Раскоша і бляск старой Еўропы

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Скарбы з калекцыі Музея Вікторыі і Альберта

/i/content/pi/mast/62/1064/16.jpg

Шарль Лебрэн (1619–1690). Зняцце з крыжа. Алей. 1642–1645.

Выстава «Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600–1800», што праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі, арганізавана пры ўдзеле Міністэрства культуры і падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. Музей Вікторыі і Альберта, заснаваны ў 1852 годзе, валодае адной з найбуйнейшых у свеце калекцый еўрапейскага дэкаратыўнага мастацтва XVII–XVIII стагоддзяў. У Беларусі з гэтага збору экспануюцца больш за восемдзесят шэдэўраў. Куратары Музея Вікторыі і Альберта Леслі Эліс Мілер і Джаана Норман падзялілі творы на два выставачныя камплекты: 34 экспанаты прадстаўлены ў залах Палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, а 49 — у Нацыянальным мастацкім музеі.

Большасць твораў звязана з імёнамі еўрапейскіх манархаў і прадстаўнікоў арыстакратыі, чые асобы асацыююцца з еўрапейскай гісторыяй гэтага перыяду. Прадметы калекцыі належалі еўрапейцам, што валодалі ўладай, багаццем і густам, і былі створаны лепшымі мастакамі і рамеснікамі Еўропы з выкарыстаннем каштоўных матэрыялаў з усяго свету.

Паводле задумы куратараў, выстава «Каралеўскія скарбы» складаецца з серыі тэматычных секцый.

Першая з іх, «Каралеўскае заступніцтва», прадстаўляе ключавыя постаці каралеўскіх двароў Еўропы, што сталі апекунамі мастацтва ў перыяд паміж 1600 і 1800 гадамі. Гэтыя асобы не толькі атачалі сябе шыкоўнымі творамі, але і спрыялі распаўсюджванню новых тэндэнцый, былі заканадаўцамі густу і моды.

Так, уся гісторыя Францыі сярэдзіны — другой паловы XVIII стагоддзя ўспрымаецца неадрыўна ад імя маркізы дэ Пампадур (Жанны-Антуанеты Пуасон), якая апекавалася навукамі і мастацтвам. Адным з яркіх экспанатаў выставы з’яўляецца партрэт маркізы дэ Пампадур, які належыць пэндзлю знакамітага французскага мастака эпохі ракако Франсуа Бушэ.

Творы мастацтва, аб’яднаныя дадзенай тэматычнай часткай, не толькі выяўляюць персанажаў, што аказвалі заступніцтва мастакам і музыкам, але і з’яўляюцца прыкладамі дарагіх і важных з дыпламатычнага пункта гледжання падарункаў. Такім узорам можа служыць «Партрэт Пятра Вялікага» (каля 1720), створаны мастаком, прускім дыпламатам і ваенным дзеячам баронам Густавам фон Мардэфельдам.

Перыяд 1600–1800-х гадоў быў адзначаны ваеннымі канфліктамі. Раздзел «Магутнасць і слава» дэманструе прадметы, сюжэты ці паходжанне якіх звязаны з ваеннай тэматыкай: ад даспехаў і зброі да твораў батальнага жанру. Сярод экспанатаў адмысловай увагі заслугоўвае «Вайна і перамога» (1634–1635) Пітэра Паўля Рубенса. Экспанат знаёміць з малавядомым аспектам творчасці фламандскага мастака. Кампазіцыя (прадстаўлена ў музеі-запаведніку «Нясвіж») з’яўляецца эскізам франтыспіса для кнігі «Незабыўнае і ўхвальнае вандраванне кардынала-інфанта дона Фердынанда Аўстрыйскага» (Антверпен, 1635) — гэта адна з 48 вядомых загалоўных старонак, выкананых Рубенсам для кніг па навуцы, ваенным мастацтве, археалогіі і паэзіі.

Калі кампазіцыя Рубенса носіць алегарычны характар, то твор вядомага французскага гравёра Жака Кало «Павешанне» («Дрэва з павешанымі», 1633) уяўляе жахлівую паводле свайго рэалізму сцэну. Стаўшы сведкам жарсцяў ваеннага часу на радзіме, у Латарынгіі, захопленай каралеўскімі войскамі, Кало стварыў серыю, у якой яго рэалістычнае ўспрыманне дасягнула піка крытычнай вастрыні. Аркуш «Павешанне» ўвасабляе пакаранне смерцю марадзёраў. Магутны дуб са страшнымі сілуэтамі ўспрымаецца як знак жорсткай эпохі.

На фоне ваенных канфліктаў мастацтва квітнела. Кіраўнікі заказвалі творы, закліканыя зафіксаваць іх ваенныя подзвігі. Яркім прыкладам можа служыць «Конная статуя Генрыха IV, які топча ворага» (каля 1620–1625), аўтарам якой лічыцца французскі скульптар Юбер ле Сюер. Скульптура сімвалізуе ролю караля Генрыха IV у дасягненні рэлігійнай стабільнасці і міру ў Францыі. Латы дадаюць постаці Генрыха IV важнасці, а антычны рымскі шлем ператварае яго ў міфічнага героя.

Тэматычная частка выставы «Рэлігійная веліч» раскрывае прыроду прадметаў, прызначаных для публічнага ці прыватнага рэлігійнага выкарыстання. Сярод экспанатаў вылучаецца жывапіснае палатно французскага майстра Шарля Лебрэна, арганізатара Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры, мануфактуры Габеленаў і Французскай акадэміі ў Рыме. Лебрэн значна паўплываў на густы і светапогляд цэлага пакалення мастакоў, ён быў важнай постаццю «стылю Людовіка XIV», атрымаў тытул «Першага каралеўскага жывапісца». Прадстаўлены на выставе твор «Зняцце з крыжа» (1642–1645) адносіцца да ранняга перыяду творчасці Лебрэна. Драматычная дыяганальная кампазіцыя і рэзкія святлоценявыя пераходы сведчаць пра ўплыў італьянскага мастацтва, якое Лебрэн вывучаў падчас паездак у Рым, і яго веданне рымскага барока, у эпоху якога сюжэт зняцця з крыжа быў папулярнай тэмай.

Калі каталіцкая царква надавала вялікую ўвагу вонкаваму выгляду і раскошы, пратэстанцкая канцэнтравалася на ўнутраным — прапаведаванні і чытанні Бібліі. Характэрным экспанатам, звязаным з пратэстанцтвам, з’яўляецца кубак (1717), створаны нямецкім майстрам Зігмундам Доклерам да двухсотгоддзя галоўнай падзеі рэфармацыі — апублікавання 95 тэзаў Марціна Лютэра. Кубак, створаны з адзінага ліста металу, даволі проста ўпрыгожаны выгравіраваным арнаментам у стылі Рэгенцтва пачатку XVIII стагоддзя.

З мастацтвам, злучаным з праваслаўнай галіной хрысціянства, у экспазіцыі выставы знаёміць пацір (1702), выкананы, верагодна, у маскоўскіх Крамлёўскіх майстэрнях. Гэты экспанат быў выраблены па замове Сампсона, мітрапаліта Астраханскага і Церскага, для Успенскага кафедральнага сабора ў Астрахані. Як ножка, так і аснова паціра ўпрыгожаны рознакаляровымі эмаляванымі пласцінамі з малюнкамі сцэн Пакут Хрыстовых. Пласціны злучаны кветкавым арнаментам.

Пра элементы дэкору сінагог даюць уяўленне два экспанаты выставы. Гэта выкананы, верагодна, у Венецыі парахет (1676) і пара рымонаў (Нідэрланды, каля 1780).

У XVII і XVIII стагоддзях еўрапейскія манархі падкрэслівалі сваю магутнасць і багацце, узводзячы раскошныя рэзідэнцыі. Афармленне палаца адлюстроўвала нормы і правілы прыдворнага этыкету. Адпаведная частка экспазіцыі паказвае мэблю, тэкстыль, прадметы дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, якія раней упрыгожвалі каралеўскія палацы і дамы арыстакратаў.

Асаблівай увагі сярод экспанатаў выставы заслугоўвае барлінная гітара (1693) — інструмент, што набыў папулярнасць пры дварах еўрапейскіх арыстакратаў у канцы XVII стагоддзя. Яна створана ў Гамбургу вядомым нямецкім майстрам Іаахімам Цільке. Вытанчана інкруставаная слановай косткай і чарапахавым панцырам, упрыгожаная расліннымі і сюжэтнымі матывамі, гітара з’яўляецца выдатным узорам дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва канца XVII стагоддзя.

Адзін з яркіх прадметаў мэблі, прадстаўленых на выставе, — кабінет на высокіх ножках, створаны, верагодна, французскім майстрам П’ерам Голем у 1661–1665 гадах у Парыжы. Гэты незвычайны артэфакт, хутчэй за ўсё, быў выраблены для так званага «Белага кабінета» Генрыеты Ганны, жонкі герцага Арланскага і ятроўкі Людовіка XIV.

Апошняя частка выставы — «Мода і асабістыя ўпрыгожанні» — раскрывае тыя ўвагу і клопат, якія бліскучыя арыстакраты Еўропы (як жанчыны, так і мужчыны) надавалі знешнасці. Працэс апранання, вядомы як «туалет», набыў статус рытуалу. Пры двары еўрапейскіх манархаў і арыстакратаў туалет становіцца ўрачыстай, напалову грамадскай падзеяй.

Адным з самых запамінальных і значных экспанатаў з’яўляецца «Партрэт Томаса Бэйкера» — мармуровы бюст геніяльнага барочнага скульптара Джавані Ларэнца Берніні, створаны каля 1638 года ў Рыме. Лічыцца, што менавіта Томас Бэйкер, які знаходзіўся ў 1630–1640-х гадах пры двары караля Англіі, Шатландыі і Уэльса Карла I, даставіў у Рым знакаміты партрэт караля пэндзля Ван Дэйка, што павінен быў служыць Берніні ўзорам пры працы над бюстам Карла I — падарункам англійскаму каралю ад Папы Рымскага.

Беларускія музеі сталі месцамі правядзення выставы ў рамках міжнароднага тура, што прадстаўляе гледачам праўдзівыя скарбы, шэраг з якіх упершыню з моманту іх набыцця пакідае межы Музея Вікторыі і Альберта. Выстава «Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600–1800» прымеркавана да асноўнай рэканструкцыі часткі экспазіцыі Музея Вікторыі і Альберта — «Еўрапейскія галерэі 1600–1800». Выстава ўжо экспанавалася ў Нацыянальным музеі Карэі (Сеул), Мастацкай галерэі Заходняй Аўстраліі, Мастацкім музеі ў Аклахома-Сіці (ЗША).

Святлана Пракоп’ева