Станы і адчуванні

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

2009-ы

Арт-фатаграфія ў Беларусі развіваецца ўжо даўно, але на фоне актыўнасці сацыяльна арыентаваных праектаў, рэпартажнай і стрыт-фатаграфіі, з іх «даследаваннямі» і «выказваннямі», яна асацыюецца пераважна з клубнай культурай ці з так званымі альтэрнатыўнымі тэхнікамі: гуміарабікам, цыянатыпіяй. Гэта дае майстрам магчымасць аддаліцца ад мітуслівага свету і заняцца ручным друкам. Такім чынам яны захоўваюць паўнавартаснае аўтарства сваіх прац, у адрозненне ад лічбавых адбіткаў...

Сучасная арт-фатаграфія толькі нядаўна стала адыходзіць ад традыцыйнага разумення мастацкага. Гэта адбілася нават у лексіконе маладога пакалення, якое зрабіла выбар на карысць больш актуальнай візуальнай культуры, арт-практык і арт-сцэны. У гэтай стылістыцы паслядоўна працуюць Андрэй Шчукін, Максім Шумілін і Міхаіл Лешчанка. Некалькі статусных аўтараў — Ігар Саўчанка, Сяргей Кажамякін — займаюцца мастацкай фатаграфіяй, але ім уласціва глыбока дакументальнае разуменне рэальнасці. Нарэшце, часта маладыя аўтары спрабуюць сябе ў розных кірунках, у дусе часу змешваючы ўсё з усім.

А Вольга Савіч з 2006 года займаецца менавіта арт-фатаграфіяй (серыя «Пасткі для сонца» была паказана ў галерэі «Nova» ў 2007-м) і пакуль ёй не здрадзіла.

У 2009-м Вольга супрацоўнічала з французскай тэатральнай асацыяцыяй «Заўтра вясна»: ужо некалькі гадоў яе еўрапейскія ўдзельнікі разам з выкладчыкамі Акадэміі мастацтваў вывучаюць акцёрскае майстэрства і па заканчэнні курса ставяць спектакль. Тым разам гэта быў «Гадо» паводле Сэмюэла Бэкета. Вольга вырашыла, што фатаграфічным працягам гэтай інтэрпрэтацыі стане здымка на рацэ. Не будзем строіць здагадкі наконт таго, як працуе ўяўленне мастака: на рацэ дык на рацэ. Тым больш што акцёры паставіліся да працы з разуменнем. Забягаючы наперад, скажу, што серыя была паказана ў тым жа годзе ў Парыжы, у суправаджэнні спектакля «Attente» («Чаканне»).

Тэма ракі, плыткай вады асацыявалася ў акцёраў і фатографа з плынню жыцця, чаканнямі, расчараваннямі і новымі надзеямі. Святло і вада, якія атачаюць чалавека ў кадры, сталі яго станам — прыкладна гэта павінны былі сыграць акцёры, а фатограф атрымала свой першы досвед працы ў адкрытай прыроднай прасторы з вялікай колькасцю людзей. Пачынаючы з «Пастак для сонца», Вольга абыходзіцца ў кадры практычна без сюжэта. А адчувальнасць плёнкі і прамая фатаграфія застаюцца лепшымі сродкамі візуальнай перадачы няпростай аўтарскай задумы — што родам з тэатра абсурду, ад вяршыні Бэкета, здаецца, так і не перасягнутай.

Цікава, што ў CV Вольгі Савіч паказаны легендарны «Светлы пакой» — курс гісторыі і тэорыі фатаграфіі, які зрабіў спробу адарваць фатаграфічную адукацыю ад выключна тэхнічнага кантэксту і прасунуцца ў кірунку сучаснага мастацтва. Ёсць сярод яе «ўніверсітэтаў» і вывучэнне чорна-белага друку Генадзя Родзікава, прыхільніка экспрэсіўнай і сюррэалістычнай фатаграфіі.

«У Мінску складана зразумець, хто ты, дзе ты знаходзішся, з чым трэба суадносіць сваю працу. Вось я нідзе не сустракала столькі галерэй і людзей, якія займаюцца фатаграфіяй, колькі іх у Парыжы і Арлі, — тлумачыць Вольга. — Там вельмі папулярныя асацыяцыі — фармат, які аб’ядноўвае галерэі, студыі, залы, сцэны, медыятэкі і, вядома, кафэ, дзе ўсе займаюцца мастацтвам — прычым самым розным. Я шмат паказвала сваё партфоліа, было вельмі важна пачуць меркаванне, крытыку, тое, як цябе ўспрымаюць. У невялікіх гарадах Францыі праходзяць фестывалі фатаграфіі, выстаўляюцца там сур’ёзныя, вядомыя ў свеце мастакі».

Некалькі разоў Вольга паказвала выставачныя праекты ў Францыі — у Арлі, Парыжы, Манпелье. У выніку аднаго з такіх вандраванняў нарадзілася ідэя «Скарбонкі часу» — абстрактнай серыі пра камяні, якія ахоўваюць прастора і час. Камень нічога не можа распавесці, але ў ягоных абрысах захоўваецца напружанне адбытага. У Мінску гэтыя серыі пакуль не дэманстраваліся...

Любоў Гаўрылюк