«ФАНТАН ЛЮБВІ, ФАНТАН ЖЫВЫ...»

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Новы спектакль тэатра, бясспрэчна, проста «асуджаны» на поспех, на глядацкі попыт. І немалы. Складнікі відавочныя -- яркая відовішчнасць, моцная драматургія, дынаміка дзеяння, яркія кантрасты -- эмоцый, характараў, інакш кажучы, магутныя вобразы класічнай літаратуры.

 /i/content/pi/mast/5/110/Fontan1.jpg
 «Бахчысарайскі фантан» . В.Пятроўскі (Нуралі), Д.Клімук (Гірэй).
Амаль усе буйныя пушкінскія творы ўвасоблены на музычнай сцэне. Опернаму жанру пашанцавала найбольш. Згадаем: «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Каменны госць» і «Русалка» А.Даргамыжскага, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага. «Залаты пеўнік», «Казка пра цара Салтана», «Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава, «Алека» С.Рахманінава, «Яўгеній Анегін», «Пікавая дама» і «Мазепа» П.Чайкоўскага. Балетаў меней -- «Бахчысарайскі фантан», «Медны коннік» Р.Гліэра. Яшчэ раз «Руслан...», толькі харэаграфічны. Здаецца, і ўсё...
Што нязменна прываблівала да згаданых твораў лібрэтыстаў, кампазітараў, выканаўцаў? Вядома ж, класічнасць драматургічнага грунту, маштаб праблем і канфліктаў. Звернем увагу: фінал кожнай з трох дзей «Фантана» мае ўласную кульмінацыю. Напрыканцы першай у замак, дзе грыміць пышны баль, урываюцца татары. Замак спалены і зруйнаваны. Забіты Вацлаў, жаніх Марыі, і яе бацька. Сама гераіня трапляе ў палон. У канцы 2-й дзеі, ужо ў Бахчысараі, Марыя гіне ад кінжала раўнівай Зарэмы. Апошняя дзея заканчваецца гібеллю Зарэмы -- па загадзе Гірэя яе скідаюць са скалы ў бездань. Але нягледзячы на драматызм падзей і трагедыйнасць, мінскі спектакль пакідае ўзвышанае пачуццё -- як твор высокага мастацтва.
Слухаючы партытуру «Фантана» (гучна ўзноўленую аркестрам пад кіраўніцтвам Л.Ляха) музыку Б.Асаф’ева, славутага даследчыка і педагога, чые працы і цяпер вывучаюцца ў кансерваторыі, міжволі дзівішся: як навуковец мог напісаць такія чуллівыя, прасякнутыя невыказным хараством мелодыі -- летуценныя, лёгка-палётныя, сапраўды меланхалічна-пушкінскія? Як змог дасягнуць такога кантрасту вытанчанай «польскай» дзеі і «ўсходніх» сцэн з іх бязмежнай пачуццёвасцю, эмацыйным напалам? Але ж у Б.Асаф’ева і ўласна кампазітарская спадчына велізарная! Самыя ж вядомыя яго балеты, якія прайшлі выпрабаванне часам, -- «Бахчысарайскі фантан» і «Полымя Парыжа».
Дарэчы, пра «польскую» дзею. Яе можна называць і польска-беларускай. Як вядома з гісторыі, татары рабілі набегі і на тэрыторыю ВКЛ. А Патоцкія, шляхецкі род у ВКЛ, у XVII -- XVIII ст. займалі вышэйшыя дзяржаўныя і вайсковыя пасады.
 /i/content/pi/mast/5/110/Fontan3.jpg
 І.Яромкіна (Марыя), А.Яромкін (Вацлаў).
Новая работа тэатра цікавая і як зварот да таго перыяду развіцця харэаграфіі, які атрымаў сталую назву «драмбалет». Найбольш яркімі прадстаўнікамі яго лічацца Р.Захараў, пастаноўшчык першай, легендарнай версіі «Фантана» (з Г.Уланавай -- Марыяй, К.Сяргеевым -- Вацлавам, В.Іардан -- Зарэмай), і Л.Лаўроўскі, які першы ўвасобіў «Рамэо і Джульету» С.Пракоф’ева.
Вяртанне да спектакляў драмбалета з’яўляецца цудоўнай ілюстрацыяй аднаго з грунтоўных філасофскіх законаў -- «адмаўлення адмаўлення». 1960-я -- 70-я гады ўзгадавалі плеяду харэографаў (сярод іх Ю.Грыгаровіч, А.Вінаградаў, М.Баярчыкаў, В.Елізар’еў, Б.Эйфман), якія шмат у чым адмаўлялі папярэдні перыяд развіцця харэаграфіі. А найперш -- драмбалет: яго літаратурнасць, ілюстрацыйнасць, дэталізацыю сюжэта. Яны прыйшлі да больш складаных узаемаадносін музыкі і харэаграфіі, да сімфанізацыі танца. Але балетны тэатр зрабіў яшчэ адзін «віток» -- і цяпер час ад часу вяртаецца да лепшых здабыткаў драмбалета.«Бахчысарайскі фантан» неаднойчы ставіўся на нашай сцэне. У 1939-м -- К.Галейзоўскім, чыю пастаноўку айчынная крытыка лічыць па-мастацку надзвычай каштоўнай. У 1949-м -- К.Мулерам, у 1973-м -- Р.Захаравым. Балет меў шэраг сапраўды легендарных выканаўцаў: З.Васільева, а пазней Н.Младзінская – Марыя, А.Нікалаева -- Зарэма, С.Дрэчын -- Гірэй. У наступныя дзесяцігоддзі ў ім зіхацелі таленты Н.Паўлавай, В.Саркісьяна, Н.Дадзішкіліяні, І.Душкевіч…Пастаноўшчык сённяшняга «Фантана» -- Ю.Траян, выканаўца партыі Вацлава ў папярэднім, 1973 года, спектаклі. Аднаўленне зроблена і тонка, спектакль набыў новыя фарбы і сапраўды зазіхацеў. А Л.Бржазоўская і Т.Шаметавец, колішнія выканаўцы партый Марыі і Зарэмы, працавалі сёлета з маладымі артыстамі як педагогі-рэпетытары.
Розныя склады выканаўцаў паставілі эмацыйныя і сэнсавыя акцэнты ў межах адной і той жа харэаграфіі. Марыя Л.Кудраўцавай -- лірычная, летуценная і крыху меланхалічная. У вобразе, створаным І.Яромкінай, на маю думку, больш разнастайнасці. Яе Марыя больш жыццярадасная, гарэзная і ажыўленая ў 1-й дзеі. Захапленне Вацлава гераіня Кудраўцавай прымае сарамліва, а гераіня Яромкінай -- больш натуральна, як належнае. Абодва выканаўцы партыі Вацлава -- А.Краўчанка і А.Яромкін -- застаюцца ў межах рамантычнай трактоўкі. Абодва танцоўшчыкі прыгожыя па лініях, тэхнічныя, лёгкія ў скачках і палётных па, надзейныя ў падтрымках.Складанасць партыі Гірэя -- у фактычнай адсутнасці танца і перавазе пантамімы. Ю.Кавалёў і Д.Клімук, аднакурснікі і равеснікі, абодва ствараюць дастаткова экспрэсіўны вобраз -- найперш дзякуючы выразнай пластыцы, грыму і касцюму, -- але, на мой погляд, Д.Клімук пакуль больш свабодны ў ім. Як своеасаблівае «рэха» жорсткасці Гірэя ўспрымаецца вобраз военачальніка Нуралі (яго танцуюць К.Кузняцоў і больш вопытны В.Пятроўскі).
 /i/content/pi/mast/5/110/Fontan2.jpg

                                   К.Борчанка (Зарэма).


Калі сэрца Гірэя Ю.Кавалёва назаўжды аддадзена Марыі Л.Кудраўцавай, дык сэрцы гледачоў першай прэм’еры аказаліся аддадзенымі Зарэме ў выкананні М.Вежнавец. Якая сіла пераўвасаблення! Здаецца, што паміж артысткай і яе гераіняй проста няма ніякай адлегласці! К.Борчанка ў гэтай партыі іншая. У яе вобраз Зарэмы дэталёва зроблены. У Вежнавец -- народжаны.
У партыі Зарэмы -- тры розныя па сэнсе і эмацыйнай напоўненасці сола. У першым пераважаюць фарбы радасці, чакання, паўднёвай страсці, у другім -- здзіўленне і разгубленасць, трэцяе -- танец адчаю. У асобе Гірэя і ягоным каханні ўвасоблена ўсё жыццё абедзвюх Зарэм. Яго цэнтр, яго сэнс, яго мэтазгоднасць.
К.Борчанка -- балерына віртуозная, мае надзвычай прыгожую пластыку. Мо таму невыпадкова часцей танцуе класіку? Класічная строгасць ліній і пачуццяў, думаю, у нечым паўплывала і на вобраз Зарэмы. М.Вежнавец (хоць класіку танцуе і яна) -- найперш балерына сучаснай харэаграфіі, дзе без напалу пачуццяў немагчыма. Марына літаральна «купаецца» ў партыі Зарэмы.
Абедзве артысткі -- танюткія, грацыёзныя і пластычныя. Але ад іх аблічча нараджаецца і пачуццё небяспекі. Кінжал успрымаецца як увасабленне каварнай сутнасці. Калі Зарэма Вежнавец забівае Марыю ў парыве рэўнасці, ад празмернасці ўласных пачуццяў, аслепленая падманам і стратай кахання, дык у Зарэме Борчанка -- болей халоднай помсты і абражанай жаночай годнасці.
Глыбока кранае эпілог балета. Ля «фантана слёз», узведзенага ў Бахчысараі, хану Гірэю мроіцца летуценны і ўзвышаны вобраз Марыі. І тады здаецца, што мы робімся сведкамі нараджэння духоўнага пачатку ў чалавеку, які пра існаванне духоўнасці і свету ўзвышаных пачуццяў ніколі нават і не здагадваўся. Хіба праблема не актуальная ва ўсе часы?
«Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход. І разам ім не сысціся...» -- гэтыя афарыстычныя словы Кіплінга неаднойчы згадваеш на спектаклі. Геніяльнасць выяўляецца ва ўменні бачыць наперад, праз вякі. Адчуваць і ўвасабляць тое, што будзе актуальным для асобных народаў і ўсяго чалавецтва праз пэўны час. Геній Пушкіна, а ўслед за ім талент кампазітара, харэографа, мастака, выканаўцаў увасобілі адвечны канфлікт: культуры і варварства, вытанчанасці і грубай сілы.

Таццяна МІХАЙЛАВА