Арт як адчуванне

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

2010-ы

/i/content/pi/mast/63/1089/46.jpg
Юрый Кулікоў. Мелавыя кар'еры непадалёк пасёлка Краснасельскі. 2010--2011.
Ва ўсіх апошніх аглядах фатаграфіі лідзіруе кірунак, выразна арыентаваны на сацыяльную праблематыку. У гэтым трэндзе развіваюцца розныя вектары, і на індывідуальным узроўні аўтары не адчуваюць абмежаванняў. Больш таго, яны ўпэўнены ў тым, што працуюць у еўрапейскім мэйнстрыме.

Крыху на ўзбочыне працэсу апынулася фатаграфія, якая праходзіць у нас па разрадзе «арт»: пра яе ўспамінаюць толькі тады, калі трэба скласці прэтэндуючае на аб’ектыўнасць уяўленне пра сучасную сітуацыю. Да мастацкай фатаграфіі адносяць пошукі ў галіне формы: часам гаворка ідзе пра тэхналогіі, колер ці ракурсы — наогул пра прыёмы, інструменты здымкі, якія скіроўваюць фатографа ў бок жывапісу. Але сучасная фатаграфічная мова лёгка пераступае межы: у нішу «арт» трапляюць серыі, задуманыя ў самых розных кантэкстах.

Для Юрыя Кулікова спрыяльным асяродкам стала вада, якую ён здымае некалькі гадоў — у розных месцах і фізічных станах, але заўсёды з адчуваннем асаблівага жыцця, у якім пераважаюць не факты, а — загадкі. З усіх яго водных серый спынюся на адной — знятай у Беларусі, у Краснасельскіх кар’ерах. У яе ёсць уласная гісторыя, але каштоўнасць гэтых фатаграфій у тым, што Кулікову ўдаецца сысці ад рэалій і прадставіць стыхію як непранікальнае асяроддзе, вакуум. Імга стварае адчуванне безуважнасці, падкрэслівае адзіноту дзіўных істот у таямнічым паўзмроку. Прыгажосць кадра для Кулікова — не самамэта, нават не сродак самавыяўлення. Эстэтыка, стыль тут безумоўна ёсць, але яны падпарадкаваны больш агульнай задачы. Гэта задача — рашэнне воднай прасторы, магутнай і паэтычнай. Нават будзённая і шэрая, у балоце ці ў акіяне, пры любым асвятленні і ў любым колеры — вада вабіць, і яе рух зачароўвае. Здаецца, што для фатографа — пад вадой! — не існуе тэхнічных цяжкасцей, гэты абшар жыве вольна, як быццам няма чужароднага аб’екта, ды і здымкі таксама няма, і такая раскаванасць перадаецца камеры.

Бібліятэкі мастацкай літаратуры і кіламетры кінаплёнкі прысвечаны воднай стыхіі, але фатаграфія прамаўляе ўласнай мовай. Яе аповед — пра рэальную рэчаіснасць, дзе вада сапраўдная і яшчэ больш неспасціжная. Якраз тое, што любіць фатаграфія, што ў ёй найболей каштоўнае — непрыгладжаныя, непрадказальныя кадры. Фатограф як мастак выбірае тое, што яму сугучна, і адсякае лішняе. Ён жыве нібы ў двух вымярэннях: у аўтарскім, з камерай, і ў злучэнні з воднай стыхіяй. Успрыманне вады як прасторы дае магчымасць вывесці серыю з рамак прыкладной і разгарнуць яе як мастацкую.

Але вернемся да той гісторыі, якая прывяла Кулікова ў арт-супольнасць. Амаль сто гадоў назад у мястэчку Краснасельскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці пачалі здабываць мел у кар’ерах. Адпрацаваныя кар’еры доўгі час мелі выгляд постіндустрыяльны, а затым пачаўся працэс рэвіталізацыі. Жыццё вярталася на дно і схілы, у бірузовай вадзе з’явіліся першыя расліны. Да пачатку здымак Кулікоў якраз скончыў курсы дайвераў: «Навыкі вельмі дапамагаюць — не адцягваць увагу падчас здымкі, правільна дыхаць, карыстацца аквалангам. Здымаў спачатку “мыльніцай”, але потым купіў падводны бокс — зараз магу працаваць прыкладна на 10-метровай глыбіні.

Кар’еры па-свойму экстрэмальныя, нечаканыя. Бо экзотыка можа быць не толькі вонкавай, але і ў адчуваннях. Вастрыні дадаюць велізарныя «БелАЗы», якія ўвесь час з грукатам ездзяць міма. Яны вывозяць мел з дзеючых кар’ераў.

Апусканне захоплівае. Трэба хутка пераключацца, не заўсёды зразумела, што перад табой — расліна ці жывёла, яны суіснуюць у нейкім сімбіёзе. Адчуванні пад вадой блізкія да стану палёту. Можна паглыбіцца ці падняцца і рушыць туды, куды пажадаеш. Калі вада ўзбоўтваецца, то становіцца белай, як малако. Казыча нервы, калі апынаешся ў гроце — трэба быць асцярожным, прыслухоўвацца да гукаў. Гэта проста іншы свет, іншае жыццё, дзе шмат невядомага — пасля вяртання я пачынаю разглядаць фатаграфіі і шукаю, правяраю ў інтэрнэце, што ж я такое ўбачыў».

Ці вытлумачвае гэты сюжэт сутнасць арт-фатаграфіі? Ці застаецца яна аўтарскім выказваннем? Даследаваннем? Думаю, адназначнага адказу няма: вельмі важна, Што, Як і Хто рабіў.

Любоў ГАЎРЫЛЮК