Два спектаклі, адзін лёс

№ 2 (359) 01.02.2013 - 28.02.2013 г

«Тры Жызэлі» Андрэя Курэйчыка Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў Мастак Андрэй Меранкоў Кампазітар Дзмітрый Фрыга Балетмайстар Марына Філатава Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

/i/content/pi/mast/65/1105/6.jpg
Таццяна Мархель (Жызэль восеньская)
Пытанне, чаму рэжысёры вялікіх і малых беларускіх тэатраў выбіраюць для пастаноўкі той або іншы драматургічны твор, даўно патрапіла ў лік сакраментальных. Растлумачыць у кожным разе можна — зразумець бывае складана. Напрыклад, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў паставіў перад сабой канкрэтную задачу: пазнаёміцца з акцёрамі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі на вядомым, уласнаручна распрацаваным матэрыяле. Звярнуўся да «Трох Жызэляў» Андрэя Курэйчыка. Але тэст на сумяшчальнасць цягнуўся так доўга, што дзеля спазнання боегатоўнасці трупы мэтазгодна было б выкарыстаць класічны індыкатар — «Гора ад розуму».

Увогуле можна было на гэтым не засяроджваць увагу. Падумаеш, нават года не прайшло, як новы мастацкі кіраўнік вывеў на падмосткі чарговы клон, перапаставіў п’есу Курэйчыка «Тры Жызэлі», якая шмат гадоў ішла на сцэне Новага драматычнага тэатра. Ды толькі варта падкрэсліць, што падобная практыка — распаўсюджаная, не Гарцуевым распачатая. Цікава, што пераносы апошнім часам адбываюцца не са сваіх падмосткаў на чужыя (гэта яшчэ неяк можна зразумець), а наадварот. Зрэшты, знайсці дзесяць адрозненняў у двух спектаклях Аляксандра Гарцуева па адной п’есе Андрэя Курэйчыка на мэце не маю. Цікава адшукаць пераканаўчае мастакоўскае абгрунтаванне таму, што адбываецца на сцэне РТБД.

Гісторыя Жызэлі, якая падчас Другой сусветнай вайны пакінула Парыж, а потым апынулася ў савецкай вёсцы і там засталася да канца жыцця, напісана «паводле рэальнага лёсу адной жанчыны». Сюжэт запазычаны драматургам з тэлевізійнай перадачы «Чакай мяне» (у свой час гэты факт ледзь не выклікаў скандалу). Ды толькі другаснасць драматургічнай асновы для Андрэя Курэйчыка — своеасаблівы драмспажыў. Якраз той выпадак, калі сюжэты на дарозе валяюцца. Дзесяціхвілінны расповед у папулярнай перадачы пра незвычайны жаночы лёс — гэта адна гісторыя. Спектакль, створаны паводле яго, — зусім іншая. Выкладванне ўражальных фактаў з дэманстрацыяй праўдзівых пачуццяў рэальных людзей на сцэне наўрад ці патрэбна. Ва ўсякім разе, важна не толькі эмацыйна распавесці сюжэт тэатральным гледачам, а і растлумачыць, чаму так сталася і што ў выніку атрымалася. Пры гэтым маецца на ўвазе наяўнасць мастакоўскага абагульнення.

Тры Жызэлі ў спектаклі РТБД існуюць у трох паралельных часавых прасторах. Тры жыцці. Тры жанчыны. Тры актрысы. Вераніка Буслаева, Людміла Сідаркевіч, Таццяна Мархель. Жызэль вясновая, летняя, восеньская. Пры выяўленай аўтарам патэтычнай прэтэнзіі, здаецца, што яны ўвогуле не наследуюць адна адной. Уявіць, што гэта тая самая жанчына, прыроджаная парыжанка, у розных узростах, пры розных абставінах, даволі праблематычна. Магчыма, такой задачы перад актрысамі ўвогуле не стаяла. Таму гледачам у гэтую акалічнасць проста давялося паверыць. Прыняць яе як дадзенасць. Не выпадкова сюжэт лінейна разгортваецца ў гарызантальна падзеленай на краіны і эпохі сцэнічнай прасторы (сцэнограф Андрэй Меранкоў).

Даволі прыблізныя прыкметы часу. Пазначэнне чарговага месца дзеяння. Сталая Жызэль Таццяны Мархель у цэнтры кампазіцыі на ўзвышэнні. Яна тутэйшая, пазнавальная, некаму з заўзятай пяшчотай даводзіць па тэлефоне і пра ка-роў-ку, і пра ка-бан-чыка, якія, уласна кажучы, і ёсць апошні сэнс прамінулага жыцця колішняй парыжанкі. Перагарнулі ўяўную старонку — і перад намі на авансцэне вясновая Жызэль, юная, з доўгімі белымі валасамі. Побач мама, тата, сястра. Гісторыя пра першае каханне і адначасова эфектны ўрок па тэхніцы бяспекі. Яе каханы Франсуа выпіў кілішак віна, паспрабаваў укруціць у патрон лямпачку замест перагарэлай — і загінуў. Токам забіла. Потым была Жызэль летняя — у пасляваеннай беларускай вёсцы, з мужам-здраднікам і мясцовымі алкаголікамі. Яна цішком нюхала французскія духі, каб Сярожа не бачыў.

Магчыма, кожнай Жызэлі варта паспачуваць. Ды ўрэшце, чаго ў жыцці не бывае? Сцэнічная страва мае пякучы меладраматычны прысмак, патэнцыйная аўдыторыя — жанчынкі сталага ўзросту. Але ж для самога тэатра — ці не замала?

Зрэшты, мэты, пастаўленай перад сабой, рэжысёр, безумоўна, дасягае. Акцёры паўстаюць перад гледачамі, як на далоні. Бачна, хто на што здатны. Сабраная Валерыем Анісенкам трупа зарыентавана на псіхалагічны тэатр. І, відаць, менавіта ў такім накірунку будзе працягваць працаваць Аляксандр Гарцуеў. Праўда, гэтым разам варта зрабіць папраўку на пэўную сцэнічную прыблізнасць, на схільнасць да выказвання «ўвогуле». На тое, што няўвага да канкрэтных дэталяў у спектаклі кепска спалучаецца з падкрэсленым узнаўленнем «жыцця чалавечага духу». Спадніцы вышэй каленак і стыльныя боцікі на вёсцы ў пасляваенны час наўрад ці былі ў наяўнасці. Футровая накідка для жанчыны па выкліку — таксама. Луі Канстанціна Воранава выразна ўвасабляе нават не сённяшняе, а заштампаванае савецкае ўяўленне аб капіталізме. Многія акцёрскія прыстасаванні — як гульня з хусткай Людмілы Сідаркевіч — падаюцца фармальнымі. Дыялогі маладой Жызэлі (Вераніка Буслаева) і Ганны (Наталля Халадовіч) залішне штучныя. Запаволены, бы ў сне, рух персанажаў падчас ракавой сцэны з лямпачкай — улюбёны прыём агіттэатра мінулага стагоддзя.

Уся тагачасная беларуская вёска пададзена ў адзіным ракурсе — праз беспрасветнае п’янства. Нават сёння для нашых сялян адной толькі гарэлкі замала. Думаю, Курэйчык насамрэч нічога такога на ўвазе не меў. Проста тут — і адрас наш «не дом і не вуліца», і маралі аніякай, суцэльныя маргіналы. Звычайны маскультавы разлік. Зрэшты, і сам наш тэатр добраахвотна, як у пастку, трапляе ў зону ўмоўнасці. У гэтым сэнсе любому маргіналу фору дае. Падзялілі на тры сегменты сцэнічную прастору — вось вам тры краіны, тры эпохі, тры Жызэлі. Спецыфічны антураж і процьма сентыментаў для вясенніх, летніх, асенніх глядачак, відаць, захапілі стваральнікаў спектакля найбольш.

Людміла ГРАМЫКА