Закадзіраваны аповед

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

«Фамільныя» ўспаміны Аляксандра Сільвановіча

/i/content/pi/mast/62/1061/11.jpg

Сільвановічы. Алей. 2012.

Выстаўка Аляксандра Сільвановіча «Фамільны альбом» (гродзенская галерэя «Крыга») — пра гісторыю яго сям’і, якая ідзе ад Шкляраў, Лазоўскіх, Турайкевічаў, што жылі на Навагрудчыне. Аляксандр называе не толькі прозвішчы, але і мясціны — Загор’е Сененскае, Любча, Асташын, а таксама тыя кропкі на мапе свету, куды беларусы ехалі па шчаслівую долю, — Філадэльфія, Нью-Ёрк.

Мова жывапісу дазваляе перадаць гэту гісторыю адметнымі колерава-выяўленчымі сродкамі: свае пластычныя прыёмы мастак запазычвае з народнай творчасці — ткацтва, разьбярства, пляцення з саломкі, ганчарства. Семантычная сістэма яго работ выяўляецца праз асобныя фрагменты, што нагадваюць арнамент, а ў спалучэнні ствараюць закадзіраваны аповед пра існаванне чалавека ў натуральным асяроддзі. Уключаныя ў сюжэтны кантэкст графічна стрыманыя вобразныя элементы ўзыходзяць да адвечных паняццяў, што на генетычным узроўні засталіся нам у спадчыну: гэта дрэвы, дамы, звяры, птушкі… У структуру твора натуральна ўваходзяць старыя фамільныя фотаздымкі — чыстыя і светлыя мужчынскія і жаночыя абліччы кранаюць гледача, бо ў кожнай сям’і беражліва захоўваюцца непадуладныя часу выявы. Філасофскую ідэю яднання ўсяго жывога ў свеце ўзмацняе спакойны каларыт, што спалучае фарбы няяркага беларускага сонца, узаранай глебы.

Фантазія мастака пранікае ў глыбіні возера Свіцязь: на яго паверхні плаваюць пяшчотныя лілеі, а на дне хаваюцца хуткія рыбкі, гнуткія водарасці і загадкавыя замкі са шлейфам прыгожых легенд. Спакой воднай роўнядзі парушае толькі ладдзя часу, што праз гады нясе ў сабе цяжар людской памяці.

Праз улюбёную раку Валоўку вяскоўцы гадамі вадзілі свае статкі, а на палатне Сільвановіча рагатыя бычкі нібы застываюць на стагоддзі. Адвечнасць і нязменнасць жыццёвых працэсаў падкрэсліваецца аўтарам праз фрызавасць кампазіцыі, гармонію рытмічных паўтораў піктаграфічных элементаў.

Для ўвасаблення Лаўрышаўскага манастыра — намоленага многімі пакаленнямі месца і сімвала Навагрудчыны — аўтар выбірае арыгінальнае архітэктанічнае рашэнне, што дазваляе пластычнай выяве старажытнага помніка станавіцца рухомай, прыналежнай адвечнай прасторы і адвечнаму часу.

Свет родных мясцін убірае ў сябе самыя звычайныя, але дарагія сэрцу мастака ўспаміны-ўражанні, якія працягваюць сваё жыццё ў работах «Ламавік», «Бэры», «Бульба», «Ружы, макаўкі, райскія яблычкі». Маленькі вазонік бягоніі — такі пазнавальны прадмет на вясковым акне з бялюткімі фіранкамі — здольны выклікаць пачуццё жальбы па нечым вельмі асабістым, але назаўсёды страчаным.

Праз умоўна-сімвалічныя вобразы аўтар распавядае старое сямейнае паданне пра ваўка і сабак, а свойскі кашлаты дуб у яго інтэрпрэтацыі набывае значнасць дрэва жыцця.

Знешняя структурная пабудова шэрагу кампазіцый нагадвае старыя абразы з іх цэнтральнай выявай і характэрнымі клеймамі з дадатковай інфармацыяй на палях. Размяшчаючы такім чынам далёкія ад сакральных сюжэты, аўтар працуе на больш глыбокае раскрыццё зместу. Сільвановіч тактоўна апелюе да нашых устойлівых унутраных асацыяцый, звязаных з рэлігійнымі ўяўленнямі, імкнецца эстэтычна ўзвысіць будзённыя рэчы і праявы часу маленства, калі ён, ураджэнец Гродна, праводзіў усё лета на вёсцы.

Аляксандр Сільвановіч здолеў узрушыць гледачоў сілай свайго ўнутранага пасылу: ён надаў бытавому боку жыцця высокае абагульненне і сцвердзіў свой маленькі Эдэм дзяцінства. Нездарма ж у элегантнай галерэі «Крыга» разгарэлася бурная дыскусія наконт таго, як жа насамрэч называецца прылада, якой таўклі свінням бульбу: таўкач ці сякач?..

 Марына Загідуліна