Belaya Vezha. №17

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Брэст. Верасень. Парад тэатраў...

/i/content/pi/mast/62/1067/29.jpg

«Калігула» Альбэра Камю.Ровенскі акадэмічны музычна-драматычны тэатр (Украіна).

Другая, удакладняючая назва сёлетняй «Белай Вежы» — «Класіка плюс». Гэтым разам у фестывальнай афішы былі прадстаўлены дваццаць шэсць спектакляў з адзінаццаці краін. Як заўсёды, на форуме працавала міжнароднае журы, якое сталася своеасаблівай процівагай мінулагодняму. Нагадаем, летась у ягоным складзе былі выключна жанчыны, а фестываль называўся «Час кахаць!». Сёлета лепшыя спектаклі выбіралі мужчыны, пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Мішчанчука.

Як вы лодку назавяце?..

Пошукі — ці ўдакладненне — дыскурсу, якімі некалькі апошніх гадоў займаецца «Белая Вежа», цалкам зразумелыя. Даводзячы фармат да кандыцыі, тут дамагліся многага. Форум ужо доўга працуе без заўважных збояў, тэхнічных недаробак, развіваецца і сталее, як самастойны арганізм. Таму натуральна надышоў час, калі арганізатарам «Белай Вежы» захацелася «чагосьці яшчэ». Захады, якія робяцца ў гэтым накірунку, цалкам куратарскія, і менавіта падобным чынам развіваюцца ўсё сучасныя фестывальныя інстытуцыі. Вобразна кажучы, важна не толькі сабраць спектаклі: праграму неабходна канцэптуальна асэнсаваць, удала ў прасторы размясціць, адмыслова асвятліць. Справа бяспройгрышная, але не вельмі простая.

Ва ўсякім разе, сама ідэя правесці «Белую Вежу» пад вывескай «Класіка плюс» вартая ўхвалення. (Вядома, калі не ўспамінаць, што менавіта класіцы быў прысвечаны адзін з папярэдніх фестываляў.) Тэма надзейная, стала забяспечваецца вялікай колькасцю тэатральных клішэ: карыстайся — не хачу. Пры неабходнасці — класіка назаўжды: і агульначалавечая, і па-мастацку дасканалая, і да актуальнасці штораз набліжаная новым бокам! Толькі чаму ў такім разе спатрэбілася невялікая агаворка — «...плюс»? Што канкрэтна маецца на ўвазе і колькі класічнай драматургіі насамрэч прысутнічала ў афішы? Просты падлік сведчыць: толькі шэсць твораў. «Гора ад розуму» Аляксандра Грыбаедава, «Жаніхі» па п’есе «Жаніцьба» і «Гульцы» Мікалая Гогаля, «Таленты і прыхільнікі» Аляксандра Астроўскага, «Маскарад» Міхаіла Лермантава; да гэтага спісу можна дадаць «Калігулу» Альбэра Камю. Атрымаецца — «Руская класіка плюс Камю», а што тады рабіць яшчэ з дваццаццю спектаклямі, прадстаўленымі ў афішы? Вядома, глядзець! А назву можна проста крыху перайначыць. Перарабіць на «Плюс руская класіка». Тады астатнія дваццаць спектакляў натуральна зоймуць у фестывальнай канцэпцыі галоўныя пазіцыі.

Ды толькі адкуль узяўся такі істотны канцэптуальны збой? Думаю, арганізатары памылкова прылічылі да класікі сучасныя інсцэніроўкі, якія насамрэч да яе ніякага дачынення не маюць. Бо аўтары інсцэнізацыі не з’яўляюцца аўтарамі класічных тэкстаў, яны — звычайныя інтэрпрэтатары. Менавіта тыя, хто выводзіць класічны тэкст «за рамкі», робіць яго праславутым «паводле»... Магчыма, у такім разе фестываль лепей было б назваць: «Інсцэніроўкі плюс руская класіка»? Усё роўна не стыкуецца! Па-за межамі застаюцца — Камю, спектаклі па п’есах сучаснай драматургіі, канцэрт «Руская душа» ансамбля народнай песні «Сарока», лялечны монаспектакль «Ярык і Дракон», маладзёжная цыганская песенна-танцавальная праграма, японскі мімічны спектакль, балет Валерыя Міхайлоўскага. Зрэшты, жанрава багатая і разнастайная тэатральная праграма цалкам знаходзіцца ў рэчышчы памкненняў дырэктара фестывалю Аляксандра Козака — збіраць у Брэсце яркі і ўражальны тэатральны мікст, з магчымай разнастайнасцю сцэнічных накірункаў і жанраў. На тым і пагодзімся.

Па той бок дабра і зла

Калі падчас фестывалю сам працуеш у журы, разумееш, якая гэта тонкая і складаная справа. Бо тут справядлівасць вельмі часта становіцца сінонімам дыпламатыі, паліткарэктнасці, павагі да ветэранаў сцэны, чаго заўгодна яшчэ. І гэта ў лепшым выпадку. Горш бывае, калі твайго голасу не хапае, каб нейкім чынам сітуацыю змяніць, але ты ўсё роўна мусіш адказваць за агульныя вынікі. Яшчэ горш, калі працуеш на фестывалі крытыкам, а пасля абвяшчэння пераможцаў адчуваеш сябе падманутым, поўным дурнем — і ў цябе надоўга псуецца настрой. Цягам многіх год, падчас самых розных фестываляў шмат разоў даводзілася перажываць адно і тое ж. Таму натуральна ўзнікла пытанне: ці магчыма ўвогуле ідэальнае рашэнне журы? Думаю, што магчыма. Галоўнае, каб Гран-пры атрымаў насамрэч лепшы спектакль. І гэты факт можна лічыць сапраўдным цудам дыпламатыі, бо з астатнім яшчэ можна неяк прымірыцца. Як не памыліцца? Тут таксама ўсё проста: не трэба працаваць так, каб галоўнае рашэнне тэатральных экспертаў здавалася непрадказальным, а падчас падвядзення вынікаў у зале чуліся нязмушаныя глядацкія галасы. Так сталася, напрыклад, сёлета, калі на заключнай цырымоніі старшыня журы неабачліва запытаўся ў публікі: «Як вы лічыце, хто атрымае Гран-пры?» — і пачуў адказ: «Калігула». «Калігула» якраз і быў тым лепшым спектаклем, што вырваўся вонкі: з доўгага фестывальнага шэрагу — у мастацкую прастору. Між тым, Гран-пры накіраваўся ў Познань.

Працаваць у міжнародным тэатральным журы — справа ўвогуле складаная і няўдзячная. Бо для таго каб даць адэкватную ацэнку ўбачанаму, трэба самому бачыць шмат і ведаць сучасны тэатр у самых розных ягоных накірунках і праявах. Разумець, што такое сёння авангард, а што — ар’ергард. Хто паперадзе планеты ўсёй, а хто безнадзейна адстаў. Пры існуючым у тэатральным асяродку роскідзе меркаванняў і ацэнак прыйсці да кансэнсусу бывае вельмі складана. Здавалася б, ну каго мог уразіць напаўпрафесійны камерны спектакль Тэатра «Zero» (Ізраіль) паводле прыпавесці Коба Абэ, разыграны нібыта ў хатнім тэатры перад гледачамі на канапе? Той наіўна-эмацыйны пераказ вядомай гісторыі з пякучай слязой на вачах галоўнага героя? Але ж менавіта гэтае псеўдаакцёрскае ўзрушэнне (бо грунтуецца не на зместавай канве вобраза, а на эмацыйнай прыватнасці перажывання) было адзначана ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля». Што вельмі дзіўна выглядала на фоне балявання эстонскіх акцёраў у гогалеўскіх «Гульцах», дзе кожная роля сталася дасканалым узорам высокага і асэнсаванага рамяства.

Выбраныя спектаклі

Фестывальныя спектаклі, як маленькія караблі (нават пасярод бушуючай эмацыйнай стыхіі — публікі, крытыкаў, членаў журы) — выплываюць паасобку. І ў кожнага ёсць свая гавань, ціхі прытулак у глядацкай свядомасці. Калі туды ўдаецца патрапіць — усё ў парадку. Значыць, фестываль атрымаўся (асабліва калі не ставіць у назве неабдуманыя акцэнты). «Белая Вежа»-2012 мела дастатковую колькасць яркіх тэатральных праяў, каб запомніцца надоўга.

Першымі ўразілі «Гульцы» Рускага тэатра Эстоніі ў пастаноўцы добра вядомага на Беларусі рэжысёра Сяргея Фядотава. Мастацкі кіраўнік пермскага Тэатра «Ля моста», ён практыкуецца з тэатральнай містыкай, увасобіў амаль усяго МакДонаха, атрымаў «Залатую маску» і цяпер лічыцца адным з лепшых расійскіх рэжысёраў, якія паспяхова распрацоўваюць уласную тэатральную дзялянку. У тым, што рэжысёр — па-ранейшаму «наша ўсё», я пераканалася спачатку на спектаклі ў пастаноўцы Фядотава, дзе дасканала выплеценыя псіхалагічныя карункі складаліся ва ўзоры чалавечых жарсцяў. А крыху пазней — на спектаклі таго ж Рускага тэатра Эстоніі «Адна летняя ноч у Швецыі», які паказалі на Міжнародным тэатральным форуме «Тэарт». Перад мінскай публікай паўстаў звычайны правінцыйны калектыў, варты заўвагі, якую давялося пачуць: маўляў, з Эстоніі трэба прывозіць не рускую, а эстонскую трупу. Я нават спачатку не пазнала акцёраў, якія так моцна ўразілі ў Брэсце. Вобразы гульцоў са спектакля Сяргея Фядотава, увасобленыя чатырма выдатнымі акцёрамі-салістамі, дагэтуль стаяць перад вачыма, вярэдзяць свядомасць. Не думаю, што на вялікіх прасторах былога СССР сярод рускіх труп часта можна ўбачыць такое высокае прафесійнае майстэрства.

Звычайны тэатральны цуд прысутнічаў на падмостках паўсюль, ва ўсіх бачных і нябачных кутках. Дзеянне разгортвалася татальна, ахоплівала ўсялякае імгненне ў адмысловым існаванні кожнага персанажа. Сцэнічных дэталяў, рэчаў было не вельмі шмат. Але яны спрацоўвалі па чарзе, нібы снарады на мінным полі. Ключавое слова ў дачыненні да акцёраў — верагоднасць. Безупыннае разгортванне вобразаў у часе і прасторы з дакладнасцю, адпавядаючай жыццёвай праўдзе. Здавалася б, што тут асаблівага? Але ж тое, як глядзелі, як слухалі адзін аднаго партнёры, як штохвілінна напружана жылі ў зоне маўчання — захапляла. Пры гэтым кожны герой быў пазнавальны. Чалавечая тыпажнасць на ўзроўні псіхалагічнага абагульнення, падгледжанага, знойдзенага, амаль што выведзенага ў сцэнічную формулу — у сучасным тэатры рэдкасць. Спектакля Фядотава было і многа, і мала. Многа, таму што глядзець яго — адчувальная (хоць і прыемная) духоўная праца. Мала, бо вельмі не хацелася, каб гэтая гульня ў жыццё-быццё надта хутка скончылася. Было б няправільна лічыць, што ўсё ў спектаклі трымаецца выключна на верагодных дэталях і жыццёвых падрабязнасцях. Не менш істотная дэтэктыўная напружанасць пры відавочнай прысутнасці містычнага вэлюму. Усё робіцца дзеля таго, каб у гледачоў узнікла неакрэсленае душэўнае засмучэнне. Дакладна расстаўленыя акцэнты на імгненне перарываюць няспынную чалавеча-акцёрскую споведзь і робяць сваю справу. Раптам аказваецца, што дзверы ў пакоі, дзе размясціўся Іхараў (Данііл Зандберг), жывуць сваім жыццём. Яны як быццам не ўсе ўлічаныя. У іх можа знікнуць, а можа і з’явіцца рэальны пакутнік за праўду. Мільгаюць рукі, віртуозна тасуюць карты, застылыя на імгненне паставы персанажаў распавядаюць больш, чым самая доўгая прамова. Перакрыжоўваюцца позіркі. Разгортваецца і ўзмацняецца ідэальна зрэжысіраваная шулерская афера, у якой пацярпелым робіцца самы заўзяты шулер і прайдзісвет. Пад націскам апошняй дайгранай інтрыгі зрушыцца наваколле. Усе карты будуць адкрыты і выкладзены на стол. Толькі чаму героя становіцца да болю шкада? Калі б Іхараў сам не быў найпершым жулікам, можна было б сказаць, што небяспека падману падсцерагае кожнага з нас. Але ў гэтым спектаклі страшыць адчуванне трагічнасці жыцця ў яго штодзённых і вельмі звычайных праявах. Таму што жыццё — такое. І гэтая змястоўная падсветка пульсуе асветленай здагадкай у цёмным інтэр’еры, палохае даведзеным да містыцызму натуралізмам, спрацоўвае як абагульненне ў дакладна разлічанай рэжысёрскай прасторы — з кропкавымі сэнсавымі ўдарамі і магутнай пастановачнай трансфармацыяй напрыканцы. Літаральна на нашых вачах пахіснецца сцэнічны асяродак, не вытрымае згвалтаваная свядомасць…

Не заўсёды Брэсцкаму акадэмічнаму тэатру драмы ўдаецца паказаць спектакль, які становіцца побач з лепшымі фестывальнымі пастаноўкамі. Гэтым разам атрымалася. Культавая аповесць Джэрама Сэлінджэра «Над безданню ў жыце» была надзвычай упадабана ў Савецкім Саюзе, таму што рассоўвала перад юнакамі жыццёвыя далягляды, а дакладней, проста на хвілю прыўзнімала жалезную заслону: а што там? а як? Цяпер, здаецца, моладзі можна ўсё. Чаму Сэлінджэр? Рэжысёр Цімафей Ільеўскі намацвае ў творы ўласныя болевыя кропкі. Для яго гэта актуальная размова пра сучасных падлеткаў, якім дазволена многае і якія самі дазваляюць сабе значна больш. Але часавая адлегласць, якую дакладна адчувае рэжысёр, надае ягонаму спектаклю асаблівую абаяльнасць. Ён доўжыцца як бясконцая гульня ў пінг-понг, толькі дазваляе атрымаць асалоду ад нейкай палётнай графічнасці, слушнай лёгкасці думак і пачуццяў, празрыстасці чалавечых стасункаў. Па сутнасці, вельмі гуманістычны і цёплы спектакль, бо на пытанне, што такое добра, а што не вельмі, рэжысёр адказвае пэўна.

Цімафей Ільеўскі сам напісаў інсцэніроўку. Вельмі тактоўна і чула паставіўся да тэксту. Дакладна вызначыў жанр спектакля — «гісторыя сталення ў стылі рок-н-ролу». Асобна варта адзначыць працу мастака Васіля Бурдзіна, які прыдумаў вельмі стыльны шматузроўневы сцэнічны асяродак. Прадметы побыту намаляваныя на расплюшчаных кардонных скрынях з дасціпнымі каментарыямі, накшталт: «ніколі ты нічога не зробіш па-чалавечы», «там даюць напракат такія цудоўненькія кароценькія спаднічкі», «хто перамог — мы або не мы?», «у конях таксама ёсць штосьці чалавечае». Па сцэне размешчаны плоскія абрысы і сілуэты. Уяўны тэлефон — з сапраўднай трубкай. Усё зроблена ў элегантнай вохрыстай гаме з чырвонымі і чорнымі ўдарнымі акцэнтамі. Паралельнае дзеянне адбываецца адначасова на падлозе і амаль пад столлю, на верхнім ярусе, дзе з палётнай экспрэсіяй і неверагоднай абаяльнасцю спявае дзяўчына. Аніякай фанеры! Зрэшты, фанера ў гэтым спектаклі ўвогуле непрымальная. Бо асаблівая, крохкая шчырасць, якая тут працінае літаральна ўсё, пэўна не вытрымае нават ценю фальшу. Жывыя акцёры ў фанерным асяродку — выяўленая пулявая ідэя пастаноўкі. Для рэжысёра і выканаўцаў — упэўнены і яркі крок наперад. У юнацтве ўсё наўкол успрымаецца надзвычай востра, апантаная прага справядлівасці здатна давесці да суіцыду, чужародны, часам ненавісны вопыт дарослых адштурхоўвае і выклікае пратэст, ідэйны падзел на дзяцей і бацькоў нязносны, а яшчэ — кранальная прага кахання, першы вопыт дарослай любві, сакавіты і пульсуючы свет наўкол — усе гэта змяшчаецца ў спектаклі Цімафея Ільеўскага і ўвасоблена з элегантнай тактоўнасцю.

Самыя цікавыя падзеі ў тэатры надараюцца нечакана. Пэўна толькі адно: калі спектакль перастае быць наборам пастановачных прыёмаў, пачынаецца творчасць. Урэшце, не так і многа існуе рэжысёраў, здатных перасячы мяжу паміж будзённасцю і творчасцю, паміж быццём і небыццём мастацкай з’явы, рамяством і натхненнем. Магчыма, таму і гледачы не заўсёды здатныя адрозніць сапраўднае. У выпадку з правакатыўнай, агрэсіўнай рэжысурай — тым больш. Калі спектакль нікога не пакідае абыякавым, гэта не значыць, што яго ўсе ўпадабалі. Аўтар спектакля можа выкарыстоўваць і самы востры інструментарый, разумеючы, што балючае і прыгожае, жахлівае і змястоўнае не заўсёды разам існуюць у глядацкай свядомасці. Спектакль Ровенскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра (Украіна), пастаўлены маладым рэжысёрам Сяргеем Паўлюком, відавочна нікога не пакінуў абыякавым. Пры тым, што не ўсе гледачы захацелі патрапіць у ягоныя зместавыя віры. «Калігула» Альбэра Камю выклікае трапятанне і жах у тых, хто адважваецца да гэтага твора наблізіцца. Бо зазірнуць у самую бездань чалавечай душы вусцішна і спакусліва. Зразумець чалавечую сутнасць адначасова ў яе боскім і д’ябальскім абліччы насамрэч небяспечна. У пазіцыі «яно нам трэба?», безумоўна, апынаюцца многія гледачы. Ды толькі той, хто займаецца мастацтвам, часам вымушаны шукаць адказы на самыя складаныя пытанні. Невыпадкова наконт такіх роляў, як Калігула, у акцёрскім асяродку існуюць свае прымхі. Думаю, яны наўпрост звязаныя з сілай уздзеяння таго або іншага спектакля на гледачоў. «Калігула» ровенскага тэатра разгортваўся перад публікай з абсурднай наканаванасцю. Ён зроблены ў стылі татальнага тэатра — з множнасцю накрэсленых філасофскіх тэм і чалавечых гісторый, дзе кожны рэжысёрскі рух нечаканы, а ўласна пастановачныя прыёмы пазнавальныя. Яны мелі толькі прыкладное значэнне, бо паглыналіся бесперапыннай плынню дзеяння і былі дакладна асэнсаваныя. Усе героі ў спектаклі станавілася своеасаблівымі носьбітамі трагедыі, за ўсё даводзілася расплачвацца па поўнай. Жывы боль, высокі кошт чалавечага жыцця, выстаўлены рэжысёрам і прысутны ў спектаклі, вызначылі ягоную гуманітарную каштоўнасць. Зрэз сучаснай рэчаіснасці, пачварна-гламурныя акцэнты ў асобных эпізодах недвухсэнсоўна замыкалі падзеі на тых, хто знаходзіўся ў зале. Гісторыя пра тое, як з Калігулы забойцу зрабілі, нікога не магла пакінуць спакойным. Калігула ў выкананні Андрэя Кудзелі — адно з самых яркіх уражанняў спектакля. Вядома, за гэтую п’есу нават брацца не варта, калі няма выканаўцы на галоўную ролю. Акцёр набірае абароты спакваля. Спачатку — увасабленне юнацкай нявіннасці са светлым абліччам спасцігнутага кахання. Разам з Кезоніяй (Ніна Нікалаева) — прыгожая, амаль незямная пара. Дотыкі рэчаіснасці — калючыя і злыя. Тым больш балючыя, чым паўней усведамленне свайго высокага прызначэння. Сутычкі людскага і звышчалавечага ў свядомасці Калігулы асэнсоўваюцца акцёрам як неадступны боль, няздатнасць суцішыцца, спыніцца, азірнуцца. Што такое ўлада — асалода і неабмежаваныя магчымасці або адчай і адсутнасць шанцу заставацца проста чалавекам? Гэтыя контрузрушэнні спапяляюць, кідаюць у зямное пекла. Хараство прыносіць нясцерпны боль. Ён хацеў дарыць людзям дабро. Далей — цішыня. Андрэй Кудзеля перадае ўсе складаныя нюансы ролі, яго выкананне ўяўляецца панадбытавым, эмацыйна вытанчаным. Псіхалагічныя нюансы самі вырываюцца вонкі. Назіраць за такой акцёрскай ігрой даводзіцца нячаста.

Ровенскі акадэмічны тэатр засведчыў яшчэ адну вельмі важную акалічнасць: сцэнічнае мастацтва не прызнае ніякіх геаграфічных падзелаў, дыхае, дзе хоча.

«Калігула» плюс

«Белая Вежа» — самы маштабны фестываль у Беларусі, уражальны тэатральны марафон. Прынамсі, такую колькасць спектакляў з розных канцоў свету цягам аднаго тыдня ўбачыць можна толькі тут. Скласці найбольш поўнае ўяўленне пра існуючыя сцэнічныя накірункі, жанры, тэндэнцыі — таксама. Сёлета на форуме зноў было прадстаўлена ўсё — або вельмі многае. Стваралася ўражанне, што сучасны тэатр асталяваўся адразу ў некалькіх розных эпохах, паміж якімі адсутнічаюць кропкі сутыкнення. Ён можа быць наіўна-метафарычным, як спектакль сцэнічнага калектыву з Калмыкіі, дзе галоўную гераіню Карову апранулі ў капронавую спадніцу; а можа, як японскі мімічны спектакль «DOJO-JI», быць пранізліва вытанчаным, тэхнічна дасканалым, з духоўным досведам стагоддзяў. Можа звяртацца з адкрытай споведдзю да чалавека, спадзеючыся на разуменне, — як «Гаспадар кавярні» па п’есе Паўла Пражко Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Або ўпарта і нудна аднаўляць класічныя тэксты, паўтараць вядомыя ісціны і не знаходзіць водгуку ў глядзельнай зале — менавіта такімі падаліся «Таленты і прыхільнікі» Маскоўскага абласнога тэатра імя Аляксандра Астроўскага. Тэатр здатны пашыраць наша ўяўленне пра класіку праз прадметна ўвасобленыя страсці, як гэта робіць познаньскі вулічны Тэатр «Biuro Podrozy» на спектаклі «Макбет, хто той акрываўлены чалавек?». І здатны разбурыць уяўленне аб прысутнасці эмацыйнага парога ў акцёрскім мастацтве, як у спектаклі «Тэатральныя істоты» беластоцкага Драматычнага тэатра імя А.Вянгеркі. Ён можа быць шчырым і фальшывым, змястоўным і выпусташаным, вытанчаным і безгустоўным, празмерна навязлівым, выбуховым і сцішаным. Урэшце, усё гэта прысутнічала на «Белай Вежы», а значыць і глядацкія ўражанні былі самымі нечаканымі і разнастайнымі. Усё, што тут адбывалася, і ёсць паўнацэннае і насычанае тэатральнае жыццё. Думаю, яно абавязкова мусіць працягвацца.

Людміла Грамыка