Люстэрка глядзіць на цябе

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Чалавек пад павелічальным шклом мастацтва. І процьма нястомных даследчыкаў з гуманітарнай адукацыяй. У цэнтры ўвагі не рост, не вага,не колер вачэй (хоць пры адсутнасці зместу яго функцыі так-сяк выконвае і форма)....

ЯЎГЕН РАГІН 
Яўген Рагін

Чалавек пад павелічальным шклом мастацтва. І процьма нястомных даследчыкаў з гуманітарнай адукацыяй. У цэнтры ўвагі не рост, не вага,не колер вачэй (хоць пры адсутнасці зместу яго функцыі так-сяк выконвае і форма). Замест антрапалагічных характарыстык — рэчы неадчувальныя на дотык, а таму няўлоўныя і загадкавыя: думкі, перакананні, прынцыпы і ідэалы. Душа, раскладзеная для дэталёвага і ўдумлівага прэпаравання. У выніку — яе бясконцыя інтэрпрэтацыі пры дапамозе нот і рухаў, фарбаў і святлаценяў, літар і гукаў...

Мы ўсё жыццё вывучаем самі сябе. Мастацтва як люстэрка, у якім замест звыклага адбітка — ці нечаканая выява таго, хто разглядае цябе з залюстэрачча, ці чорная і шматзначная непранікальнасць канцэптуалізму. Каб заўважыць сябе і зразумець, трэба сябе дадумаць і даўявіць. Кожнаму па-свойму. Згодна з уласнымі густам і верай. Мяняюцца антураж, ідэалы прыгажосці, сродкі іх дасягнення — нязменнай застаецца наўмысная ці неўсвядомленая прага чалавека да творчага самаспазнання. Тоеснасць суб’екта мастацтва з яго аб’ектам закальцоўвае чалавеказнаўчы працэс, спіральны рух якога можа спыніць толькі Апакаліпсіс.

Люстэрка фіксуе ўсе нюансы ў прасторы чалавечага існавання, абмежаванага паняццямі «ўдасканаленне» і «дэградацыя». Гэтыя паўтоны і падаюцца найбольш цікавымі: графаман выбіваецца ў слынныя і аблашчаныя празаікі, бескампрамісны і прынцыповы герой напрыканцы жыцця становіцца здраднікам, а хлусня вокамгненна пераўтвараецца ў праўду...

Мележаўскі Васіль Дзяцел сёння змяніў лапці на красоўкі, порткі — на джынсы, на працу ездзіць у метро. Але, нягледзячы на метамарфозы вонкавыя, упарта не мяняе ўнутранай існасці: па-ранейшаму застаецца няўцямным сугнеем з дрымучага балота... Мы вывучаем мастацтва, яно — нас. У выніку ўзаемных рэфлексій іншым разам нараджаецца няўлоўная ісціна.

ЯЎГЕН РАГІН