Чалавек у маштабе вечнасці

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

«Прыгоды дылетанта»: адметнасці тэлецыкла

/i/content/pi/mast/63/1082/21.jpg
Юрый Жыгамонт. Здымкі тэлецыкла
«Прыгоды дылетанта».
«Прыгоды дылетанта» на СТБ (Cталічнае тэлебачанне) — гэта высокі клас прафесійнай адаптацыі падарожніцкага жанру. На фоне шматлікіх замежных і тутэйшых турыстычных тэлебуклетаў «дылетанцкая» перадача выглядае натуральнай экзотыкай. Бо яна не запазычаная, не скроеная па брэндавых лекалах тэлеіндустрыі, але народжаная самотным голасам чалавека нашай прасторы, ды, здаецца, не нашага часу. 
Пра асаблівасці стварэння тэлецыкла я размаўляю з яго вядучым Юрыем Жыгамонтам.

Вобраз вядучага-дылетанта стаў не толькі стрыжнем, але і сапраўднай візітоўкаю тэлевізійнага цыкла «Прыгоды дылетанта». Круглыя шкельцы на тонкіх дужках зачапіліся ледзь не на кончыку носа, з-пад вялікіх палёў капелюша свавольна выбіваюцца светлыя кучаравыя валасы, у руках — стары сакваяж і чорны парасон. У залежнасці ад сезона — доўгае паліто ці льняны мужчынскі строй. Такі несучасны вонкавы выгляд, зварот «паважанае паньства» да гледачоў ды наўпроставы позірк паверх акуляраў адразу настройваюць на небанальную размову. І сапраўды, без экспрэсіўнай жэстыкуляцыі вядучы-«дылетант» пачынае ашчадна разбіраць павуцінне Часу, быццам кранаючы нашу здранцвелую памяць... Ці самі вы прыдумалі свой экранны вобраз?

— Нічога адмысловага я не рабіў. На пробы з’явіўся літаральна так, як хадзіў па Мінску: у чорным паліто і капелюшы. І распачалася мая тэлевізійная вандроўка. А паліто з капелюшом ператварыліся ў зімовы строй «дылетанта».

Што вас падштурхнула да гэтага кроку — паспытаць сябе ў якасці вядучага краязнаўчай тэлепраграмы? Здаецца, не трывіяльныя абставіны акцёрскага існавання...

— Гляджу на гэта, як на падарунак лёсу. Ведаеце, мае вандроўкі — патрэба душы. Падарожнічаць любіў з юнацтва: на вакацыях браў квіток ды выпраўляўся ў любы горад. Па дарозе здаралася шмат розных прыгодаў. І жаніць мяне спрабавалі, і запрашалі блінцы пячы... Чаго толькі не было! Тады ж адчуў імпульс да спасціжэння складанага гістарычна-жыццёвага арнаменту, у які ўплецена таксама і мая асабовасць. Я нарадзіўся на Палессі. Аднойчы, калі падлеткам дапамагаў бацьку на сенажаці, ён раптам прызнаўся, што ўся тая зямля належала майму дзеду. Тады я ўпершыню сур’ёзна задумаўся — хто быў мой дзед, прадзед... І наогул — чый я нашчадак. Сёння свой радавод ведаю да 8-га калена.

Дарэчы, ваша прозвішча толькі на адну літару адрозніваецца ад знакамітага велікакняжацкага Жыгімонт.

— Мой прадзед пісаўся менавіта «Жыгімонт». Потым перапісчыкі недарэчна змянілі «і» на «а». Але Жыгімонт — гэта ж толькі імя. Колькі разоў на здымках людзі мясцовыя падыходзілі і пыталіся: «Гэта ваш псеўданім?» Тады пачынаў тлумачыць пра паходжанне... Але аднойчы мне надакучыла, і я пагадзіўся: «Так, псеўданім». «Я так і ведаў. Давайце знаёміцца», — пачуў у адказ...

«Прыгоды дылетанта» — своеасаблівы рэпартаж з мінуўшчыны, схаванай пад покрывам сучаснасці. Між іншым, падобны прынцып (герой-вядучы з мінуўшчыны) чвэрць стагоддзя таму апрабаваў на Беларускім тэлебачанні прафесар Гурый Барышаў у тэлефільме «Музы палацаў і замкаў старадаўніх». Апрануты ў камзол і парык XVIII стагоддзя, ён — доктар мастацтвазнаўства — вёў гледача па сучасных Нясвіжу, Слоніму, Ружанах, распавядаючы пра колішнюю тэатральную культуру тых мясцінаў. На жаль, патэнцыял серыйнасці аўтары згаданай перадачы не скарысталі. Яна так і засталася адзінкавай. У адрозненне ад «Дылетанта». На Беларускім тэлебачанні сёння, здаецца, няма іншай аўтарскай праграмы, якая б сваю невычарпальнасць адмярала дзесяцігоддзем. Як бы вы самі патлумачылі гэты феномен?

— Ніколі не задумваўся... Калі б я вёў праграму пра тое, што мне не цікава, калі б не ўкладаў сваю душу, то абмежаваўся б двума-трыма выпускамі... Над «Дылетантам» побач са мной працавала шмат людзей. Адны — сыходзілі даволі хутка. Заставаліся тыя, каму гэта балела.

Відавочна, такога кшталту праграму не зробіш, як той казаў, «з кандачка»...

— Беларускай гісторыяй захапляюся з дзяцінства. Вельмі любіў слухаць дзедавы расповеды пра жыццё-быццё — успрымаў іх як казкі. Потым пачаў набываць кнігі, праглядаць артыкулы ў спецыялізаваных часопісах. Многае абмяркоўваю з супрацоўнікамі музеяў. А колькі новага адкрываецца на месцы, калі гутарыш з жыхарамі! Я на ўсё звяртаю ўвагу — на побыт, на абрады, на мясцовыя байкі...

Але на здымкі аднаго выпуску адводзіцца толькі дзень...

— Менавіта адзін светлавы дзень. А ўзімку, уявіце сабе, — лічаныя гадзіны. Заўсёды ўздыхаю з палёгкай на пачатку студзеня: вось, нарэшце, некалькі хвілінак дадалося. Мару, каб хоць пару дзён на здымкі выпадала.

Як вызначаецца маршрут чарговага падарожжа?

— Маршрут выбіраю сам. Часам адштурхоўваюся ад гістарычнай персоны, мне невядомай. Пачынаю шукаць: дзе нарадзіўся? Бач, дык і палац там застаўся... Так крок за крокам ланцужок і пляцецца. Іншым разам на вочы трапляе артыкул ці кніга. Вось нядаўна з’явілася цудоўная кніжка пра Дзявяткавічы: столькі аўтары сабралі цікавага! І мы вырашылі нават дзве праграмы зрабіць — пра Старыя Дзявяткавічы і Новыя Дзявяткавічы.

А сваю родную вёску Дзямідава здымалі?

— Аднойчы зрабілі матэрыял на 13 хвілін. Дарэчы, людзі часта дасылаюць лісты на праграму з прапановай прыехаць і зрабіць перадачу пра іх сяло. Аднак у кожнага сваё бачанне. Часам патрабуюць, каб паказаў, напрыклад, лазню зламаную. Але «Прыгоды дылетанта» — не «гарачая лінія»...

Як паводзяць сябе мясцовыя жыхары, калі вы звяртаецеся да іх у вобразе «дылетанта» (чалавека несучаснага выгляду)? Здаецца, беларусы не вельмі адкрытыя для камунікацыі.

— Беларусы — нармальныя людзі. Гутараць, распавядаюць, самі пытаюцца. А наогул, гэта фальшывае ўражанне, быццам беларусы жывуць, так бы мовіць, уцягнуўшы галаву ў плечы. Яны думаюць, мараць, працуюць. Колькі сустрэў рупліўцаў, якія вывучаюць гісторыю сваіх мясцін і дзецям перадаюць любоў да роднага кута! Вось нядаўна быў у Міёрах. Тамтэйшы настаўнік Вітаўт Ермалёнак стварыў музей у школе — столькі экспанатаў знайшоў! Нават люстэрка, якім карысталася Эмілія Плятэр — беларуская Жанна д’Арк. Дзеці глядзяць у яго, і я зазірнуў — цуд натуральны!

Кожная праграма з цыкла «Прыгоды дылетанта» пачынаецца відэапартрэтам гарадка-героя: праз панараму цэнтральнай вуліцы дадаюцца выразныя акцэнты — шыльды, жывёлы, вокны дамоў, твары людзей. Тут «кветкі правінцыі» пераплятаюцца з адбіткамі глабалізацыі, колазварот паўсядзённасці — з метафізікай жыцця. Ніякай гламурызацыі рэчаіснасці. «Дылетант» узнаўляе каардынаты гісторыка-культурнай прасторы, дзе знявечаныя нашай нядбайнасцю храмы ды зарослыя пустазеллем курганы дыхаюць вітальнай цеплынёй. Літаральна ўсё, што трапляе ў кадр, не выпадковае, не фармальнае, але зробленае з любоўю. Так проста...

— Дзякуй. Нават перадачы, якія выходзяць па-за тэлевізійным сезонам (ліпень, жнівень, верасень), не з’яўляюцца чыстым паўторам. Мы рыхтуем іх адмыслова. Апошнім часам сам пачаў пісаць сцэнарыі. Мае школьныя настаўнікі не маглі б уявіць такога нават у жахлівым сне. Вымучваў калісьці сачыненні з трох-чатырох радкоў... Не хапала натхнення, ведаў, жадання.

Але на экране ваш «дылетант» не проста агучвае распавядальнымі інтанацыямі падрыхтаваны тэкст...

— Так, я часта імправізую, дадаю мясцовыя паданні, якія чую ў размовах з тамтэйшымі жыхарамі.

З цягам часу карэктавалася назва праграмы («Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта», «Прыгоды дылетанта»), удасканальвалася структура, аўдыявізуальная пластыка. Адточвалася майстэрства экраннага аповеду пра святло роднага краю, якое не знікла. А хто быў аўтарам ідэі перадачы?

— Ідэя належыць Уладзіміру Максімкаву. Але сапраўды, калі пачыналі, ніхто не ўяўляў, што вытрымаем сотні выпускаў і ўвойдзем у другое дзесяцігоддзе свайго тэлевізійнага жыцця.

«Прыгоды дылетанта» — перадусім увасабленне вашай асобы як пратаганіста-мадэратара, які не проста перакідвае «камунікатыўны масток», але выпраменьвае шчырую любоў да Бацькаўшчыны. Аднак няма тэлеперадач без аператара...

— Так, мы шмат працавалі з Валерыем Булдыкам. Ён быў чалавек захоплены. Не зважаючы на хворыя ногі, падарожнічаў ды здымаў край і людзей. Менавіта ў яго я шмат чаму навучыўся. Разумею, як уплываюць святло, ракурс, глыбіня прасторы на ўнутрыкадравую атмасферу, на выяўленчы дух перадачы. Цяпер робім праграму з маладым аператарам Вадзімам Кудзіным.

То-бок ашчадна збіраеце аскепкі мінуўшчыны, захоўваючы экранныя рэпрадукцыі старажытных гарадзішчаў, палацаў, касцёлаў, цэркваў. Шмат архітэктурных аб’ектаў страчана ці ў руінах, рэдкія — адноўлены. Гэта вельмі абцяжарвае вашу працу з пункту гледжання візуальнай палітры. Мо, ёсць сэнс звярнуцца да камп’ютарнай анімацыі, каб «дабудоўваць» фасады, інтэр’еры?..

— Камп’ютарная графіка занадта дарагая. А з іншага боку, столькі знішчана будынкаў на нашай зямлі, ад якіх нават і выяў не засталося! Як іх узнавіць? Дзякуй Напалеону Орду, які колісь маляваў беларускія сядзібы, храмы, маёнткі. Вось іх магчыма было б камп’ютарам «ажывіць» на экране. Але сціплы бюджэт нашай праграмы не вытрымае такіх выдаткаў.

Апошнім часам заўважна пашырыўся поліфанізм перадач — песні беларускіх музыкаў, адмысловыя рэмаркі (гістарычныя даведкі), кароткія расповеды ці звароты мясцовых людзей аб выратаванні спадчыны.

— Такое шматгалоссе не толькі дадае эмацыянальны імпульс, але расхінае семантычную заслону. Дзякуючы падарожжам я пачаў глядзець на Беларусь, на чалавека ў маштабе вечнасці. Шчыра кажу — без усялякай патэтыкі. Упэўнены, кожны агідны ўчынак адбіваецца на нашчадках. Падобным чынам і продкі сваёй формулай жыцця ў пэўнай ступені закадзіравалі нашу лінію быцця.

Здаецца, што за час існавання праграмы вы адмералі ўласнымі нагамі кожны метр беларускай зямлі: Парычы, Канічы, Іказнь, Лынтупы, Асвея, Забычанне... Стварылі ўнікальную экранную анталогію, куды, на маю думку, патрапіла ці не кожнае беларускае мястэчка або вёска.

— У некаторых раёнах мы наогул пакуль не пабывалі. Столькі нязведаных месцаў у нашай краіне, столькі скарбу духоўнага! Мы з’явіліся менавіта тут, на Беларусі, а не ў іншым краі. Тут нашыя карані. Намагаюся ў кожным выпуску праграмы данесці да гледача думку, што мы, як нацыя, не ўчора нарадзіліся. Што наш радавод складаюць не толькі сяляне, але таксама шляхта, рыцары. Што ў нас вялікі культурны абшар і яго трэба далікатна штодзённа ўзнаўляць — як у рэчаіснасці, так і ў мастацтве: у кіно, тэатры, на тэлебачанні.

Мне падаецца, што звышзадача любой краязнаўчай перадачы вызначаецца набліжэннем да філасофскай максімы: куды хаваецца Час і дзе зліваюцца межы Прасторы?.. Метафізічны адказ, кшталту — у спадчыне Культуры, на жаль, не падаецца відавочным нам — атручаным забыццём. Кожную суботу, калі вы з тэлеэкрана развітваецеся з гледачом, мне ўзгадваецца эпізод з «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча: «Ён павярнуўся да мяне на хвіліну, махнуў капелюшом, крыкнуў: “Гады наперадзе! Далячынь! Сонца!”» Калі ведаць лёс героя (Андрэя Свеціловіча), то атрымліваецца мінорны аптымізм...

— Бессэнсоўна грукаць у сцяну, трэба стукацца ў дзверы. Якія-небудзь і адчыняцца.

Наталля АГАФОНАВА