Абярэгі-пасланні

№ 2 (359) 01.02.2013 - 28.02.2013 г

«Дом, які пабудавала Зоя» Выстава Зоі Луцэвіч Галерэя Міхаіла Савіцкага

/i/content/pi/mast/65/1104/4.jpg
 
У мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага пераехала мэбля з хутара пад Мінскам. Напэўна так — проста і коратка — можна вызначыць фармат выставы. Гэта самая звычайная мэбля стала паверхняй для працы мастака. Зоя Луцэвіч цягам паўгода займалася роспісам шафаў, ложкаў, сталоў, куфраў і крэслаў, і паступова гэты занятак ператварыўся ў цэласны канцэпт. У ім увасобілася асаблівая філасофія, нават было праведзена псіхалагічнае даследаванне. Таму што афармляючы і пераствараючы інтэр’еры для жыхароў вялікага дома, мастачка ўлічыла і ўзрост, і інтарэсы, і жаданні, і нават становішча ў сям’і (калі меркаваць па прасторным абедзенным стале).

Вялікі хутар пад Мінскам насяляюць людзі надзвычай крэатыўныя. Гаспадыня Жанна Панамарова, па адукацыі мастацтвазнавец, сёння працуе над ідэяй стварэння галерэі. Назва знайшлася дасціпная і з намёкам — «Janna d’art». Пакуль галерэя віртуальная, а сённяшняя выстава стала яе своеасаблівай сімвалічнай прэзентацыяй. Акрамя Жанны на хутары шмат людзей, членаў сям’і і сяброў. Нават існуе пакой для гасцей жаніха і нявесты. А пачалося ўсё з асцярожнай прапановы гаспадыні распісаць мэблю. Яна была аматаркай Зоінай творчасці (каля паловы карцін, прадстаўленых на выставе, — яе ўласнасць), але саромелася прапанаваць мастаку-жывапісцу такі ўтылітарны занятак. Зоя ж адказала, што пра гэта даўно марыць.

Мастачка сама вырасла ў вялікім прыватным доме ў Мінску, у якім яе маці — Святлана Каткова — самастойна распісвала мэблю, тэкстыль, посуд. І нягледзячы на апантанасць жывапісам, адукацыю мастака-манументаліста (а хутчэй і дзякуючы гэтаму), заўсёды хацела заняцца чым-небудзь ужытковым.

Ужытковым — тут умоўнае вызначэнне. Паверхня розных, самых нечаканых прадметаў часта станавілася аб’ектам Зоіных доследаў. Напрыклад, аўтамабільнае лабавое шкло сталася матэрыялам для цэлага праекта, у якім яна разважала пра лёсы і дарогі людзей, што маглі глядзець праз гэтае шкло, і выводзіла адсюль цэлыя сюжэты. Наведнікі яе майстэрні проста не маглі не звярнуць увагу на бутэлькі, што расквітнелі рознымі колерамі і фактурамі, — яшчэ адна ўлюбёная паверхня для эксперымента.

Адукацыя дазваляе працаваць з любымі матэрыяламі, а галоўнае — з прасторай. Аб’ём у інтэр’еры — захапляльная задача. І вырашыць, як мусіць выглядаць мэбля, якую будуць выкарыстоўваць штодзень, вельмі складана. «Некаторыя мае рэчы маюць манументальны характар, — апавядае Зоя. — Яны нагадваюць фрэску ці ікону. Многія апелююць да далёкага мінулага і разам з тым нясуць актуальныя ідэі, накшталт таго, як удала спалучаецца сучасны жывапіс з антычнай рамай ці наадварот — рэнесансны жывапіс з мадэрновай падачай».

Самым першым аб’ектам была звычайная тумбачка. Хоць і маленькая, яна запатрабавала найбольш часу і высілкаў, бо, распісваючы яе, Зоя шукала адказу на пытанне, чым жа мусіць быць тое, што яна робіць: «Мне было незразумела, у якім стылі і як трэба працаваць з матэрыялам. Традыцыйны роспіс мне быў нецікавы, і напэўна не гэтага ад мяне хацелі. Тады і вырашыла, што кожным прадметам я буду чалавека здзіўляць. Мне самой не заўсёды адразу ясна, да чаго я прыйду. Але ў гэтым і ўтрымліваецца чароўнасць, цуд мастацтва, калі ты не ведаеш, што цябе чакае за паваротам. І нават дайшоўшы да сярэдзіны, ты ўсё можаш змяніць — рушыць у іншы бок».

Стылістычна аб’екты вырашаны надзвычай разнастайна, адзін пакой патрабаваў трактоўкі прадметаў у японскім духу, другі — у старажытнарускім. Вялася размова з кожным жыхаром дома: у якім стылі яму будзе камфортна, з чым бы ён хацеў жыць?

Вялікая шафа распісана выявамі льва і Глеба. Леў і Глеб — гэта імёны сыноў гаспадыні. Толькі леў тут — міфалагічная жывёла, надзвычай прывабная і характарная. А галоўны пасыл жывапісу Зоя скіроўвае менавіта да дзяцей, размяшчаючы ружу міру і птушку шчасця: трэба жыць у згодзе і любові. Ложкі і — адпаведна — сон людзей ахоўваюць анёлы і суправаджаюць добрыя пажаданні. У розных шуфлядках і ўнутраных палічках размешчаны сакрэтныя выявы-пасланні, а зашыфраваныя сімвалы-абярэгі няўлоўна ахоўваюць сям’ю, насычаючы будзённыя дні небудзённым настроем.

Я так і не зразумела, задумвала гаспадыня гэту экспазіцыю адразу ці мэты яе былі выключна практычныя, але як мастацкі праект «Дом, які пабудавала Зоя» выглядаў цэласна і пераканальна. Жывапіс на сценах пераклікаўся з роспісамі на мэблі. Карціны з нізкі «Вяселле» ўвасабляюць жаніха, нявесту і самых неверагодных гасцей, у тым ліку жывёл і птушак, якія арганічна ўпісаліся ў гэтае мерапрыемства. Жывапіс перацякае з прадметаў на палотны — вось куфар, у ім прыданае для нявесты, а паабапал яго — вобразы маладых. Такі сінтэз узмацняе ўражанне, ахоплівае ўсе нюансы настрою, і ў гэтым дзіўным садзе квітнеюць самыя фантастычныя кветкі. 

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва