Хто святкуе ў банкетнай зале

№ 1 (358) 01.01.2013 - 31.01.2013 г

«Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы Рэжысёр Алег Кірэеў Сцэнаграфія і касцюмы Дзмітрыя Мохава Кампазітар Валерый Воранаў Харэаграфія Наталлі Фурман Тэатр-студыя кінаакцёра

/i/content/pi/mast/64/1096/14.jpg
Аляксандр Кашпераўь(Гарлахвацкі).
Не старэе п’еса «Хто смяецца апошнім» класіка беларускай літаратуры паэта, сатырыка і драматурга Кандрата Крапівы. Па-ранейшаму актуальны яе сюжэт пра добрых і кепскіх людзей, пра супрацьстаянне адных бессаромным і карыслівым мэтам другіх. Дзея камедыі разгортваецца ў савецкі даваенны час, аднак усё, што адбываецца на сцэне, зразумела і знаёма сёння. Так было, так ёсць і, відаць што, будзе. Гучыць не надта аптымістычна, прынамсі, зусім не так, як у фінале гэтай гісторыі, дзе подласць, невуцтва, блат у рэшце рэшт аказваюцца пераможанымі прыстойнасцю і талентам.

Так здарылася, што ў навукова-даследчым інстытуце геалогіі працуюць два Аляксандры Пятровічы — прафесар Чарнавус і дырэктар Гарлахвацкі. Прафесар сумленна займаецца сваёй справай, дырэктар — ілжэнавуковец, прайдзісвет, гатовы дзеля ўласнай выгоды пайсці на самыя нізкія ўчынкі. Сюжэт, так бы мовіць, яшчэ са школы ўсім добра вядомы. І ўсё ж пераказаць гісторыю для сучасных гледачоў вырашыў рэжысёр Алег Кірэеў. Яна разгортваецца перад публікай у часавай перспектыве, ахоплівае працяглы перыяд — ад моманту стварэння п’есы да нашых дзён. Пра гэта сведчаць шматразовая (адпаведна эпосе) змена касцюмаў, прысутнасць на сцэне цудаў тэхналагічнага прагрэсу (мабільны тэлефон, ноўтбук), а галоўнае — кароткія імправізаваныя сцэнкі шэсцяў-дэманстрацый. На плакатах — савецкія правадыры або добра знаёмыя «народжаным у СССР» адозвы. Па выглядзе і настроі ўдзельнікаў дэманстрацыі — маршыруюць яны зладжана, бадзёра або «добраахвотна-вымушана» — няцяжка зразумець, калі адбываюцца тыя або іншыя падзеі і з якім самаадчуваннем скіроўваюцца масы ў недасягальную шчаслівую будучыню.

Пачынаецца спектакль з пралога. Першай з’яўляецца прыбіральшчыца цёця Каця (Лідзія Мардачова, Тамара Мужэнка), якая прапануе публіцы самой вырашыць — верыць або не ў праўдзівасць гісторыі, якая адбылася ў навуковай установе. Потым выразным характарным шэрагам праходзіць перад публікай «парад» персанажаў. Прыём, вядома ж, не новы, затое ўсе героі адразу навідавоку.

Асноўная сцэнічная пляцоўка ўмоўна размежаваная: налева — кабінет Гарлахвацкага; направа — калідор і месца сакратаркі. У глыбіні — лесвіца, што вядзе ў іншыя памяшканні інстытута. Галоўная сцэнаграфічная дэталь знаходзіцца ў цэнтры: гэта рухомыя, на калёсіках, своеасаблівыя «дзверы» кабінета дырэктара ў выглядзе замочнай шчыліны памерам у чалавечы рост. Усе персанажы адчыняюць і зачыняюць дзверы, проста паварочваючы іх убок, і толькі Зёлкін (вядома ж — падхалім, паклёпнік, нікчэмнасць) літаральна «пралазіць у замочную шчыліну». На жаль, знойдзены арыгінальны прыём неўзабаве страчвае нечаканасць з-за шматразовага ўжывання і застаецца на ўзроўні эпітэта, бо ў ім няма дакладна вызначанага акцёрскага дзеяння. Дый сам Зёлкін (Анатоль Гур’еў, Дзмітрый Пустэльнік) перад уваходам у кабінет дырэктара і пасля выхаду з яго не змяняецца, а вобраз не атрымлівае развіцця.

Зрэшты, вобразы іншых дзейных асоб створаны выразна і дакладна. Аляксандр Кашпераў удала падкрэслівае двудушнасць Гарлахвацкага. Ягоны невук — вучоны ў іншым, ён кемлівы і спрытны ў прыстасаванстве.

Антаганістам Гарлахвацкаму выступае прафесар Чарнавус — даверлівы, наіўны чалавек, які ні пра каго не можа падумаць дрэнна. Асабліва пра дырэктара інстытута, да якога Чарнавус бяжыць са сваёю бядой. Уладзімір Мішчанчук знаходзіць падыходзячую для персанажа пластыку: кароткія крокі пры паспешлівай хадзе, стрыманая жэстыкуляцыя, якая сведчыць пра засяроджанасць на любімай справе. Рухі кардынальна змяняюцца, калі Чарнавус трапляе ў складаную сітуацыю. Разгублены, ён мітусіцца па сцэне, бо няздатны стрымаць нязвыклае для яго пачуццё неспакою, на вачах у гледачоў яго апаноўвае страх.

Роля Тулягі таксама ўдалася абодвум яе выканаўцам — Анатолю Цярпіцкаму і Уладзіміру Грыцэўскаму. Атрымаўся «жывы», дзейсны персанаж. Сітуацыі, у якія трапляе Туляга, выклікаюць смех.

На жаль, агульнае ўражанне ад спектакля псуюць пэўныя пастановачныя дэталі. Напрыклад, не ўсе сцэнічныя касцюмы адпавядаюць пазначанаму рэжысёрам часу дзеяння. Некаторыя сцэны дапаўняюцца харэаграфічнымі нумарамі, але іх шаржыраванае выкананне не вылучаецца майстэрствам.

Фінал спектакля ўздзейнічае нечакана і моцна. Адзін званок «аднекуль зверху» — і выкрыццё Гарлахвацкага, якое толькі што адбылося, больш не мае ніякага сэнсу. Ягоны святочны банкет адбудзецца. Рэжысёр засяроджвае ўвагу на... пераможаным Чарнавусе, і камедыя, здаецца, перарастае ў трагікамедыю. Ды толькі спектакль, як байка, усё ж завяршаецца маральнымі высновамі. Зноў выходзіць цёця Каця і тактоўна прапануе пазбыцца падобнага інстытута, які… існуе ў нашых душах. Такім чынам песімістычная інтанацыя змякчаецца надзеяй, маўляў, пры жаданні ўсё можна змяніць.

Вольга СТАЛЯРОВА