«Сямёрка» Юрыя Башмета

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Плюсы і мінусы музычнага форуму

/i/content/pi/mast/62/1062/12.jpg

Юрый Башмет.

Міжнародны фестываль Юрыя Башмета сёлета прайшоў у 7-ы раз. Больш працяглы і насычаны, чым звычайна, ён доўжыўся амаль два тыдні і ўмясціў 11 канцэртаў. Але шчаслівая, калі верыць магіі лічбаў, «сямёрка» мела шмат вострых вуглоў. Фестываль выявіў вялікую колькасць праблем, прычым не толькі эстэтычных, але і сацыяльных. Цікава, што гэтыя дзве сферы, быццам бы супрацьлеглыя, аказаліся звязанымі між сабой праз... этыку.

Сярод шматлікіх плюсоў сёлетняга форуму — не толькі колькасць канцэртаў, але і іх якасць. Сапраўды, мастацкі складнік быў не проста на ўзроўні — ён пераўзыходзіў усе чаканні. Нават канцэрты раней невядомых у нас музыкантаў, якія, на думку звычайнага слухача, наўрад ці маглі ўяўляць сабой штосьці неверагоднае, станавіліся адкрыццём. Прычым адметным было ўсё: і само выкананне, і праграма, з якой прыязджаў да нас кожны з гасцей. Таму форум стаўся, без перабольшання, адкрыццём у квадраце: з аднаго боку, новых імёнаў, з другога — невядомых у нас твораў.

Апошняя акалічнасць мела і свой мінус: сярод партытур, пазначаных як «прэм’ера ў Беларусі», не было нашых нацыянальных твораў. А між тым дагэтуль фестываль пазіцыянаваў сябе, апроч іншага, і як адкрывальніка новай беларускай музыкі. Камусьці з нашых кампазітараў замаўлялі сачыненне — спецыяльна да чарговага форуму. Першым з творцаў, хто быў адзначаны такім чынам, стала Галіна Гарэлава. У 2007-м яе папрасілі напісаць опус у разліку на сола самога Башмета з аркестрам — і з’явілася сачыненне «Ingemisco» («Уздыхаю»). Праз год мастацкі кіраўнік фестывалю Расціслаў Крымер звярнуўся да Вячаслава Кузняцова: у 2008-м форум закранаў фальклорную тэму, і ў творы пажадана было з’яднаць рускія і беларускія народныя інструменты з сімфанічным складам. Вынікам сталася «Паганскае баляванне», па жанравым вызначэнні аўтара — пампезная музыка для сімфанічнага аркестра і аўтэнтычных інструментаў. Дырыжыраваў прэм’ерай зноў-такі Юрый Башмет. Летась нарадзіліся «Сны замкавай гары» Канстанціна Яськова для беларускіх цымбалаў з сімфанічным аркестрам — па ініцыятыве маэстра Аляксандра Анісімава. У канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра ён запрасіў на ролю салісткі Вераніку Прадзед, вядомую папулярызацыяй арыгінальных цымбальных твораў. І, адпаведна, паклапаціўся пра новы твор для яе. Для многіх тая прэм’ера была яшчэ і адкрыццём маладога таленавітага аўтара.

На гэтым замовы, падобна, скончыліся. Хоць, паводле слоў арганізатараў фестывалю, адбылося іншае: «скончыліся» кампазітары. Маўляў, не праявілі яны ініцыятывы — і нічога тут не зробіш. Затое гучала шмат іншых новых твораў, на выкананне аднаго з іх нават прыехаў аўтар — легендарны грузінскі кампазітар Гія Канчэлі, чые сімфоніі ўспрымаліся знакавымі падзеямі савецкай музыкі 1970–80-х гадоў. Дык хто ж усё-такі павінен тую ініцыятыву праяўляць: кампазітары ці арганізатары? Варта заўважыць, што на разнастайных замежных фестывалях беларускія кампазітары чамусьці «не заканчваюцца». Можа, і сапраўды, як параіў Башмет, творцам трэба самім быць больш актыўнымі? Але, як сведчыць практыка, выкананне іх музыкі ў час гэтага фестывалю не робіць надвор’я ў кар’еры, а толькі прыносіць залішнія нервовыя перагрузкі. Твор Галіны Гарэлавай упершыню прагучаў не «міма нот», а менавіта так, як яго задумала кампазітар, ужо пасля прэм’еры, у інтэрпрэтацыі айчынных музыкантаў. Разумеючы, што на развучванне не будзе часу і выкананне мусіць адбыцца, як кажуць, з ліста, Вячаслаў Кузняцоў адразу прадугледзеў у партытуры моманты, калі ўдзельнікі фальклорных калектываў павінны былі імправізаваць ці прапаноўваць фрагменты вядомых ім народных найгрышаў. Гэты твор так і застаўся выкананым адзін раз, бо разлічваўся на ўдзел расійскіх гасцей. Да таго ж, публіка на фестывалі Юрыя Башмета — пераважна «не музычная». Часам тым, хто мог бы ацаніць плён працы кампазітара, зрабіць гэта перашкаджаў высокі кошт білетаў (да 1 мільёна 200 тысяч). Што ж гэта за прэм’ера, калі яе не чулі нават бліжэйшыя сябры і калегі аўтара?

Яшчэ адзін бок такіх замоў — фінансавы. Існуе практыка: калі заказчыкам новага музычнага сачынення выступае фестываль, ён і выплачвае аўтару ганарар. У нашых умовах ганарары айчынным творцам выплачвала Міністэрства культуры Беларусі — праз даволі працяглы пасля чарговага форуму час, прычым не з уласна фестывальных грошай, а з тых, што выдаткоўваліся для набыцця новых музычных опусаў розных кампазітараў. Сёлета дзейнасць мастацкага савета Міністэрства па закупцы новых музычных твораў спынілася, бо не адпавядала зменам у заканадаўчай базе. Ці не ў гэтым яшчэ адна прычына таго, што фестываль прайшоў без «сусветных прэм’ер»? Але многія цікавыя сачыненні і папраўдзе гучалі «ўпершыню ў Беларусі».

Сярод адметнасцей форуму арганізатары заўжды падкрэслівалі сумеснае музіцыраванне знаных расійскіх зорак і беларускіх выканаўцаў, у тым ліку моладзі. Гэтыя традыцыі былі працягнуты і на сёлетнім форуме. Канцэрты, дзе госці выступалі самі па сабе, без нашых музыкантаў, успрымаліся хутчэй выключэннем, а не правілам. Акрамя дырыжораў і салістаў, да нас прыехалі чатыры замежныя калектывы: Дзяржаўны камерны аркестр Літвы на чале з галоўным дырыжорам і шыкоўным салістам-скрыпачом Сяргеем Крыловым, камерны ансамбль «Салісты Масквы», бэнд джазавага скрыпача Жан-Люка Панці з Францыі, «AVIV-квартэт» з Ізраіля. У выступленнях першых двух саліраваў сам Расціслаў Крымер. Ён па-ранейшаму спалучае арганізацыйную дзейнасць з выканальніцкай, не забываючыся на добрую фартэпіянную адукацыю, атрыманую спачатку ў нас, а потым у Лондане, якая дапамагла яму стаць лаўрэатам міжнародных конкурсаў. З Берлінскага сімфанічнага аркестра прыехалі салісты, склаўшы камерныя ансамблі. Але па іх узроўні можна было меркаваць і пра ўвесь калектыў: суперпрафесійна, дасканала, стыльна.

З рознымі запрошанымі дырыжорамі ажно тры канцэрты правёў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, яшчэ адзін — Маладзёжны сімфанічны аркестр Акадэміі музыкі (кіраўнік Андрэй Іваноў). Праўда, на адметных дырыжораў гэтым разам пашанцавала не вельмі. Хіба Андрэс Мустанен з Эстоніі вылучаўся асаблівай музычнасцю (і, да ўсяго, тактоўнасцю). Яшчэ адзін госць на рэпетыцыі, дзе мне давялося прысутнічаць, не саромеючыся, дэманстраваў пагардлівае стаўленне да музыкантаў — пры гэтым усе яго заўвагі па выкананні найскладанага сучаснага твора тычыліся не ўласна кампазітарскай задумы, якую прагнулі спазнаць выканаўцы, а пераважна дынамікі: «гучней», «цішэй». Наша дырыжорская школа на гэты раз аказалася ў цені.

Затое самі аркестранты Белдзяржфілармоніі маглі б прэтэндаваць на ордэн ці медаль — «за мужнасць». Толькі прыехаўшы з Літвы, дзе давалі шэраг канцэртаў у межах Дзён культуры Беларусі, яны адразу пераключыліся на фестывальныя праграмы. Штосьці адбывалася ўвогуле ў форс-мажорнай сітуацыі. Толькі напярэдадні канцэрта, калі яны сустрэліся з запрошаным дырыжорам, высветлілася, што развучвалі не той твор, які павінен гучаць. Таму найскладаны Фартэпіянны канцэрт Марыса Равэля з салісткай Ксеніяй Башмет ігралі практычна без падрыхтоўкі, але справіліся нават не «на сто», а «на ўсе дзвесце».

Што ж да нашых салістаў, дык іх выступленні сталі своеасаблівай уверцюрай да Міжнароднага музычнага форуму «Беларусы свету». Віяланчэліст Аляксей Кісялёў прыляцеў толькі ў дзень канцэрта, адразу пасля адказнага выступлення ў замежжы. Скрыпач Арцём Шышкоў таксама ўжо некалькі гадоў жыве ў Германіі, дзе працягвае навучанне ў аспірантуры. Абодва — лаўрэаты міжнародных конкурсаў, у кожнага — свой стыль ігры і аўтарская, індывідуалізаваная манера выканання знаных твораў, што ва ўсіх на слыху: Віяланчэльнага канцэрта Эдварда Эльгара і Скрыпічнага — Фелікса Мендэльсона. Першы стаўся прыкладам не столькі «ўтульнага» рамантызму, як яго звычайна іграюць, колькі рамантызму вытанчанага (дадамо, што наш Іван Карызна летась зрабіўся лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага, прапанаваўшы эмацыйна ўзрушаную, драматычную канцэпцыю менавіта гэтага твора). Другі — успрымаўся як увасабленне рамантычнай палётнасці, бо фінал выглядаў своеасаблівым «лятункам эльфаў», настолькі быў віртуозным, нязмушаным, абсалютна натуральным у сваёй шалёнай імклівасці, дзе, тым не менш, не прападаў ніводны гук, ніводны абертон у шматмернай гукавой прасторы.

Яшчэ адным пунктам беларуска-замежных стасункаў сталі майстар-класы, дзе госці шчодра дзяліліся не толькі вопытам, але і сучаснымі еўрапейскімі тэндэнцыямі ў выканальніцтве. Ледзь не аднадушна адзначалі высокую прафесійную падрыхтоўку нашых студэнтаў, але дзівіліся выключна трагічнаму ўспрыманню нават тых твораў, якія моладзь павінна была б іграць куды больш светла.

Ды ўсё ж галоўным расчараваннем апошняга музычнага форуму зрабілася, мякка кажучы, «нестыкоўка»: высокі мастацкі ўзровень канцэртных праграм — і... напаўпустыя залы. Аншлаг быў толькі на двух канцэртах: на заключным, дзе «Салісты Масквы» ігралі на інструментах Страдывары, Гварнеры, Амаці з Дзяржаўнай калекцыі Расійскай Федэрацыі, і на «перадзаключным» — дакладней, на яго 1-м аддзяленні, калі саліравалі знаны Віктар Траццякоў і згаданы Арцём Шышкоў. На гэтыя вечарыны некаторых выкладчыкаў і студэнтаў БДАМ пусцілі бясплатна, размясціўшы іх на лесвіцы балкона і проста на сцэне.

Чаму ж на іншых пуставалі месцы? Не з-за кошту квіткоў, бо на некаторыя з канцэртаў іх можна было прыдбаць за 50-60 тысяч. Многія патэнцыйныя слухачы (найперш прафесійныя музыканты) папросту ігнаравалі фестываль, бо расчараваліся ў ім у ранейшыя гады, калі некаторыя госці дазвалялі сабе выйсці на сцэну непадрыхтаванымі, не ў лепшай музычнай і фізічнай форме. Этыка (дакладней, яе адсутнасць) адпомсціла. Толькі наўрад ці хтосьці ад гэтага выйграў...

 Надзея Бунцэвіч