Акварэльная хваля з Віцебска

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

Гумен і вучні

/i/content/pi/mast/63/1077/12.jpg
Фелікс Гумен. чайны нацюрморт. Акварэль. 1988.
Віцебская акварэль — як унікальная з’ява і самабытная школа — абазначыла сябе ў мастацкай прасторы і нават патрапіла ў даведнікі і энцыклапедыі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Яе вытокі злучаны з імем Фелікса Гумена, 70-гадоваму юбілею якога і была прысвечана выстава «Майстар і вучні» ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Другая палова мінулага стагоддзя для нашай акварэлі была вызначальнай. Яна не толькі выйшла з «рэзервацыі» камернага ці дапаможнага матэрыялу, але ператварылася ў самастойны від мастацтва, набыла папулярнасць у асяродку творцаў. Адметную ролю ў гэтым працэсе адыгралі Фелікс Гумен і... Віцебск. Гумен стаў тым магутным «лакаматывам», які сваёй апантанасцю акрыліў і захапіў некалькі пакаленняў маладых мастакоў. Адбылося гэта ў Віцебску, бо менавіта тут, на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, настаўнік Гумена Іван Сталяроў пачаў распрацоўваць праграму і методыку выкладання акварэльнага жывапісу.

Але відавочна, што менавіта Фелікс Гумен шмат у чым быў першым. Спачатку — у ліку тых студэнтаў першага выпуску навастворанага мастацка-графічнага факультэта, хто выканаў дыплом акварэллю (1962). Потым сярод тых, хто пачаў прафесійна і самааддана працаваць выключна ў гэтай тэхніцы. У 1965 годзе яго творы былі адабраны на Усесаюзную выставу акварэлі ў Маскве. Ва ўзросце 24 гадоў Фелікса Гумена прынялі ў Саюз мастакоў СССР...

Асабліва важным для фарміравання віцебскай школы акварэлі стаў перыяд з 1965 па 1974 год, калі Гумен выкладаў на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. Многія памятаюць і арганізаваны ім гурток акварэлі, у які з вялікай ахвотай, не запісваючыся, зляталіся студэнты пасля вучэбных заняткаў. Менавіта ў той час Гумен зрабіўся сапраўдным «гуру» для маладых творцаў, паказаў прыклад мастацтва, вольнага ад догмаў і канонаў. Яго асоба прыцягвала яшчэ і тым, што па кожным пытанні ён меў сваё меркаванне, якое не баяўся выказваць і адстойваць. Гэту «вольніцу» (як Фелікс Гумен значна пазней абазначыць у адным са сваіх інтэрв’ю атмасферу студэнцкага жыцця, што панавала яшчэ з тых часоў, калі ён сам вучыўся на факультэце) мастак лічыць адметнай рысай «графілішча» — так паміж сабой называлі факультэт студэнты. А ў нечым і вынікам своеасаблівага, даволі дэмакратычнага стылю кіраўніцтва тагачаснага загадчыка кафедры, выкладчыка і мастака Валянціна Дзежыца.

Каханне можна абудзіць толькі каханнем, дабрыню — дабрынёй, а сумленне — сумленнем. Гэтак і творчасць можна развіваць толькі творчасцю. Тут Феліксу Гумену, здаецца, ніколі не было роўных. Але галоўным, што асабліва прыцягвала да яго студэнтаў, сталася не толькі магія віртуознага валодання рамяством, але і асаблівая энергія духу. Усё гэта падштурхоўвала вучняў да працы, дапамагала ўздымацца над штодзённасцю і адкрываць новыя далягляды. Большасць выхаванцаў Гумена на доўгія гады захавалі паважлівае стаўленне да пленэру, якому сам майстар заўжды надаваў асаблівую ўвагу, працуючы ў любое надвор’е. Яшчэ адна рыса, ці не галоўная для гуменаўскага кола вучняў, — цікавасць да эксперымента.

З сярэдзіны 1960-х гадоў, калі на выставах з’явіліся першыя творы Фелікса Гумена, і да сённяшніх дзён мастаком напісаны тысячы аркушаў акварэлі. Ішоў час, мяняліся асаблівасці акварэльнага пісьма, каларыстычны і меладычны лад кампазіцый. Але заўжды яго творы вылучаліся ў экспазіцыях акварэльных выстаў выразнасцю і адметнасцю манеры — яны не былі падобныя ні на вядомыя ўзоры класічнай акварэлі, ні на працы сучаснікаў. Арыгінальнасць жывапіснага даравання Фелікса Гумена асабліва моцна выявілася ў творах 1960—1970-х, калі ў іх з’явіліся прыкметы суровага стылю і жыццёвая грунтоўнасць, уласцівыя таму часу: акварэлі прыцягвалі дынамікай кампазіцыйнай пабудовы аркуша і напружанасцю каларыстычных суадносін. Але і пазней непасрэднасць успрыняцця натуры і эмацыянальная адкрытасць засталіся яскравымі прыкметамі знешне эфектнай манеры віцебскага акварэліста.

Нехта з выхаванцаў Фелікса Гумена падлічыў, што сярод яго былых вучняў больш за сто чалавек сталі сябрамі Беларускага саюза мастакоў. І нават некаторыя з тых акварэлістаў, якія не вучыліся ў Гумена, але адчулі на сабе яго ўплыў, з гонарам называюць віцебскага майстра адным са сваіх настаўнікаў...

Фелікс Гумен не аднойчы выстаўляўся разам з вучнямі ў групавых выставах. Сёлетні праект «Майстар і вучні» — ці не першая спроба так канкрэтна абазначыць саму з’яву. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі стала другой у гэтым праектным шэрагу. Першая з экспазіцый «Фелікс Гумен і яго вучні» адкрылася ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава ў верасні гэтага года.

У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея прадстаўлена каля сямідзесяці жывапісных твораў Фелікса Гумена і вядомых беларускіх акварэлістаў Мікалая Аўчыннікава, Фёдара Кісялёва, Валянціны Ляховіч, Уладзіміра Напрэенкі, Уладзіміра Рынкевіча, Алены Сеслікавай. А таксама акварэлі мастакоў, якія, на жаль, ужо пайшлі з жыцця — Людмілы Воранавай, Міхаіла Міронава, Валерыя і Міхаіла Свістуновых.

Асаблівую ўвагу прыцягваюць творы Гумена 1960–1980-х гадоў са збору Мастацкага музея і з уласнай калекцыі майстра. Тут можна ўбачыць найвыдатнейшыя ўзоры ранняй і сталай творчасці аўтара, увасобленыя ў краявідах («Сонца над горадам», «Наваполацк. Нафтабуд», «Вечар на рацэ Лучосе», «Мігатлівы вечар», «Наваполацк. Дзіцячы садок. Зіма»), нацюрмортах («Чайны нацюрморт», «Нацюрморт з падсвечнікам»), партрэтах («Алена. Партрэт дачкі», «Партрэт жонкі мастака»). Але напэўна самыя эфектныя і знакавыя для творчасці Гумена — акварэлі з краявідамі Віцебска: «Віцебск. Новы мікрараён», «Віцебск. Вуліца Леніна», «Стары Віцебск», «Віцебск. Вуліца Калініна».

Творы вучняў Фелікса Гумена надзвычай своеасаблівыя па манеры выканання. У адрозненне ад паслядоўнікаў шырокавядомай школы народнага мастака Расіі Сяргея Андрыякі, выставы якога пад назвай «Майстар і вучань» за апошнія дзесяць год прайшлі па многіх гарадах Беларусі, вучні Гумена не капіруюць і не пераймаюць манеру жывапісу свайго настаўніка. Немагчыма вызначыць агульныя творчыя падыходы, падабенства, пераемнасць прыёмаў... Затое адчуваецца моцны дух майстэрства, які праяўляецца ў падкрэслена індывідуальнай адметнасці.

Вернасць натурнаму краявіду захоўвалі ў сваёй творчасці Міхаіл Свістуноў і Міхаіл Міронаў. Апошні, як і настаўнік, прымаў удзел у працы ўсесаюзных акварэльных груп, пра што сведчаць некалькі яго акварэльных аркушаў з серыі «Парадоксы Камчаткі». Яны сугучныя акварэлям Гумена «Вулачка ў Самаркандзе» і «Грузія» і з’яўляюцца сціплым напамінкам пра вялізную колькасць творчых вандровак майстра па былым Савецкім Саюзе.

Акварэлі Валерыя Свістунова вызначаюцца пластычнай распрацаванасцю, майстэрствам рэалістычнай перадачы прасторы, настрою прыроды. У Фёдара Кісялёва цалкам іншыя жывапісная манера і вобразна-пластычнае амплуа. Сярод яго твораў можна ўбачыць як звычайны лірычны пейзаж, так і трыпціх, у якім рэмінісцэнцыі гістарычнага мінулага прадстаўлены ў кантэксце драматургічна выбудаванага краявіду («Навальніца ў Мальбарку», «Грунвальдскае поле», «Раніца ў Вавелі»).

Характэрная каларыстычная гама і вольная дынаміка жывапісных плямаў вылучае акварэльныя аркушы Мікалая Арасланава з нізак «Зачараванае Памежжа» і «Край Прыдзвінскі». Экспрэсіўная манера пісьма і пластычны мінімалізм уласцівы партрэту «Маці» і нацюрморту «Восень» Алены Сеслікавай.

Уладзімір Напрэенка прадставіў на выставе акварэлі з серыі «Марк Шагал. Вяртанне майстра», над якой працаваў больш за дзесяць гадоў. У аснову пакладзены знаёмыя нам вобразы Шагала і рэмінісцэнцыі вядомых палотнаў мастака. У экспазіцыі можна ўбачыць і дзве акварэлі Людмілы Воранавай — «Партрэт будаўніцы Г.Антоненка» (1979) і «Пунсовая кветачка» (2007), якія выдатна ілюструюць няпросты творчы шлях мастачкі (і ў нейкай ступені — цэлага пакалення акварэлістаў) ад увасаблення натурнага вобраза да перадачы фантазійна-сэнсавых асацыяцый.

На выставе экспануюцца акварэлі і тых вучняў Гумена, што некалі заявілі пра сябе як майстры рэалістычнага накірунку, а цяпер аддаюць перавагу жывапіснай абстракцыі. Сярод іх Валянціна Ляховіч, Мікалай Аўчыннікаў і Уладзімір Рынкевіч.

Сёння ў Віцебску да акварэлі захоўваецца асаблівая цікавасць. І хоць Віцебск — не Лондан, дзе акварэль па праве лічаць нацыянальным відам выяўленчага мастацтва, па ступені папулярнасці гэтай тэхнікі і колькасці майстроў, якія ў ёй працуюць, у нашай краіне Віцебску няма роўных. Тут вытокі не толькі акварэльнай школы, але і шэрагу творчых акцый, злучаных з акварэллю. І канешне ж — тут жыве адзін з яе патрыярхаў, які працягвае пісаць, удзельнічае ў пленэрах і рэгулярна абнаўляе экспазіцыю сваёй асабістай залы ў Віцебскім мастацкім музеі.

Міхась ЦЫБУЛЬСКІ