Якая яна, музыка краіны Саветаў?

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

Новы праект Таццяны Старчанка

/i/content/pi/mast/63/1079/16.jpg
Таццяна Пятрова, Наталля Акініна, Янаш Нялепа. 
Вакальны цыкл «З яўрэйскай народнай паэзіі».
Ужо не першы сезон дзіўлюся вынаходлівасці, з якой Таццяна Старчанка, піяністка і мастацкі кіраўнік «Музычнай гасцёўні», прыдумвае і ўвасабляе на галоўнай канцэртнай сцэне краіны ўсё новыя разнастайныя праекты.

Некаторыя з іх адрасаваны шырокай аўдыторыі, як, напрыклад, «Не толькі танга» або «Хіты “Музычнай гасцёўні”». Ёсць праекты больш элітарныя — праграмы, прысвечаныя музыцы Валерыя Гаўрыліна, Ісака Шварца, Мікаэла Тарывердзіева. Але ўсе яны пашыраюць слухацкі досвед і адкрываюць новыя далягляды.

Так здарылася і падчас 38-га Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Беларуская музычная восень», калі ў яго межах на сцэне філармоніі быў прадстаўлены праект «Музыка краіны Саветаў (Дзмітрый Шастаковіч)». Нават назва праграмы, паказанай на пачатку лістапада, напярэдадні дня Кастрычніцкай рэвалюцыі (ці перавароту — як хто лічыць), справакавала шмат эмоцый. Ад цікавасці — да абурэння. Маўляў, чалавецтва павінна развітвацца са сваім мінулым! Але сам праект выклікаў надзвычайнае захапленне.

Вядома, што Шастаковіч, класік рускай музыкі, меў таксама і беларускія карані. Яго опера «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» ішла пэўны час на сцэне нашага Опернага. Але творы кампазітара выконваюцца ў Беларусі рэдка, яны не належаць да шлягераў (хіба за выключэннем песень), маюць досыць складаную музычную мову, таму за іх бяруцца далёка не ўсе выканаўцы.

Тым больш адметным падалося 1-е аддзяленне, дзе былі прадстаўлены вакальныя сачыненні. Сфера камедыйнага ў музыцы ніколі не была перанасычана творамі з усёй разнастайнасцю фарбаў і інтанацый (ад мяккага гумару і прыхаванай іроніі да гнеўнай сатыры і з’едлівага сарказму). Такія опусы запатрабаваныя: яны адлюстроўваюць не лірычнае ці рамантычна-прыхарошанае стаўленне да жыцця, а менавіта рэальнасць. Тое, што абурае, выклікае насмешку або знішчальны смех. Менавіта так успрымаліся ў выкананні Дзмітрыя Капілава (бас) і Таццяны Старчанка (фартэпіяна) Пяць рамансаў Шастаковіча (на словы з часопіса «Кракадзіл») і дасціпная, прасякнутая самаіроніяй «Прадмова да поўнага збору маіх сачыненняў…».

Як піяністка, што прэзентуе шмат вакальных праграм, Старчанка з ахвотай працуе са спевакамі. (І яны з ёй — таксама! Бо Таццяна заўжды прапануе небанальны, «незапеты» музычны матэрыял.) Яна тонка адчувае іх патэнцыял, нераскрытыя магчымасці. І падбірае творы, якія інтанацыйна і псіхалагічна падыходзяць менавіта гэтым вакалістам, іх галасам і тэмбрам. Таму цікава было пачуць разгорнуты вакальны цыкл Шастаковіча «З яўрэйскай народнай паэзіі». Яго агучылі салісты оперы Наталля Акініна і Янаш Нялепа, а таксама Таццяна Пятрова, салістка капэлы «Санорус». Тлумачэнні піяністкі дапамагалі лепш зразумець асаблівасці сачынення, яго структуру і мову. Тры апошнія часткі, якія малююць нібыта шчаслівае і заможнае жыццё яўрэяў у Савецкім Саюзе, пабудаваны на народных тэкстах, запісаных у Бабруйску. Так што цыкл, лічыце, належыць і айчыннай культуры!

Дзяржаўны камерны хор увасобіў музыку, створаную кампазітарам для кіно: «Песню о встречном» («Нас утро встречает прохладой...»), «Родина слышит» і інш. Яны, асабліва першая, прасякнутая бадзёрасцю і аптымізмам, успрымаюцца як своеасаблівы музычны сімвал савецкай эпохі.

А вось сатырычна-саркастычнае асэнсаванне часу прадстаўлена кампазітарам у напісанай у сталыя гады оперы «Антыфармалістычны раёк», якая таксама выконвалася ў межах праекта. Яна нарадзілася як рэакцыя кампазітара на знішчальную барацьбу з «фармалізмам» і яго прадстаўнікамі (па сутнасці, класікамі), якую ў пэўны перыяд вяла савецкая ўлада. Зразумела, опера ў СССР не выконвалася.

Стваральнікі праекта не паленаваліся выкласці ў праграмцы тэкст спеваў і прамоў Вядучага. Такія падказкі дапамагаюць успрыманню няпростай мовы кампазітара. А сцэнічна-канцэртная версія «Райка» выклікае захапленне. Уражваюць і надзвычайны артыстызм чытальніка (Алег Вінярскі), які выконваў ролі Вядучага і музычнага дзеяча Апастылава з мноствам сакавітах, апетытных дэталяў (зала проста заходзілася ад рогату!), і натуральнасць паводзін хору напаўпісьменных і агрэсіўных музычных дзеячаў і дзяячак. Дух змрочнай падазронасці і няспыннага пошуку ворагаў перадаваўся ў рэчытатывах і рэфрэнах хору.

Нарэшце, увасабленне «Райка» было б немагчымае без таленту баса-барытона Андрэя Марозава (ён паўставаў у вобразах Адзінкіна, Двойкіна і Тройкіна), які для кожнага з герояў знаходзіць непаўторныя інтанацыі і пластыку. Адзінкін выходзіць на сцэну ў кіцелі, прамаўляе з грузінскім акцэнтам. Двойкін успрымаецца як парадыйна-сатырычны вобраз таварыша Жданава, аднаго з галоўных ідэолагаў часу. А Тройкін — прадстаўнік «шырокіх народных мас», які не чуў і не чытаў, але, вядома ж, асуджае!

Безумоўна, падобныя паказы ўпрыгожваюць наша музычнае жыццё, бо яны — эксклюзіў! Увасабленнем адметнай праграмы Таццяна Старчанка адзначыла «круглы» і важкі юбілей. А сталасць заўжды ўспрымаецца як час росквіту.

Таццяна МУШЫНСКАЯ