Драма ідэй

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

«Візіт дамы» ў Коласаўскім тэатры

/i/content/pi/mast/62/1059/8.jpg

Святлана Акружная (Клара Цаханасьян), Валянцін Салаўёў (Альфрэд Іл).

Купка людзей няпэўнага выгляду — ці то дворнікі, ці то маляры — мыюць падлогу ды фарбуюць сцены паміж дзвюма вакзальнымі прыбіральнямі. Не дэманструючы асаблівага працоўнага імпэту, яны раз-пораз адрыва-юцца ад сваёй справы, каб у чарговы, магчыма, статысячны раз паглядзець на яшчэ адзін цягнік, што праходзіць міма іх станцыі. Разважаюць пра важнасць прыезду знатнай дамы — яна неўзабаве павінна з’явіцца ў гарадку. З глядзельнай залы складваецца ўражанне, быццам перад табой — не ў час разбуджаныя сонныя мухі, якія пасля раптоўнага выхаду са спячкі яшчэ слаба ўсведамляюць, што да чаго, і мараць толькі пра адно — каб іх пакінулі ў спакоі. Хоць на словах — нібы і заклапочаныя чаканнем і падрыхтоўкай да прыезду «ўсёмагутнай Клерхен», грошы якой могуць стаць выратаваннем для занядбанага ды забытага 
Богам гарадка.

Акурат з такой сцэнічнай інтанацыі пачынаецца «Візіт дамы» Фрыдрыха Дзюрэнмата — новы спектакль Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа, пастаноўку якога ажыццявіў рэжысёр Уладзімір Савіцкі. З першых хвілін сцэнічнага дзеяння ён спрабуе скіраваць гледачоў у фарсавае рэчышча — нібы падкідваючы «ключ» да ўсяго спектакля. Здаецца, яны сталі сведкамі цыркавога прадстаўлення, праўда, не такога вясёлага, ды ўсё ж з мноствам прыдуманых трукаў. Іх простасць у залежнасці ад віртуознасці выканання можа станавіцца захапляльнай, а можа — і банальнай. Тут і даўжэзныя маналогі Бургамістра (Рыгор Шацько), што патанаюць у свісце паравоза і адсылаюць нас да гайдаеўскай «Аперацыі “Ы”», і акцёрская маса, што наўмысна зліваецца з плоскімі рэкламнымі роставымі выявамі людзей і ў імправізацыйна-агітбрыгадным стылі дэкларуе сваю ўласную прыналежнасць да катэгорыі тавару, выстаўленага на продаж (хоць і не надта прывабнага для таго, каб быць набытым)... Складваецца ўражанне, быццам рэжысёр вось-вось урэшце прапануе нам хітрамудра сплеценую сцэнічную поліфанію, дзе кожны акцёр — адметная нотка, інтанацыя, нюанс у агульнай партытуры спектакля...

Сёлета гэта ўжо другі зварот беларускіх тэатраў да п’есы Дзюрэнмата, прычым яна зноў паўстае ў якасці бенефіснага матэрыялу для выканаўцы ролі Клары Цаханасьян. Гэтым разам на коласаўскай сцэне ў вобразе загадкавай мультымільянеркі з’явілася народная артыстка Беларусі Святлана Акружная. У трактоўках гэтай ролі многія рэжысёры, у тым ліку і Барыс Луцэнка ў сваім спектаклі «Загадкавы візіт» у Рускім тэатры, значную ўвагу ўдзяляюць раскрыццю і сцэнічнаму аналізу тых матываў, што рухалі гераіняй, калі яна вярталася ў горад свайго юнацтва — туды, дзе адбыўся драматычны пералом лёсу.

А вось Уладзімір Савіцкі не выводзіць на першы план гэтае «чаму?». Акурат таму Клара ў выкананні Святланы Акружной менш за ўсё нагадвае моцную жанчыну, якая сама выкавала ўласнае паспяховае жыццё і толькі ўдалечыні ад чужых вачэй па-ранейшаму пакутуе і перажывае крыўды маладосці. Актрыса, здаецца, цалкам ігнаруе меладраматычныя ноткі, якія быццам бы «просяцца» для таго, каб выклікаць у гледачоў сімпатыю і спагаду да гераіні. Акружная тонка праводзіць лінію з’яўлення ў гарадку спачатку — валадаркі-дрэсіроўшчыцы, якая прывыкла падпарадкоўваць і прывучаць выконваць уласныя каманды як дзікіх звяроў, так і самых блізкіх людзей (выразны прыклад — уся чарада мужоў у выкананні Генадзя Гайдука). Для яе падобныя стасункі з навакольным светам — звычка, выпрацаваная з мэтай кантраляваць усё, што адбываецца ў зоне бачання, а таксама — мець магчымасць дэманстраваць усім, хто побач, сваю ўладу. Здавалася б, павольнае, сцэна за сцэнай, разгортванне дзеі, цягам якой гераіня вандруе па мясцінах маладосці і згадвае, дзе ёй было добра з былым каханым, мусіць адкрыць нам іншае, непараднае аблічча Клары. Але... тое, што паўстае перад гледачамі, зноў не адпавядае меладраматычнай логіцы. Перад намі не змучаная барацьбой за месца на Алімпе жанчына, а — кібарг у сукенцы: услед за Ілам мы даведваемся аб пратэзах Клары, з якіх яна спрэс складаецца. Але Акружная не іграе калецтва фізічнае, яе гераіня да касцей праймае сваім унутраным холадам. Немагчымасцю нараджэння якога-кольвек цёплага, чалавечага пачуцця ў тым, што ўяўляе сабой адмысловы камплект дарагіх штучных замяняльнікаў розных частак чалавечага цела. Невыпадкова бліжэй да фіналу з вуснаў аднаго з герояў гучыць фраза пра тое, што рана ці позна да кожнага з нас з’явіцца свая дама. Што недвухсэнсоўна арыентуе нас на ўспрыняцце Клары як... індывідуальнага аблічча смерці і самага страшнага граху, зробленага ў жыцці, з якім кожнаму давядзецца сустрэцца перад сыходам у іншы свет. І ўжо зусім па-іншаму гучаць з яе вуснаў патрабаванні справядлівасці — яна не вымагае прызнанняў, а ставіць людзей перад іх здрадамі і подласцямі, сам-насам з уласным сумленнем.

Услед за Дзюрэнматам, які пісаў зусім не меладраму, а, хутчэй, драму ідэй, рэжысёр настойліва спрабуе пераканаць нас у тым, што гісторыя, пакладзеная драматургам у аснову свайго твора, усёабдымная і філасофска-эпічная. Уладзімір Савіцкі бярэ на сябе функцыі... вучонага, што назірае за лабараторным доследам: ён метадычна, крок за крокам, аналізуе тое, што адбываецца ў дастаткова закрытай, можна нават сказаць — ізаляванай сістэме гарадка, калі ў яго трапляе «вірус» у выглядзе Клары. Як працякаюць маральныя мутацыі ў чалавечым арганізме, і ці ёсць магчымасць і сілы для выпрацоўкі неабходных антыцелаў?

Менавіта таму «Візіт дамы» Коласаўскага тэатра ўсё ж не варта разглядаць толькі як бенефісны спектакль Святланы Акружной. Годным партнёрам у гэтай сцэнічнай дрэсіроўцы становіцца Валянцін Салаўёў у ролі Іла. На працягу спектакля ён праходзіць эвалюцыйны шлях ад пранырлівага цыніка, што лічыць, быццам ведае ўсе патаемныя спружынкі душы Клары і здолее лёгка «раскруціць» яе на грошы, да чалавека, які адкрывае закон адказнасці за ўсе ўчынкі, здзейсненыя ў жыцці. І прыходзіць да разумення таго, што толькі прызнанне сваёй грэшнасці і заганнасці, непаказное, шчырае прыняцце сябе такім, які ты ёсць насамрэч, і смеласць адказу за сябе такога — вось адзіны шлях для ачышчэння ўласнай душы. Такім чынам Іл адкрывае яшчэ адзін, галоўны закон — закон пераадолення страху. Акцёр выбудоўвае сваю ролю дастаткова філігранна, не скочваецца ў адкрыты фарс, каб прадэманстраваць заганнасць характару свайго персанажа, працуе без залішняга прылізвання і акцэнтаў кшталту «не мы такія — жыццё такое»... Яго герой не імкнецца падмануць Клару і пераканаць, што каханне яшчэ не страчанае і ёсць магчымасць яго вярнуць: вандроўкі па запаветных мясцінах уваскрашаюць цёплыя ўспаміны, аднак не пачуцці. А яго спробы падмануць уласны страх смерці выглядаюць... па-дзіцячаму наіўна. Натуральна, для нас, гледачоў, але ж не для Іла. Ці верыць ён у тое, што сітуацыя вырашыцца найлепшым для яго чынам? Хутчэй, ён не верыць у сам факт рэальнасці гэтай сітуацыі, альбо — спрабуе рабіць выгляд...

Што да іншых дзейных асоб «Візіту дамы» — яны існуюць у манеры акцёрскай рэпрызы. Быццам забаўныя размаляваныя фігуркі, што стаяць у вітрыне і раз-пораз «вывозяцца» на першы план, каб зрабіць уражанне, быццам яны ўяўляюць сабой штосьці важнае і каштоўнае. З аднаго боку, гэта дазваляе не адцягваць глядацкай увагі ад галоўнай сцэнічнай дуэлі. З другога ж — падобная дэкаратыўнасць акцёрскага існавання часам наводзіць на думкі аб... неабавязковасці тых ці іншых герояў: па сутнасці, яны анічога не значаць і аніяк не ўплываюць на галоўнага персанажа.

Цэнтральная інтрыга спектакля вырашаецца ў фінале з дапамогай адкрытай, лабавой метафарычнасці: Іл прынесены ў ахвяру Залатому цяльцу, і грошы, быццам снежная віхура, засыпаюць усю сцэну. Такім чынам, рэжысёр выводзіць нас, гледачоў, з прасторы разважанняў пра тое, добрыя ці дрэнныя гараджане, якія «падставілі» свайго супляменніка. І выяўляе іншую, значна больш прынцыповую для спектакля тэму. Што кожны чалавек выбірае ў якасці галоўнага жыццёвага арыенціру? На адной шалі — грошы: сродак, з дапамогай якога чалавек можа набыць многае (прыклад — штучна-пратэзная Клара) і які сам ператвараецца ў галоўную мэту. Не выпадкова сцэнограф спектакля Віктар Цімафееў час ад часу запальвае на задніку дыскатэчна-зманлівыя неонавыя агні, якія складваюцца ў запаветную лічбу — 1 000 000! На другой шалі — разуменне таго, што каштоўнасць чалавечага жыцця не вымяраецца сумай грошай, якая маецца ў яго распараджэнні. І што чалавечнасць — не знешняя лагоднасць ды правільнасць, а ў значна большай ступені — уменне цаніць і шанаваць нематэрыяльны бок існавання. Тое, з чаго складаецца чалавечая душа, — сам Чалавек. Зрэшты, і тут Валянціну Салаўёву ўдаецца пазбегнуць выхаду ў якое-кольвек меладраматычнае раскаянне, што значна здрабніла б і сам вобраз, і асноўную думку спектакля. Яго Іл сыходзіць не з раскаяннем, а з асэнсаваннем і разуменнем тых сапраўдных прыярытэтаў, якія і робяць чалавека Чалавекам.

Таццяна КОМАНАВА