дзеяння, і ён зрабіў інсталяцыю, якая стала адной з дамінант экспазіцыі. Больш маладое і радыкальнае пакаленне па-іншаму працуе з прасторай. Выстава на заводзе «Гарызонт», калі мастакі паспрабавалі ўпісаць свае творы ў брутальнае індустрыяльнае асяроддзе, таму прыклад.

— Аб’екты прысутнічалі і на нашым біенале ў Палацы мастацтва. Быў сумесны праект «Лісты з нябёсаў», прысвечаны Сержуку Цімохаву, які падрыхтавалі Уладзімір Савіч, Рыгор Сітніца і я, на першым паверсе была размешчана інсталяцыя з нарэзаных палос паперы — з-пад іх ішоў гук скрыпення снегу пад нагамі.

Што да маладых, дык я заўсёды быў зацікаўлены ў тым, каб яны займалі сваё месца на выставах у нашых залах. Маюць магчымасць паказваць усё. І паказвалі.

І дзе праходзіць мяжа радыкалізму?

— Ужо не прыгадаю, якая гэта была выстава, але на ёй Антаніна Слабодчыкава вырашыла напісаць непрыстойнае слова — проста на сцяне. Гэта, безумоўна, вандалізм. (Маецца на ўвазе фраза «Не пытайтесь на…ть вечность» з яе работы на выставе «Чэнта». — Рэд.) З нецэнзурным словам Саюз мастакоў мо і змірыўся б, але ж нашы выставы наведвае шмат дзяцей, з імі настаўнікі, якія і без гэтага адносяцца да мастакоў насцярожана... Саюз стварае ўмовы для таго, каб выстаўляліся ўсе, але маладым выгодна быць у апазіцыі, яны самі ўсяляк падтрымліваюць сваё апазіцыйнае становішча. І я такое праходзіў, меркаваў: раз я супрацьпастаўляю сябе афіцыйнай плыні, значыць — мыслю прагрэсіўна. Такія ўстаноўкі насамрэч стымулююць творчую дзейнасць. Закіпае кроў у маладых мастакоў толькі ад таго, што яны знайшлі прадмет супраціўлення. Скандальная сітуацыя працуе на творцу, на яго імідж, папулярнасць. Хто каму павінен быць удзячны — тое яшчэ пытанне! Але альтэрнатыўнае ў нас не носіць татальнага характару, нячаста сустрэнеш пазіцыю, што нехта, напрыклад, прынцыпова не жадае выстаўляцца ў сценах Палаца. Маладым няпроста знайсці новыя пляцоўкі. Музей сучаснага мастацтва замалы. Адчуў гэта, калі ладзіў там уласную персанальную выставу — не было куды адысці для агляду работ. Музею патрэбна іншае памяшканне — з вялікімі прасторнымі заламі, прыстасаванымі для новага тыпу выстаў. Яго і будаваць не трэба — аддайце мастакам закінутыя вялікія будынкі, яны самі ва ўсім разбяруцца, знойдуць як іх выкарыстаць. Для нас гэта проста скарб. Сёння з’явілася надзея на ўтварэнне новай пляцоўкі, маю на ўвазе Цэнтр сучасных мастацтваў пад кіраўніцтвам Віктара Альшэўскага. Вельмі прыгожая ў яго назва, і я адразу ўнутрана паспадзяваўся, што гэта добра: з’яўляюцца іншыя магчымасці рабіць сур’ёзныя выставы, задзейнічаны сур’ёзныя грошы, дастатковыя, калі пісьменна іх скарыстаць, для ажыўлення мастацкага жыцця ва ўсёй краіне. І трэба думаць, што так і адбудзецца, бо ёсць сродкі. Аднак пасля правядзення І Мінскага трыенале сучаснага мастацтва не ўзнікла адчування маштабу падзеі, не было рэзанансу. Мяркую, што людзям, якія яго арганізоўвалі, не хапіла прафесійнасці. 
Атрымаўся гэткі...

...капуснік?

— Так, штосьці накшталт. Крытыкаваць, безумоўна, лёгка, але ўсім зразумела, што такога роду праекты трэба аддаваць прафесіяналам.

Найвышэйшы пілатаж маштабнага выставачнага праекта — справакаваць мастака на стварэнне новай работы, паспрыяць зменам, руху ў яго творчасці. Ваша біенале ўсё роўна засталося «зборнай салянкай», калі экспазіцыя фарміруецца з твораў, якія мастакі самі выбралі, самі прынеслі, — прычым нейкая работа, можа, проста заляжалася ў чыёйсьці майстэрні. Так, гэта крок наперад — зрабіць экспазіцыю дынамічнай і сучаснай. Але сутнасна яна мала ўплывала на працэс, мала што змяняла. Удзел у біенале мусіць быць прэстыжным — гэты радок у СV мастака падымаў бы яго рэйтынг. І не кожны прэтэндэнт на ўдзел мог бы патрапіць у экспазіцыю з выпадковымі творамі... Я вяду гаворку пра стымулы. Схема простая: удзел у біенале прыносіць творцу сімвалічны капітал, які лёгка трансфармуецца ў рэальны.

— Калі ёсць стымул, то мастакі свет перавернуць. Вось калі б пераможцы нашага мерапрыемства маглі ўдзельнічаць у біенале больш прэстыжным, міжнародным, скажам, у Венецыі… Дарэчы, калі мы выстаўляліся там у 2007 годзе, у наш бок гучала крытыка, ды мы і самі крытычна паставіліся да ўласнага ўдзелу: нельга было рабіць выстаўку жывапісцаў на Венецыянскім біенале. Пакінулі б з усёй экспазіцыі толькі Вашкевіча і Цэслера — сучасны жывапіс і аб’екты, атрымаўся б больш выразны праект.

Але гэта толькі форма ўвасаблення. Яна, напэўна, можа быць рознай. Міжнароднае біенале пачынаецца з канцэпцыі. Ёсць такая — выстаўляйце жывапіс, канцэпцыя ўсё змацуе. Літоўцы зрабілі заўважаны многімі праект з удзелам звычайных жывапісцаў, глядач спрычыняўся да выбару-ратацыі экспазіцыі — і атрымалася вельмі сімптаматычнае адлюстраванне працэсу, інтэрактыўнае ўзаемадзеянне.

— На Венецыянскім форуме наш першы беларускі ўдзел быў заўважаны, верагодна, яшчэ па адной прычыне: у аснове ўсіх біенале ляжыць канцэптуальнасць і лічыцца, што публіцы хочацца нечага пачуццёвага. Аднак усё роўна: чыста жывапіснай канцэпцыі там было няма чаго рабіць, хоць творы жывапісцаў я бачыў — рознага кшталту і ўзроўню. На супрацьпастаўленні праяўляюцца многія рэчы: прымітыў каля генія выйграе і ў такім кантэксце прэтэндуе на новую і абсалютна нечаканую пластыку.

Але ж вернемся да нашых стымулаў: якія захады варта зрабіць, каб біенале прадстаўляла не проста свежыя работы (за два гады, паводле назвы), а стала новым крокам, прарывам, правакацыяй для мастака?.. Гэта ж так натуральна і цікава, калі творца выказваецца на сучасныя тэмы, рэагуе на рэчы, якія хвалююць усіх.

— Мастак не думае пра праблему, а думае пра ўмовы, у якія яго зацягвае сітуацыя. Мы стварылі нейкі фармат — фармат біенале, і ніхто ж творцу не спытаў, падабаецца яму тое ці не. Але гэты новы выставачны фармат адразу стаў больш прэстыжным, чым проста выстава, якая нічога не дае, не вызначае, не выяўляе. Яна пакута і для мастацтвазнаўцы: яе цяжка асэнсоўваць, немагчыма прымяніць да яе сучасныя крытэрыі аналізу. А вось у біенале, якое падагульняе мастакоўскую працу, у якім з’яўляюцца нейкія намінацыі, робяцца відавочнымі суадносіны сіл, любому аўтару становіцца цікава ўдзельнічаць, бо гэта вылучае яго, дае шанц быць адзначаным, заўважаным, прымусіць загаварыць пра сябе калег, прафесійны асяродак. І публіку, дарэчы, таксама, бо ў нашым біенале ёсць прыз глядацкіх сімпатый — не самая нізкая адзнака. Што характэрна: прозвішчы часта супадаюць — адных і тых жа мастакоў выбіраюць і публіка, і прафесіяналы.

То-бок стаць пераможцам біенале — гэта прэстыжна?..

— Безумоўна. На арганізацыю гэтага біенале мне бракавала часу, да таго ж я не меў права вылучаць ідэю, бо яна ўжо была, быў сімвал: Сяржук Цімохаў. Ён распачаў правядзенне біенале, і ўсіх узрушыў яго заўчасны і нечаканы сыход. Тут праявілася чалавечая, мастакоўская салідарнасць, што ўвогуле ў нашым асяроддзі рэдка назіраецца.

Напэўна, ужо сёння варта думаць пра наступнае біенале?

— Так, трэба, каб мастакі наперад ведалі ідэю будучай выставы. Актуальную, сучасную... Калі няма запатрабаванай тэмы, то экспазіцыя не выклікае інтарэсу. А запатрабаванасць (кан’юнктура) выяўляе настроі грамадства, яе трэба знайсці, выцягнуць, зразумець, пра што думаюць людзі... Рызыка не патрапіць, безумоўна, ёсць. Але калі з’яўляецца сапраўды актуальная ідэя, яна становіцца носьбітам энергіі, на яе адзавецца ўсялякі разумны мастак, каб знайсці ўласнае выражэнне ў форме. І тады мастак будзе прынцыповым і цікавым. Таму такая ідэя ўжо сёння павінна ляжаць у кожнага на стале. Далей — маштаб прэзентацыі. Адной залы мала, важна, каб удзельнічалі усе галерэі, якія ёсць у Мінску. Так працэс набудзе значнасць, рух.

Вось такія амбіцыйныя планы. Я разумею, што для пэўнага тыпу творцаў больш звыкла рухацца павольна. Але наперадзе — мара, неўвасобленыя ідэалы. Зазірнуць за небакрай, знайсці новы вобраз, адлюстраваць яго — хіба гэта не стымул? Цудоўны стымул!

Алеся БЕЛЯВЕЦ

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва
Падзяліцца

Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:

Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by

Новы нумар

АРХІЎ
часопіса "Мастацтва"

АЎТАРЫ
часопіса "Мастацтва"

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2013-2024 «Мастацтва». Зроблена ў «Вэбпрофі»