Наперад у мінулае?

№ 2 (359) 01.02.2013 - 28.02.2013 г

Фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску

/i/content/pi/mast/65/1108/12.jpg
"Альбом". Харэограф Аляксей Бусько. "Кіеў мадэрн-балет".
Цяжка паверыць, але факт: IFMC летась адзначыў сваё 25-годдзе. Першы сярод фестываляў падобнага кшталту, ён аж да 1997 года заставаўся адзіным форумам сучаснага танца на тэрыторыі былога Саюза. Па гісторыі віцебскага фэсту можна вывучаць жыццяпіс усёй постсавецкай «іншай харэаграфіі», бо яе галоўныя дзейныя асобы зведалі першае прызнанне і падтрымку менавіта тут. Нягледзячы на значнасць падзеі, апошнім разам важным падалося асэнсаванне перспектыў далейшага развіцця. Як форуму, так і сучаснага танца наогул. Міжнародны конкурс у межах IFMC прадэманстраваў: праблем відавочна пабольшала, а вось з перспектывамі — складана.

Праграма фестывалю 2012 года, у адпаведнасці з яго статусам «юбілейнага», была як ніколі разгорнутай і маштабнай. Ранейшыя прапановы ад арганізатараў фэсту наконт пашырэння ягоных геаграфічных межаў не аказаліся марнымі: выступленні гасцявых калектываў прайшлі ў Бабруйску, Гродне, Маладзечне і завяршыліся фінальным акордам у Нацыянальным тэатры оперы і балета, дзе мінскай публіцы былі прадстаўлены балеты «Дождж» Раду Паклітару («Кіеў мадэрн-балет») і «Мара» Крыстафера Бруса (Нацыянальная танцавальная кампанія Уэльса). Пра міжнародны аўтарытэт фестывалю сведчыў інтэрнацыянальны склад журы на чале з легендарным танцоўшчыкам Уладзімірам Васільевым.

Як заўсёды, моцнымі і ўражальнымі былі гасцявыя паказы, кульмінацыйным сярод якіх па праве можна лічыць танцспектакль «Прысвячэнне вялікаму мастацтву футбола» кампаніі Ё Стромгрэна. Вядомы ва ўсім свеце нарвежскі калектыў не ўпершыню завітаў у Віцебск. У фестывальных колах дагэтуль узгадваюць абсурдысцкі, у духу «тэатра жорсткасці» танцавальна-драматычны спектакль «Шпіталь» Стромгрэна, паказаны на IFMC яшчэ ў 2006 годзе.

Прэм’ерай новага балета парадаваў эстонскі «Fine Five Dance Theatre» (Талін), даўні ўдзельнік фестывалю. Спектакль «Мандала» ў пастаноўцы Рэнэ Номіка і Ційны Олеск уздзейнічаў не адразу, але паступова і вельмі моцна. Мастацкае вырашэнне твора вылучалася строгай, аскетычнай прастатой, дзе не было ні пастановачных эфектаў, ні звыклай наратыўнасці, ні меладраматычных калізій. Дысцыпліна эмоцый, памножаная на геаметрычную логіку ансамблевых кампазіцый, медытатыўную замаруджанасць пластыкі, рытуальную сімволіку мізансцэн выяўляла глыбінную энергетычную плынь дзеяння. Мандала — галоўны візуальны і сэнсавы элемент спектакля — перагукалася з юнгаўскай трактоўкай гэтага архетыпу як сімвала чалавечай дасканаласці, бясконцага пошуку чалавекам уласнай «самасці».

Асобную старонку гасцявых імпрэз склалі выступленні расійскіх калектываў — лідараў першага, «гераічнага» пакалення постсавецкага contemporary dance. І калі пермскі Балет Яўгена Панфілава ўдзельнічае ў IFMC штогод, то легендарныя «Правінцыйныя танцы» Таццяны Баганавай (Екацярынбург) і Чэлябінскі тэатр сучаснага танца пад кіраўніцтвам Вольгі Поны не прыязджалі ў Віцебск амаль дзесяцігоддзе.

Рэдкі для сучаснай харэаграфіі спектакль паводле літаратурнага твора прэзентавала Таццяна Баганава. Балет «Sepia» па матывах аповесці Коба Абэ «Жанчына ў пясках» уяўляе сабой вельмі тонкае, асацыятыўна-метафарычнае спасціжэнне першакрыніцы. Гіпнатычная па атмасферы сцэнічная дзея пазбаўлена лінейнай сюжэтабудовы і пэўных персанажаў. Яе медытатыўнае разгортванне рэзаніруе павольнаму тэмпарытму прозы японскага класіка і апелюе найперш да падсвядомасці гледача. Па сваёй стылістыцы «Sepia» знаходзіцца на памежжы танцтэатра і моднага сёння тэатра візуальнага, у якім чалавек становіцца часткай вельмі маляўнічых, «ажыўшых» карцін (мастак-пастаноўшчык Настасся Сакалова, мастак па святле Ніна Індрыксан). Танец чатырох пар персанажаў адбываецца ў трапяткой залацістай прасторы. Мяккі малюнак падтрымак нагадвае японскія іерогліфы, а пра плынь часу сведчаць струмені пяску. Ён праліваецца сухім дажджом з падвешаных да каласнікоў шкляных колбаў, падобных па форме на жаночыя фігуры ці пясочныя гадзіннікі, і служыць не толькі афармленнем спектакля, але і дыктуе яго рытм, атмасферу, вобразную паэтыку. Пыл, рассыпаны ў паветры, ператварае сцэну ў карціну, намаляваную залацістай сепіяй.

Спектакль Вольгі Поны — зусім іншы. Дыскрэтны тэмпарытм, пабудаваны на чаргаванні інтэнсіўнага руху і статыкі, святла і цемры, музыкі і цішыні, геаметрычна вывераныя мізансцэны, графічныя лініі пластычных малюнкаў цалкам адпавядалі назве пастаноўкі — «Пункціры». Спектакль пазбаўлены прамых аналогій з сучаснасцю, тым не менш харэографу ўдаецца закрануць «болевыя кропкі» менавіта сённяшняга дня. На сцэне пазнаюцца «героі нашага часу». У чорных дзелавых строях, яны рухаюцца энергічна і зладжана, нібы дасканалы механізм. У гэтым манахромным свеце няма індывідуальнасцей, адсутнічаюць эмоцыі, не віруюць жарсці. Яго насяляюць людзі, у якіх атрафавана пачуццё жывога, — офісны планктон. Можна толькі здзіўляцца, як харэограф без выкарыстання лялечных, «робатападобных» жэстаў здолела стварыць вобраз бяздушнага, механічнага свету.

У чарговы раз моцна расчаравала выступленне панфілаўцаў. Прэм’ерны балет «Destino» («Лёс») у пастаноўцы Аляксея Растаргуева меў вельмі аддаленае дачыненне да асобы Яўгена Панфілава, а вось да халтуры і таннай папсы — самае непасрэднае. Вядома, сам балетмайстар дзеля фінансавай падтрымкі трупы поруч з філасофскімі пастаноўкамі ствараў эксцэнтрычна-правакацыйныя відовішчы. Але колькі ў гэтым было фантазіі, творчай вынаходлівасці! Бязмерны талент Панфілава нават такія данс-хіты ўздымаў да ўзроўню мастацтва, чаго не скажаш пра згаданую пастаноўку. На жаль, падобныя камерцыйныя праекты пераважаюць цяпер у рэпертуары тэатра. Са шматаблічнай творчай асобы балетмайстра больш запатрабаваным аказаўся Панфілаў-шоумен, а не мастак-філосаф.

Цэнтральная падзея фестывалю — міжнародны конкурс — выклікала самыя супярэчлівыя ўражанні. Парадаксальна, але нягледзячы на вялікую колькасць удзельнікаў, сярод іх не было лідара, як і работ, якія б узрушылі. Мелі месца творы цікавыя, прафесійна выкананыя, аднак не было Аўтара, які прымусіў бы пра сябе гаварыць, не было Асобы з уласным непаўторным «светам-тэатрам». Тым не менш Гран-пры не застаўся без уладальніка і нават трапіў ва Украіну, а не па традыцыі ў Кітай. Уганараваным творам сталася мініяцюра «Альбом» Аляксея Бусько, саліста «Кіеў мадэрн-балета». Пагаджуся з журы, што гэта быў адзін з яркіх твораў конкурснай праграмы, але ўласцівыя яму шматлікія «паклітарызмы» не дазвалялі ўспрымаць работу як арыгінальную. Яшчэ ў большай ступені гэта тычылася пастановак іншых артыстаў трупы, якія атрымалі пераважную колькасць узнагарод. Тое, што балетмайстар не схільны да аўтадыктату і падштурхоўвае сваіх выхаванцаў да пастановачнай дзейнасці, можна толькі вітаць. Аднак амаль усе творы выглядалі рымэйкамі па матывах балетаў Паклітару, бо яго артысты міжволі перанеслі ў свае пастаноўкі тое, на чым «узраслі».

Яшчэ адна істотная праблема апошніх гадоў — дэвальвацыя сэнсавай напоўненасці сцэнічнага выказвання. Мінуў той час, калі харэографам у ажыццяўленні іх крэатыўных задум перашкаджала тэхнічная непадрыхтаванасць выканаўцаў. Сучасныя танцоўшчыкі ў большасці сваёй прыдатныя для ўвасаблення самых дасканалых «ізмаў». Вось толькі «градус» канцэптуальных пошукаў і глыбіні зместу значна знізіўся. Дэкларатыўны, просталінейны характар пасылу аўтарскай думкі, пазбаўленай развіцця і драматургіі, ці ўвогуле яе адсутнасць сталі агульным мінусам многіх спектакляў. А калі тэмы для размовы і з’яўляліся, то зводзіліся ў асноўным да «кухонных» разборак ці рэфлексій «пра сваё», выяўляючы мелкаводдзе душы. І гэта праблема не IFMC, а адна з характэрных тэндэнцый развіцця постсавецкага сучаснага танца ўвогуле. Танцаваць навучыліся ўсе, а вось думак спарадзілі небагата.

І, бадай, галоўны парадокс: далёка не ўсе конкурсныя работы можна было аднесці да сучаснага танца. Маю на ўвазе не толькі лексіку, а перш за ўсё спосаб мыслення і агульную стылістыку. Вядома, можна лічыць, што ў нашых харэографаў, якія адкрылі для сябе сучасны танец амаль на стагоддзе пазней за калег з Захаду, «свой шлях», але ж ёсць агульнапрынятыя крытэрыі. У наш час так не рухаюцца, не апранаюцца, пад гэткую музыку не танцуюць. Некаторыя творы нядрэнна б выглядалі гадоў трыццаць-сорак і нават болей таму. Так, да часоў харэадрамы адсылала ганараваная Другой прэміяй «Балада пра сябра» Сяргея Кона (Кіеў), пабудаваная на ілюстратыўнай вобразнасці і драматызаванай жэстыкуляцыі. Пад хіт Пелагеі танчылі выканаўцы ў мініяцюры «Матрошка» Дыяны Юрчанка (Віцебск), і гэта пераводзіла аўтарскае выказванне ў эстрадна-папсовы фармат. Згаданы нумар, дарэчы, не выключэнне: многія кампазіцыі конкурсу ідэальна ўпісаліся б у шоу «Танцы з зоркамі». Міжволі прыходзіў на памяць фестываль эстраднага танца «Белы сабака» — тое, з чаго пачаў і што, здавалася б, даўно перарос IFMC.

Што да беларускіх харэографаў, то ў параўнанні з папярэднімі форумамі яны аказаліся «ў мінусе»: у фінал з трынаццаці нумароў трапілі толькі два. Такі вынік не здзіўляе. Новых імёнаў у айчынным contemporary за апошні час не з’явілася, а са старэйшага пакалення даязджаюць да Віцебска не ўсе. Нягледзячы на шматгадовую дзейнасць IFMC, мастацкая прастора для развіцця сучаснага танца ў нас яшчэ не сфарміравалася. Як і на пачатку 1990-х, contemporary dance ў Беларусі прадстаўлены творчасцю энтузіястаў-адзіночак. Прычына такой сітуацыі бачыцца не толькі ў адсутнасці належнага фінансавання, прафесійнай адукацыі ў сферы сучаснага танца, але і ў раз’яднанасці саміх харэографаў, не здатных адстойваць агульныя інтарэсы. На папярэднім фэсце горача абмяркоўвалася ідэя стварэння Асацыяцыі беларускіх калектываў сучаснага танца, якая б магла надаць айчыннаму contemporary dance грамадскі статус. І што? Ды нічога! Пагаварылі і ўсё. Да прыкладу, у Маскве з 1998 года дзейнічае Агенцтва тэатраў танца «Цэх», дзякуючы якому танцуе ўся Расія.

Разам з тым віцебскі фестываль — з’ява, безумоўна, унікальная. І не толькі ў Беларусі і СНД, а і на ўсёй танцавальнай карце свету. Згаданыя ж праблемы сведчаць найперш пра тое, што форум не стаіць на месцы, а жыве, развіваецца. Юбілейны статус дае ў гэтым сэнсе цудоўную нагоду азірнуцца і задумацца, у які бок варта крочыць надалей. 

Святлана УЛАНОЎСКАЯ