Літоўскія скарбы

№ 2 (359) 01.02.2013 - 28.02.2013 г

«Надзея, Вера, Уваскрэсенне» Выстава традыцыйнага літоўскага мастацтва Палацава-паркавы ансамбль Нясвіж

Экспазіцыя з Музея Рокішкскага краю (Літва) і аўтарскай калекцыі Ігара Сурмачэўскага налічвала 122 экспанаты. Наведвальнікі атрымалі ўнікальную магчымасць убачыць найбольш яркія віды літоўскага нацыянальнага традыцыйнага мастацтва: народную сакральную скульптуру XVI—XIX стагоддзяў, металічныя крыжы і элементы помнікаў малой архітэктуры.

Музей мае досыць шматлікую і каштоўную калекцыю старадаўняй літоўскай скульптуры, яна налічвае каля 170 твораў, большая частка якіх была сабрана ў ваколіцах Рокішкіса. Самы стары экспанат — «Хрыстос пасля ўваскрэсення» — адносіцца да XVII стагоддзя. У фондах захоўваюцца больш за 80 жалезных крыжоў, самы стары з іх датаваны 1741 годам. Адзін з найстаражытнейшых знакаў, крыж увасабляе чатыры бакі свету, сувязь неба і зямлі, перасячэнне шляхоў жыцця і смерці. Каталіцкі крыж (яго яшчэ называюць лацінскім) сімвалізуе пакуту і збавенне Хрыста.

Жалезныя крыжы вырабляліся пры дапамозе простых інструментаў. Кавалі выкарыстоўвалі плоскія палосы жалеза, стрыжні круглага або чатырохкутнага сячэння, бляху. Для апрацоўкі распаленага кавальскім горнам металу ўжываліся коўка, плюшчэнне, расцяжэнне, расколванне, скрут, згінанне, рубка. Крыжы фармавалі з асобных дэталяў, якія потым зварваліся або кляпаліся. Майстэрства вырабу перадавалася з пакалення ў пакаленне, нягледзячы на неспрыяльныя абставіны і пераслед. У 2001 годзе міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА ўнесла традыцыйную апрацоўку крыжоў і яе сімволіку ў спіс шэдэўраў нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Зробленыя з дрэва фігуркі розных святых прызначаліся для помнікаў малой архітэктуры: прыдарожных драўляных слупоў з арнаментальным дахам, разьбяных слупоў-каплічак, крыжоў. Помнікі ставіліся каля дамоў, каля брамы або непадалёк, на палях. Запушчаныя, няўтульныя месцы, гушчары, дзе хто-небудзь загінуў, таксама пазначаліся, каб адпудзіць нячыстую сілу, абараніць людзей ад няшчасцяў. Выбар сюжэтаў часта залежаў ад прычын устанаўлення помнікаў і задумы, цесна звязанай з абаронай і заступніцтвам.

У калекцыі выставы пераважалі сюжэты Ісуса, Іаана Хрысціцеля, Іаана Непамука, Дзевы Марыі. Таксама на выставе экспанаваліся вобразы іншых святых (Казіміра, Антонія, Георгія), драўляныя крыжы і распяцці. Святых жанчын у літоўскім народным мастацтве нашмат менш, чым мужчын, але пры гэтым вобраз Панны Марыі меў вельмі вялікую папулярнасць: да яе звярталіся з малітвамі, просячы здароўя, палягчэння жыццёвай долі. Найчасцей сустракаліся наступныя сюжэты: Марыя Маці Міласэрная, Марыя Літасцівая, Марыя Журботная, П'ета. Апошні найбольш распаўсюджаны: Марыя сядзіць і трымае на каленях мёртвае цела Хрыста, яе каранаваную галаву акружае арэол, німб з сямі зорак, у палаючае сэрца ўпіліся 7 кінжалаў.

Укрыжаванага Ісуса народныя майстры ўвасаблялі аголеным, з цярновым вянком на галаве, з кроплямі крыві на целе. Сюжэт Ісуса з Назарэта выяўляў Хрыста ў доўгай чырвонай вопратцы, з цярновым вянком, са звязанымі рукамі і таблічкай на шыі. У сюжэце хрышчэння Ісуса часцей за ўсё адлюстроўваюцца дзве постаці, што стаяць у вадзе: Іаан Хрысціцель правай рукой лье ваду на галаву Хрыста, а ў левай трымае трысняговы крыж.

Святы Іаан Хрысціцель увасабляўся і адзін: захутаны ў футравую туніку, ён трымае крыж на доўгай тонкай жэрдцы. Каплічкі з яго скульптурнай выявай часцей за ўсё ставіліся ля вады, як і каплічкі аднаго з найбольш папулярных святых — Іаана Непамука (яго адлюстроўвалі ў вопратцы святара, з крыжам, з пальмавай галінкай у руцэ, а галаву акружаў німб з пяці зорак).

Старадаўнія народныя разьбяныя вырабы ўтрымліваюць у сабе мноства таямніц. Удалося вызначыць аўтараў толькі некалькіх скульптур, прычым пераважна гэта толькі прозвішчы. Народных майстроў у Літве традыцыйна называлі багарэзамі. Часцей за ўсё яны паходзілі з сялян, сваёй зямлі не мелі, займаліся дробным промыслам, вандравалі з вёскі ў вёску, атрымліваючы заказы на рэзанне крыжоў. Багарэзы не мелі ніякай адукацыі, яны былі непісьменнымі або малапісьменнымі, звычайна не ўмелі нават выразаць на дрэве сваё прозвішча (праўда, на некаторых крыжах захавалася выразаная дата). Асноўнымі крыніцамі творчасці разьбяроў служылі бачаныя ў касцёлах скульптуры святых, ілюстрацыі ў малітоўніках і ўласная жывая фантазія.

Алена ФАМЧАНКОВА