Маленькія гісторыі пра балет

№ 1 (358) 01.01.2013 - 31.01.2013 г

Вечары сучаснай харэаграфіі ў Мінску. Расія, Нарвегія, Уэльс, Украіна

/i/content/pi/mast/64/1094/10.jpg
"Дождж". "Кіеў мадэрн-балет". Украіна.
Канец мінулага года аказаўся неверагодна багатым на харэаграфічныя імпрэзы. Перад айчыннымі гледачамі паўставалі праекты балетмайстраў і артыстаў з розных краін, і гэта стварала ўражанне шырокай панарамы, зрэзу таго, што адбываецца ў сучасным танцы. Такім чынам — пластыка «наша» і «чужая»... Зрэшты, такі падзел адносны і ўмоўны. Той жа Паклітару хоць і ўзначальвае кіеўскую трупу, але ўспрымаецца як «наш», бо ў беларускім балеце выступаў больш за 10 гадоў, тут набываў адукацыю харэографа.

Першыя кропкі супадзення ў праграмах, прадстаўленых у Мінску, — музыка, што ідзе ў запісе. Гэта натуральна, бо вазіць на гастролі аркестр нерэальна і фінансава немэтазгодна. Другі момант, які яднае ўбачанае, — надзвычай высокі ўзровень танцавальнай культуры, пластычнасці, тэхнічнай узброенасці артыстаў, здатных увасобіць усё! Далей пайшлі адметнасці і асаблівасці.

«Душы мёртвыя» і душы жывыя

Два першыя праекты, спектаклі з Екацярынбурга і Нарвегіі, з’явіліся ў сталіцы невыпадкова. Яны ўдзельнічалі ў праграме юбілейнага, XXV фестывалю IFMC у Віцебску. Трупу «Эксцэнтрык-балет» любіць віцебская публіка, дый Сяргей Смірноў — важкая постаць у сучаснай харэаграфіі. Уладальнік некалькіх «Залатых масак», неаднойчы адзначаны на міжнародных танцавальных фэстах.

Праўда, мінскі глядач ягоную трупу добра не ведае. Цікавае знаёмства з калектывам адбылося летась: ён быў заняты ў мюзікле «Мёртвыя душы», прадстаўленым на гастролях у Беларусі Свярдлоўскім тэатрам музкамедыі. Артысты «Эксцэнтрык-балета» ўвасаблялі мёртвыя душы, нябожчыкаў, якіх хоча купіць, а потым прадаць Чычыкаў. Ламаная, менавіта «тагасветная» харэаграфія, аблічча выканаўцаў, якія з’яўляліся на сцэне ў лахманах колеру цвілі, старога, зляжалага пылу, — усё рабіла жудаснае і моцнае ўражанне.

Чаканні прыезд трупы з Екацярынбурга абуджаў вялікія. Рэальнасць іх крыху астудзіла. «Маленькія гісторыі», па сутнасці, — аднаактовы спектакль. Стваральнікі пазіцыянавалі яго як «цыкл мініяцюр пра жыццё маленькага чалавека ў вялікім свеце дзівацкіх ідэй і абставін». Пашукаўшы, у «Гісторыях» можна знайсці цікавыя дэталі і прыёмы. Напрыклад, калі фонам харэаграфіі служаць далёкая музыка, размовы, шэпт. Калі экспрэсіўныя танцавальныя маналогі разгортваюцца пад спеўныя сола. Калі вынаходліва скарыстана сцэнічнае адзенне і эфектна — франтальнае святло. Але ўсё разам чамусь «не праймала», падавалася выкшталцонымі і абстрактна-халоднымі практыкаваннямі ў сучаснай пластыцы. Так, «Гісторыі» можна ўспрымаць як адвольную плынь эмоцый харэографа, якая кожнае імгненне змяняе рэчышча. Але, пры канцы спектакля задаеш сабе пытанне: пра што ўбачанае? Пра заўсёдную рускую хваробу духу, якая называецца туга і нуда? Пра бессэнсоўнасць? Ці сучаснае мастацтва абавязкова павінна быць незразумелым? А творчасць — рэбусамі для стараннага і марнага разгадвання?

О-ле, о-ле, о-ле!

Як ні дзіўна, нарвежская трупа (пра яе мы нічога не ведалі) пакінула непараўнальна больш моцнае ўражанне. З якімі асобамі і творамі асацыюецца ў нас нарвежскае мастацтва? Пісьменнікі Генрык Ібсен, Кнут Гамсун, кампазітар Эдвард Грыг і ягоны «Пер Гюнт», мастак Эдвард Мунк — здаецца, усё...

Такім чынам, трупа «Ё Стромгрэн Компані», балет «Футбол». Больш разгорнутая назва — «Танцавальнае прысвячэнне мастацтву футбола». Эмацыйны кантакт між сцэнай і залай альбо ўзнікае адразу, альбо не ўзнікае ўвогуле. Толькі на сцэну паспелі выйсці чатыры танцоры (прабачце, футблісты) у майках з чорна-белымі палосамі, падобнымі да формы «Ювентуса», як зала зайшлася ад смеху. Увогуле гледачы прымалі спектакль неверагодна цёпла і эмацыйна. Так здараецца, калі відовішча захапляе, правакуе розныя эмоцыі. Усе радасна смяяліся, свісталі, выгукалі на манер футбольных заўзятараў: «О-ле, о-ле, о-ле!»

Мо, прычына поспеху ў тым, што харэограф Ё Стромгрэн прыйшоў у балет са спорту і добра яго ведае? У спектаклі шмат гумару, вынаходлівасці, пластычнага асэнсавання найбольш распаўсюджаных сюжэтаў і матываў гульні, якой захапляюцца мільёны. Калі пачынае гучаць знакаміты раманс Немарына з «Любоўнага напою» Даніцэці, разумееш, што між танцам і футболам шмат агульнага. І там і там маем справу з імклівасцю і прыгажосцю руху. Зоркамі балета захапляюцца ў свеце гэтак жа, як і зоркамі футбола. Дык чаму нельга ў танцы адлюстраваць самае тыповае і характэрнае, што ўласціва вялікаму мастацтву, імя якога футбол? Трэніроўкі, гульня, чэмпіянат. Ігракі, трэнеры, суддзі. Галы, «абводкі», траўмы... Усё як у жыцці, але з лёгкасцю і віртуознасцю, якія ператвараюць рэальнасць у вобраз.

Пра што прымусіў думаць спектакль «Футбол», які лічыцца еўрапейскім танцавальна-тэатральным «хітом»? Пра тое, што ідэі, на якіх можна пабудаваць нечаканае і запатрабаванае відовішча, як кажуць, ляжаць пад нагамі. Яны простыя, не патрабуюць звышнамаганняў.

Натхнёны Алімпіядай-2012

У параўнанні з нарвежцамі аднаактовая «Мара» выглядала больш сціпла. Хоць спектакль быў прадстаўлены прафесіяналамі — Нацыянальнай танцавальнай кампаніяй Уэльса, а пастаноўкі Крыстафера Бруса ідуць на прэстыжных сцэнах — у Дацкім каралеўскім тэатры, Англійскім нацыянальным балеце. Харэограф прызнаўся, што гэтым разам яго натхнілі дзве яркія падзеі 2012 года — Алімпійскія гульні ў Лондане і юбілей англійскай каралевы. Апошні, па шчырасці, часам нагадваў святочныя гульні студэнтаў на свежым паветры.

Увасабленне спартыўнай тэматыкі атрымалася больш выразным. «Балеро» Равэля, на якім будавалася найбольш разгорнутая частка відовішча, каштоўнае само па сабе. Мяркую, яно вытрымае і не такія інтэрпрэтацыі! Са сцэнічных увасабленняў партытуры найбольшае ўражанне асабіста на мяне заўжды рабіла версія Марыса Бежара з Маяй Плісецкай або Хорхе Донам у галоўнай партыі. Версія Валянціна Елізар’ева, якая ідзе ў нашым тэатры (Іспанія, «Герніка», Апакаліпсіс), таксама канцэптуальная.

Гледзячы спектакль англічан, цікава было здагадвацца, пластыку якіх відаў спорту ўвасабляюць танцоры (ага, здаецца, гэта лучнікі са стрэламі; цяпер на падлозе нібыта «плёскаюцца» плыўчыхі-сінхраністкі; на змену ім прыходзяць барцы і лёгкаатлеты), але хацелася задаць пытанне: і што далей? Для першага знаёмства мо і някепска: свае спектаклі пачынаеш ацэньваць вышэй. Але гэткія пластычныя перформансы цудоўна дэманстраваць у Палацы культуры або на маладзёжным фестывалі. Таму раз-пораз узнікала думка: якое дачыненне мае ўбачанае да акадэмічнай сцэны, дзе паказваюць лепшае і праверанае часам?

Беларускія карані

Не хачу падацца прадузятай, але ў дадзеным выпадку нічога не зробіш: два праекты — «Дождж» у пастаноўцы Раду Паклітару і «Зала чакання» ў харэаграфіі Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова — аказаліся ці не самымі моцнымі на своеасаблівым харэаграфічным фестывалі. Найперш дзякуючы канцэптуальнасці, выверанасці частак і дэталей відовішча.

«Кіеў мадэрн-балет» паказваў аднаактовы «Дождж» на міжнародных фэстах, але ў Мінск яго не прывозіў. Арыгінальнае музычнае рашэнне спектакля. Творы Баха — стрыжань, які злучае ўсе фрагменты. Кампазітар увасабляе той агульначалавечы пачатак, што аб’ядноўвае людзей розных нацый. Але ўласную непаўторнасць яны выяўляюць праз этнічныя мелодыі — грузінскія, рускія, яўрэйскія, малдаўскія, румынскія. Да ліку найбольш выразных я б аднесла фрагменты, пастаўленыя на тэмы французскай і рускай песень.

Пераконвала пластычная мова, адметная і пазнавальная. Выпрацоўка ўласнага стылю, магчыма, самы важкі і сур’ёзны набытак Паклітару. Вынаходлівасць мыслення — у пабудове структуры, якая дазваляе дадаваць новыя эпізоды, мяняць іх ці вар’іраваць. «Дождж» засведчыў: Раду бліжэй малыя формы, у іх ён адчувае сябе надзвычай упэўнена. Яны дазваляюць дасягнуць шматмернасці, выявіць у пластыцы мноства сэнсаў.

Каго чакаюць у «Зале чакання»?

Апошні балет стаўся неспадзяваным. Калі музычная аснова большасці згаданых спектакляў «зборная», дык для «Залы» яна стваралася спецыяльна, і гэта істотна паўплывала на вынік. Алег Хадоска — адзін з найбольш яркіх і перспектыўных кампазітараў сярэдняга пакалення. Усе яго сімфанічныя і харавыя сачыненні, якія даводзілася чуць, пазначаны эмацыйнасцю і інтэлектуальнай глыбінёй, філасафічнасцю і сучаснай музычнай мовай. Тым не менш ні ў адным нашым музычным тэатры да гэтага часу не было ніводнага спектакля з яго музыкай.

Алег — аўтар трох балетаў: «Папялушкі», пастаўленай у Латвійскай оперы, «Залатога ключыка», пакуль не ўвасобленага на сцэне, і, нарэшце, «Залы чакання». Партытура новага балета вельмі цікавая. Вострая, дынамічная мова будуецца на кантрасце напружана-трывожных інтанацый, якія адлюстроўваюць рэальнасць, настрой і стан сучаснага чалавека, і арганных, «бахаўскіх» сугуччаў, што ўвасабляюць ідэал, трапяткую душу, заціснутую, дэфармаваную неразуменнем і жорсткасцю.

Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, якія па-ранейшаму танцуюць вядучыя партыі ў тэатры, паўсталі ў нечаканым святле — як аўтары лібрэта, харэографы і пастаноўшчыкі. «Зала» дакладна скампанавана, сюжэт нечаканы і мае адценне парадаксальнасці. Зала чакання — гэта частка вакзала, а ён заўжды ўспрымаецца як скрыжаванне шляхоў і лёсаў.

Героі паспяваюць кардынальна змяніцца за час дзеі — і Назіральнік (яго ярка і экспрэсіўна танцуе Дзяніс Клімук, чый значны акцёрскі патэнцыял па-сапраўднаму тэатрам яшчэ не запатрабаваны), і Дзяўчына (Юлія Алейнік), і Афіцэр (Іван Савянкоў). У гэтай пастаноўцы няма «пустых» эпізодаў, не напоўненых рухам і сэнсам. Разумна пабудаваны ўзаемаадносіны сольных, дуэтных і масавых сцэн. Перад намі надзвычай сур’ёзная і шматзначная работа як кампазітара і харэографаў, так і выканаўцаў.

Увогуле «голад» на новую харэаграфію ў нашым грамадстве такі вялікі, што наталіць яго можна толькі велізарнай колькасцю спектакляў. Пажадана — такога ўзроўню, як «Футбол», «Дождж» і «Зала чакання».

Таццяна МУШЫНСКАЯ