Лёгкае дыханне «Серэнады»

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

Класіка неакласікі

/i/content/pi/mast/63/1080/17.jpg
«Серэнада». Вольга Гайко.
На афішы Нацыянальнага тэатра оперы і балета з’явіўся нечаканы спектакль — аднаактовы балет «Серэнада» на музыку Пятра Чайкоўскага ў харэаграфіі Джорджа Баланчына. Так бы мовіць, класіка неакласікі, работа славутага харэографа, які нарадзіўся ў Грузіі (сапраўднае прозвішча Баланчывадзэ), сталеў у Расіі, а зорную кар’еру зрабіў у ЗША.

Два дзесяцігоддзі таму гэты балет прысутнічаў ужо ў рэпертуары нашага тэатра. Колькі часу ішоў, потым знік. Памятаю тую версію — яна пакідала досыць супярэчлівае ўражанне. Пазнаёміцца з харэаграфіяй Баланчына, легендарнага балетмайстра, якім захапляюцца, якога ўспрымаюць як легенду і міф, было цікава, але... Расчароўвалі халаднаватая геаметрычнасць спектакля, рацыянальнасць, адсутнасць эмоцый, якія ўсё-такі павінна нараджаць сапраўднае мастацтва. Магчыма, тлумачэнне хавалася ў тым, што танцавальны малюнак артысты асвойвалі дзякуючы відэазапісу, з чужых рук.

Сёлетняя «Серэнада» — зусім іншы спектакль. Жывы, трапяткі, імпрэсіяністычны. Увасабляе малавядомы нам харэаграфічны стыль, нечаканую пластыку, пазіцыянуе іншыя дачыненні музыкі і танца, саліста і кардэбалету, нарэшце, чалавечага цела і прасторы.

Думаю, адна з галоўных прычын такога мастацкага выніку — у асобе пастаноўшчыка. Міжнародны фонд Баланчына строга ставіцца да ўвасаблення спектакляў мэтра на сцэнах свету (прыкмета цывілізаваных адносін да творчай спадчыны і аўтарскага права, ці не праўда?!). Таму ставіць балет у Мінск прыехала французская артыстка і харэограф Нанет Глушак, якая, па-першае, з’яўляецца вучаніцай балетмайстра, бо танцавала ў яго спектаклях у Нью-Ёрку, у Амерыканскім тэатры балета, а па-другое, мае афіцыйны дазвол фонду на аналагічныя пастаноўкі. «Серэнаду» Нанет Глушак раней увасабляла ў Германіі, Англіі, Славеніі.

На прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала прэм’еры, высветлілася: усе салісты ў захапленні ад стылю Баланчына. Ігар Артамонаў: «Я ўсё жыццё марыў танцаваць гэты спектакль. Ён прымушае вельмі хутка ўвайсці ў форму. “Серэнада” ідзе ўсяго 35 хвілін. І літаральна на кожную ноту пастаўлены скачок». Людміла Кудраўцава: «Існуе пазнавальны стыль спектакляў Баланчына, але тут ён адметны. Станцаваць “Серэнаду”, на мой погляд, больш складана, чым “Спячую красуню”. Гэта надзвычай музыкальны балет. У ім складаныя акцэнты, якія ўсе павінны пачуць... Перад намі класіка, але ўзнятая на новую ступень». Вольга Гайко: «Гэта падзея для трупы! На маю думку, яна выводзіць тэатр на прынцыпова іншы ўзровень...»

На пытанне, як ёй працавалася з нашай трупай, сама Нанет адказала: «Гэта фантастычна!» Мо, у тым хавалася звыклая ветлівасць, але на пастаноўку спатрэбілася ўсяго два тыдні. Прычым за восем дзён спектакль развучылі, астатні час пайшоў на ўдасканальванне. Бо пры знешняй прастаце танцавальны малюнак вельмі складаны.

Пастаноўка атрымалася надзвычай стыльнай. Сіні фон «задніка», чорныя кулісы, бакавое святло, танцоўшчыцы ў блакітным, крыху больш празрыстым, чым звычайна. Знакамітая выява — сімвал «Серэнады». Мінімалізм пастаноўкі тлумачыцца проста: гэта адзін з першых балетаў, увасобленых харэографам у Амерыцы, калі Баланчын яшчэ не быў прызнаным грамадствам і крытыкай, а таму меў мінімум сродкаў на дэкарацыі і касцюмы.

Заўважу, «Серэнада», у прынцыпе не прызначаная для харэаграфічнай пастаноўкі, заўжды была адным з любімых твораў Чайкоўскага. І ў той жа час пастаноўка лічыцца найбольш рускай у творчасці Баланчына. Балет прапаноўвае надзіва свежую харэаграфічную мову, нечаканую пабудову танцавальных ансамбляў і гэткія ж нечаканыя пластычныя фіналы ўсіх чатырох частак.

Салісты (Вольга Гайко, Ігар Артамонаў, Дзяніс Клімук, Ганна Фокіна, Надзея Філіпава) і кардэбалет, чый танец дзівіць незвычайнай зладжанасцю і сінхроннасцю, паставіліся да новай харэаграфіі з відавочным захапленнем. Магчыма таму столькі асацыяцый нараджае танец. Гэта і галіны дрэва, якія гайдаюцца пад ветрам. Маладыя і пругкія парасткі, што нечакана, толькі-толькі «праклюнуліся» з зямлі. Зменлівыя арнаменты кветак на клумбе. Узоры дзівоснай чарадзейнай тканіны. Аблачынкі, якія імкліва змяняюць уласную канфігурацыю. Матылі, што раз-пораз мільгаюць у начным садзе. Постаці танцораў успрымаюцца як цені мінулага, паміж якімі блукае салістка. Па сцэне плывуць хвалістай лініяй жаночыя фігуры — нібыта ажывае плынь успамінаў.

«Серэнада» лічыцца бессюжэтным балетам. Але на самай справе сюжэт ёсць. Пра што спектакль? Пра пачуцці Яе і Яго. Вядома ж, пра каханне. Пра гармонію і дысанансы, сустрэчы і расстанні. Пра жаданне быць шчаслівым не толькі ва ўспамінах, але і ў рэальнасці. Новая пастаноўка пераконвае, што балет — мастацтва ў вышэйшай ступені вытанчанае.

На заканчэнне размовы варта дадаць: у планах тэатра зварот да харэаграфіі Іржы Кіліяна, яшчэ аднаго класіка, толькі больш блізкага да нас па часе, і яго «Шасці маленькіх танцаў». Так што засваенне новых для нашай трупы танцавальных стыляў і манер можа мець сур’ёзны працяг.

Таццяна МІХАЙЛАВА