Як перавыхоўвалі «касмапалітаў»

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Падрабязнасці «справы музыказнаўцаў»

/i/content/pi/mast/62/1071/43.jpg

Кафедра кампазіцыі, гісторыі і тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Стаяць (злева направа): Пётр Падкавыраў, Мікалай Аладаў, Георгій Глушчанка, Юліян Лятэцкі, Макс Шыфрын. Сядзяць: Лідзія Мухарынская, Сіма Нісневіч, Калерыя Сцепанцэвіч, Маргарыта Мінянкова. 1958.

Падзеі 1948 года, якія разгарнуліся ўслед за апублікаваннем пастановы Палітбюро ЦК ВКП(б) «Аб оперы “Вялікая дружба” В.Мурадэлі», карэнным чынам змянілі жыццё не толькі савецкіх кампазітараў. Крытыкуючы фармалістычныя тэндэнцыі ў музыцы самых таленавітых кампазітараў свайго часу — Шастаковіча, Пракоф’ева, Хачатурана, Шабаліна, Мяскоўскага, праслойка вернападданых партыйцаў без канца зняважліва згадвала імёны вядучых музыказнаўцаў, якія сваімі артыкуламі, кнігамі і выступленнямі вызначылі лідараў савецкага музычнага мастацтва.

Кампанія па перавыхаванні музыказнаўцаў была часткай шэрагу мерапрыемстваў па барацьбе з «касмапалітамі». Па аналогіі са «справай урачоў» яна ўвайшла ў гісторыю пад назвай «справа музыказнаўцаў». Хоць прэцэдэнты барацьбы з «нізкапаклонствам перад Захадам» мелі месца яшчэ ў 1945 годзе (у сувязі з гэтым згадваецца майскі тост Сталіна ў гонар камандзіраў пераможнай Чырвонай Арміі і рускага народа), пачатак арганізаванай карнай акцыі паклаў артыкул «Аб адной антыпатрыятычнай групе тэатральных крытыкаў» Усерасійскага тэатральнага таварыства, апублікаваны ў «Правде» 28 студзеня 1949 года. Па звестках гісторыка Аляксандра Удовіна, артыкул быў адрэдагаваны асабіста Сталіным, які і даў яму назву.

Новае слоўца-ярлык «касмапаліт», такое ж незразумелае, як і дзясяткі іншых тэрмінаў са слоўніка савецкай дэмагогіі, адрасавалася прадстаўнікам інтэлігенцыі, якія нібыта вызначаліся так званым «нізкапаклонствам перад Захадам». З гэтага моманту негалосна забараняліся вывучэнне замежнай літаратуры (яе папросту выдварылі з бібліятэк) і спасылкі на замежныя крыніцы ў навуковых даследаваннях, выключаліся якія-небудзь згадкі аб прыярытэце тых ці іншых напрацовак замежнай навукі і тым самым віталася стварэнне псеўданавуковых міфаў. Так, на хвалі барацьбы з касмапалітызмам былі абаронены дысертацыі, дзе сцвярджаўся прыярытэт рускіх у геаграфічных і фізічных адкрыццях, паходжанні славян, вынаходстве паветранага шара, веласіпеда, радыё, а таксама з’явілася шмат іншай ілжывай інфармацыі, праз якую Агітпрап — кішэннае міністэрства Сталіна — спадзяваўся выхаваць савецкага патрыёта.

Пра сапраўдную сутнасць працэсу Аляксандр Салжаніцын пісаў у рамане «У крузе першым», які адлюстроўвае падзеі 1949 года: «Гэта пачалося яшчэ мінулай вясной, пачалося спачатку ў тэатральнай крытыцы і выглядала як нявінная расшыфроўка яўрэйскіх прозвішчаў у дужках. Потым перапаўзло ў літаратуру. У адной газетцы-пляткарцы... хтосьці шапнуў з’едлівае слоўца — касмапаліт. І слова было знойдзена! Выдатнае ганарлівае слова, якое аб’ядноўвала свет, слова, якім вянчалі геніяў самай шырокай душы — Дантэ, Гётэ, Байрана, — гэтае слова... стала значыць — жыд. <...> Бізун ганіцеля ізраільцян неўпрыкмет, хаваючыся за другараднымі асобамі, трымаў Іосіф Сталін».

З канца студзеня да пачатку красавіка 1949 года ішло масавае ўсесаюзнае самабічаванне — сходы навуковых, творчых і педагагічных калектываў з выкрыццём касмапалітаў у сваіх шэрагах. Вынікі кампаніі адлюстраваны ў шматлікіх публікацыях з красамоўнымі загалоўкамі-лозунгамі: «Супраць касмапалітызму і фармалізму ў паэзіі», «Бязродныя касмапаліты ў ГІТІСе», «Буржуазныя касмапаліты ў музычнай крытыцы», «Разграміць буржуазны касмапалітызм у кінамастацтве», «Прагнаць буржуазных касмапалітаў з савецкай архітэктурнай навукі», «Супраць касмапалітызму і фармалізму ў музычнай адукацыі» і г.д.

Акрамя грамадскага асуджэння, абвінавачванне ў касмапалітызме суправаджалася «судом гонару» і пазбаўленнем працы, радзей арыштам (нагадаем, што з 1947-га па 1950 год смяротнае пакаранне ў СССР не практыкавалася). Па даных Ільі Эрэнбурга, да 1953 года быў арыштаваны 431 яўрэй — прадстаўнік літаратуры і мастацтва: 217 пісьменнікаў, 108 акцёраў, 87 мастакоў, 19 музыкантаў. У 1952 годзе 13 чалавек, членаў Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта, расстраляны па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць ЗША, іншыя ліквідаваны без суда (як Саламон Міхаэлс, забіты 13 студзеня 1948 года на дачы Лаўрэнція Цанавы пад Мінскам). У ходзе кампаніі сур’ёзна пацярпелі творчыя саюзы і цэлыя навуковыя галіны. Катастрафічнай аказалася крытыка пачаткаў савецкай кібернетыкі.

Па даных Леаніда Лыча, у барацьбе з касмапалітамі ў розных сферах культуры Беларусі галоўнымі мішэнямі былі абраныя Леў Макаравіч Літвінаў (1899–1963), былы галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы (1943–1948); Віктар Якаўлевіч Галаўчынер (1905–1961), былы мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага рускага тэатра БССР (1942–1946), а затым галоўны рэжысёр Дзяржаўнага рускага тэатра БССР (1948); Яўген Сцяпанавіч Рамановіч (1905–1979), былы загадчык літаратурнай часткі Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (1931–1948).

Справаздачай аб паспяхова праведзеных акцыях супраць касмапалітаў у музыцы стала публікацыя ў газеце «Літаратура і мастацтва» ад 19 сакавіка 1949 года пад назвай «Бязродныя касмапаліты і іх абаронцы ў музыказнаўстве», у якой адлюстраваліся вынікі адкрытага партыйнага сходу ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, што адбыўся 10 і 11 сакавіка.

Галоўнай ахвярай партсходу стаў старшыня секцыі крытыкі і музыказнаўства Саюза савецкіх кампазітараў БССР Макс Рыгоравіч Шыфрын. Абавязкі старшыні яму былі даручаны ўсяго год таму, у сакавіку 1948-га. А ўжо сёння, па словах дакладчыка — сакратара партыйнай арганізацыі Уладзіміра Алоўнікава (у пераказе неназванага карэспандэнта), Шыфрын «замкнуўся ў сваёй выкладчыцкай працы, абышоў важнейшыя пастановы партыі ў галіне музыкі і мастацтва», «будучы выхаванцам прафесараў-касмапалітаў Мазеля і Спасобіна, з’яўляецца паслядоўнікам функцыянальнага метаду нямецкага музыказнаўцы Рымана, які форму ставіў вышэй за змест», «усхваляў Другі квартэт Аладава, ацэнены нашай грамадскасцю як фармалістычны, і прыніжаў рэалістычны твор А.Багатырова — фартэпіяннае трыа, не звярнуўшы ўвагу на яго патрыятычны змест».

/i/content/pi/mast/62/1071/45.jpg

Сярод удзельнікаў I Пленума Саюза кампазітараў БССР Сіма Нісневіч, Ісідар Нісневіч, Анатоль Багатыроў, Васіль Залатароў, Мікалай Чуркін, Браніслаў Смольскі (стаяць у першым радзе злева направа) і іншыя. 1947.

Беспадстаўную рэвізію зведала і творчасць двух крытыкаў, якія найбольш актыўна выступалі ў друку 1940-х гадоў: «На вялікі жаль, у большасці крытычных артыкулаў пра музыку... аўтары злоўжываюць складанай тэрміналогіяй і замест разгляду і аналізу твораў схаластычна разважаюць аб яе (музыкі) тэхналогіі, пра якую нікому не цікава чытаць. Каго могуць задаволіць артыкулы Б.Смольскага, дзе разглядаецца толькі музычная форма, за прыгожымі словамі якіх губляецца змест твору. Прымітыўна і на нізкім ідэйным узроўні напісаны артыкулы і другога музыказнаўцы І.Нісневіча». Выступленні ў падтрымку Шыфрына выклікалі гнеў карэспандэнта, які катэгарычна заявіў, што «такія абаронцы касмапаліта Шыфрына, як Вагнер, Мухарынская і Ляндрэс, нічому не навучаць наша студэнцтва».

З падачы Масквы за пасіўнымі ўдзельнікамі сходаў замацаваўся ярлык «маўчальнікі». Ім ганараваўся кожны, хто не палічыў сваім абавязкам падняцца на трыбуну і кінуць камень у чужы ці ўласны агарод. Маўчунамі былі названы Ісідар і Сіма Нісневічы.

Члены прэзідыума сходу — афіцыйныя асобы з Упраўлення па справах мастацтваў і Дзяржкамітэта КП(б)Б па прапагандзе, а таксама кіраўніцтва Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў асобах Уладзіміра Алоўнікава і Анатоля Багатырова, — былі абавязаны выступіць. Багатыроў паспрабаваў прымірыць бакі, дыпламатычна прадэманстраваўшы, як музыказнаўцы перавыхоўваюцца на вачах: «Мяне здзіўляе, што Мухарынская абараняе Шыфрына. Мэта нашага сходу — глыбей зразумець усю палітычную важнасць гэтага пытання. Я ўвесь час быў супраць функцыянальнай школы. І калі кампазітар П.Падкавыраў прасіў дазволу выкладаць тэорыю музыкі па падручніку Рымскага-Корсакава, я з радасцю дазволіў яму. Мухарынская павінна запомніць, што нам не трэба ніякіх двух метадаў у ацэнцы музычных твораў, бо марксісты заўсёды прытрымліваліся і прытрымліваюцца адзінага матэрыялістычнага погляду на ўсе з’явы мастацтва».

Нягледзячы на крыўдны тон, за словамі рэктара стаіць слушная перасцярога разумнікам, якія неабачліва дапускаюць нейкія два метады ў краіне пераможнага дыямату. Жадаючыя застацца «на плыву» павінны адкінуць асабістыя думкі і ўключыцца ў навязаную рытарычную гульню. Пра поўнае разуменне ўсімі бакамі абсурднасці падзей сведчыць успамін пісьменніка Уладзіміра Мехава: «Кампазітар Генрых Вагнер, з якім былі ў мяне шматгадовыя таварыскія адносіны, распавёў неяк, што, будучы ў разгар супрацькасмапалітычный кампаніі студэнтам кансерваторыі, ён па маладосці не ўтрымаўся і задаў дакладчыку — сакратару гаркама партыі — з’едлівае пытанне, колькі касмапалітаў па гаркамаўскай разнарадцы кансерваторыя павінна паставіць. Дакладчык раздражнёна кінуў у адказ нешта зласлівае, але невыразнае…»

Праз спрэчкі ўдзельнікі сходу наблізіліся да сваёй мэты і прынялі «рэзалюцыю, у якой выкрываюцца праявы касмапалітызму ў выхаваўчай рабоце кансерваторыі, музычнай крытыцы і ў выкладанні гісторыка-тэарэтычных дысцыплін».

Такім чынам, вінаватыя знойдзены, «прапясочаны», унесены ў рэзалюцыю і... памілаваны. Гэты алгарытм — найменшае з ліхаў для грамадзян краіны з рэпрэсіўнай унутрыдзяржаўнай палітыкай, дзе пагрозы арыштаў былі такія ж рэальныя, як і дзесяцігоддзем раней. Тады, у канцы 1930-х, «наркам унутраных спраў Наседкін неаднойчы выклікаў яго [Багатырова], як старшыню Саюза кампазітараў, патрабуючы санкцыі на арышт Цікоцкага, Аладава, Яфімава, Равенскага і іншых. “Не падпішу!” — кожны раз адказваў Анатоль Васільевіч. І ўрэшце ад яго адчапіліся. Як магло быць інакш, можна меркаваць па выбітым Саюзе пісьменнікаў Беларусі», — каментуе гутарку з кампазітарам журналіст Уладзімір Траццякоў, лічачы, што толькі «няведанне жыцця дапамагае пераадольваць яго складанасці». Даваенныя чысткі для беларускага Саюза кампазітараў скончыліся «цудам ацалеласці».

Чым скончыцца барацьба з фармалізмам і касмапалітызмам — у 1949-м яшчэ ніхто не ведаў. Нястомнасць вярхоўнага суддзі ў кантролі за дзейнасцю ўсіх сфер, што вызначаюць масавую свядомасць, ярка праявілася ў пастановах «Аб часопісах “Звезда” і “Ленинград”», «Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнні», «Аб фільме “Вялікае жыццё”» (усе 1946 года). Улада актыўна змагалася з «праявамі касмапалітызму» ў літаратуры, тэатры і кіно. Надышоў час музыкі і музыказнаўства. Зрэшты, не кожны здолеў забыць перажытыя прыніжэнні. Так, «замоўк» музыказнаўца Шыфрын. На адным з пасяджэнняў Праўлення ССК БССР 1951 года было ўзнята пытанне «аб сістэматычным парушэнні і невыкананні музыказнаўцам Шыфрыным М.Г. Статута ССК БССР». У рашэнні аб выключэнні яго з саюза было ўказана, што Шыфрын на працягу некалькіх гадоў творча бяздзейнічае як публіцыст і музыказнаўца, парушыў статут, «адмовіўшыся даць сваю раскрытыкаваную ў друку працу “Аб асаблівасцях пабудовы беларускай народнай песні і магчымасці яе выкарыстання ў музычна-тэарэтычных курсах” для абмеркавання ў камісіі музыказнаўства і музычнай крытыкі», «сістэматычна ўхіляецца ад усякага ўдзелу ў рабоце Саюза, ніколі не выступаў на сходах Саюза, на творчых праслухоўваннях новых твораў не выказваў свайго меркавання. Будучы старшынёй музыказнаўчай камісіі, заваліў яе працу, за што быў у свой час зняты», «неаднаразова падвергнуты рэзкай крытыцы грамадскасці за свае фармалістычныя і касмапалітычныя памылкі, тав. Шыфрын праяўляе нецярпімае стаўленне да крытыкі і не прыняў ніякіх мер па выпраўленні дапушчаных ім памылак» (з фондаў БДАМЛіМ). Толькі ў 1957 годзе Шыфрын абараніў кандыдацкую дысертацыю на «раскрытыкаваную ў друку» тэму.

Яшчэ два гады ад Анатоля Багатырова, рэктара Белдзяржкансерваторыі, чакалі больш рашучага адказу. Як мінімум двойчы спрабавалі сур’ёзна «націснуць». Першае сведчанне знаходзім у стэнаграме Пленума ССК БССР ад 15 мая 1950 года, на якім «таварышы з Масквы» Леў Кніпер і Рыгор Бернант, акрамя аналізу беларускай кампазітарскай творчасці, намагаліся выкрыць нейкую «групоўку», якая тармозіць развіццё музычнага мастацтва ў краіне. І хоць цяпер, на пачатку 1950-х, размах гэтых выкрыванняў быў далёка не такі вялікі і страшны, як у часы выдуманага «Саюза вызвалення Беларусі», відавочная спроба распрацоўкі вядомага сцэнарыя:

«КНІПЕР: Ці маем мы права, на падставе становішча, якое стварылася ў вас, казаць пра групаўшчыну? Так, таварышы, маем права... Калі мне казалі, што існуе кансерваторская групоўка, я размаўляў з тав. Бергерам, гаварыў з тав. Багатыровым некалькі разоў, казаў тав. Багатырову, што ён абавязаны выступіць, аднак тав. Багатыроў, хоць ён і ад’язджае сёння ў Маскву ў 10 гадзін вечара, але меў на працягу дня магчымасць выступіць. Ён не выступіў. Тав. Шыфрыну я прапанаваў выступіць і казаў, калі ён не выступіць (а Ваша імя згадвалася ў рэзкай крытыцы), гэтым Вы выказваеце сваю непавагу да грамадскасці, маўляў, няхай грамадскасць кажа, а мне ўсё роўна. Вы былі нават запісаныя ў спісе на атрыманне слова, але не палічылі патрэбным выступіць. Таварышы Бергер і Яфімаў не з’явіліся зусім. Гэта і сведчыць пра групу.

(ШЫФРЫН: Гэта не так).

Вось гэтыя чатыры чалавекі: Багатыроў, Бергер, Шыфрын і Яфімаў, пра якіх і кажуць як пра кансерваторскую групу. Мне даводзіцца рэзка казаць, але ў Маскве я паспрабую падабраць больш рэзкую фармулёўку. Я ўспамінаю выступ тав. Жданава, калі на нарадзе дзеячаў музыкі ў ЦК ВКП(б) ён даў рэпліку, што падтрымліваюць аргкамітэт з прынцыповых меркаванняў або тут што-небудзь іншае. Дык вось тут, таварышы, нешта іншае». (З фондаў БДАМЛіМ.)

Пазней, у 1951 годзе, другі сакратар ЦК ВКП(б)Б Міхаіл Зімянін наўпрост задаў Багатырову сакраментальнае пытанне аб кансерваторскіх кадрах: «Ты чаго там сінагогу арганізаваў?» — і заявіў: «Будзем цябе здымаць». На пасяджэнні бюро ЦК, якое разглядала пытанне аб зняцці Багатырова з пасады рэктара, яго выратавала толькі выступленне міністра дзяржбяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы, які сказаў прыблізна наступнае: «Таварыш Багатыроў — наш нацыянальны беларускі кадр. Акрамя таго, ён некалькі разоў сустракаўся з таварышам Сталіным». Неаднаразова адзначаны Сталіным як кампазітар, што «піша правільную музыку», Багатыроў стаў перашкодай на шляху карнай сістэмы да падначаленых яму людзей.

Усе дзеячы беларускай музыкі, на якіх абрынулася крытыка ў перыяд барацьбы з фармалізмам і касмапалітызмам, не толькі па-ранейшаму працавалі на сваіх рабочых месцах, але і засталіся ў ліку самых актыўных кампазітараў і самых друкуемых музыказнаўцаў (зрэшты, пакінуў кансерваторыю Браніслаў Смольскі).

Адзначым, што аналагічныя судзілішчы ў Маскве і Ленінградзе прывялі да звальнення з музычных навучальных устаноў у 1948 годзе «фармалістаў» Дзмітрыя Шастаковіча, Вісарыёна Шабаліна, музыказнаўцы Даніэля Жытомірскага, у 1949-м — «касмапалітаў» Ігара Бэлзы, Леа Мазеля, Барыса Левіка, Віктара Бяркова, Міхаіла Пекеліса і іншых.

Застаецца здагадвацца, колькі грамадзянскай мужнасці спатрэбілася рэктару Белдзяржкансерваторыі Багатырову, калі ён не толькі не пазбавіўся ад музыказнаўцаў-яўрэяў, але і запрасіў на працу шэраг музыкантаў, якія сталі ахвярамі больш суровых кадравых чыстак у сталічных ВНУ. Адзін з іх, кампазітар Віктар Белы, звольнены з пасады выкладчыка Маскоўскай кансерваторыі і прыняты на пасаду прафесара класа кампазіцыі ў кансерваторыю Мінска, і праз шмат гадоў, на святкаванні 80-годдзя Анатоля Васільевіча, дзякаваў: «Тое, што вы зрабілі для мяне ў самую цяжкую хвіліну майго жыцця, не забуду ніколі». Такім жа чынам апынулася ў Мінску Алена Берлянд-Чорная, вядомы знаўца Моцарта.

Большасць савецкіх музыказнаўцаў, абвінавачаных у касмапалітызме, былі вымушаны пераарыентаваць свае навуковыя тэмы. З даследаванняў цалкам знікла замежная музыка (за выключэннем Бетховена), зрэшты, як і амаль уся савецкая. Абсалютна легітымнай засталася толькі народная песня, вывучэннем якой і заняліся лепшыя сілы айчыннага музыказнаўства, у прыватнасці, Лідзія Мухарынская і Макс Шыфрын. Усталявалася ўсеагульнае пачуццё страху, пра якое дакладваў інфарматар Агітпрапа, скардзячыся, што ніхто з кампазітараў не бярэцца за добра аплачваемы заказ на кантату да чарговага юбілею Сталіна.

Здагадкі аб сацыяльнай падаплёцы многіх творчых перакананняў чалавека, які прайшоў праз горан позняга сталінізму, атрымліваюць пацвярджэнне з вуснаў кампазітара Віктара Войціка, выхаванца Анатоля Багатырова: «У сталінскую эпоху часткай савецкіх кампазітараў фальклор выкарыстоўваўся і ў якасці своеасаблівага засцярогу ад ідэалагічнага пераследу. Больш за тое, як чалавек адказны, ён [Багатыроў] і вучняў сваіх стараўся аберагчы ад ілжывых, шкодных, як яму здавалася, музычных павеваў, якія маглі справакаваць дзяржаву на рэпрэсіі, памяць пра якія і ў 1970-я гады была яшчэ жывая».

Больш чым 25-гадовы працэс наладжвання механізмаў дзяржаўнага рэгулявання творчага працэсу, пачаты 1 сакавіка 1936 года публікацыяй у «Правде» «Аб мастаках-пэцкалях», скончыўся са смерцю «бацькі народаў». Але толькі ў 1958-м афіцыйна было прызнана, што «некаторыя няслушныя ацэнкі» ў пастанове 1948 года «адлюстроўвалі суб’ектыўны падыход да асобных твораў мастацтва і творчасці з боку І.В.Сталіна».

Падзеі 1948–1949 гадоў сталі ўнікальным прэцэдэнтам у гісторыі адносін мастацтва і ўлады. Можна прызнаць, што, нягледзячы на хуткі канец культу асобы, яны аказалі значны, калі не вырашальны, уплыў на ход развіцця беларускай музыкі.

Пра грамадскую дзейнасць Багатырова ў пераломны час канца 1940-х яго малодшы калега кампазітар Уладзімір Дарохін выказаўся так: «Вельмі таленавіты чалавек апынуўся ў патрэбным месцы і ў патрэбны час. І гэта было вялікай карысцю для ўсёй беларускай музычнай гісторыі».

А найважнейшым выяўленнем гэтай карысці зрабілася далейшая творчая і педагагічная дзейнасць кампазітараў і музыказнаўцаў, якія перажылі росквіт і скон сталінізму, — Аладава, Падкавырава, Цікоцкага, Мухарынскай і інш. Напэўна, гістарычна неправамерна задаваць пытанне — якімі маглі бы быць іх музыка, іх кнігі і публіцыстыка? Таму што яны ўжо ёсць. Аднак можна выказаць здагадку, што яны былі б больш самабытнымі і больш ярка адлюстроўвалі вышэйшае духоўнае прызначэнне іх таленавітых і глыбока думаючых аўтараў. Калі б не грандыёзны наступ на інтэлігенцыю канца 1940-х...

 Алена Лісава