Усходняя казка з сумным фіналам

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Балет «Сем прыгажунь» у Мінску

/i/content/pi/mast/62/1063/15.jpg

Гюльгасі Мірзоеў (Бахрам-шах), Нігяр Ібрагімава (Індыйская прыгажуня).

Кульмінацыяй Дзён культуры Азербайджана ў Рэспубліцы Беларусь стаў балет «Сем прыгажунь» на музыку Кара Караева, паказаны Азербайджанскім акадэмічным тэатрам оперы і балета на сцэне нашага Опернага.

З азербайджанскім балетам мы знаёмыя мала. Калі не сказаць, што мы яго не ведаем увогуле. Таму публіка ішла і «на экзотыку», і для таго, каб пашырыць уласны кругагляд. Бясспрэчна, спектакль «Сем прыгажунь» ярка адлюстроўвае нацыянальную музыку, а таксама дух, сюжэты і герояў нацыянальнай літаратуры. Невыпадкова спектакль, упершыню пастаўлены ў Баку, у Тэатры імя Ахундава, меў такую колькасць рэдакцый і сцэнічных версій. Дата першай прэм’еры — 1952 год (менавіта пасля яе Шастаковіч напісаў: «Самае моцнае ў балеце — яго музыка!»), наступныя былі прэзентаваныя ў 1969-м і 1978-м. Апошняя версія, якую паказалі ў Мінску сёлета, датуецца 2008 годам. Балет «Сем прыгажунь» шмат разоў увасабляўся на абсягах былога СССР (у Ленінградзе, Саратаве, Львове, Ташкенце, Куйбышаве, Кіеве, Новасібірску) і за яго межамі (Прага, Расток, Тэгеран).

У чым прычына папулярнасці і такой неверагоднай запатрабаванасці сюжэта і партытуры? У маляўнічасці відовішча, якое дазваляе ўвасобіць на сцэне загадкавы і мала вядомы нам свет Усходу? Не толькі. Думаю, для азербайджанскай культуры гэта культавы балет. Яго лібрэта грунтуецца на паэме выдатнага азербайджанскага паэта Нізамі Гянджаві, напісанай яшчэ ў ХІІ стагоддзі. Галоўны герой, Бахрам-шах, шукае сапраўднае каханне, шчасце і адначасова сэнс жыцця. ...Падчас палявання юны шах убачыў у старажытнай пячоры выяву сямі прыгожых дзяўчын і вырашыў сабраць іх у сваім гарэме, каб праз гэта спасцігнуць каханне і мудрасць. Яму ўдалося знайсці шасцярых, але ніводная яго не натхніла. Герой ізноў едзе на паляванне да чароўнай пячоры і застаецца ў ёй назаўжды, бо вырашае, што намаляваныя дзяўчыны лепшыя за сапраўдных.

Сюжэт нечаканы. Здавалася б, у героя ёсць усё, пра што іншыя мараць: высокі сацыяльны статус, уласны палац, слугі, заможнасць. Але высвятляецца, што для шчасця і душэўнай гармоніі гэтага замала. Таму вольна ці міжволі, але такога шаха пачынаеш паважаць. Той, хто метафізіку цэніць вышэй за фізіку, а душэўную гармонію і адчуванне адзінства са светам — вышэй за багацце, не можа не выклікаць інтарэс. Асаблівасць сюжэта (і лібрэта) і ў тым, што ў савецкія часы акцэнт у ім рабіўся на сацыяльным канфлікце багатых і бедных, улады і народных мас — такая трактоўкаадпавядала ідэалогіі савецкага мастацтва. У сучасным спектаклі, які мы пабачылі ў Мінску, відавочных сацыяльных канфліктаў няма, яны хутчэй псіхалагічныя і філасофскія.

Больш падрабязна пра музыку Кара Караева. Адзін з буйнейшых кампазітараў не толькі Азербайджана, але і тагачаснага Савецкага Саюза, ён працаваў амаль ва ўсіх жанрах музыкі. Ступень грамадскага прызнання (народны артыст СССР, мастацкі кіраўнік сімфанічнага аркестра Бакінскай філармоніі, старшыня азербайджанскага аддзялення Саюза кампазітараў, рэктар, потым прафесар кансерваторыі) толькі адлюстроўвае разнастайнасць натуры.

Пасля смерці творцы прайшло 30 гадоў, але яго спадчына па-ранейшаму ў пашане ў роднай краіне. Нават на першай лініі бакінскага метрапалітэна існуе станцыя «Кара Караеў». Калі трапляеш туды, гучыць мелодыя з балета «Сем прыгажунь». (Міжволі задумваешся, ці магчыма, каб адна са станцый мінскага метрапалітэна называлася «Яўген Глебаў», а на ёй гучаў фрагмент з балета «Тыль Уленшпігель» або «Маленькі прынц»? Або ў нас ментальнасць іншая, і мы ўмеем захапляцца выключна чужым?)

Але вернемся да спадчыны Кара Караева. Ён напісаў музыку трох балетаў. Акрамя згаданага, гэта «Сцежкаю грому», «Лейлі і Мяджнун». Адзін з іх, «Сцежкаю грому», створаны кампазітарам па матывах аднайменнага рамана Пітэра Генры Абрахамса, ішоў у нашым тэатры. Ён быў пастаўлены ў 1960 годзе харэографам Наталляй Конюс. Партыю чарнаскурага хлопца Лені танцаваў Валянцін Давыдаў, а партыю Сары, белай дзяўчыны, Лідзія Ражанава і Аляўціна Карзянкова. У 1960-я — 70-я гады, эпоху імклівых палітычных змен на афрыканскім кантыненце, тэма сацыяльнай і расавай няроўнасці была надзіва запатрабаванай у мастацтве.

Балет «Сем прыгажунь» лічыцца вяршыняй творчасці кампазітара. Экспрэсіўнаму, рамантычна-эмацыйнаму, па-ўсходняму маляўнічаму стылю Кара Караева ўласцівы спалучэнне драматычнасці і тонкага лірызму, дынамічнасць і пяшчота. Наш аркестр, які не меў вопыту выканання музыкі гэтага аўтара, здолеў перадаць усю разнастайнасць партытуры. За пультам падчас мінскага паказу стаяў Эльшад Багіраў, музычны кіраўнік і дырыжор апошняй версіі балета.

Калектыў бакінскага тэатра пазіцыянаваў яе не як рэстаўрацыю ранейшых пастановак, а як новы твор — філасофскі, сімвалічны і разам з тым казачны. Лібрэта напісала пісьменніца з Турцыі Яна Тэміз. У пастаноўцы шмат сімволікі і знакаў. Вядома ж, сем — магічная лічба (сем дзён тыдня, сем нот, сем колераў). Існуе меркаванне, што сем прыгажунь увасабляюць дзяржавы, праз якія праходзіў Вялікі шаўковы шлях. У Нізамі царэўны з сямі краін свету жывуць у сямі палацах, кожны з якіх мае свой колер, што адпавядае дню тыдня.

Бахрам-шах (Гюльгасі Мірзоеў) паўстае не толькі ўладаром, тонкім знаўцам жаночай красы, але і паэтам, філосафам, здатным адмовіцца ад рэальнасці і зямнога шчасця, каб апынуцца побач з уласнай марай. Самая Цудоўная (у пераканаўчай інтэрпрэтацыі Камілы Гусейнавай) увасабляе той нязбытны ідэал, да якога ён імкнецца. Вобраз дзяўчыны можна трактаваць і як візуалізацыю душы шаха, і нават як яго астральнае цела. Белы колер яе адзення таксама сімвалічны, ён хавае ў сабе ўсе астатнія колеры вясёлкі. Дуэты шаха і Самай Цудоўнай лірычныя, пранікнёныя, у іх пануюць гармонія і глыбокі душэўны спакой.

У спектаклі герой сустракае на жыццёвым шляху красунь, якія сімвалізуюць розныя культуры (кітайскую, візантыйскую, славянскую). Крыху засмучае паўтаральнасць пабудовы карцін: спачатку пышнае прадстаўленне паненкі (у якім актыўны ўдзел бярэ кардэбалет, сур’ёзная нагода для танцаў!), потым пачынаецца страстны любоўны дуэт, хуткае расчараванне шаха, а далей... ён шукае шчасця з новай прэтэндэнткай. У 1-й дзеі «прэзентуюцца» тры красуні. Таму паводзіны астатніх у 2-й цалкам прадказальныя.

Колеры адзення (мастак па касцюмах Тахір Тахіраў) зноў-такі ўспрымаюцца сімвалічна. У індыйскай паненкі — чорны (пэўна, колер гарбаты і кавы), у візантыйскай — жоўты (аналогія з золатам шматлікіх храмаў), у кітайскай — зялёны (напамінак пра лістоту і гарбату зялёную). Славянцы аддалі блакіт — колер шматлікіх рэк і азёр.

Старажытная і шматаблічная культура Усходу для нас шмат у чым terra incognita. Дзякуючы спектаклю пашыраеш уласны досвед. Напрыклад, у балеце дзейнічае магрыбская красуня. Зазіраем у энцыклапедыю: Магрыб — назва, дадзеная сярэднявечнымі арабскімі географамі і гісторыкамі краінам, размешчаным на захадзе ад Егіпта. На арабскай так дагэтуль называецца Марока. А традыцыйна Магрыбам лічацца паўночныя часткі Марока, Алжыра і Туніса. З’яўляецца ў пастаноўцы і харэзмская красуня. Каб зразумець, хто і адкуль, варта прачытаць, што Харэзм — старажытны рэгіён Сярэдняй Азіі з цэнтрам у нізоўях Амудар’і. Праз Харэзм, нагадаю, праходзіў Вялікі шаўковы шлях.

Драматычным атрымаўся фінал пастаноўкі, калі герой застаецца ў пячоры сам-насам з выявамі прыгажунь. Ствараецца ўражанне, што герой (Гюльгасі Мірзоеў у фінальных сцэнах надзіва пераканаўчы!) — адзін сярод прывідаў уласнай свядомасці. Магчыма, азербайджанскі Гамлет вар’яцее, а можа, проста замярзае ў пячоры ад холаду і самоты? Такі нечаканы вынік маляўнічай усходняй казкі, якая прымушае задумацца, што больш моцна ўплывае на лёс чалавека — вобраз ці рэальнасць, мастацтва ці жыццё?

Спектакль публіцы спадабаўся (вядома, значную частку яе складалі прадстаўнікі дыяспары. А для іх «Сем прыгажунь» — вяртанне, няхай і часовае, на радзіму). Музыка, ніколі раней слухачом не чутая, маляўнічыя дэкарацыі, якія адлюстроўвалі палацы шаха і прыгажунь (мастак-пастаноўшчык Дзмітрый Чэрбаджы). Фактура заднікаў нагадвала сярэднявечныя рэльефы з каменю і пясчаніку. Эфектна выглядаў шах, які выязджаў вярхом на драконе, прадстаўніча глядзеліся ўборы паляўнічых і зіхоткія строі атачэння красунь, аздобленыя бліскаўкамі. Амаль усходні кірмаш! Гарачую рэакцыю выклікаў экспрэсіўны танец Саламандры (Самір Самедаў).

Цяпер пра тое, што спадабалася менш. У спектаклях сучаснай харэаграфіі, якія ідуць у нашым тэатры, мы прызвычаіліся да больш складаных і поліфанічных узаемаадносін сцэнаграфіі і ўласна танца. Тут яны аказаліся больш простымі і ілюстрацыйнымі. (У дадатак раз-пораз часткі дэкарацый не хацелі спалучацца, што псавала ўражанне.)

Актыўнасцю нашых гасцей і ўменнем адпаведна «падаць» уласны тэатральны прадукт можна толькі захапляцца. Вось што нам трэба пераймаць! Яны пазіцыянавалі «Сем прыгажунь» як шэдэўр. Што датычыць музыкі і сюжэтнай асновы, з тым можна пагадзіцца, а вось што да харэаграфіі, дык тут ёсць сумненні. Пастаноўку «Сямі прыгажунь» ажыццявіў расійскі харэограф Васіль Мядзведзеў (раней саліст эстонскай трупы). У танцах кардэбалету і прыгажунь шмат арыентальнай пластыкі, адчуваецца веданне адметнасцей розных культур. (Заўважу, славянскі танец атрымаўся, магчыма, адным з найбольш слабых. Бо часам быў пабудаваны на штампах, запазычаных з арсенала ансамбля «Бярозка» і народных калектываў.) Што да харэаграфічнага малюнка партый, дык у ім ёсць і фантазія, і выразнасць. Але шмат і традыцыйных рухаў, падтрымак. Асаблівую вынаходлівасць, адметны, менавіта аўтарскі стыль цяжка было заўважыць.

Можа, справа ў тым, што харэографа Валянціна Елізар’ева, ураджэнца Баку, які пражыў у гэтым горадзе 10 гадоў, Беларусь забрала сабе? Жарты жартамі, але Мінск — усё-такі балетны горад. І наяўнасць у рэпертуары нашага тэатра спектакляў сучаснай харэаграфіі, вялікая інтэнсіўнасць гастроляў (кшталту труп Барыса Эйфмана і Раду Паклітару) вельмі высока ўздымае планку чаканняў. Той, хто адкрывае для сябе свет балета, будзе ад «Сямі прыгажунь» у захапленні. Той, каму ёсць з чым параўноўваць, паставіцца да яго спакайней.

У наступным годзе ў Азербайджане адбудуцца Дні культуры нашай краіны. Цікава, якія спектаклі Беларусь туды павязе і ці здолеем мы з гэткім жа імпэтам і захапленнем, як бакінцы, прэзентаваць тамтэйшай публіцы ўласныя тэатральныя заваёвы?

Таццяна Мушынская