Ад галерэі да арт-цэнтра

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

Трохгадовы досвед

/i/content/pi/mast/63/1081/19.jpg
 
Ужо тры гады на культурнай карце сталіцы існуе месца, дзе безумоўная любоў гледача да сучаснага мастацтва знаходзіць падтрымку і ўвасабленне: гэтай восенню галерэя сучаснага мастацтва «Ў» адзначыла свой чарговы дзень нараджэння.

Імпрэзу адсвяткавалі адкрыццём новага экспазіцыйнага праекта, гэтым разам — без удзелу мастакоў і прадстаўлення іх прац. Выстава-справаздача «Баланс. Улiчваючы абставiны» рыхтавалася адміністрацыяй галерэі: бухгалтэрыяй і менеджарскiм складам. У асноўнай зале быў паслядоўна разабраны «шкілет» арт-праектнай дзейнасці, звязанай з кожнай выставай. Стосы папер і папак, пісьмовыя сведчанні пра сотні гаспадарчых аперацый, унутрыведамасная перапіска, графікі прыходаў-расходаў, офісныя стыкеры з асабістымі заўвагамі — усё гэта наглядна раскрывала перад гледачом унутраную кухню галерэйнай справы.

Арганізатары, паставіўшы перад сабой задачу «прадставіць у новым святле даўнія праблемы», паспрабавалі выявіць тонкасці і складанасці балансавання паміж не заўсёды добразычлівым кантэкстам сучаснага мастацтва і бытаваннем яго лакальнай сістэмы, паміж арт-дзейнасцю і спажывецкім запытам. Урэшце, праект падымае пытанне: «Што значыць сёння быць незалежнай галерэяй мастацтва?»

«Важна, што мы самі паспрабавалі асэнсаваць усё тое, што было зроблена за тры гады існавання — гаворыць дырэктар галерэі Валянціна Кісялёва. — На франтальнай сцяне прадстаўлена лінейка выстаў, якія тут адбываліся. У кожнай з іх была свая асаблівасць — і гэтыя нюансы абазначаны на стыкерах. Напрыклад, мы здолелі атрымаць фінансаванне ў спонсараў (беларускай кампаніі) на стварэнне мастаком работ — гэта рэдкасць, і яна адзначана. Таксама рэдкасць, калі да выставы друкуецца каталог. Мы імкнуліся прааналізаваць, што намі было зроблена за гэтыя гады: якія крокі ўдаліся, а якія не. Фактычна была здзейснена спроба структураваць тое, што адбывалася ў галерэi. Намагаліся зрабіць гэты аналіз самі — і іншым прапаноўвалі правесці яго.

Самае цікавае, што “Баланс” нарадзiўся з тых папрокаў, якія мы нярэдка чулі ў свой адрас. Мы часта сутыкаемся з крытыкай без аналізу, без уліку абставінаў. І вось “Баланс” узнік менавіта з жадання растлумачыць, што такое куратарскі праект. Бо глядач не ведае акалічнасцей і не задумваецца пра тое, што застаецца “па-за сцэнай”. Людзі бачаць прыгожа інсталяваныя творы, глядзяць відэа — і ім здаецца, што ўсё гэта вельмі проста зрабіць... Але яны памыляюцца».

У эпоху рынкавых адносін паняцце «галерэя» ўсё часцей асацыюецца з месцам куплі-продажу твораў мастацтваў. І прынята лічыць, што місія галерэі ўніфікаваная: стаць пасярэдніцай паміж светам мастацтваў і светам фінансаў. Аднак гэтае сцвярджэнне страчвае сваю вагу ў нашых сацыякультурных умовах, калі кожны з незалежных інстытутаў мастацтва вымушаны ўвесь час трансфармавацца ў пошуках балансу паміж выжываннем і дзеяннем.

Асноўная дзейнасць усякай галерэі — арганізацыя выстаў. А далей можна вылучыць два яе тыпы: галерэю, арыентаваную на камерцыйны поспех, і тую, якая займаецца адкрыццём і прасоўваннем новых напрамкаў лакальнага мастацтва. Першая імкнецца працаваць з раскручанымі імёнамі і прапануе пакупніку ўспрымаць мастацтва як альтэрнатыўны рынак інвестыцый. Відавочна, што падобная форма функцыянавання актуальная для грамадства, дзе ўжо сфармулявана агульнае разуменне каштоўнасці і сэнсу твораў мастацтва, дзе існуе развітая сістэма арт-рынку. Другі тып — некамерцыйная галерэя — імкнецца «выхаваць» гледача і ўзброіць яго неабходнымі ведамі і інфармацыяй: катэгарыяльным апаратам для ўспрымання і асэнсавання твораў. Некамерцыйная галерэя займаецца папулярызацыяй мастацтва праз асветніцкую і адукацыйную дзейнасць. Менавіта да такога тыпу — у першым набліжэнні — можна аднесці «Ў».

Фактычна, «Ў» стала першай і адзінай галерэяй сучаснага мастацтва нулявых: за ўсе тры гады ў яе так і не з’явілася канкурэнтаў. Усё гэта ўскосна сведчыць пра адсутнасць сфарміраванай структуры арт-рынку, запыту з боку асяроддзя на галерэйную дзейнасць. У гэтых умовах функцыянаваць няпроста: энтузіязм супрацоўнікаў з’яўляецца адной са стрыжнявых сіл захавання балансу.

За выключэннем некалькіх першых месяцаў, усе тры гады галерэя жыла за кошт самафінансавання. Пры рэдкіх прамых продажах «Ў» апрабавала розныя спосабы зарабляць грошы. Напрыклад, пры галерэі працуе крама дызайнерскіх рэчаў і сувеніраў. А два разы на год — у ліпені і перад Калядамі — праходзяць арт-кiрмашы: сезонныя выставы-продажы работ беларускіх аўтараў. Таксама памяшканне здаецца ў пагадзінную арэнду для правядзення калягуманітарных мерапрыемстваў. Сёлета ўступіла ў дзеянне новая адукацыйная праграма для дзяцей — «Дзіцячыя майстэрні»: унікальны праект, у якім вывучэнне тэорыі (асноў гісторыі мастацтваў, колеразнаўства) спалучана з практыкай (сумеснымі мастацкімі выставамі). Нягледзячы на тое, што навучанне платнае, майстэрні наведвае вялікая колькасць дзяцей. Усё гэта дазваляе галерэі заставацца на плыву і самой аплачваць правядзенне выстаў.

Акрамя крамы дызайнерскіх вырабаў, у адным будынку з галерэяй «Ў» паспяхова функцыянуюць кафэ-бар, выдавецтва і кнігарня, студыя дызайну і рэкламы, што адпавядае фармату творчага або крэатыўнага кластара (ад англійскага «cluster» — «збіранне»), аб’яднання пад адным дахам разнапрофільных, але творчаарыентаваных супольнасцей прадпрымальнікаў. Творчая энергія мастакоў, куратараў, галерыстаў, дызайнераў, пісьменнікаў, рэкламшчыкаў, журналістаў канцэнтруецца ў адным месцы. У Еўропе і Расіі такія месцы ствараюцца не толькі для працы, але і для стасункаў, генерыравання агульных праектаў. Як правіла, творчы кластар ствараецца на базе нядзейнага прамысловага прадпрыемства, напрыклад, закрытага завода ці фабрыкі, дзе прасторныя пустыя цэхі і высокія столі не абмяжоўваюць смелыя фантазіі і творчыя парывы. Паступова гэтыя замкнёныя тэрыторыі развіваюцца ў цэнтры вытворчасці і спажывання культуры.

На думку Валянціны Кісялёвай, аналіз праектаў «Ў» за гэтыя тры гады сведчыць пра дзейнасць хутчэй арт-цэнтра, а не прыватнай камерцыйнай галерэі, што працуе з адным сегментам мастакоў. «Пасля Новага года ў нас будзе новы статус: мы афіцыйна ператворымся ў арт-цэнтр. Хоць наша доўгатэрміновая мэта — усё ж прыватная галерэя. Але, на жаль, гэты фармат сёння наўрад ці магчымы, бо лёгка скаціцца ў салонную дзейнасць.

Чаму арт-цэнтр? Чым шырэй спектр мерапрыемстваў, прысвечаных асвятленню пытанняў сучаснага мастацтва, тым больш падрыхтаваным становіцца глядач. Людзі, якія прыходзяць у галерэю, часта пытаюцца: “А дзе выстава?” Пакуль не з’явяцца паўнавартасныя адукацыйныя, асветніцкія або прэзентацыйныя праграмы, складана будзе растлумачыць людзям, напрыклад, чаму нейкі мастак мае вагу ў міжнародным кантэксце, наогул цяжка будзе прадстаўляць яго інтарэсы».

Сёння адна з надзённых задач — выпрацоўванне агульнага разумення межаў найноўшага мастацтва, стварэнне слоўніка паняццяў і катэгорый, якія фарміруюць яго дыскурс. Галерэя «Ў» досыць далёка прасунулася ў яе вырашэнні. Згодна са зводным графікам выставы «Баланс», пераважная колькасць праведзеных у галерэі мерапрыемстваў — дыскусіі, абмеркаванні і сустрэчы з мастакамі. На базе галерэі і ў супрацоўніцтве з ёю паспяхова праходзяць шматлікія адукацыйныя праекты, асноўная мэта якіх — фарміраванне прафесійнага арт-асяроддзя. Сярод іх праграмы па навучаннi куратараў або арт-крытыкаў (напрыклад, праекты «На шляху да сучаснага музея», «АртКрытыка?»), асветніцкія праграмы («Еўрапейскае кафэ: адкрытыя лекцыі аб сучасным мастацтве»).

Для падтрымкі маладых мастакоў галерэя запусціла праграму «СТАРТ». Першы куратар Сяргей Шабохін канцэнтраваў увагу на праектах з канцэптуальным напаўненнем. Сённяшні куратар Наталля Гарачая сваю задачу бачыць у тым, каб дапамагчы маладому творцу пашырыць межы прафесійнай дзейнасці. Паводле ўмоў праграмы, аўтар можа арганізаваць сваю выставу ў малой зале галерэі. А на май наступнага года запланавана зборная выстава праекта пад рабочай назвай «Структурызацыі».

Такім чынам, галерэя «Ў» працуе над рашэннем многіх задач адначасова. Яна актыўна прадстаўляе беларускае сучаснае мастацтва і на міжнародным узроўні, напрыклад, удзелам у штогадовых кірмашах «ArtVilnius».

На думку Валянціны Кісялёвай, «Ў» з’яўляецца стымулам для іншых: «Можна крытыкаваць нашу дзейнасць, але калі проста прааналізаваць вось гэты адрэзак часу, то, мне здаецца, стане відавочным: «Ў» і «Падземка», якая ёй папярэднічала, даволi моцна паўплывалі на змену лакальнага арт-поля, ды і на ўвесь кантэкст сучаснага беларускага мастацтва».

Ганна САМАРСКАЯ