Палітра памяці

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

Рукапіс мастака

/i/content/pi/mast/63/1085/33.jpg 
 Юнацтва. Алей. 1961.
У першы дзень Новага года народнаму мастаку Беларусі Віктару Грамыку спаўняецца 90. Да юбілею ён сам сабе падрыхтаваў падарунак: замовіў некалькі асобнікаў важкага — амаль 500 буйнафарматных старонак — тома мемуараў, у якіх ахопліваецца перыяд працягласцю ў паўстагоддзя: 1945–1995 (пра дзяцінства, юнацтва і ваенную маладосць распавядаецца ў першай кнізе ўспамінаў Віктара Грамыкі «Вясёлка над дарогай», што выйшла ў 2000 годзе ў выдавецтве «Беларусь»).

Шмат чаго адбылося за гэты час — і ў жыцці чалавека, і ў жыцці краіны. Мастак прайшоў шлях ад пачаткоўца да прызнанага майстра. Краіна залячыла ваенныя раны, выхавала сваю нацыянальную інтэлігенцыю. Годна паўстала беларуская мастацкая школа. 
Да ўсяго гэтага Віктар Грамыка меў самае непасрэднае дачыненне.

Напісаныя (не надыктаваныя!) надзвычай сумленна — ад рукі, радок за радком, ліст за лістом (іх у хатнім архіве засталося больш за тысячу), яго ўспаміны, безумоўна, маглі б стацца неацэннай крыніцай эксклюзіўнай інфармацыі для гісторыкаў мастацтва, культуролагаў, сацыёлагаў і наогул аматараў мемуарнага жанру.

Там маглі б знайсці шмат карыснага тыя, 
хто цікавіцца гісторыяй вышэйшай мастацкай адукацыі ў Беларусі (Віктар Грамыка адразу пасля заканчэння БДТМІ пайшоў працаваць у сваю alma mater, быў дэканам мастацкага факультэта, кіраўніком творчай майстэрні) і дзейнасцю Беларускага саюза мастакоў (аўтар успамінаў двойчы ўзначальваў яго праўленне).

Шкада, праўда, што мемуары Віктара Грамыкі пакуль застаюцца практычна недаступнымі для патэнцыйных чытачоў.

Зрэшты, сёння мы маем магчымасць разам перагарнуць некалькі старонак, у якіх мастак распавядае пра некаторыя са сваіх карцін.

Пачатак

Восень 1947 года стала першай прыкметнай вяхой у маім творчым жыцці: я ўпершыню ўдзельнічаў у рэспубліканскай мастацкай выстаўцы. Яна была юбілейнай, прысвечанай 30-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. У параўнальна невялікай экспазіцыі была і мая праца, акварэль «Пушкінская вуліца». Ад вуліцы цяпер засталося нямногае, няма ўжо ні дваццатага магазіна, што ўпрыгожваў сваёй драўлянай цеплынёю першы план, ні клёнаў, што звесілі свае залатыя кроны над яго бляшаным дахам, ні раскідзістых вербаў ля драўляных баракаў Політэхнічнага інстытута. Ды і сам пейзаж існуе толькі ў каталожным спісе — ён ці то знік у нетрах майго не разабранага яшчэ фонду, ці то выгараў дзесьці на невядомай сцяне чужой кватэры. Але ў памяці маёй ён яшчэ жыве водарам і колерам тых дзён...

Гісторыя з дыпломам

Эскіз карціны «Дарогамі мсціўцаў» вялікага фармату з выразна пазначанымі дэталямі, над якім я працаваў на чацвёртым і пятым курсах, быў ухвалены і зацверджаны для дыпломнай карціны раней за належны тэрмін, і я вёў яе не спяшаючыся, грунтоўна прапісваючы вобразы шматфігурнай кампазіцыі, не падазраючы таго, што адзін з прысутных на праглядзе мастакоў працытуе амаль даслоўна мой эскіз у сваёй карціне задоўга да маёй абароны.

Усю восень і частку зімы я працаваў над чатырохметровым, па большым баку, кардонам. Кампазіцыя, нягледзячы на ўяўную простасць у эскізе малога памеру, паставіла перада мной мноства складаных задач — ад адзінства руху ідучых у ланцугу партызан, гарманічнай зладжанасці фігур, розных па камплекцыі, узросце, адзенні, да дакладнай выразнасці не толькі сілуэтаў, але і ўсіх дэталей вобразнай мовы. Я стараўся так знайсці абагульненыя тыпы герояў, каб падкрэсліць непаўторную індывідуальнасць кожнага...

У адзін цудоўны зімовы дзень прыйшоў Стальмашонак і з ходу аб’явіў, што быў на рэспубліканскай выстаўцы: «Разумееш, мне не надта прыемна табе аб гэтым казаць... Але — такое жыццё... Нічога! Ты, былы камісар, вытрываеш!» І ён распавёў, што на выстаўцы экспануецца карціна, як дзве кроплі вады — мой павялічаны эскіз. Я рыссю пабег на выставу і збянтэжана спыніўся ля вялікага палатна з назвай «Былыя паходы». Знямелым слупом стаяў я ля сваёй кепска напісанай карціны, падпісанай чужым прозвішчам, і здавалася, быццам брудны апоўзень навальваецца на мяне...

Два дні я не з’яўляўся ў майстэрні, сядзеў дома, думаў, што рабіць. Гарэла душа ад непрыяззі да гэтага чалавека. Было б добра, мільгала ў галаве, на навуку іншым прыцягнуць плагіятара да адказу. Але тады ў якасці сведкаў давялося б назваць многіх прыстойных людзей, а значыць, далучыць да бруду і іх, і сябе. Не, не мой шлях. Нельга з гэтага пачынаць тое, пра што марыў усё жыццё.

Я зняў з планшэта і згарнуў у трубку кардон і, прымацаваўшы чысты, начаў вугалем накідваць контуры новай кампазіцыі...

«Свіцязянка» вяртаецца на радзіму

Сваю першую летнюю практыку з двума курсамі студэнтаў я праводзіў у гарадскім пасёлку Любча. У тое лета мае асабістыя творчыя імператывы былі скіраваны на завяршэнне палатна «Юнацтва». Пасля многіх варыянтаў знайшлася фігурка юнай трактарысткі ў крыху цяжкаватым ад стомы руху. Але карціна была гэткай жа далёкай ад завяршэння, як і два-тры месяцы таму. У ёй не было галоўнага — самой гераіні.

...На возеры Свіцязь адбывалася масавае гулянне пад сцягам свята песні. Безуважна кінуўшы позірк на шэрагі святочна апранутай моладзі, я раптам унутрана пахаладзеў — амаль побач са мной аказалася «яна», мая трактарыстка! Паміж намі сядзелі дзве сяброўкі, яны азірнуліся, калі я стаў энергічна рухацца, нахіляючыся то ўперад, то назад, каб цалкам убачыць тую, што рахмана сядзела за імі. Потым і яна, адчуўшы мой погляд, азірнулася, па твары яе слізганула трывожнае недаўменне. «Зараз спалохаецца і сыдзе», — падумаў я і, папрасіўшы сябровак пасунуцца, сеў побач з ёю. Можа дзякуючы майму ўзросту, а можа і таму канфідэнцыяльна-шчасліваму тону, якім я вымавіў не лепшую, напэўна, фразу для гэтага выпадку: «Вось мы, нарэшце, і сустрэліся!» — мая трактарыстачка не збегла, не пераўтварылася ў фантом, якіх так шмат на шляху мастакоў-шукальнікаў.

Наступным днём я прыбыў на кватэру маёй гераіні з эцюднікам, альбомам, кардонкамі і вялізным эцюдным парасонам. Яго сямейныя габарыты не схаваліся ад дапытлівай увагі гаспадыні: «Ды што вы! Пабойцеся Бога! На небе ні аблачынкі! Ці вы збіраецеся маляваць маю дачку да самай восені?» У паўжартоўнай манеры воклічу мне пачуўся не толькі зразумелы мацярынскі неспакой, калі нейкі мастак, прычым немалады, чамусьці выбірае сваёй мадэллю яе дачушку. Як я даведаўся пазней, гэта была сям’я начальніка раённага аддзялення міліцыі. А цяпер, пасадзіўшы маю гераіню на крэсла ў цені ганка, я ўладкаваўся з эцюднікам і палатном пад маім вялікім парасонам і пачаў захоплена пісаць эцюд галавы. Пісалася лёгка, упэўнена, усе рысы гэтай мілай дзяўчыны былі мне як быццам ужо знаёмыя, а яе ўнутраны стан так дакладна адпавядаў задуманаму ў карціне, што я дзівіўся такому супадзенню.

...Карціна «Юнацтва» шмат гадоў знаходзілася ва ўласнасці яе заказчыка — Акадэміі мастацтваў СССР, але страсная збіральніца нашага Нацыянальнага мастацкага музея Алена Васільеўна Аладава з уласцівай ёй настойлівасцю доўга выпрошвала гэта палатно. Калі я даведаўся, што яе напору акадэмікі не вытрымалі і перадалі карціну нашай рэспубліцы, спытаўся ў яе папросту, без хітрыкаў: «Алена Васільеўна, навошта вы гэта зрабілі?» — «Я вас разумею, — сказала яна. — Быць у калекцыі Акадэміі — вялікі гонар. Але я так хацела, каб гэтая мілая дзяўчына вярнулася да сябе на радзіму! Мне здаецца, яна вельмі да гэтага імкнулася. Ну што ж, я ёй дапамагла».

«Хоць бы чырвонага віна ў шклянкі налілі...»

Выяўленчая мова майго замыслу карціны «Салдаты» ў выніку эскізных пошукаў паступова пазбаўлялася ад сюжэтнай шматслоўнасці. Тры ветэраны стаяць на полі былога бою. Свае абавязковыя франтавыя «сто грам» яны ўзнялі ў памяць сяброў, што леглі ў гэтую адваяваную зямлю. Няма на карціне, як у першых эскізах, апавядальных дэталей — дзота на пагорку, парослым маладымі бярозкамі. Франтавікі стаяць нібыта на зямной сферы, і тры яе колеры ды блакітнае неба з беласнежнымі аблокамі сцвярджаюць тое агромністае і вечнае, што яны абаранілі ў баях, — жыццё.

Вобраз цэнтральнага салдата я нечакана знайшоў на вуліцы Мінска, з першага позірку пазнаўшы ў ім ветэрана — не па калодках баявых узнагарод і нават не па шрамах вайны на твары, а, напэўна, па погляду яго блакітных вачэй, быццам скіраваных у мінулае, што засталося ў ім назаўсёды. Другога франтавіка, стаячага побач у журботнай позе, я адшукаў таксама не толькі праз ягоны пусты рукаў. А вось левы салдат у белай кашулі даваўся няпроста, і нават на карціне, ужо практычна завершанай, вобраз яго, умоўна пазначаны, мяне не задавальняў.

На асфальтаваным пакрыцці дома, што было на ўзроўні нашых вялікіх, на ўсю сцяну, вокнаў мансард, я пастаянна бачыў Жору Паплаўскага, які травіў там на свежым паветры цынкавыя пласціны для афортаў. Зірнуўшы з нізкага гарызонту, як у карціне, я раптам убачыў свайго героя ў белай кашулі і з кубкам у руцэ (хоць быў ён зараз у трусах і з бутэлькай азотнай кіслаты).

Карціна «Салдаты», якая магла быць названа «Хвіліна маўчання», паспяхова экспанавалася на нашай рэспубліканскай выстаўцы, прысвечанай 50-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, а потым была рэкамендавана выстаўкамам на выставу ўсесаюзную.

У тыя гады ўсе даклады і выступы генсека Леаніда Ільіча Брэжнева пачыналіся звычайна са слоў «з пачуццём глыбокага задавальнення», і гэты абарот увайшоў у жартоўную моду. Аднак мне пачуцця глыбокага задавальнення ад удзелу ва ўсесаюзнай выстаўцы зведаць не ўдалося. Намеснік міністра культуры Мачульскі са спісу работ, што адпраўляліся ў Маскву, «Салдат» выкрасліў. «Ну як вы не разумееце, — казаў ён, — што хрушчоўскія п’яныя часы мінулі. А тут — гарэлку героі жлукцяць з кубкаў. Вы, калі ўжо на тое пайшло, хоць бы віна чырвонага ў шклянкі налілі...».

З тайнікоў падсвядомасці — на палатно

Некаторыя даследчыкі псіхалогіі творчасці працэс нараджэння твора не без падстаў параўноўваюць з нараджэннем дзіцяці. Развіццю майго «дзіцяці» — карціны «1941 год. Над Прыпяццю» — ў адпаведнасці з гэтай аналогіяй папярэднічала вельмі працяглае выношванне. Азарэнне прыйшло нечакана і, як часта ў мяне бывала, не ў майстэрні і не ў час напружанага пошуку, а ў момант бяздумнага шпацыру з майстэрні дадому. Я раптам убачыў і ляжачага на пяску смяротна параненага воіна, пакрытага шынялём з пятліцамі пагранічніка, і пажылую жанчыну з тужліва скрыжаванымі спрацаванымі рукамі, і дзяўчынку-падлетка, што кліча на дапамогу. Крыху пазней знайшоўся, у ключы гістарычнай драмы, каларыстычны і танальна-кантрасны лад будучай карціны — з крывава-цёмнай Прыпяццю і чорным небам з чырвонымі трывожнымі бліскавіцамі, на фоне якіх моцна гучыць светлы вобраз Маці-радзімы, журботна сядзячай у галавах воіна, а справа дзяўчынка замыкае сваім імкліва-пругкім сілуэтам пластычны вобраз карціны. Ужо ў майстэрні я дадумаў і неабходныя дэталі — галінкі лазы, што гнуцца пад ветрам, паўтараючы рух дзяўчынкі і кантрастуючы са статыкай воіна і жанчыны, даматканы вясковы дыванок-посцілка, як вобраз чаўна, на якім адплывае ў бессмяротнасць абаронца Радзімы, ды ягоная, ужо слабеючая, кісць рукі, у якой сцябло затвора блішча нібыта заручальны пярсцёнак.

Гэтая праца, што так доўга хавалася ад мяне ў тайніках падсвядомасці, раптам паўстала перад унутраным зрокам так дакладна, быццам я разглядаў рэпрадукцыю.

Вераснёўскай раніцай — у пятніцу — я пачаў пісаць карціну. У нядзелю амаль завяршыў працу, у панядзелак толькі перапісаў светлую кофту жанчыны.

У тыя далёкія часы я працаваў вельмі хутка, але ўсё роўна тэрмін выканання такой вялікай і досыць складанай карціны быў фантастычна кароткі. Адразу следам за ёй нарадзіліся і «Ільны беларускія». Тое быў адзін з самых шчаслівых перыядаў майго жыцця, калі я, як і многія аднагодкі, што прайшлі вайну і позна атрымалі адукацыю, захаваў у сабе яшчэ тую, ваенную, вывучку, каб бегчы за адышоўшым цягніком і, дагнаўшы, ускочыць усё ж не ў апошні вагон.

Блакітная дарога на першым плане

Рака Бобр валодала не толькі прыгожым імем, у сваім рэчышчы і на схілах яна мела вялізныя запасы жалезнай руды. У многіх месцах яе выхады знаходзіліся на самай паверхні, што, канешне, падавалася спакусліва даступным. У канцы ХІХ стагоддзя капіталізм, што хутка развіваўся ў Расійскай імперыі, падштурхнуў аднаго шукальніка ўдачы — напэўна, не столькі дасведчанага, колькі летуценнага — арганізаваць разам з лёгкай здабычай руды і яе выплаўку. Не магу меркаваць наконт тэхналагічнай абгрунтаванасці праекта, але памяццю яго крушэння засталіся вялізныя яміны на месцах закінутых плавільных печаў ды россыпы шлаку на прылеглых да іх дарогах.Тое былі аплаўленыя кавалкі смальты, спектральна чыстыя — ад блакітнага да глыбока сіняга адценняў... Гэта дарога пралегла і праз адно з маіх палотнаў — карціну «Над ракой Бобр крычаць жураўлі». У яе кампазіцыйна ўвайшлі пры вельмі высокім гарызонце вялікія прасторы палёў, пералескаў, па якіх пругка выгінаючыся сыходзіла ўдалеч раўнінная рака Бобр. Песенны матыў задняга плана ў натуры настолькі супадаў з замыслам, што ўвайшоў у карціну амаль без змен. У тых мясцінах, побач са школай, стаяла геадэзічная трыангуляцыйная вышка. Гэта многапавярховае збудаванне, узведзенае, напэўна, яшчэ ў далёкі даваенны час, пад шматгадовымі дажджамі і вятрамі парадкам адрахлела. Ад многіх прыступак засталіся адно ржавыя цвікі, а тыя, што яшчэ трымаліся, пагрозліва скрыпелі, асыпаючыся ўніз пыльным прахам і кавалкамі гнілога дрэва. Па іх вызначаўся кожны мой крок да неба. На верхняй пляцоўцы захаваліся рэшткі даху і агароджы. Пераадольваючы хістанне вышкі пры кожным парыве ветру, я пісаў першы эцюд разгорнутай птушыным палётам прасторы, з берагамі, хатамі, блакітнай дарогай на першым плане...

Працяг — праз дваццаць гадоў...

Я адразу знайшоў натуршчыка для вобраза партызана. Правобраз маладой мамы з немаўлём, што сыходзіла ў лес, адшукаўся ў малюнку галавы маёй студэнткі Лілі Красковай, праўда, з яго пэўным змяненнем. У цэнтры карціны «Яблыкі ўраджаю 1941 года» паўстала мая ўнучка, поўнасцю захаваўшая падабенства. Дэкаратыўны лад палатна з выразнымі сілуэтамі людзей закручаны як тугая спружына — ад паўляжачага на снезе мужчыны, зараджаючага аўтаматны дыск, да сядзячай побач жанчыны з немаўлём і вертыкалі постаці дзяўчынкі. Асацыятыўнае адчуванне гледачом вобразаў гэтай маленькай сцэны як дзейных асоб маштабнай падзеі ўзмацнялася і адкрытасцю групы на заснежанай лясной паляне. Недасягальнасць карціны для тых, каму яна прысвечана (бо яна ляжыць у музейным запасніку Масквы), я праз пару дзясяткаў гадоў вырашыў выправіць, напісаўшы яе новы варыянт для галерэі маёй творчасці ў горадзе Орша. Гэта адбылося цалкам натуральна па загадзе сэрца, таму што сюжэт твора нараджаўся ва ўспамінах пра ўсенароднае супраціўленне гэтага горада фашысцкім захопнікам.

…і заканчэнне — праз сорак

Восенню шэсцьдзясят трэцяга за пяць-шэсць сеансаў я напісаў партрэт Янкі Брыля. Некалькі дзён, праведзеных у Каралішчавічах, у Доме творчасці пісьменнікаў, былі і адпачынкам у коле сяброў. Адтуль я прывёз безліч анекдотаў, пісьменніцкіх баек і вялікі партрэт Брыля, які атрымаў з вуснаў ягоных калег добрыя водгукі. І я, звязаны з Іванам Антонавічам многімі гадамі дружбы, здаецца, мог быць задаволены. Але ў партрэце не быў вырашаны фон — асяродак Дома творчасці, вельмі ўтульны для пісьменніцкай працы, кепска стасаваўся з шуканым станам задуманага твора. Потым на працягу пяці гадоў я некалькі разоў мяняў асяроддзе — ландшафт, пару года, неба, зямлю. Потым партрэт быў і закуплены, але я яго не аддаў, бо лічыў пейзаж па-ранейшаму нявырашаным. Мне самому цяжка паверыць, што гэты непрыстойна зацягнуты пошук быў завершаны амаль праз сорак гадоў — Янка Брыль, усё такі ж малады, канчаткова абраўшы гай у восеньскім убранстве, паўстаў на беразе любімай ім Нарачы.

Сэрца, замок і ключык да яго

Стромкі ўзгорак прымушаў на шляху да яго вяршыні рабіць прыпынкі, каб аддыхацца. Кампазіцыйным і сэнсавым цэнтрам панарамы было возера Глубелька, роўнядзь якога, заключаная ў залаціста-зялёную аправу лясных берагоў, воляй Майстра паўтарала абрысы сэрца. Бліжні бераг, што ўтварае выраўнаваную дугу гэтай фігуры, быў першапланавым драбналессем. У яго дальняй правай частцы абазначылася пругкая рыса плоскага паўднёвага берага, за якім выступаў масіў ляснога бору, што адцяняў светлую гладзь возера. У яго левай частцы ў двух малых паўкруж’ях меўся паўвостраў, парослы залацістым беразняком. Ён быў нібы замком каларыстычнай архітэктуры матыву, а ключык да яго — маленькі астравок-караблік, што стаяў на якары, кінутым шмат тысяч гадоў таму пасярэдзіне возера. Гэты караблік з высокімі мачтамі-хвоямі гучаў такой дзівоснай і чыстай страфой паэмы пра Блакітныя азёры Беларусі, што не хацелася задаваць каварнага пытання геолагам аб тым, як мог узнікнуць маленечкі астравок пасярод надзвычай глыбокага возера, паводле слоў мясцовых жыхароў — нават бяздоннага...

Віктар ГРАМЫКА