Мы пойдзем разам у музей?..

№ 2 (359) 01.02.2013 - 28.02.2013 г

Гастролі Санкт-Пецярбургскага акадэмічнага тэатра балета імя Леаніда Якабсона

Піцерскія артысты прывезлі ў Мінск дзве праграмы — «Лебядзінае возера» (кананічная харэаграфія Марыуса Пеціпа і Льва Іванова ў рэдакцыі Канстанціна Сяргеева) і два аднаактовыя балеты, «Радэн» (цыкл мініяцюр) і «Клоп».

Апошнім часам колькасць харэаграфічных гастралёраў у Мінску значна павялічылася. Таму ёсць магчымасць параўноўваць не толькі памеры пляцовак, фінансавыя вынікі, але і мастацкую каштоўнасць дзеі. Здавалася б, калі тэатр «дзяржаўны» і «акадэмічны», у дадатак з паўночнай сталіцы Расіі, вядомай моцнымі балетнымі традыцыямі, дык і крытыкаваць яго неяк нязручна.

Якія ж «плюсы»? Найперш павага да спадчыны і здольнасць прэзентаваць яе належным чынам. Што маю на ўвазе? Калектыў пад назвай «Харэаграфічныя мініяцюры» быў заснаваны ў 1969 годзе і стаў першым у Расіі тэатрам, які існаваў асобна ад опернай трупы. З моманту стварэння і да сваёй смерці ў 1975-м трупу ўзначальваў Леанід Якабсон, адзін з найбольш яркіх харэографаў савецкага часу, наватар і шукальнік новых форм і новага зместу. У рэпертуары яго калектыву пераважалі менавіта малыя жанры.

Захаваць у належным стане і прыдатным выглядзе спектаклі, пастаўленыя некалькі дзесяцігоддзяў таму, — дарагога каштуе. У дадатак усе артысты трупы добра падрыхтаваныя, пластычныя, выразныя. На афішы побач з назвай «Клоп» стаіць шмат выдатных прозвішчаў. Балет паводле п’есы Уладзіміра Маякоўскага. Музыка Дзмітрыя Шастаковіча (напісаная ў 1929-м да знакамітага спектакля Усевалада Меерхольда), сцэнаграфія і касцюмы Барыса Месэрэра. Спектакль «Клоп» калектыў пазіцыянаваў як эксперымент: «гэта балет-плакат, балет-памфлет, дзе прыём гратэску з’яўляецца вядучым», — сцвярджалася ў праграмцы.

Адразу хочацца выгукнуць «ура-а!» Але чамусьці не атрымліваецца. Што ў «мінусе»? Мы прызвычаіліся ўспрымаць танец пад жывую музыку, гастралёры ж танцавалі пад запіс, зроблены не лепшым чынам. Досыць рэзкае, механічнае гучанне псавала слыхавое ўражанне.

Далей пра складнікі візуальныя. Цыкл мініяцюр «Радэн» я ўпершыню ўбачыла ў Мінску — страшна сказаць! — 35 гадоў таму. Тады ён рабіў фантастычнае ўражанне — як новае слова ў балеце, што супрацьстаяла кандоваму савецкаму пурытанству і бязмежнаму пафасу. А тут — эратычныя, пачуццёвыя мініяцюры... Сапраўды стваралася ўражанне, нібыта ажываюць славутыя скульптуры Радэна. Тая ж праграма, пабачаная ў Мінску 25 гадоў таму, успрымалася спакайней. А цяпер, прабачце, і наогул пазяхаеш. Хоць не буду крыўдзіць танцораў, усё станцавана як трэба, артысты прыгожыя і выразныя, тэхнічныя і пластычныя.

У балеце «Клоп» паводзіны самога Маякоўскага (Сяргей Давыдаў) успрымаюцца як учынкі... нейкага механічнага чалавека. Яны нараджаюць смех, бо паэт нагадвае або ўдзельніка парада фізкультурнікаў, або салдата, які змяняецца на вахце ля маўзалея Леніна. Прысыпкін (Ілья Осіпаў), герой паэта, хоць часам і выклікае агіду, але непараўнальна больш жывы і непасрэдны. Эфектная, але і крыху вульгарная Эльзевіра Рэнесанс (Вольга Міхайлава). Экстатычна-парадыйнымі паўстаюць яе дуэт з Прысыпкіным і масавая вакханалія на агромністым ложку.

Можна колькі заўгодна шукаць дадатныя якасці. Але... перад намі праявы эстэтыкі, якая, на жаль, даўно адышла. Пасля прэм’еры «Клапа», якая адбылася ў Кіраўскім тэатры ў 1962-м, мінула ажно 50 (!) гадоў. Дарэчы, партыю Паэта там танцаваў славуты Аскольд Макараў, а Зою Бярозкіну — не менш знакамітая Наталля Макарава, якая ў той час яшчэ не зрабілася балетнай эмігранткай. Падумаем, колькі змен адбылося ў балетным тэатры за палову стагоддзя!

Уражанні ад новых спектакляў кожны раз пацвярджаюць даўно вядомую ісціну: тэатр — справа вельмі жорсткая, часам бязлітасная. Нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ваду. Нельга да бясконцасці «тыражаваць» ранейшыя мастацкія заваёвы, якімі б значнымі яны ні ўспрымаліся падчас свайго нараджэння.

Пры канцы дзеі зала нашых надзіва добразычлівых і выхаваных гледачоў радасна ўзнялася і ўзрушана апладзіравала. Як дасціпна заўважыла крытык Таццяна Арлова, за кампанію ўзнімешся, нават калі зусім і не хочацца. Хоць бы таму, што за спінамі нічога не відно. Для тых, хто прыходзіць на спектаклі адзін ці два разы на год, каб адпачыць або ўбачыць знутры будынак Тэатра оперы і балета пасля рэканструкцыі (не ўсе ж яшчэ трапілі!), хто толькі адкрывае для сябе свет балета і згаданых спектакляў не глядзеў, — магчыма, такія гастролі стануць падзеяй. Калі ж ёсць з чым параўноўваць, разумееш, што мастацкіх адкрыццяў тут, на жаль, замала.

Чамусьці замежныя калектывы ахвотна едуць з падобнымі праграмамі да нас, нібыта мы — глыбокая правінцыя, ні пра што не маем уяўлення і кожны раз павінны дэманстраваць бязмежную радасць неафітаў. Хоць бы пацікавіліся, якія спектаклі ідуць у Мінску, якія тут існавалі ці існуюць традыцыі! Тады, магчыма, больш патрабавальна ставіліся б да таго, што паказваць. Пагаджуся: балетны тэатр, які нагадвае музей, — рэч карысная. Ён можа выклікаць цікавасць, але вельмі рэдка — захапленне...

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі