Кветкі чысціні

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Экспазіцыя Алы Каласенцавай

/i/content/pi/mast/62/1060/10.jpg

Благавешчанне. Алей. 2001.

На персанальнай выставе Алы Каласенцавай у Мастацкай галерэі інстытута тэалогіі БДУ цэнтральным экспанатам стала палатно «Благавешчанне». Мастачка шэсць гадоў разважала над тэмай, чытала Біблію, пакуль не знайшла канчатковае рашэнне. Сваю працу яна завяршыла ў 2001 годзе. З таго часу карціна (памерам два на чатыры метры) вісела на сцяне ў майстэрні.

«Спачатку я не думала пра фармат карціны, — кажа Ала, — а потым уявіла, што яна будзе знаходзіцца ў храме, і мне захацелася напісаць яе вялікай». Архангел Гаўрыіл з чырвонымі крыламі і німбам вакол галавы і Святы Дух (на карціне голуб) прынеслі Марыі добрую вестку. Мастачка сама прадумала ў творы інтэр’ер, але ўважліва сачыла за тым, каб былі вытрыманы каноны. Марыя з німбам Святой апранута ў блакітнае. Букет лілей у вазе — сімвал чысціні і нявіннасці 15-гадовай дзяўчыны. Праз адчыненыя дзверы відаць вуліца Санта-Роз, якая сапраўды знаходзіцца ў Іерусаліме. Па ёй вялі на крыж Ісуса. Сына Божага яшчэ няма, а дарога Яму ўжо наканаваная...

Жывапіс Каласенцавай у многім вызначае яе настрой: у дрэнным яна работу не распачынае. «Як толькі я падпісваю, “апранаю” твор — больш да яго не дакранаюся. Бо зрабіла ўсё, што змагла, усю сябе выказала».

Прадстаўленыя на выставе нацюрморты адметныя: у нюансах жывапісу застаецца адчуванне паху кветак. У імпрэсіяністаў мастачка вучылася, як пісаць паветра, святло, як акцэнтаваць, злавіць выпадкова схоплены поглядам вокамгненны момант плыні жыцця. Кветкі нібы раствараюцца ў святлопаветранай абалонцы, набываючы зыбкасць контураў...

Ала Каласенцава выкладае ў БНТУ, выдала для студэнтаў падручнік «Вучэбны малюнак», падрыхтавала да выдання другі. Шмат падарожнічае і з вандровак прывозіць эцюды. Убачанае ў паездцы па Польшчы стала асновай карціны «Стары млын». На адным дыханні напісаны марскія эцюды; зранку, калі мора яшчэ было спакойным і ціхім альбо калі яно мянялася, Ала лавіла тонкія, ледзьве заўважныя нюансы... Шмат эцюдаў мастачка выканала ў гарах.

Святло і колер у прыродзе — тэма невычарпальная. Да многага мастачка прыйшла інтуітыўна. «Гэта толькі цяпер, — кажа Каласенцава, — я магу прапанаваць кожнаму са студэнтаў кнігу галандскага астранома, прафесара Мінарта “Святло і цень у прыродзе”. Яна ў паэтычнай форме расказвае аб сакрэтах прыроды. Веды ўзбагачаюць эмоцыі. Святло і колер у пейзажы ўспрымаюцца зусім па-іншаму, калі ведаць прычыны іх узнікнення». Але толькі дылетант абсалютызуе ў жывапісе інтуіцыю — прафесіяналу трэба ведаць дасягненні ў галіне фізікі, законы святла ў прыродзе. Ала Каласенцава сабрала і прааналізавала наяўны матэрыял і выдала падручнік для студэнтаў «Святло і цень».

Яна даўно марыла пра Парыж. Мара мастачкі нарэшце збылася — і ўвасобілася ў жывапісе: Каласенцава напісала карціну «Вокны ў Парыж». Асноўныя колеры на палатне — сіні, блакітны: адценні мары.

Яе карціна «Муза» зачароўвае. У аснову гэтага твора лёг воблік канкрэтнай дзяўчыны — Святланы — як ідэала жаноцкай прыгажосці. Аголеная постаць уражвае сваёй вытанчанай грацыёзнасцю. З дапамогай празрыстага святлаценю мастачка дамагаецца зліцця постаці з прасторай. «Танцуючая ўначы» — вобраз той жа дзяўчыны, але пададзены па-іншаму: яна дэманічная, страсная, з выразнымі чорнымі вачыма... Манера пісьма Каласенцавай — вольная і лёгкая. Усе, хто бачыў гэтыя карціны, прыходзяць да высновы — іх магла напісаць толькі жанчына! Толькі яна здатная выявіць такі яркі непаўторны вобраз.

Сапраўдны мастак валодае смеласцю — без яе талент не ўявіш. Ала Каласенцава — з шэрагу сапраўдных.

 Галіна Фатыхава