Калашнікаў блюз

№ 1 (358) 01.01.2013 - 31.01.2013 г

«Збройная палата» Выстава Андрэя Пяткевіча Галерэя «Мастацтва»

/i/content/pi/mast/64/1091/4.jpg
Амулет Калашнікава. Акрыл. 2012.
Пры першым знаёмстве з жывапісам маладога мінскага мастака Андрэя Пяткевіча ў памяці паўстаў славуты пацыфісцкі знак — рэвальвер з уваткнутым у рулю рамонкам, які фігураваў у шматлікіх антываенных плакатах перыяду халоднай вайны. Але ў жывапісе Андрэя Пяткевіча няма дакучлівага адчування дэжавю, і гэта не дэкларацыя пацыфізму, хоць такія матывы і ўласцівыя яго творчасці. Пацыфісты ненавідзяць зброю, а Андрэй Пяткевіч яе любіць. Асаблівай любоўю — не як прадмет агрэсіі, а як дасканалы эстэтычны аб’ект.

У гісторыі матэрыяльнай культуры зброя бесперапынна эстэтызавалася, удасканальвалася. Успомнім знакамітыя дагестанскія Кубачы, легендарны аул майстроў, якія ўпрыгожваюць зброю гравіроўкай, чаканкай, чарненнем па срэбры, насяканнем. Выяўляючы прыгажосць формы, Пяткевіч тым самым знішчае змест разбурэння і забойства. А фон, аксесуары, сюжэтная падаплёка яго нацюрмортаў-партрэтаў са зброяй завяршаюць гэты працэс. Перад намі паўстаюць мірныя аб’екты, вастрыню якім надаюць выразныя кантрасты фактур халоднага металу і цёплай чалавечай скуры («Амулет Калашнікава», «Афіна», «Амазонка»), сталі і далікатнай тканіны («Ціхае жыццё»), цяжкай рабрыстасці гранат «лімонак» і мяккасці сапраўдных пладоў («Нацюрморт з лімонкай»).

Мастак актыўна выкарыстоўвае прыёмы прыпадабнення («Выбуховы характар»), адушаўлення («Трэці лішні»), трансфармацыі формы («Гарачая зброя») з той жа мэтай — зламаць сапраўдны зместавы падтэкст зброі. Гэтаму адпавядае і падкрэслена музейная назва выставы — «Збройная палата». Музейны дух узмацняюць штучныя кракелюры і, вядома ж, карціны — папулярныя ў беларускіх мастакоў рымэйкі. «Музейныя» прыёмы, старанная зробленасць кампазіцый выдаюць асобу скрупулёзную, схільную да перфекцыянізму, хоць гэта ніяк не адбіваецца на зместавай глыбіні выяў-знакаў.

У карцінах Пяткевіча адбываецца функцыянальная метамарфоза — прадметы, якія патрабуюць камуфляжу ў паўсядзённым мірным жыцці, самі ператвараюцца ў камуфляж-знакі гэтага, як паступова пачынаеш разумець, «нібыта мірнага» жыцця. Выяўляецца другі, глыбінны падтэкст: мірнае жыццё — таксама вайна. Эстэтычныя дыверсіі мастака са зброяй нечакана агаляюць праўду: зброя — усяго толькі зброя. Агрэсія — родавая ўласцівасць жывой матэрыі. Тэма, як мне здаецца, магістральная для мастака, выразна пазначана ў яго ранніх серыях — «Двубой», «Гульня ў ...», «Назіральнік», «Стрыптыз», «Рыбацкія байкі», з якіх варта згадаць працы «Залатая рыбка», «Хатні арышт», «Усмешка лавеласа», «Смяротны зыход», «Гульня ў хованкі», «Мокрая справа», «Левіяфан» і многія іншыя. Пераслед, гульні з ахвярай, спакушэнне, прымус, падначаленне, жорсткі вынік. Жывёльны свет — чалавечы свет. Сцэнар адзін. Жах незвычайна эстэтычны. Мастаку ўласцівыя тонкае пачуццё колеру, багацце паўтонаў і фактур, пышны малюнак, кампазіцыйная выразнасць, экспрэсіўнасць. Можа быць, з гэтай прычыны не так страшна? Нарэшце адбываецца разуменне праўдзівага пасылу: прыгажосць і жах непарыўныя. І ў жыцці, і ў мастацтве. І ў гэтым сваім пасыле, у гэтай якасці працы Андрэя Пяткевіча дзіўна актуальныя, а стылявая кангламератыўнасць шмат у чым з’яўляецца адлюстраваннем эклектычнасці самога часу, у якім мы жывём.

За гэтымі карцінамі праступае постаць сучаснага мастака з магутнай мужчынскай энергетыкай, узрушальным асацыятыўным мысленнем, што транслюе гледачу сваё разуменне філасофіі жыцця і мастацтва.

Ёсць такое вызначэнне — асуджанасць на поспех. Думаецца, што працы Андрэя Пяткевіча падлягаюць такой асуджанасці. Свядома ці інтуітыўна, ён абраў у якасці вобразнай дамінанты сваіх карцін тыя архетыпы чалавечага жыцця, якія заўсёды будуць хваляваць і прыцягваць. Каханне, ежа, аголенае цела, рызыкоўная гульня ці паляванне... Зброя — у гэтым шэрагу.

«Збройная палата» — мужчынская выстава. У ёй прыкметы і знакі мужчынскага свету: жанчына — паляўнічая і мішэнь адначасова; казіно, сафары, нацыянальнае паляванне. У карцінах адчуваецца пах металу і ружэйнага масла... Іронія і жорсткі гумар — таксама мужчынскія. «Чалавецтва смеючыся расстаецца са сваім мінулым». Выстава Андрэя Пяткевіча — таксама свайго роду акт расстання — з плакатнай павучальнасцю, ідэалагічнымі мыліцамі, з бяздарнасцю просталінейнасці... Хацелася б верыць, што і з многім мітуслівым і часовым у чалавечым сужыцці.

Таццяна БРАЦЯНКОВА