«Бахчысарайскі фантан» . В.Пятроўскі (Нуралі), Д.Клімук (Гірэй). |
Што нязменна прываблівала да згаданых твораў лібрэтыстаў, кампазітараў, выканаўцаў? Вядома ж, класічнасць драматургічнага грунту, маштаб праблем і канфліктаў. Звернем увагу: фінал кожнай з трох дзей «Фантана» мае ўласную кульмінацыю. Напрыканцы першай у замак, дзе грыміць пышны баль, урываюцца татары. Замак спалены і зруйнаваны. Забіты Вацлаў, жаніх Марыі, і яе бацька. Сама гераіня трапляе ў палон. У канцы 2-й дзеі, ужо ў Бахчысараі, Марыя гіне ад кінжала раўнівай Зарэмы. Апошняя дзея заканчваецца гібеллю Зарэмы -- па загадзе Гірэя яе скідаюць са скалы ў бездань. Але нягледзячы на драматызм падзей і трагедыйнасць, мінскі спектакль пакідае ўзвышанае пачуццё -- як твор высокага мастацтва.
Слухаючы партытуру «Фантана» (гучна ўзноўленую аркестрам пад кіраўніцтвам Л.Ляха) музыку Б.Асаф’ева, славутага даследчыка і педагога, чые працы і цяпер вывучаюцца ў кансерваторыі, міжволі дзівішся: як навуковец мог напісаць такія чуллівыя, прасякнутыя невыказным хараством мелодыі -- летуценныя, лёгка-палётныя, сапраўды меланхалічна-пушкінскія? Як змог дасягнуць такога кантрасту вытанчанай «польскай» дзеі і «ўсходніх» сцэн з іх бязмежнай пачуццёвасцю, эмацыйным напалам? Але ж у Б.Асаф’ева і ўласна кампазітарская спадчына велізарная! Самыя ж вядомыя яго балеты, якія прайшлі выпрабаванне часам, -- «Бахчысарайскі фантан» і «Полымя Парыжа».
Дарэчы, пра «польскую» дзею. Яе можна называць і польска-беларускай. Як вядома з гісторыі, татары рабілі набегі і на тэрыторыю ВКЛ. А Патоцкія, шляхецкі род у ВКЛ, у XVII -- XVIII ст. займалі вышэйшыя дзяржаўныя і вайсковыя пасады.
І.Яромкіна (Марыя), А.Яромкін (Вацлаў). |
Розныя склады выканаўцаў паставілі эмацыйныя і сэнсавыя акцэнты ў межах адной і той жа харэаграфіі. Марыя Л.Кудраўцавай -- лірычная, летуценная і крыху меланхалічная. У вобразе, створаным І.Яромкінай, на маю думку, больш разнастайнасці. Яе Марыя больш жыццярадасная, гарэзная і ажыўленая ў 1-й дзеі. Захапленне Вацлава гераіня Кудраўцавай прымае сарамліва, а гераіня Яромкінай -- больш натуральна, як належнае. Абодва выканаўцы партыі Вацлава -- А.Краўчанка і А.Яромкін -- застаюцца ў межах рамантычнай трактоўкі. Абодва танцоўшчыкі прыгожыя па лініях, тэхнічныя, лёгкія ў скачках і палётных па, надзейныя ў падтрымках.Складанасць партыі Гірэя -- у фактычнай адсутнасці танца і перавазе пантамімы. Ю.Кавалёў і Д.Клімук, аднакурснікі і равеснікі, абодва ствараюць дастаткова экспрэсіўны вобраз -- найперш дзякуючы выразнай пластыцы, грыму і касцюму, -- але, на мой погляд, Д.Клімук пакуль больш свабодны ў ім. Як своеасаблівае «рэха» жорсткасці Гірэя ўспрымаецца вобраз военачальніка Нуралі (яго танцуюць К.Кузняцоў і больш вопытны В.Пятроўскі).
К.Борчанка (Зарэма). |
Калі сэрца Гірэя Ю.Кавалёва назаўжды аддадзена Марыі Л.Кудраўцавай, дык сэрцы гледачоў першай прэм’еры аказаліся аддадзенымі Зарэме ў выкананні М.Вежнавец. Якая сіла пераўвасаблення! Здаецца, што паміж артысткай і яе гераіняй проста няма ніякай адлегласці! К.Борчанка ў гэтай партыі іншая. У яе вобраз Зарэмы дэталёва зроблены. У Вежнавец -- народжаны.
У партыі Зарэмы -- тры розныя па сэнсе і эмацыйнай напоўненасці сола. У першым пераважаюць фарбы радасці, чакання, паўднёвай страсці, у другім -- здзіўленне і разгубленасць, трэцяе -- танец адчаю. У асобе Гірэя і ягоным каханні ўвасоблена ўсё жыццё абедзвюх Зарэм. Яго цэнтр, яго сэнс, яго мэтазгоднасць.
К.Борчанка -- балерына віртуозная, мае надзвычай прыгожую пластыку. Мо таму невыпадкова часцей танцуе класіку? Класічная строгасць ліній і пачуццяў, думаю, у нечым паўплывала і на вобраз Зарэмы. М.Вежнавец (хоць класіку танцуе і яна) -- найперш балерына сучаснай харэаграфіі, дзе без напалу пачуццяў немагчыма. Марына літаральна «купаецца» ў партыі Зарэмы.
Абедзве артысткі -- танюткія, грацыёзныя і пластычныя. Але ад іх аблічча нараджаецца і пачуццё небяспекі. Кінжал успрымаецца як увасабленне каварнай сутнасці. Калі Зарэма Вежнавец забівае Марыю ў парыве рэўнасці, ад празмернасці ўласных пачуццяў, аслепленая падманам і стратай кахання, дык у Зарэме Борчанка -- болей халоднай помсты і абражанай жаночай годнасці.
Глыбока кранае эпілог балета. Ля «фантана слёз», узведзенага ў Бахчысараі, хану Гірэю мроіцца летуценны і ўзвышаны вобраз Марыі. І тады здаецца, што мы робімся сведкамі нараджэння духоўнага пачатку ў чалавеку, які пра існаванне духоўнасці і свету ўзвышаных пачуццяў ніколі нават і не здагадваўся. Хіба праблема не актуальная ва ўсе часы?
«Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход. І разам ім не сысціся...» -- гэтыя афарыстычныя словы Кіплінга неаднойчы згадваеш на спектаклі. Геніяльнасць выяўляецца ва ўменні бачыць наперад, праз вякі. Адчуваць і ўвасабляць тое, што будзе актуальным для асобных народаў і ўсяго чалавецтва праз пэўны час. Геній Пушкіна, а ўслед за ім талент кампазітара, харэографа, мастака, выканаўцаў увасобілі адвечны канфлікт: культуры і варварства, вытанчанасці і грубай сілы.
Таццяна МІХАЙЛАВА