Залатое свячэнне

№ 2 (359) 01.02.2013 - 28.02.2013 г

«Вяртанне» Выстава Пятра Янушкевіча Галерэя Тызенгаўза Гродна

/i/content/pi/mast/65/1106/8.jpg 
 Начны госць. Алей. 2012.
Вяртанне... Гэта паняцце можа насычацца шматзначнымі, нават супрацьлеглымі пачуццямі і перажываннямі. Вядомы гродзенскі мастак Пётр Янушкевіч, які паказаў персанальную выставу ў галерэі Тызенгаўза, разважае пра магчымасці звароту асобы да вечных каштоўнасцей праз сусветную духоўную спадчыну. Выснова гэта робіцца паступова, далікатна, эстэтычна вытанчана.

У шэрагу работ аўтар звяртаецца да лепшых узораў мастацтва, напрыклад, да архетыпаў старажытнага жывапісу. «Тая, што глядзіць у неба» апелюе да візантыйскага канону Божай маці з дзіцяткам. Адначасова — гэта сучасныя экспрэсіўныя вобразы, прасякнутыя і замілаванай мацярынскай любоўю, і пранізлівай трывогай. Стылізаваную іканапісную лінію працягвае «Той, хто запальвае зоркі». Ідэальна ўзвышаны вобраз, што ў нейкай ступені суадносіцца з вядомым «Анёлам Залатыя валасы», прымушае гледача задумацца пра сакральную гармонію сферычных нябесных знакаў. Усёмагутнасць Анёла, які чаруе над «Свяшчэнным дрэвам», усталёўвае мудрасць і дасканаласць прыгажосці, разлітай у прасторы.

Адметнасць мастацкай мовы дасягаецца адмысловай аўтарскай тэхнікай, калі фарбы напластоўваюцца і фарміруюць выяву паступова, ствараючы ўражанне даўняга манументальнага сценапісу. Аўтар літаральна ўцягвае погляд гледача ў бездань глыбокіх вачэй строгай манашкі, воблік якой, здаецца, праступае праз старажытную тынкоўку, узнаўляючы ў свядомасці вобразы роспісаў старажытных храмаў.

Эфект старой фрэскі прыўносіць у пластычны лад твораў прыхаваную загадкавасць. У гэтым свеце «за гранню» і існуюць творы сусветнага мастацтва розных эпох, што набылі статус «вечных».

Вобраз «Закаханага прынца», які клапатліва ахоўвае калючую, але такую безабаронную ружу, не з’яўляецца яўным парафразам твора Сент-Экзюперы, а стварае ўласны ўзвышаны свет, дзе існуюць вытанчаныя пачуцці. Узнаўляючы міфалагічных Арфея і Эўрыдыку, аўтар не ставіць сабе мэтай працытаваць вядомы сюжэт, які, як добрае віно, адстойваўся на працягу стагоддзяў у работах вядомых майстроў. Янушкевіч не канкрэтызуе дэталёва гэтыя персанажы, а тактоўна прадстаўляе магчымасць адчуць водар элегантна-пачуццёвага міфа ў светлых постацях мужчыны і жанчыны.

Аўтабіяграфічную значнасць набывае вобраз «Вандроўніка», які рухаецца ў неабсяжнай прасторы. Плынь сусвету персаніфікуе «Пілігрым» — творца, што аддае сябе бясконцасці жыцця, рассейваючы ў яго імгненнях сваю бессмяротную душу.

Па адукацыі Пётр Янушкевіч — манументаліст і ў станковым жывапісе часта звяртаецца да сур’ёзных, глыбокіх тэм. Майстар-віртуоз, ён можа ўвасобіць іх стрыманымі колерамі, абагульняючы вобраз. А можа гуляючы, імпрэсійна растварыць выяву ў расплаўленым яркім сонцам паветры («Аранжавае лета»). Здольны пабудаваць палатно на арганічным суаднясенні складанага фарбавага міксу і амаль адкрытага звонкага колеру. І раптам на паўтонах праспявае срэбную пяшчотную песню («Фея месяцовага святла»).

Асобныя творы прыцягваюць увагу рэмбрантаўскімі святлаценямі. «Начны госць» прыходзіць як прарочы сон, неверагодны ўспамін з мінулых эпох, які дапытліва выпрабоўвае непазбежнасць людскога фатуму. Эфект містыцызму дасягаецца незвычайным паваротам фігуры і эмацыянальным сутыкненнем святла і ценю, калі постаць выхопліваецца з глыбокай цемнаты залатым мігценнем святланоснай фарбы. «Анёл усяночнай» ахінуты незямным ззяннем і перамагае глухі змрок.

Адна з апошніх работ мастака — «Барбара». У прыгажуні з роду Радзівілаў Янушкевіч убачыў не палкую каханку, а ганарлівую магнатку, поўную ўнутранай годнасці. Твор нагадвае сармацкі партрэт, аднак трактаваны ў выразна сучасным фармаце. Здаецца, аўтар не прэтэндуе на гранічную дакладнасць знешняга падабенства, а тонка ўзнаўляе гаму пачуццяў і ўражанняў ад далучэння да каралеўскіх таямніц.

Марына ЗАГІДУЛІНА